Кветка ўнутры яе

№ 26 (1465) 27.06.2020 - 03.07.2020 г

Як жыве цела? І як — дух? Ці залежаць яны адно ад аднога? Што такое мужнасць? Прыгажосць? Любоў? Добрае кіно запускае пералік вечных пытанняў, якія нараджаюцца адно за другім падчас і пасля прагляду карціны. Менавіта такой, без сумневу, можна назваць стужку беларускага рэжысёра Андрэя Куцілы “Мне трэба поціскаў”, што распачала сваю фестывальную гісторыю спецыяльнай адзнакай журы на Кракаўскім кінафестывалі. Гісторыя 92-гадовай Валяціны і яе паралізаванай дачкі — гэта невялічкі нарыс і вялікая драма, трагедыя і ўзвышаная паэма пра любоў двух родных людзей і іх жыццё дзесьці на ўскрайку беларускай вёскі.

/i/content/pi/cult/804/17276/021.jpgПа шчырасці, і не разабраць, хто ў карціне галоўны герой. Старая Валянціна, якая клапоціцца аб сваёй дачцэ, вядзе гаспадарку ў свой заможны век, ці 58-гадовая Таццяна, што ляжыць без руху ў ложку, мроячы пра свет і людзей.

Дакументальная стужка распачынаецца са знаёмства з маці. Валянціна разам з аднавяскоўцамі чакае аўталаўку. Трошкі размаўляе з жанчынамі. Потым купляе прадукты і, павольна цягнучы ровар, вядзе нас у свой дом. Лета. Дом Валянціны ў атачэнні рознакаляровых флоксаў. Але гэты духмяны і зялёны свет яшчэ адна гераіня — яе дачка Таня — можа бачыць толькі ў акенца. Таццяна ляжыць на ложку, але мы дакладна не бачым яе твару, толькі часткі цела. Валянціна прапаноўвае ёй гарбаты з мятай — але жанчына адмаўляецца.

Ужо ў гэтым “уваходжанні” ў дом і свет сям’і можна бачыць вялікую далікатнасць рэжысёра (ён аператар і сцэнарыст), які не “эксплуатуе” хваробу гераіні, а дазваляе нам пазнаёміцца з Таццянай паступова: адкрыць жанчыну адначасова і як асобу, і як пакутніка.

Валянціна раскладвае перад намі сшыткі з вершамі дачкі і распавядае сваю і яе гісторыю. Таццяна хварэе ўжо даўно… Валянціне прапаноўвалі аддаць дачку — але яна не пагадзілася. “Маё дзіця, маё гора”, — кажа яна. Браты Тані навучылі яе чытаць і пісаць, а ў 16 гадоў дзяўчына прыйшла да Бога. Трымаючы ў зубах асадкі, алоўкі, пэндзлі яна пачала маляваць, пісаць вершы — на беларускай і рускай мовах. Мы па-сапраўднаму і знаёмімся з Таццянай менавіта так — праз яе аўтарскія вершаваныя радкі, дзённікавыя запісы, што агучвае актрыса Святлана Анікей.

Якая душа жыве ў тым скаваным целе? Ці можна ўявіць сабе адчай, які ахоплівае чалавека, што застаўся без руху? Ці можна памысліць пра тое, што дух чалавека немагчыма стрымаць? Вершы Тані неверагодна самотныя, пранізлівыя, але поўныя надзеі, веры, кротасці і любові. На малюнках — свет далёкі і блізкі: яе просты пакой, сустрэчы маладых закаханых на вуліцы, і хтосьці, хто прыйшоў наведаць дзяўчыну ў прыгожай сукенцы ў кветкі. Зграбная паненка ў доўгім строі задумліва глядзіць у акно — цікава, што гераіня малюнкаў Таццяны па вопратцы амаль з іншага веку.

Уяўны свет — і свет рэальны. Рэжысёр акуратна вяртае нас у апошні, калі маці зноў заходзіць у пакой, каб напаіць дачку ў спёку халодненькай вадзічкай, дакрануцца да яе. “Мне трэба поціскаў”, — так гучыць радок аднаго з вершаў гераіні.

Насамрэч, тыя поціскі патрэбныя і старой Валянціне. Жанчына засталася сам на сам са сваім горам, перажыўшы двух сваіх сыноў. Вось яна вяртаецца з поля і, спатыкнуўшыся, падае. Немагчыма не памысліць пра тое, а што ж будзе з Таццянай, калі з яе маці што-небудзь здарыцца? З кім яна застанецца?

Беларускае лета, поўнае зеляніны, сонца, дажджу і паветра. Блакітны дом у флоксах. “Клетка” цела Таццяны і прыгажосць яе душы, сіла духа. Любоў Валянціны, якую немагчыма вымераць. Колькі планаў, пауз, яскравых успышак малюнкаў Тані, фатаграфіі — і ў невялікім нарысе адлюстроўваецца жыццё людзей і таямніца свету.

Як можна вымераць чалавечую любоў? Гадамі несупыннага клопату? Цярпеннем уласнай нямогласці? Хто з дзвюх жанчын мае большае сэрца? Спакойнае назіранне Андрэя Куцілы, у якім шмат павагі і думкі, эмпатыі, дзе ёсць месца недасказанасці і слову, складаецца ў кранальны партрэт сям’і, лакальны і ўніверсальны.

І ўсё ж мы такі ўбачым Таццяну напрыканцы фільма. Як Антуан Дуанэль у фільме “400 удараў” Франсуа Труфо яна паглядзіць на нас напроўст у камеру. “Мора знутры” — так гучала назва аднаго з фільмаў Алехандро Аменабара. Пра Таццяну мне хочацца сказаць: кветка — унутры яе.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"