Як зярняткі на шахматнай дошцы

№ 27 (1466) 03.07.2020 - 10.07.2020 г

Сёння варта пачаць з нестандартнай інфармацыі. Па словах бібліятэкараў з Бераставіцкага раёна, у Малабераставіцкай інтэграванай сельскай бібліятэцы для сталых чытачоў дзейнічае шахматна-шашачны клуб, якім кіруе настаўнік-фізкультурнік Вікенцій Гладкі. Пасля першага майстар-класа прайшло няшмат часу для таго, каб аматары мудрагелістых камбінацый на 64-клетачнай дошцы пераканаліся: шахматна-шашачныя практыкаванні ў атачэнні кніжных паліц — гэта ўсур’ёз і надоўга. Я асабіста даўно пераканаўся, што чытанне — таксама спорт з ліку яго вельмі інтэлектуальных відаў.

/i/content/pi/cult/805/17278/01.jpgМы ў рэдакцыі таксама вельмі часта “рэзаліся” ў шашкі. Такая разумовая эквілібрыстыка, ведаеце, вельмі дапаўняла журналісцкую справу ў частцы яе аналітычнага развіцця. Залаты быў час! Варта да яго вяртацца. Ледзь на галоўнае не забыўся: фізрук Вікенцій Гладкі распавёў сваім вучням легенду пра шахматную дошку. Вы, напэўна, памятаеце тую мудрагелістую прыпавесць: калі на кожную наступную клетку класці ўдвая большую колькасць зерня, то ў выніку атрымаецца сума з васямнаццацю нулямі. З матэматыкай не вельмі сябрую, таму з цікаўнасцю даведаўся, што называецца такі шахматна-шашачны эфект “экспаненцыяльнай паслядоўнасцю”. Вось каб у адпаведнасці з ёй і наша нацыянальная культура так развівалася! Але цудаў не бывае. Працэс удасканалення — заўжды павольны. І немалаважная акалічнасць: культуру рушаць уперад людзі, пра якіх мы так мала пішам. Мо сённяшні агляд крыху выратуе сітуацыю?

Намеснік дырэктара Лельчыцкай раённай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Таццяна Варакса напісала пра векавы юбілей мясцовай раённай бібліятэкі і распачала вельмі лірычна: “Гісторыя любой бібліятэкі заўважная тым, што ў ёй шчыльна пераплятаецца гісторыя краіны, краю, горада, лёсы тых, хто ў ёй працуе”. Натуральна, шлях ад хаты-чытальні (захаваўся фотаздымак таго будынка) да сучаснага інфармацыйнага цэнтра быў няпростым. Але ці ёсць на беларускай зямлі куток, дзе для работнікаў культуры — дарогі накатаныя? Гэта калі на месцы стаяць, шлях падаецца бясконцым. Дык вось шлях гэты пачаў Аляксандр Кучынскі — настаўнік, які стаў першым у раёне бібліятэкарам. Хата-чытальня (ці Народны дом) месцілася ў доме былога загадчыка гаспадаркі пана Баканоўскага. Кіраваў Народным домам і Мікалай Кудзін, які падчас Вялікай Айчыннай вайны ўзначаліў Лельчыцкае маладзёжнае падполле. Пасля цэнтралізацыі бібліятэчнай сістэмай кіравалі Паліна Хрушчова, Ніна Краўчанка, Ганна Бублікава, Раіса Ліпская, Людміла Загароўская. Цяпер калектыў узначальвае Алена Андрыкавец. Згадваюцца шчырыя бібліятэкары Таццяна Дашкевіч і Раіса Халява, супрацоўнік аўтабібліятэкі Марыя Сушчык, метадыст Таццяна Лінкевіч. Гаворка вядзецца пра шэсць аматарскіх аб’яднанняў. Усё гэта цудоўна. Аднак напісана нататка пра юбілей у жанры, як мы кажам, сухой справаздачы. Няўжо за сто гадоў працы не было тут цікавых выпадкаў і нечаканых падзей, вартых агульнай увагі. Да прыкладу, існуе версія, што фонд хаты-чытальны быў знішчаны фашысцкімі акупантамі. Але гэта толькі версія. Ісціна ад бібліятэчных краязнаўцаў пакуль хаваецца. Пачакаем цікавага.

Навуковы супрацоўнік Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея Людміда Жук на трох старонках піша біяграфію польскага вайсковага педагога і пісьменніка Юзафа Пашкоўскага. Нічога не маю супраць! Ураджэнец вёскі Стокі вучыўся ў Барунах у Гродне, у знакамітай Свіслацкай гімназіі, у юнацтве выехаў у Варшаву, выкладаў артылерыйскую навуку, пісаў апавяданні і вершы. Асоба надзвычай цікавая. Але ў Свіслацкай гімназіі ў свой час вучыліся Канстанцін Каліноўскі, Напалеон Орда, якіх назваць палякамі язык не падымаецца. Якімі яны былі ў студэнцтве? Вось пра гэта пачытаць бы. Пра вельмі важкія зярняткі на беларускай дошцы, якія ў свой час так выспелі буйнымі каласамі ў нашай нацыянальнай свядомасці, што ўраджай можна збіраць штогод. Дарэчы, дырэктар мясцовага раённага Цэнтра культуры Таццяна Мацкевіч кажа, што ёсць намер стварыць у будынку былой гімназіі музей Каліноўскага. Божухна, няўжо гэта адбудзецца!

І яшчэ адзін ліст са Свіслачы. Спецыялісты РМЦ напісалі пра глінамеса з Поразава Іосіфа Шопіка. З вялікай любоўю напісалі. Згадваем мы пра майстра не першы раз. І, я так думаю, далёка не апошні. Поразава ў пазамінулым стагоддзі лічылася не абы-якім ганчарным цэнтрам Гродзеншчыны. А самым аўтарытэтным тут быў Іосіф Іосіфавіч. Валодаў мастацтвам стварэння чорнай керамікі, якую нават за мяжой прызналі. Глінянай справай сям’я Шопікаў займалася чатыры пакаленні. Вось што піша загадчык аддзела рамесніцтва і традыцыйнай культуры Свіслацкага РЦК Аксана Васілька: “Шопікі валодалі ўсімі спосабамі ганчарнага майстэрства. Сам Іосіф рабіў вялізныя гаршкі і “сераднякі” ёмістасцю па 4 — 5 літраў, трохлітровыя “скліннікі”, дробныя “пітушкі”, збанкі, гарлачы, мяліцы, патэльні, макотры, кубкі, посуд для гарбаты, вазоннікі, свісцёлкі для дзяцей. Майстар рабіў , не выходзячы з хаты: у кухні, ля печы, за ганчарным колам, якое круціў нагамі. А жонка Аміля апрацоўвала вырабы перад абпальваннем каменьчыкам-“грамушкай”. Пабольш бы такіх расповедаў пра легендарных асоб. А то разам з вёскамі знікаюць і ўспаміны пра тых, хто тую вёску славіў сваім выбітным мастацтвам.

Дарэчным тут падалася навіна пра дэвіз работнікаў культуры Навагрудскага раёна і пра канкрэтнае яго ўвасабленне. Девіз такі — “З любоўю да любай вёскі і людзей, якія там жывуць”. А канкрэтныя справы — выязныя канцэрты. Дырэктар Навагрудскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская паведамляе: “Выязныя канцэрты — адна з задач, якія стаяць перад работнікамі клубных устаноў па абслугоўванні аддаленых і маланаселеных вёсак”. Спадзяюся, што ў наступны раз спадарыня Наталля дадасць у свой допіс пабольш канкрэтыкі ў дачыненні да “што, хто, калі і дзе”.

У працяг тэмы пра справу глінамесаў. З Гомельскага абласнога Цэнтра народнай творчасці інфармуюць. У мясцовай выставачнай зале з 9 ліпеня па 5 жніўня будзе працаваць выстава “Аўтарская кераміка”. Сямейны дуэт Яны Канавалавай і Канстанціна Шаўцова прэзентуе новыя серыі скульптурных кампазіцый “Акіян”, “Лясное”, а таксама — фарфоравы посуд. Аляксандр Наўгародскі прапануе пано і акарыны. Тамара Дзмітрыева пакажа не толькі ўласныя керамічныя творы, але і работы сваіх выхаванцаў — навучэнцаў аб’яднання па інтарэсах “Архітэктура, дызайн, лепка” Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Савецкага раёна Гомеля.

Агляд пошты без навіны ад Андрэя Струнчанкі — не агляд. І зноў гаворка пра асобу. Аўтар анансуе пленэр майстроў народных мастацкіх рамёстваў па дэкаратыўным жывапісе “Райскі сад - 2020”. Мерапрыемства стане яркай фарбай на творчай палітры XXIX міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Пленэр прысвячаецца стагоддзю з дня нараджэння віцебскай мастачкі Марыі Ларынай. Ініцыятар падзеі — Віцебскі абласны метадычны Цэнтр народнай творчасці, намеснікам дырэктара якога Андрэй Струнчанка з’яўляецца. Удзельнікі пленэру будуць не толькі працаваць над маляванымі дыванамі, але і наведаюць Мастацкі музей, Арт-цэнтр і Дом-музей Марка Шагала, Музей-сядзібу Іллі Рэпіна ў Здраўнёве, персанальную выставу Святланы Скавырка “Чароўны свет маляванкі”. Паўдзельнічаюць яны і ў майстар-класах з удзелам майстроў, што з’яўляюцца носьбітамі элемента “Маляваныя дываны Віцебскага Паазер’я”, унесенага ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Некалькі слоў пра Марыю Ларыну. Нарадзілася ў Віцебскім раёне, муж загінуў на Вялікай Айчыннай вайне, працавала на фабрыцы, гадавала дачку, будавала хату, цягнула гаспадарку — шчасця бачыла мала. Выратаваннем стала мастацтва. Вядучы метадыст АМЦНТ, кандыдат мастацтвазнаўства Людміла Вакар сцвярджае, што Марыя Кірэеўна — апошні інсітны мастак і аўтар маляванага дывана на Прыдзвінні. А Людміла Вакар ці не вядучы спецыяліст у нашым наіўным мастацтве. Зерне, калісьці кінутае ў нашу раллю, дае ўпэўненыя ўсходы.

І апошняя на сёння навіна. Малодшы навуковы супрацоўнік музея “Замкавы комплекс “Мір” Вераніка Красоўская піша, што ў адной з залаў Мірскага замка рэканструяваны інтэр’ер сталовай ізбы канца XVI — пачатку XVII стагоддзяў, дзе экспануюцца наступныя музычныя інструменты: віёлада гамба, дуда, лютня, спінет. “Сталовая ізба, — тлумачыць аўтар, — гэта адно з асноўных памяшканняў адзначанага перыяду, дзе адбываліся ўрачыстыя мерапрыемствы, дзе прымалі і забаўлялі гасцей. У сталовай ізбе Мірскага замка музыка гучала практычна заўсёды”. Няхай і ў вашых сэрцах заўжды гучыць музыка творчай натхнёнасці. Выкладайце і сваё зярнятка на агульную шахматную клетку.

Пішыце пра цікавае!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"