Песні бабулі Гані

№ 26 (1465) 27.06.2020 - 03.07.2020 г

Менавіта так: прачніся — і спявай! Бо ад песні душа маладзее. Асабліва ад народнай. Гэта аксіёма. І сумнявацца не даводзіцца, калі глядзіш на Марыю Будзько. Наша размова пачалася… з націску кнопкі на пульце для тэлевізара. Марыя Станіславаўна ўключыла запіс святкавання свайго 80-годдзя. Без перабольшання, гэта быў бенефіс нашай гераіні. У старэнькім Валэйкавіцкім клубе, у якім яна адпрацавала-адспявала 60 гадоў, сабраліся родныя, сябры, аднавяскоўцы — цяперашнія і былыя.

/i/content/pi/cult/804/17270/012.jpgКалі б не касманаўт

Пасля школы Марыя паступіла ў Гродзенскае культасветвучылішча, скончыла яго і пачала працаваць у Валэйкавіцкім клубе. Потым вучылася ў Гродзенскім педінстытуце імя Янкі Купалы. Да клубнай работы дадалася яшчэ і настаўніцкая. Атрымала дыплом выкладчыка гісторыі — і адразу маладую жанчыну прызначылі дырэктарам мясцовай базавай школы, якую на той час наведвала больш за сто вучняў. Амаль усе яны спявалі ў хоры. Сама дырэктар — у калгасным хоры. У клубе тады існаваў ансамбль “Крынічанька”. Разам з хорам ён стаў падмуркам, на якім у 1976 годзе стварылі народны фальклорны калектыў “Валэйчанка”.

— Мая мама Ганна Стурліс была ля вытокаў “Валэйчанкі”, — удакладняе Марыя Станіславаўна. — Была кампазітарам, рэжысёрам, сцэнарыстам, магла правесці майстар-клас у сельскім клубе на высокім узроўні.

А ў 1986 годзе ў Валэйкавічах з’явіўся дзіцячы фальклорны калектыў “Кропелькі”, які пазней стаў узорным. Напэўна, мала хто ведае, што імпульсам для стварэння “Кропелек” стала зацікаўленасць касманаўта Віталя Севасцьянава. У сярэдзіне 80-х гадоў мінулага стагоддзя Віталь Іванавіч разам са знакамітай вядучай і актрысай Таццянай Ведзянеевай наведалі Смаргоншчыну. У Снігянах на мосце іх віталі самадзейныя артысты. Вядомы касманаўт пахваліў “Валэйчанку”, падзякаваў за выступленне і нечакана для артыстак пацікавіўся, ці ёсць каму перадаць багатую народную спадчыну, ці гадуюць яны сабе змену.

“Вось тады мы задумаліся… Сапраўды, хто праз дзясяткі гадоў будзе спяваць нашы песні? — кажа Марыя Будзько. — Неўзабаве сабралі самых таленавітых і галасістых ўдзельнікаў школьнага хору і стварылі новы дзіцячы калектыў, хормайстрам якога стала мая калега Ванда Роля”.

/i/content/pi/cult/804/17270/013.jpgДырэктар на скутары

Пра “Валэйчанку” можна прачытаць у дзвюх энцыклапедыях Беларусі. Вясковыя артысткі тройчы пабывалі ў Літве, двойчы — у Польшчы, шмат дзе ў Расіі і практычна ва ўсіх кутках Беларусі. Перамогі ў разнастайных конкурсах народнай фальклорнай музыкі — ад рэгіянальных да міжнародных. Дыпломы, падзякі, апладысменты… Дарэчы, гэты сезон фальклорнага тэлепраекта “Спявае Беларусь” адкрываўся перадачай менавіта пра “Валэйчанку”.

Працаваць дырэктарам, выкладаць гісторыю, гадаваць сваіх дваіх дзетак і займацца самадзейнасцю — і ўсюды трымаць высокую планку. Такое ўвогуле рэальна? Так. Той, хто жыве творчасцю, валодае неймавернымі здольнасцямі. Той, хто шчыра дорыць радасць, узамен атрымлівае яе нашмат больш. Радасць перапрацоўваецца ў энергію, якая сілкуе душу і цела.

Як і раней, Марыя Будзько двойчы на тыдзень спяшаецца са сваіх Рачунаў у Валэйкавічы на рэпетыцыю. На чым толькі не даводзіцца дабірацца туды хормайстру. На лесавозе, на школьным аўтобусе, а яшчэ нядаўна ездзіла на сваім скутары. Думка, каб прагуляць рэпетыцыю, нават у галаву ёй ніколі не прыходзіла. Там жа яе чакаюць “дзевачкі”.

Што ў куфэрку бабулі Гані?

Марыя Станіславаўна — сапраўдны клад для аматараў даўніны. Яе творчы багаж - у тоўстых сшытках, у брашурах, у касетах (па падліках жанчыны, іх 60), дысках і флэшцы.

Ад маці Ганны яна запісала дзве сотні песень, падзяліла іх на шэсць раздзелаў і стварыла спеўнік пад назвай “Куфэрак бабулі Гані”. У ім — большасць песень на беларускай мове, але ёсць і на рускай, і на польскай. Захаваліся ў маёй субяседніцы і аўдыёзапісы, дзе гучыць голас яе мамы.

— Мая мама добра ведала і любіла песні сваіх продкаў, сваёй мясцовасці, мела добры слых і голас, была запявалай сярод вяскоўцаў, — кажа Марыя Станіславаўна. — Хочаце верце, хочаце не, але на адкрыцці ІІ Еўрапейскіх гульняў спартсмены ішлі пад “песні бабулі Гані”. На свае вушы чула, калі глядзела шоу па тэлевізары.

Да таго ж жанчына сама напісала 25 песень. У кожнай — жыццё народа. Наша. Мясцовае. Яны ўслаўляюць прыгажосць малой радзімы, асабліва тых мясцін, дзе нарадзілася аўтарка, — хутар Лісова. “Вечарынка на Лісове”, “Лісоўская рыбачка”, “Лісоўская забава-полечка”… А калі тапонім не згадваецца ў назве, у тэксце абавязкова заўважыш маляўнічыя пейзажы, адметныя дэталі, музычныя асаблівасці куточка, дарагога сэрцу.

Тут прайшлі юныя гады Марыйкі. Сям’я жыла дружна, заможна, аднак заможнасць гэтая дорага каштавала: працаваць даводзілася шмат. Але і адпачываць тут умелі. Музыка суправаджала і працу, і адпачынак.

“Я спеўнік маю!”

— Не ведаю, куды дзецца з гэтай багатухнай! — смяецца жанчына. — Наш калектыў спявае 12 песень (трынаццатую — развучваем), дзве — у рэпертуары “Кропелек”. А яшчэ адзінаццаць пакуль у спеўніку. Чакаюць свайго “зорнага” часу.

— І словы, і музыка вашы?

— Усё маё! З аддзела культуры прыязджалі, запісалі на дыктафон, слухалі, як выконваю свае песні. А настаўнік школы мастацтваў Чэслаў Жых распісаў ноты песень. Цяпер маю надрукаваны спеўнік сваіх твораў з нотамі (паказвае).

Я чытаю ўступ да спеўніка: “Уявіце сабе малюнак: сенажаць з рознакаляровымі духмянымі кветкамі, у якую палоскай уплятаецца жыта, каласуе, пераліваецца хвалямі, нібы мора, гучыць спеў жаўранка, сонейка ззяе… Гэтыя незабыўныя малюнкі я бачу і сёння. З вялікай удзячнасцю і гонарам за свой родны куток напаўняю імі сваю творчасць”.

— “Палоска сцелецца між жыта, а ў небе жаўрукі пяюць…”, — цытую кампазіцыю “Давайце сабярэмся разам”, якую выконвае беларуская спявачка Жанэт. Гэта ж ваша песня?

— Так! А другую песню — “Вясковая забава” — спявае Валянціна Альшанская. Маю аўтарскія правы на гэтыя творы, нават штомесяц атрымліваю грошы (хоць і невялікія) за іх выкананне.

Паказала Марыя Станіславаўна яшчэ адзін рукапіс “Адраджэнне культуры беларускага сялянства ў творчасці Валэйкавіцкага сельскага клубы. Карані і вытокі душы народнай”. І ўдакладніла: “Гэта ўжо ўся гісторыя маёй старонкі. Так хацелася б кнігу выдаць”.

— Вы тут нарадзіліся, вучыліся, сюды прыехалі па размеркаванні пасля культасветвучылішча. А ці хацелі калі з’ехаць у іншае месца? — цікаўлюся, але адчуваю, што адказ будзе прадказальны.

— Ніколі! Муж прапаноўваў у горад пераехаць. А я — не! Я не прыжылася б у горадзе. Без зямлі, без гэтай прыроды, паветра, песень. Тры гады таму мне зрабілі вельмі складаную аперацыю. Лічы, новае сэрца ўставілі… Вы думаеце, я б пасля аперацыі выжыла ў іншым месцы? Я сілы свае ўзнаўляла на гэтай зямлі. З гачкай у руках. Тут маё жыццё. Мая энергетыка. Мая душа.

Галіна АНТОНАВА