Яе “самыя-самыя” ролі. І жыццё

№ 26 (1465) 27.06.2020 - 03.07.2020 г

Гэту статную, зграбную, абаяльную прыгажуню ведаюць ледзь не ўсе ў Бабруйску. Жанэта ЗАРЭМБА, адна са старэйшых актрыс Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча справіла свой юбілей. Праз некалькі месяцаў яе чакае яшчэ адна значная дата — 50 гадоў на сцэне роднага тэатра. Пра свой лёс актрыса распавяла ў нашай з ёй гутарцы.

/i/content/pi/cult/804/17266/07.jpg— Жанэта Канстанцінаўна, ваша дзяцінства прыпала на вайну. Штосьці памятаеце з таго часу?

— Такое не забываецца. Калі пачалася Вялікая Айчынная, мне быў усяго годзік... А я шмат чаго памятаю! Першая “карцінка” — многа-многа народу, свеціць сонца і чамусьці грыміць гром. Толькі гэта была не навальніца, а бамбёжка. І маці са мной на руках уцякала з Мінску, які пачалі бамбіць. Яшчэ адзін дзіцячы ўспамін — як высока боўталіся дзве лялькі, мужчынская ў вайсковай форме і жаночая. Боўталіся, біліся адна аб адну, а маці ўсё адварочвала мой твар. Бо я тады не ведала, што такое шыбеніца. Уцяклі мы недалёка, усю вайну жылі ў вёсцы блізу Лагойска, у роднай цёткі. Тая была звязана з партызанамі, яны прыходзілі ўночы. А днём завітвалі немцы. Я ведала, што мой тата змагаецца “за Родину, за Сталина”, вельмі ганарылася гэтым. І аднойчы шчыра і горача “пахвалілася” немцам. Выратавала нас толькі тое, што немец, які добра ведаў рускую мову, растлумачыў астатнім усё наадварот, супакоіў іх. Ну, а потым, як іншыя сышлі, выказаў маёй маці ўсе свае “меркаванні” па гэтым пытанні.

— Вайна стала першай цаглінкай у вашым характары. А пасляваенны час?

— Вызваленне Беларусі супала з маім першым каханнем: у чатыры гады я сур’ёзна “ закахалася” ў 12-гадовага суседа Пецьку і горача адстойвала сваё каханне перад дарослымі. Мне пашанцавала: бацька вярнуўся. Але я бясконца потым гуляла ў вайну са сваімі братамі, расла гэткай “бандыткай”, як мяне называлі. Маім кумірам была Зоя Касмадзям’янская, і я імкнулася выхаваць у сабе стойкасць — самымі рознымі спосабамі. Гэта таксама пакінула свой след, садзейнічала станаўленню характару. І вельмі прыдалося потым у прафесіі.

— Любоў да тэатра з’явілася з маленства?

— Гадоў у восем — дзевяць. Мы на той час жылі ў Маладзечне, там свайго тэатра тады не было, але на гастролі прыехала трупа з Калінінграда. Усё, як звычайна: зранку — казка для дзяцей, увечары — спектакль для дарослых. Мяне, зразумела, адвялі на ранішнік. Убачанае так мяне ўразіла так, што ўвечары я вырашыла абавязкова зноў патрапіць у тэатр. Самастойна! Квітка, вядома, не было, таму я рушыла… праз акно. І пралезла-такі ў залу! На ўсё жыццё запомнілася тое ўражанне ад умення артыстаў пераўвасабляцца. Для мяне было проста неспасціжным, як так атрымліваецца: раніцай ты — прынцэса, а ўвечары — салдатка. Захацелася і самой гэтак жа!

— Пэўна, дома ўпотай пераапраналіся і рэпеціравалі.

— Чаму ж толькі дома? У школе ў нас таксама ставілі невялічкія сцэнкі. У пятым класе, да прыкладу, мне даручылі сыграць хлопчыка, якому здрадзіла любая дзяўчынка. Я так увайшла ў гэтую ролю, што калі ўявіла сабе, што ён мог адчуваць, дык і сапраўды заплакала. Такога я і сама не чакала, мяне гэта папросту агаломшыла! Чым далей, тым больш разумею, што ў жыцці кожнаму з нас даюцца лёсавызначальныя знакі, толькі не ўсе іх заўважаюць. А тыя слёзы і былі знакам: я адчула сябе артысткай. І як упэўнілася, што іншага шляху для мяне няма, дык вырашыла паступаць у тэатральны інстытут. Праўда, бацькі былі супраць: хацелі для мяне нейкай больш, так бы мовіць, “адчувальна трывалай” спецыяльнасці. Гэта можна зразумець. Бацька ж быў вайскоўцам, мы часта пераязджалі: куды яго пашлюць — туды і мы за ім. Аб’ездзілі ўсю Беларусь, жылі ў Расіі, Украіне. Затое ў мяне яшчэ з тых часоў з’явілася цяга да падарожжаў. А па савецкіх часах якія маглі быць паездкі? Затое тэатр такую магчымасць даваў. Выязджалі ўсім калектывам і на ўсё лета. Геаграфія гастроляў была вельмі шырокай — але, вядома, па Савецкім Саюзе. А мне заўсёды хацелася пабываць у Індыі і Японіі. Чаму? Нават не ведаю, адкуль такая цікаўнасць.

— Затое я, здаецца, ведаю: вам увогуле ўсё цікава! Асабліва штосьці для вас новае, невядомае. Узяць той жа камп’ютар — вы ж вунь як у ім разбіраецеся!

— Калі што не ведаю, да моладзі звяртаюся. Чаму б і не? Я люблю вучыцца, яшчэ са школы гэта захавалася. Вучыцца, спазнаваць штосьці новае для мяне — адно задавальненне.

— На артыстку таксама было цікава вучыцца?

— Канешне! Я ж трапіла на курс цудоўнага педагога, прафесара Дзмітрыя Арлова, які выхаваў суцэльны шэраг знакамітых беларускіх артыстаў. Сярод маіх аднакурснікаў былі Андрэй Андросік, Валерый Анісенка, Наталля Чамадурава, Леанід Улашчанка, Святлана Некіпелава, Кацярына Доўнар, Аляксандр Курловіч. Успамінаў пра той малады, яшчэ бесклапотны і такі палётны час засталося шмат. Інстытут даў мне веды, заклаў падмурак прафесіі, у мяне з’явілася ўпэўненасць у сваіх сілах, жаданне працаваць, працаваць, працаваць... Планаў, мар, спадзяванняў было безліч! Але ж я потым яшчэ адну вышэйшую адукацыю атрымала: скончыла інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі ў Ленінградзе па спецыяльнасці “Эканоміка, арганізацыя тэатра”.

— Дык вось адкуль у вас уменне арганізаваць усіх і ўся! Маю на ўвазе вашу выкладчыцкую дзейнасць, грамадскія справы па-за сценамі тэатра.

— Мне прыемна дзяліцца сваімі ведамі, вопытам. Я з вялікім задавальненнем гатова навучыць кожнага таму, што ўмею, у чым добра разбіраюся. Напэўна, з-за таго да мяне часта звяртаюцца з просьбай дапамагчы ў падрыхтоўцы да паступлення ў тэатральныя навучальныя ўстановы. Некалькі гадоў выкладала сцэнічную мову ў Бабруйскім каледжы мастацтваў, доўгі час займалася тэатральнай студыяй у нядзельнай школе Свята-Георгіеўскага храма. Заўжды з радасцю прымаю ўдзел у шматлікіх гарадскіх мерапрыемствах, канцэртах, творчых сустрэчах. Мне проста неабходна дзяліцца тым, чым багатая, усім тым, што ў мяне ў душы. Бо калі чалавек дзеліцца, абавязкова атрымлівае ўдвая.

— Гэта ваш жыццёвы дэвіз?

— Так здарылася, што ў мяне іх некалькі. Змоладу кіравалася словамі Мікалая Забалоцкага: “Не позволяй душе лениться!” А цяпер ужо душа “прывучана”, таму жыццёвы дэвіз крыху іншы, гэта словы беларускай паэткі Валянціны Паліканінай: “Не сдавайся времени, душа!”, і яны гавораць самі за сябе.

— Яшчэ як гавораць! Ці многа можна назваць тых, хто ў 80 гадоў, маючы ў творчым багажы безліч галоўных роляў, з задавальненнем, пераканаўча выконвае і ролю разумніцы Пчалы ў “Мухе-Цакатухе”!

— Я люблю ўсе свае ролі, з цікаўнасцю бяруся за любую. Бо ў кожнай, нават невялічкай можна адшукаць “разыначку”, якая ўпрыгожыць гераіню, зробіць яе жывой, надасць рысы індывідуальнасці. І вельмі шкадую, што за столькі гадоў служэння тэатру не давялося сыграць у п’есах любімага аўтара — Чэхава. Спачатку я працавала ў тэатры ў Брэсце, потым быў Гомель. Нарэшце, Бабруйск, які стаў маім домам: я сыграла тут амаль у 150-ці розных спектаклях. Люблю ролі “з лёсам” — такія, куды ўкладзена больш душэўных сіл. Калі адкрываеш тое, пра што не ведала раней, калі ў тваёй душы пачынаюць гучаць струны, пра існаванне якіх не падазравала. Люблю саму працу над ролямі, называю гэта сваёй “унутранай лабараторыяй”, бо рысы кожнай гераіні я шукаю ў сабе. Менавіта ў тым і складанасць акцёрскай прафесіі — адшукаць у сабе абсалютна ўсё, уключаючы негатыў.

— Ды ўсё ж, ці ёсць ролі “самыя-самыя”?

— Бернарда з “Дома Бернарды Альбы” Гарсія Лоркі. Каб выжыць, гэта жанчына з няпростым, неадназначным характарам загнала ўсе свае жарсці і любоў да дачок у самы куточак зацвярдзелага сэрца, якое проста не вытрымала. Яшчэ адна роля — Люсі з драмы “Далей — цішыня” Віны Дэльмар, дзе сэрца, поўнае любові, сутыкаецца са здрадай. Ролі ў спектаклях паводле Астроўскага: “Свеціць, ды не грэе”, “Бяздонне”, “Лес”. Бо ў гэтага аўтара кожная роля, нават невялікая, — гэта заўсёды гісторыя пра чалавека, цікавая і зразумелая публіцы. Убачыўшы штосьці ўласцівае сабе самому, глядач спрабуе разабрацца ў гэтым, прааналізаваць. На жаль, цяпер тэатр шмат у чым страціў сваю значнасць. Не толькі ў нас — па ўсім свеце. Адміністрацыі лягчэй прадаць квіткі на забаўляльныя спектаклі, але ж нам з шоу-бізнесам не зраўняцца. Ды і немагчыма чалавеку ўвесь час толькі смяяцца! Я шчаслівая, што мне давялося іграць у спектаклях, якія будзяць у чалавеку — чалавечае, адаграваюць сэрцы, напаўняюць іх любоўю. Тэатр дзеля гэтага і існуе. Таму часцяком я сама прапаноўваю п’есы. Напрыклад, згаданая драма “Далей — цішыня”, камедыя “Асцярожна! Цёткі!” Аляксандра Кароўкіна, монаспектакль “Заступніца” паводле Юрыя Нагібіна, дзе я сыграла бабулю Лермантава.

— З гэтай пастаноўкай вы сталі лаўрэатам на Міжнародным фестывалі монаспектакляў. Увогуле ж, узнагарод у вас — не злічыць. У працоўнай кніжцы зроблена столькі запісаў аб вынесеных вам удзячнасцях, што старонак не стае. Дыпломы, ганаровыя граматы, падзяка міністра культуры Рэспублікі Беларусь, “Крыштальная зорка” Беларускага саюза тэатральных дзеячаў. Нарэшце, медаль Святой прападобнай Еўфрасінні Полацкай ад Беларускай праваслаўнай царквы.

— Мой зварот да веры пачаўся з простых паломніцкіх паездак, якімі рухала эстэтычная цікаўнасць. А потым здарыўся нейкі цуд: я прачнулася, зірнула ў акно, дзе былі ўсяго толькі шэрыя гарадскія шматпавярхоўкі, і раптам адчула, зразумела, які цудоўны свет, як хораша Бог усё зладзіў! Галоўная ўзнагарода — не толькі прызнанне, павага, але і цеплыня, шчырасць чалавечых адносін. Гэтае нічым не заменіш! І любоў — у самым шырокім сэнсе слова, да ўсяго на зямлі. Люблю жывёл, срэбра, самацветы. Люблю чытаць, разважаць, гуляць ля Беразіны, вывязваць прыгожыя рэчы, насіць капялюшыкі, хадзіць на выставы, сустракацца і размаўляць з людзьмі. Жыць — неверагодна цікава!

Ала ГРАХАВА, артыстка, загадчыца літаратурна-драматургічнай часткі Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча

Фота з архіва тэатра