Таямніцы Манюшкаў

№ 26 (1465) 27.06.2020 - 03.07.2020 г

Частка XIII
Пачатак вайсковай кар’еры Станіслава Закрэўскага прыпаў на кульмінацыю трагедыі Рэчы Паспалітай Дзвюх Нацый. Вайна Расійскай імперыі супраць Барскіх канфедэратаў 1768 — 1772 і першы падзел у 1772 (зацверджаны, нягледзячы на мужны супраціў паслоў з ВКЛ на чале з Тадэвушам Рэйтанам) былі пралогам да поўнага знішчэння краіны. І ён, былы выдатны камічны акцёр, а цяпер вялікалітоўскі афіцэр, з гонарам прайшоў праз усе выпрабаванні, якіх на яго лёс выпала нямала.

/i/content/pi/cult/804/17268/010.jpgPro et contra рэформаў

3 мая 1791-га была прынятая знакамітая Канстытуцыя Рэчы Паспалітай, якая лічыцца першай у Еўропе. Прысутнічала пры гэтым усяго 157 з 500 паслоў Вялікага сойма. Назіраючы за ростам пратэстных настрояў у грамадстве — не ўсім падабаліся ўхваленыя народнымі абраннікамі рэформы — а таксама заслухаўшы даклад аб “пагрозе чарговага падзелу”, які падрыхтаваў берасцейскі пасол Тадэвуш Матушэвіч, завадатары рэформаў вырашылі паспяшацца.

Гэтаму дню папярэднічала руплівая праца “сакрэтнага камітэта” з сямі асобаў, якія спехам, часам недасканала, але ўпарта рыхтавалі кардынальныя змены ў грамадска-палітычным жыцці ВКЛ і Кароны. Напрыклад, была адмененая выбарнасць караля — яе замяняла спадчынная манархія. Гэта, вядома, не гарантавала розных забурэнняў і знешніх уплываў (тут будзе дарэчы прыклад Расіі, дзе мала хто з цароў ці царыц развітаўся з жыццём натуральным чынам), але змяншала верагоднасць грамадзянскай вайны прэтэндэнтаў на трон. А яе разбуральныя для краіны прыклады ўжо здараліся не раз.

Не маючы на мэце пералічаць “pro” i “contra” гэтай Канстытуцыі, скажам толькі адно: насуперак пашыранаму меркаванню, аўтаномію ВКЛ яна не скасоўвала. Праўда, 5 мая сойм адмяніў ранейшыя заканадаўчыя кодэксы, у лік якіх трапляў і Статут ВКЛ 1588 года. Але неўзабаве паміж ліцьвінамі і “караняжамі” пачаліся вострыя дыскусіі. Баронячы адміністрацыйна-судовую самастойнасць, паслы з ВКЛ не пагадзіліся нават на тое, каб наш Статут — які ідэолаг новай канстытуцыі Гуга Калантай назваў “вышынёй чалавечага розуму і самай дасканалай кнігай законаў ва ўсёй Еўропе” — стаў асновай новага кодэкса грамадзянскага і крымінальнага права, агульнага для ВКЛ і Польшчы.

І ўсё ж, нягледзячы на розніцу ў поглядах на “агульную справу”, у ВКЛ шырока святкавалася ўхваленне новай Канстытуцыі. Але адначасова з гэтым некаторыя напалоханыя радыкальнымі рэформамі шляхціцы і магнаты марылі аб захаванні спарахнелага прынцыпу “старыны не рухаем, навіны не ўводзім”.

Гэтаксама меркавалі і па-за межамі Рэчы Паспалітай. Пэўны лібералізм Канстытуцыі ў адносінах да сялянаў так напалохаў Кацярыну ІІ, што яна рашылася на канчатковае “уничтожение Польши и на раздел её земель”. Ужо 16 мая 1791 года ў Пецярбургу быў распрацаваны план уварвання ў Рэч Паспалітую экспедыцыйнага корпуса. Да часу яго прытрымалі, чакаючы, каб “не од нас был первой выстрел”. Патрэбна было, каб знайшліся ахвотныя прызваць Кацярыну ІІ на дапамогу. І такія знайшліся.

27 красавіка 1792 года ў Пецярбургу пяць “прамаскоўскіх” магнатаў з Рэчы Паспалітай падпісалі акт канфедэрацыі, датаваны 14 мая і нібыта падпісаны ў польскім мястэчку Таргавіца (адсюль і назва “Таргавіцкая канфедэрацыя). Дзяржаўныя войскі Рэчы Паспалітай былі ў падпарадкаванні патрыётаў-рэфарматараў, таму канфедэраты запрасілі падмогі ў Кацярыны ІІ. І вось тады экспедыцыйны корпус, падзелены на дзве часткі, рынуўся ў ВКЛ і Польшчу. Так пачалася вайна 1792 года. І самы чынны ўдзел у ёй, разам са сваім 8-м пяхотным палком імя Радзівілаў, узяў і наш герой — Станіслаў Закрэўскі.

З дзесяці бітваў той вайны сем адбыліся на землях ВКЛ — Стоўбцы, Мір, Зэльва, Берасце… Але стрымаць рэгулярныя расійскія часці новастворанае, лічы, войска Рэчы Паспалітай не змагло. Хоць здараліся і перамогі.

Менш чым праз год Гарадзенскі сойм ухваліў другі падзел Рэчы Паспалітай, згодна з якім у дадатак да ўсходняй Беларусі пад акупацыяй аказалася і цэнтральная. У ацалелай частцы краіны запанавала рэакцыя.

Кумоўскія повязі

І тады Станіслаў Закрэўскі пакідае войска ды неўзабаве перабіраецца ў Вільню. Там яго сям’я блізка сыходзіцца з Мюлерамі. Варта нагадаць, што віленскі бургамістр Ян Мюлер быў дзедам Аляксандры, жонкі Станіслава Манюшкі. Гісторыя Мюлераў чакае нас наперадзе. Адцемім пакуль адно: Марыяна Закрэўская ў 1798 годзе стала кумой сына Мюлераў — што, вядома, сведчыць пра блізкасць дзвюх сямей.

Ёсць звесткі і пра тое, што Станіслаў Закрэўскі — як і Ян Мюлер — быў на баку кіраўніка паўстання 1794 года ў ВКЛ генерала Якуба Ясінскага і браў чынны ўдзел у тых падзеях. Падчас выбуху паўстання 8-мы пяхотны полк імя Радзівілаў быў адноўлены. У яго вярнуліся афіцэры, якія знаходзіліся за мяжой. Сам полк падзялілі на два батальёны. Адным з іх, як вынікае з успамінаў цытаванага раней лекара Станіслава Мараўскага, камандаваў сам Закрэўскі, ужо капітан. Полк браў удзел у бітве пад Соламі 25 чэрвеня і ў першай абароне Вільні 19 — 20 ліпеня. Далейшыя баявыя дзеянні з удзелам Станіслава нам пакуль невядомыя.

Пасля паразы паўстання Закрэўскія вяртаюцца да мірнага жыцця ў Вільні. Там яны і даведаліся пра трэці падзел (1795), у выніку якога рэшта беларускіх земляў, Вільня і Жамойць на доўгія гады патрапілі пад расійскую акупацыю.

Магчыма, Марыяна працягвае сваю тэатральную кар’еру — якую, верагодна, завершыць у 1803 годзе. Але да таго часу ў сям’і Закрэўскіх адбудзецца папаўненне. 19 лістапада 1802 года ў віленскім касцёле святога Яна адбылася падвоеная ўрачыстасць. Ахрысцілі дзвюх дзяўчынак — Альжбету і Марыяну. Цікава, што кумой Альжбеты стала Альжбета з Краўзаў, жонка Яна Мюлера, у гонар якой, уласна, і назвалі дзяўчынку. Асістэнтам — капітан расійскага войска Георгій Лісаневіч, які пасля смерці Яна зойме “яго месца”, стаўшы другім мужам Альжбеты. Што прывядзе да заняпаду квітнеючай гаспадаркі Мюлераў.

Пацытуем адну з метрык: “ Я, які вышэй (Станіслаў Рыла, віцэ-пробашч віленскага парафіяльнага касцёла св. Яна — заўв. З.Ю), дапоўніў святыя абрады хросту дзяўчынкі на імя Марыяна, якая мела сем гадоў, дачкі вяльможнага пана Станіслава Закрэўскага, капітана войска польскага, і вяльможнай пані Марыяны з дому Вернэраў, законных сужэнцаў. Яе хроснымі былі вяльможны пан Даніла Бельскі, капітан войска польскага, з вяльможнай пані Марыянай Мараўскай, антэрпрэнёркай Віленскага тэатра” (пераклад — Алесь Жлутка).

Віленскі гвардзеец і масон

Пасля смерці князя Караля Станіслава Станіслаў Закрэўскі працягваў “сяброўства” з Радзівіламі — і “перайшоў у спадчыну” да пляменніка “Пане Каханку” Дамініка. Той, як памятаем, таксама з вялікай прыязнасцю ставіўся да былога акцёра. З ласкі Дамініка Закрэўскі атрымлівае жытло ў гэтак званай “Кардыналіі” — старым палацы Радзівілаў у Вільні. Ягоным першым уласнікам быў кардынал Юры Радзівіл (1556 — 1600). Пазней там месціліся тэатр і офіс Дабрачыннага таварыства, сябрам якога ажно да скону быў Закрэўскі.

Атрымлівае ён і больш дробныя дывідэнды — скажам, дармовыя дровы (“дзесяць коп”) для ацяплення вялікай і прыгожай кватэры. Пазней, ужо пасля 1812 года, пракуратар Радзівілаўскай камісіі Залескі, абвясціўшы дакумент аб “дрэве” падробным, паспрабаваў Закрэўскіх такіх прывілеяў пазбавіць. Распачаўся судовы працэс. Можна меркаваць, што яго Закрэўскія выйгралі, бо захавалі і кватэру, на якую Залескі таксама меў пэўныя планы.

У 1808 годзе Станіслаў узяў у князя Радзівіла падрад “на рыццё фундамента пад тэатр у Вільні на вуліцы Троцкай”. За земляныя працы, якія правяла брыгада Закрэўскага (мо былыя саслужыўцы капітана?), як сведчаць радзівілаўскія паперы, сам “брыгадзір” зарабіў 303 злотых. Што па тых часах даволі няблага.

У 1812 годзе, калі ў Вільню ўвайшлі французы і спешна пачало стварацца новае войска ВКЛ, немаладога ўжо Станіслава Закрэўскага праз яго былыя заслугі і патрыятызм прызначаюць камплектаваць віленскую гвардыю. Дарэчы, і бацька Станіслава Манюшкі, і яго дзядзькі не засталіся ў баку ад тых падзей, бо таксама былі патрыётамі княства і марылі аб аднаўленні знішчанай краіны.

Але яшчэ да вайны, у 1811 годзе, Станіслаў аддаў старэйшую дачку Альжбету за капітана расійскіх войскаў Станіслава Мюлера — сына свайго сябра Яна. А ў 1812-м, ужо пры французах, Закрэўскія аддалі і малодшую, Марыяну. Ейным мужам стаў другі сын Яна Ксаверый Мюлер, харужы віленскага павета.

Праз пэўны час у іх народзіцца дачка Аляксандра, якая ў 1840 годзе стане жонкай мала каму вядомаму на той момант віленскага арганіста Станіслава Манюшкі. Аб гэтым было ў папярэдніх частках “Таямніц”. Дзе, між іншым, вялася гаворка і пра тое, што Аляксандра “апынулася” больш чым на год старэйшай за мужа — а не на год ці два маладзейшая, як па замоўчванні лічыцца ў наш час.

Што яшчэ варта дадаць да партрэта Станіслава Закрэўскага… Як і многія прадстаўнікі віленскага бамонду, ён уваходзіў у масонскую ложу “Дасканалая еднасць”. Разам з ім на чорных лавах падчас таямнічых рытуалаў пры свечках сядзелі Дамінік Манюшка (фундатар дзвюх школ для сялянскіх дзетак у сваім маёнтку Радкоўшчына), граф Міхал Валіцкі (славуты аферыст і мецэнат, сваяк першага біёграфа Манюшкі Аляксандра Валіцкага), Ігнат Ходзька (вядомы пісьменнік, аўтар выдатнага твора “Успаміны квестара”), Станіслаў Мюлер (шубравец, былы вайсковец, аўтар, складальнік грунтоўных слоўнікаў і сваяк Закрэўскага), Дамінік Рэйтан (пляменнік Тадэвуша, былы вайсковец, адзін з галоўных фундатараў каменнага будынка для Слуцкай гімназіі, які захаваўся дасюль), Ян Рустэм (стваральнік Віленскай мастацкай школы) і вельмі шмат іншых цікавых асобаў.

Каб завершыць гэты раздзел, трэба распавесці, калі і дзе абарвалася жыццё Станіслава Закрэўскага. Знайсці такія звесткі пра яго жонку пакуль не ўдалося.

Памёр ён 29 ліпеня 1834 года ў Вільні ад дыярэі. “Падпалкоўнік войск польскіх, сябра Віленскага таварыства Дабрачыннасці, Святаянскай парафіі, маючы семдзясят восем год жыцця, пакінуў дзвюх дачок — Альжбету па мужу Мюлер, капітанаву, і Марыю, па мужу палкоўнікаву”. Пахаваны быў 1 жніўня, на ўласным участку на Бернардынскіх могілках.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар