Задумацца хоць на секунду

№ 26 (1465) 27.06.2020 - 03.07.2020 г

У ДУК “Слонімскі драматычны тэатр” адбылася прэм’ера спектакля “Белы ліст” па п’есе вядомага беларускага пісьменніка і драматурга, гамяльчаніна Васіля Ткачова. Ажыццявіў пастаноўку галоўны рэжысёр тэатра Васіль Сявец. У спектаклі занята ўся трупа.

/i/content/pi/cult/804/17275/020.jpg...У адным невялікім гарадку застаўся апошні франтавік Іван Мітрафанавіч Асокін (Уладзімір Навумік). Пра гэта зусім выпадкова даведалася кіраўніцтва. Старшыня мясцовага райвыканкама Сяргей Кулакоў (Ігар Макараў) памяркоўна-летуценна кажа сваёй падначаленай Веры Міхайлаўне (Ірына Яцук) напачатку дзеі: “Што ж атрымліваецца, а? Заўтра ў вобласці… паслязаўтра ў краіне застанецца адзін… А сапраўды, шаноўная Вера Міхайлаўна, гэты ж час павінен некалі надысці… калі будзе апошні франтавік і ў краіне… А мы жывём і не думаем пра гэта… ”

І каб неяк аддзячыць апошняму ветэрану вайны, мясцовыя ўлады даюць яму чысты ліст паперы: прасі, паважаны, усё, што хочаш. Дадзім. Ты - заслужыў. І што ж папрасіў франтавік?

Пра гэта, а таксама пра адносіны дзяцей і бацькоў, пра павагу моладзі да старэйшага пакалення і ідзе гаворка ў спектаклі Слонімскага драматычнага тэатра “Белы ліст”. Трэба адзначыць, што гэта не першае ўвасабленне п’есы Васіля Ткачова на тэатральнай сцэне. Раней яна пабачыла святло рампы ў Магілёўскім абласным драмтэатры, у тэатры Усходняй вайсковай акругі (г. Усурыйск) і ў драмтэатры САНТ (г. Актау, Казахстан).

На сайце драматурга Васіля Ткачова мяне зацікавілі наступныя радкі, якія даслала яму Анжаліка Кузьмянок, вучаніца 10 класа аднаго з магілёўскіх ліцэяў: “Ніхто з гледачоў не застаўся абыякавым: п’еса кранула ліцэістаў да глыбіні душы. У канцы пастаноўкі плакалі ўсе, некаторыя, праўда, стараліся гэта схаваць. Меладрама ўзнімае такія надзённыя для сучаснага грамадства праблемы, як дэфіцыт кахання, клопаты і спачуванні блізкіх людзей, сквапнасць і здрада. Пастаноўка прымусіла ўсіх задумацца: а што робіць чалавека шчаслівым? Дзеці і ўнукі ветэрана не асабліва ганарацца сваім дзедам і яго заслугамі, і гэта — трагедыя не толькі ветэранаў, а ўсяго народа. Сапраўды калі-небудзь франтавік застанецца ўсяго адзін. І што тады? Мы страцім сувязь з гісторыяй. З мінулым. Калі кожны задумаецца пра гэта хоць на секунду і дапаможа ветэранам, наша грамадства стане ў сотні разоў дабрэйшым і шчаслівейшым”. Дзяўчына-школьніца ў гэтых радках сказала ўсё за нас усіх пра ветэранаў Другой сусветнай вайны і пра сучасную моладзь. І пра памяць.

Драматург Васіль Ткачоў шчыра павіншаваў слонімскі калектыў з прэм’ерай і падзякаваў за тое, што сланімчане цікава і своечасова ажыццявілі гэту пастаноўку.

— Васіль Юр’евіч, спектакль вельмі цёпла быў прыняты сланімчанамі. А як у вас нарадзілася ідэя напісаць такі твор?

— Мяне не толькі вы пытаецеся пра гэта. Нават некаторыя калегі-пісьменнікі цікавілся — як, маўляў, дадумаўся? Прыйшло ж, нахлынула — паспрабуй тут растлумачыць. Я і хацеў, калі працаваў над п’есай, адказаць на пытанне: што ж папрасіў апошні ўдзельнік вайны? Вось усе гэтыя адказы менавіта ў пастаноўцы слонімскіх артыстаў. Бо найперш яны пастараліся данесці мае думкі-развагі да людзей. Асабліва апошні ветэран вайны Іван Мітрафанавіч Асокін, ролю якога выдатна выканаў майстар сцэны тэатра Уладзімір Навумік. Ды і ўсе артысты са Слоніма пастараліся на славу. Спадзяюся, нам гэта ўсім разам і ўдалося ажыццявіць.

“Белы ліст” прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі, ён якраз закранае тыя струны чалавечай душы, якія хвалююць нас сёння, будуць хваляваць і заўтра. Ды кожны дзень! Гэта адносіны старэйшага і малодшага пакаленняў людзей, іншы раз няпростыя, складаныя стасункі паміж імі.

— Я ўважліва і даўно сачу за вашай творчасцю. І ўсё ж, якім драматургам сябе лічыце - “вясковым” ці “гарадскім”?

— Вядома ж, вясковым. А якім жа яшчэ! Сэрца, душа заўсёды там, дзе жывуць і мае героі-землякі. У вёсцы. У мяне ажно дзве вёскі, з якімі моцна знітаваны мой лёс. Вёска Гута на Рагачоўшчыне, дзе нарадзіўся, і вёска Іскань на Быхаўшчыне, дзе прайшло дзяцінства і маленства. І калі я пішу, дык абавязкова хаджу па родных мне сцежках. Толькі там — зямля маіх герояў! Каб не было яе ў мяне, магчыма б ніколі не напісаў камедыі “Без Ягора будзе гора”, “Тату аж у Ляпёшкіне”, “Жаночы вулей”, “Слуп” і многія іншыя, якія ставяць сёння не толькі прафесійныя тэатры, але і многія народныя. У тым ліку і ў роднай Беларусі!

Дарэчы, на працягу ўсіх 30 гадоў сваёй творчай дзейнасці Слонімскі драматычны тэатр заўсёды надаваў важнае месца пастаноўкам ваенна-патрыятычнай тэмы. Гэта спектаклі “Трыбунал” па п’есе Андрэя Макаёнка, “Не пакідай мяне” па п’есе Аляксея Дударава і іншыя. Пацвярджэнне таму — і спектакль “Белы ліст”, якім мы яшчэ раз аддаём даніну памяці і павагі ратнаму і грамадзянскаму подзвігу нашых дзядоў. Даўно сцёрты з твару зямлі месцы страшэнных кровапралітных баёў, але толькі не з памяці тых, хто коштам свайго жыцця здабываў і набліжаў Перамогу. Пакуль жыве памяць — будзем жыць і мы.

Сяргей ЧЫГРЫН

Фота аўтара