“Мудрагеліста тасуецца калода...”

№ 26 (1465) 27.06.2020 - 03.07.2020 г

Пакручасты шлях графа Сямёна Зорыча праз Шклоў
(Заканчэнне. Пачатак у №№ 15 —18, 20 —25)

/i/content/pi/cult/804/17269/011.jpgВандроўная вучэльня

Закрыццём шклоўскага тэатра скончылася слаўная эпоха прыгоннага балета на тэрыторыі Беларусі. Праз паўстагоддзя будынак быў разабраны і на яго месцы з’явіўся касцёл, які ў трохі рэканструяваным выглядзе і сёння ўпрыгожвае горад.

Шклоўскай шляхетнай вучэльні пашанцавала больш — яна не сышла ўнівеч. З апошніх выхаванцаў Кадэцкага корпуса (так ён стаў называцца пасля смерці Зорыча) вядомыя такія імёны, як Арсень Закрэўскі — генерал-губернатар Фінляндыі, потым міністр унутраных спраў Расійскай імперыі і маскоўскі генерал-губернатар; Васіль Марчанка — дзяржаўны сакратар Расіі. пры Мікалаі I — і многія іншыя вядомыя імёны. Адзін з апошніх падпаручнікаў, выпушчаных Зорычам у Шклоўскай вучэльні ў чэрвені 1799 года Якаў Захаржэўскі потым стаў генералам ад артылерыі, удзельнічаў у войнах з Напалеонам — ад бітвы пры Прэйсіш-Эйлау (1807) да Лейпцыгскай бітвы Народаў (1813). Яго калега па вучэльні падпаручнік Якаў Цібянькоў пабываў на Барадзінскім полі, а пазней стаў генерал-лейтэнантам.

А ўжо налета наступнага пасля смерці Зорыча 1800 года выхаванцаў вучэльні перавялі спачатку ў Гродна, дзе яна стала называцца “Аддзяленнем кадэцкага корпуса Гродзенскага”. Першым яго дырэктарам стаў генерал-маёр Вільгельм Кетлер, а ротным камандзірам і экзерцымайстрам (адказным за навучанне кадэтаў) — падпалкоўнік Рыгор Пяцігорскі. Месцілася гэтая вучэльня на беразе Нёмана, у палацы, пабудаваным у стылі ракако ў сярэдзіне XVIII стагоддзя каралём польскім і вялікім князем Літоўскім Аўгустам III. Месца сімвалічнае: там у 1793 годзе адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай, і там жа праз якія два гады адрокся ад трона яе апошні кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

У 1807 годзе Гродзенскі корпус перабазаваўся ў Смаленск, потым — у Цвер, Яраслаўль, Кастраму… І, нарэшце, у 1824 годзе ён “асеў” у Маскве, дзе знаходзіцца і па сёння пад назвай Першы Маскоўскі кадэцкі корпус. Сярод яго выпускнікоў розных гадоў такія вядомыя ваеначальнікі, як Віталь Троцкі, Павел Ванінскі, Міхаіл Тухачэўскі, Сяргей Маркаў, Мікалай Брэдаў, Мікалай Невадоўскі, Павел Шацілаў, Данііл Канажэўскі… А таксама людзі творчыя: Павел Фядотаў — не толькі афіцэр, але і выбітны мастак, аўтар карцін “Сватанне маёра” і “Свежы кавалер”; Іван Ларыёнаў — афіцэр і аўтар знакамітай песні “Калінка-малінка”, якую ўсе лічаць народнай, Іван Рэрберг — інжынер-архітэктар, аўтар праектаў Кіеўскага вакзала і Цэнтральнага тэлеграфа ў Маскве...

І ва ўсіх гэтых выхаванцаў — адзін агульны корань, які пусціў сакавітыя парасткі ў беларускай зямлі: Шклоўская шляхетная вучэльня і яе стваральнік Сямён Гаўрылавіч Зорыч.

Памяць як адзіная мера часу

Як мы ўжо пісалі, магілы Зорыча ў Шклове сёння не ўбачыш. Затое ўдзячныя нашчадкі ўзвялі яму годны і прыгожы помнік — першы ў свеце. Запытаў у вядомага скульптара, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Уладзіміра Слабодчыкава, дзе ён чэрпаў натхненне на гэты вобраз. І пачуў у адказ: “…натхняў мяне найперш менавіта шклоўскі перыяд жыцця нашага героя і яго гістарычная роля ў будаўніцтве духоўнай культуры гэтага беларускага рэгіёна”.

— Калі абвясцілі конкурс на праект помніка, я вырашыў прыняць у ім удзел, — распавядае спадар Уладзімір. — Спачатку праект мы распрацоўвалі ўдваіх з архітэктарам, лаўрэатам Ленінскай прэміі Юрыем Градавым. Зрабілі эскіз, дзякуючы якому сталі пераможцамі ў конкурсе. Потым, у сувязі з вельмі жорсткімі тэрмінамі выканання замовы, вырашылі запрасіць скульптара Алега Варвашэню вылепіць рэльефы на калонах і картуш з тэкстамі. Дапамагаў нам і шклоўскі архітэктар Георгій Сіваеў. Я цалкам заняўся фігуратыўнай часткай помніка, Алег Варвашэня з Градавым — цыліндрычным пастаментам з чырвонага граніту, на якім абодва распрацоўвалі рэльефы з выявай чатырох фігур — прадстаўнікоў шклоўскага тэатральнага бамонду і шляхетнай вучэльні. А паміж рэльефамі — картушы ў выглядзе апраўленых завіткамі шчытоў з інфармацыяй аб важкім унёску Зорыча ў культурнае і грамадскае жыццё Шклова. Галоўны надпіс на пастаменце абвяшчае: “Зорычу Сямёну Гаўрылавічу ад удзячных шклаўчан”.

Спачатку мясцовыя ўлады мелі намер усталяваць помнік ля Шклоўскага краязнаўчага музея, але потым вырашылі паставіць у парку: існуе інфармацыя, што менавіта Зорыч стаяў ля вытокаў яго з’яўлення. Мы пастараліся знайсці максімальна ідэальныя прапорцыі для таго, каб манумент гарманічна ўпісаўся ў ландшафтнае асяроддзе. І, як падаецца, вынік гараджанам і турыстам падабаецца.

Асоба Сямёна Гаўрылавіча Зорыча, вядома, нас вельмі прыцягвала: гэта быў цікавы і адначасова вельмі няпросты чалавек. Магчыма, хвацкі авантурыст са знакам “плюс”… але жыццё і лёс яго ў кожным разе вартыя захаплення. Праўда, я вырашыў не прадстаўляць воінскія ордэны Зорыча на яго камзоле, атрыманыя ім яшчэ задоўга да прыезду ў Шклоў, а таксама характэрныя для ваеннага чалавека таго часу атрыбуты — кірасу, эпалеты, шпагу. Аднак пастараўся зрабіць усё астатняе максімальна дакладна з гістарычнага пункту гледжання: парык з коскай, бант на шыі, жабо, пояс, гузікі на камзоле, фалды і абшлагі на рукавах, панталоны, запраўленыя ў батфорты.

Атрымалася фігура вышынёй 2 метры і 25 сантыметраў. Зрабіўшы крок наперад, Зорыч левай рукой беражліва прыціскае да сэрца скрутак архітэктурных чарцяжоў. Правай — нібы паказвае месца, на якім, паводле яго задумы, будуць пабудаваныя галоўныя дзецішчы — Шляхетная вучэльня і тэатр. Погляд яго мэтанакіраваны, звернуты ў будучыню...

Для мяне самым складаным было знайсці кампраміс паміж маім асабістым светаадчуваннем і ментальнасцю людзей таго часу. Бо я мастак XXI стагоддзя. Таму, зразумела, не магу і не хачу тварыць так, як гэта рабілі, скажам, у эпоху Асветніцтва сучаснікі Зорыча — скульптары стылю барока і класіцызму Эцьен Марыс Фалькане, Жан-Антуан Гудон, Міхаіл Казлоўскі або Іван Мартас. Аднак працуючы над такім “класіцыстычным” помнікам, я ўсё ж, як прафесіянал, пастараўся знайсці “залатую сярэдзіну”...

Адкрыццё помніка адбылося 2 верасня 2007 года — у Дзень беларускага пісьменства — і стала сапраўдным святам не толькі для аўтараў і ўсіх жыхароў Шклова, але і для тысяч гасцей, якія прыбылі ў гэты “намолены” горад з розных канцоў краіны ды з блізкага і далёкага замежжа. Што асабліва прыемна, былі і прадстаўнікі Сербіі — “малой радзімы” Сямёна Гаўрылавіча Зорыча.

А зусім нядаўна выдавецкім цэнтрам “Марка” РУП “Белпошта” падрыхтаваны паштовы праект, прысвечаны Шклову. Малюнак помніка Сямёну Зорычу змешчаны на паштовай марцы, выпуск ва ўжытак якой запланаваны сёлета 28 чэрвеня. Яна працягвае серыю паштовых марак “Гарады Беларусі”, распачатую ў 2014 годзе. Дызайн выканала вядучы дызайнер ІЦ “Марка” Яўгенія Бядонік.

Бы кветка амяла

Вось, пэўна, і ўсё, што я хацеў распавесці пра бурлівае і поўнае парадоксаў жыццё Сямёна Гаўрылавіча Зорыча. Выкажу нечаканае параўнанне: Зорыч, як гістарычны феномен, нагадвае мне амялу — прыгожую, пачуццёвую, але атрутную кветку. Старажытныя грэкі верылі, што амяла валодае сілай павялічваць урадлівасць і даваць жыццё. Аднак пры гэтым яны ведалі і негатыўныя ўласцівасці краскі, якая можа сваім сокам нанесці шкоду здароўю чалавека. Праўда, скандынавы лічылі амялу раслінай міру і пад яе галінамі заключалі перамір’і.

Пра Сямёна Зорыча наогул напісана даволі шмат. Вядомы пісьменнік-эмігрант Марк Алданаў, напрыклад, прысвяціў яму цэлы раздзел у рамане “9-га Тэрмідора”. Літаратар “адправіў” свайго выдуманага галоўнага героя Юлія Штааля на вучобу ў рэальную Шклоўскую шляхетную вучэльню Зорыча і падрабязна апісаў іх прыязныя ўзаемаадносіны. Твор Пушкіна я ўжо згадваў у адной з папярэдніх серый.

Пра Зорыча шмат пісалі і яго сучаснікі, і аўтары пачатку XX стагоддзя, пішуць і сёння. Хтосьці — з рэзкім негатывам, робячы акцэнт на яго нездаровы азарт карцёжніка і асабліва на цьмяныя шклоўскія падзеі, звязаныя з фальшываманецтвам. Хтосьці спрабуе аб’ектыўна разабрацца ў біяграфіі Зорыча, але блытаецца ў дэталях гістарычнага і быційнага характару. І ў першым, і ў другім выпадку сустракаецца вельмі шмат недакладнасцяў, дадумак, дылетанцтва, слабага ведання гістарычных дэталяў той эпохі — а часам і проста хлусні.

Карацей кажучы, фундаментальнай кнігі пра жыццё і лёс Сямёна Гаўрылавіча Зорыча пакуль што, на жаль, няма — гэтаксама, як і мастацкага кінафільма або тэлесерыяла. А ён жа клічнік нашай шматпакутнай гісторыі!

Але, разам з тым, радуе, што нават непрымірымыя праціўнікі Зорыча не могуць прынізіць яго выдатны ўнёсак у ваенную і культурную адукацыю “залатой эпохі” Асветніцтва. Няма сумневу, у беларускі падмурак уклаў свой камень і серб Сямён Зорыч. Я не ведаю іншых падобных прыкладаў, калі дзякуючы намаганням аднаго чалавека ўсяго за два дзясяткі гадоў маленькае правінцыйнае мястэчка Шклоў ператварылася ў горад еўрапейскага ўзроўню.

І не віна Зорыча, што пасля яго смерці амаль усе ягоныя прыжыццёвыя дасягненні пайшлі прахам. Затое засталася Памяць, якая не можа сцерціся, а гэта нямала...

Так што не трэба меркаваць пра асобу ў адной плоскасці. Свет мнагамерны і шматаб’ёмны. І кожны чалавек — ад вялікага да “простага смяротнага” — ідзе праз гэты свет са сваімі плюсамі і недахопамі. Інакш не бывае.

Адно што, робячы падсумаванні, важна старацца аддзяляць збожжа ад пустазелля...

Барыс КРЭПАК

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"