“Золата” творчых здзяйсненняў

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

Не толькі на спартыўных спаборніцтвах беларусы заваёўваюць залатыя ўзнагароды. У творчых конкурсах ім таксама няма роўных! Такую выснову можна зрабіць, прааналізаваўшы выступленне каманды Рэспублікі Беларусь на ІІ Сусветных Дэльфійскіх гульнях, што завяршыліся днямі ў Саратаве. У скарбонцы беларусаў — два залатыя і тры сярэбраныя медалі, а таксама шэсць заахвочвальных прызоў.

Варта адзначыць, што ў айчыннай каманды была надзвычай сур’ёзная канкурэнцыя: удзельнікамі сёлетніх творчых спаборніцтваў былі больш за тысячу дзеячаў мастацтваў ва ўзросце ад 10 да 35 гадоў прыкладна з 50 краін свету. А змагаліся яны ў такіх катэгорыях, як фартэпіяна, скрыпка, баян, акардэон, акадэмічныя, народныя і эстрадныя спевы, народны і сучасны танец, выяўленчае мастацтва, народнае мастацкія рамёствы, фотамастацтва, цырк, дзі-джэй, кулінарнае мастацтва, тэлежурналістыка, вэб-дызайн, а таксама сацыяльная рэклама і анімацыя.
Дзякуючы Дэльфійскім гульням ва ўсім свеце знаходзяцца і атрымліваюць падтрымку маладыя таленты, адбываецца міжнародны дыялог культур.
Пад час закрыцця Гульняў з прамовай выступіў Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Сяргей Сідорскі, які адзначыў высокае прафесійнае майстэрства айчынных калектываў і выканаўцаў.
Акрамя гэтага, кіраўнік беларускага Урада запрасіў усіх прысутных на V Дэльфійскія гульні дзяржаў — удзельніц СНД, што адбудуцца 20 — 26 кастрычніка ў Мінску.