Талент як пазнака Бога

№ 26 (1465) 27.06.2020 - 03.07.2020 г

Не прыйшлося доўга думаць над тэматыкай сённяшняга агляду. Яе падказалі метадысты Гродзенскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці, якія абвесцілі набор канкурсантаў у новы інтэрнэт-праект. Ён называецца “#ТАЛЕНТЫДОМА”. Так, пагаворым пра талент, як пазнаку Бога. Пагаворым пра тое, што талент варта вырошчваць як кветку: старанна і з поўнай адказнасцю. Але перад тым як вырошчваць, яго неабходна раскрыць. Бывае так, што сталы настаўнік і не падазрае, што мае абсалютны музычны слых і неблагі голас, а інжынер на пенсіі пачынае пісаць вельмі неблагія вершы. Таму вельмі важна знайсці сябе з дзяцінства, каб раз і назаўжды абраць адзіна правільны жыццёвы шлях. А бывае і так, што нечакана раскрыты талент становіцца дадатковым, так бы мовіць, сродкам самавыяўлення і дапамагае больш тонка зразумець і людзей, і навакольны свет.

/i/content/pi/cult/804/17272/015.jpgДык вось, абвешчаны прыём заявак на ўдзел у адкрытым дыстанцыйным творчым конкурсе “#ТАЛЕНТЫДОМА”. А запеўка ў метадыстаў Гродзеншчыны наступная: “Лёгка бярэш самыя высокія ноты, але выступаеш толькі перад люстэркам? Віртуозна валдаеш скрыпкай, але здольнасці твае ацанілі толькі суседзі? Малодшы брат геніяльна чытае вершы, але ягоная адзіная сцэна — толькі кухонны табурэт? Любімая бабуля ўсё жыццё марыць трапіць “у тэлевізар”, але слава зноў праходзіць міма? Надышоў час здзяйснення мараў!” Вельмі, пагадзіцеся, пераканаўча. А конкурс такі ладзіцца ў Беларусі ўпершыню. Запрашаюцца абсалютна ўсе ахвотныя. Узрост, адукацыя, род заняткаў не маюць значэння. Галоўнае — выдумка і артыстызм. За Гран-пры і суперпрыз могуць пабароцца вакалісты, музыканты, акрабаты, комікі… Трэба толькі зняць выступленне на відэа. Прыём заявак заканчваецца 1 ліпеня. Вядучы метадыст па культурна-дасугавай дзейнасці Ірына Міклашэвіч распавядае, што першыя заяўкі, што паступілі на электронны адрас, вельмі абнадзейваюць. Падсумоўванне вынікаў чакаецца 14 ліпеня. “К” абяцае адсочваць працэс вышуквання талентаў.

А цяпер пра таленты, якія даўно праславілі Свіслацкі раён. Гаворка — пра рамеснікаў, якіх тут больш за 60. Клубныя работнікі прыдумалі раённы інтэрнэт-праект “У госці да майстра”. Давайце і мы наведаем спецыялістаў народных рамёстваў і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Да ўсіх патрапіць не паспеем, а вось з візітамі ў межах пушчанскага аграгарадка Новы Двор управімся з лёгкасцю. Мікалай Раманоўскі — разьбяр па дрэве з маладосці. Працуе у мясцовым лясніцтве. Прыгажосць драўніны рукамі адчувае. Падворак майстра — экспазіцыя ягоных вялізных і дробных работ… Іван Грушэўскі малюе па шкле, дрэве, палатне. Гэта партрэты, пейзажы, карціны гумарыстычнага зместу. У кожнага твора — свая гісторыя. Пра лёсы сваіх “дзяцей” мастак можа распавядаць бясконца… Валерыя Журкевіч вяжа кручком. Унутранае ўбранне яе дома — казачнае і вельмі цёплае, бо зроблена з вялікай душой.

“7 чэрвеня ў сельскім клубе “Азёркі” прайшло фальклорнае свята “Па сцежках спадчыны”, — напісала Наталля Шэўчык з Мастоўскага раёна, — Мерапрыемства ладзілася з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі. Адзначалася свята Сёмухі. Галінкамі бярозы ўпрыгожваліся не толькі хаты і двары, але і сельскі клуб. Бярозе прысвячаліся песні і танцы”. Для таго, каб бярозавы брэнд доўга заставаўся на слыху, таксама немалы талент патрэбны.

Навіна з Дзятлаўшчыны — пра юбілей Марыі Шыдла з Погіраў. Яна не толькі цудоўная гаспадыня (дом — узорнага парадку), не толькі дбайная маці і бабуля. Марыя Мікалаеўна, якая нарадзілася за год да пачатку Вялікай Айчыннай вайны, яшчэ і пявуння знаная, а муж — гарманіст Іван Шыдла. Разам у мясцовым клубе яны і ўтварылі песенны калектыў. 42 гады прайшло з тае пары. Але нязменнымі засталіся песні Марыі Шыдла. Доўга яны гучалі тым надвячоркам. Талент, калі за ім дбайна даглядаеш, з гадамі яшчэ больш пераканаўчым становіцца.

У мінулым нумары “К” я пісаў пра шматграннасць талентаў Палаца культуры горада Ліды. Сёння варта дадаць да гэтага шматгалосага хору і сола ўзорнага тэатра “Какос”. 18 чэрвеня ён прэзентаваў пастаноўку “Няправільная казка пра Чырвоны Каптурок” паводле п’есы Аляксея Анісімава. Спектакль прайшоў у вялікай зале ўстановы, дзе сярод гледачоў былі захаваны нормы сацыяльнай дыстанцыі.

Шэраг лістоў прысвечаны Дню медыцынскага работніка. Клубнікі аграгарадка Граўжышкі (Ашмянскі раён) прысвяцілі медыкам відэа-канцэрт. Аналагічны канцэрт арганізавалі і ў Ашмянах.

Піша вядучы метадыст Іўеўскага Цэнтра культуры і вольнага часу Вольга Аўдзевіч: “Арэол мастацкіх практык саломапляцення на Гродзеншчыне шырокі. З іх чатыры — на Іўеўшчыне: у раённым цэнтры, у аграгарадках Дайліды, Геранёны, Лелюкі. Гэтым практыкам нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У гэтую суботу на тэлеканале “Беларусь 3” выйшла праграма, прысвечаная талентам нашых саломапляцельшчыкаў”.

Пра чарговы талент паведамляе Андрэй Струнчанка. Ён вядзе гаворку пра мастака-разьбяра з Мазалава (Віцебскі раён) Аляксандра Захарчанку. У мясцовым клубе працуе выстава работ Захарчанкі, якая называецца “Магія дрэва і фарбаў”.

Вы чулі гэты выраз: “Таленавіты чалавек — таленавіты ва ўсім”. Жыццё пастаянна пацвярджае гэтую выснову. Чарговы доказ — дзейнасць Валянціны Лабунінай. Загадчык сельскай бібліятэкі аграгарадка Гальшаны з Ашмянскага раёна Таццяна Іванова распавядае: “У нашай установе дзейнічае фотавыстава “Гэты дзень мы набліжалі як маглі…” Аўтар здымкаў — Валянціна Лабуніна, былы загадчык Гальшанскай дзіцячай бібліятэкі. Валянціна Сцяпанаўна — яшчэ і краязнаўца. Свае першыя здымкі зрабіла ў 1967 годзе пад час мітынгу ў памяць загінулых у Вялікую Айчынную вайну землякоў. Шэраг фота зроблена на дарозе Валожын — Гальшаны, тут 25 чэрвеня 1941 года лётчыкі Аўдзееў і Стралёнак накіравалі свой палаючы самалёт на фашысцкую калону. І такіх здымкаў на выставе — вельмі шмат. Ветэранаў у нас ужо не захавалася. А Памяць жыве.”

Можна не маляваць, не спяваць, не танцаваць і не паказваць акцёрскую нязмушанасць на аматарскай тэатральнай сцэне, але заставацца талентам у сваёй адзінай прафесійнай справе. Пра гэта распавядаюць калегі бібліятэкара бібліёбуса Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Ірыны Яцкевіч: “Яна здолела правесці для жыхароў вёсак Старыя Паддубы, Шастакоўцы і Пераходы інфармацыйны дайджэст “Бібліятэка і кнігі — лекі для душы”. Ірына пазнаёміла вяскоўцаў з выданнямі тых жанраў, што спрыяюць адпачынку. Гаворка ішла пра дэтэктывы, меладрамы, сямейныя эпапеі. Чытачы разабралі ўсе прапанаваныя кнігі”. Цікава было б даведацца, а якія канкрэтна кнігі разабралі. Урэшце, “Ганна Карэніна” — таксама меладрама, а “Злачынства і пакаранне” — дэтэктыў.

Яшчэ адна інфармацыя са Свіслацкага раёна. Кіраўнік раённай бібліятэкі Святлана Піваварчык паведамляе, што ў яе супрацоўнікаў склаліся добрыя стасункі з паэтамі-землякамі. Да слова, бібліятэка поруч з выкананнем непасрэдных абавязкаў займаецца яшчэ і выпускам вершаваных зборнікаў з серыі “Свіслаччына літаратурная”. “У чэрвені, — піша аўтар, — з нагоды 75-годдзя мясцовага паэта Івана Ламашкевіча пабачыў свет зборнік “Адгалосак мінулага лета”. Іван Канстанцінавіч нарадзіўся ў год Вялікай Перамогі. Піша на рускай і беларускай мовах. Вершы прасякнуты любоўю да роднага краю, раскрываюць прыгажосць краявідаў, дакладна адлюстроўваюць чалавечыя пачуцці, вучаць дабрыні. Дарэчы, адзін з вершаў прысвечаны нашай бібліятэцы”. Цалкам верагодна, што хтосьці з юных чытачоў, пачуўшы вершаваныя радкі Івана Ламашкевіча, і сам паспрабуе ствараць вершы, рыфмаваць сваю душу з сэрцам.

Можна быць таленавітым у любові? Толькі так, падаецца, і можна. У адваротным выпадку пра якую любоў гаворка. Але таленту — мала. Любоў — гэта яшчэ і вялікая праца па ўласным ўдасканаленні. Менавіта так у Бацькаўшчыны нараджаюцца верныя сыны. Пра гэта цудоўна ведаюць метадысты Ашмянскага раённага Цэнтра культуры. Яны падказваюць чытачам “К”, што загадчык сельскага клуба аграгарадка Баруны Алена Альшук прапануе знаёмства з мясцовым краем, асноўнымі турыстычнымі аб’ектамі, знакамітымі асобамі. Адпаведнае відэа ў інтэрнэце называецца “Анлайн-трэвэл-праект. “Слынная Барунская зямля” (сельскі клуб аграгарадка Баруны).

Не спыняйцеся працаваць над сабой!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"