Розныя дыпломы аднолькавага ўзору

№ 26 (1465) 27.06.2020 - 03.07.2020 г

Лічыцца, што перадумовай узнікнення дызайну стаў масавы пераход ад ручной працы да машыннай, ад мануфактуры да фабрыкі, што адбыўся ў XVIII — XIX стагоддзях і быў названы “індустрыяльнальнай рэвалюцыяй”. Зразумела, што тыражаваная прадукцыя зыходна саступала па функцыянальных і эстэтычных якасцях тым рэчам, якія рамеснікі рабілі ў адзінкавым экзэмпляры. Прычым саступала значна. Яно і сёння так: самаход ручной зборкі і сабраны на канвееры — гэта два розныя самаходы. Дзейнасць, накіраваная на пераадоленне гэтай прорвы, паступова ператварылася ў тое, што мы сёння называем дызайнам.

/i/content/pi/cult/804/17265/06.jpgДоўгі час і самі дызайнеры ў сённяшнім разуменні гэтай прафесіі былі на рынку паслуг свайго роду “штучным таварам”, нават калі была створана сістэма адпаведнай адукацыі — а значыць і ратацыі / ”тыражавання” кадраў. Тым больш, так было ў нашай краіне, дзе само паняцце “мастак-канструктар” (сэнсавы пераклад англійскага слова “дызайнер”) з’явілася толькі ў 1960-х гадах. Я заспеў час, калі ВНУ, дзе рыхтавалі “мастакоў-канструктараў”, у вялікай краіне было няшмат. Ды і функцыі гэтых прафесіяналаў у структуры прамысловасці, у іншых сферах сацыяльнай практыкі бачыліся не так, як сёння — канкрэтнымі і вузкаспецыялізаванымі. Дызайнеры мусілі быць гатовымі да ўсяго і ўмець усё! І сапраўды, тагачасная творчая моладзь, што абрала дызайн як прафесію, не заўсёды маючы глыбінныя веды ў канкрэтных сферах, някепска арыентавалася шмат у якіх справах — ад інжынернай і сацыяльнай псіхалогіі ў спалучэнні з эрганомікай да прынцыпаў фарміравання стылю і асноў маркетынгу… Адзін наш выкладчык, які ставіўся да студэнтаў даволі ліберальна, казаў: “Вы не можаце трымаць у галаве ўсю інфармацыю, якая калі-нікалі спатрэбіцца, але вы павінны ведаць дзе, у якім даведніку яе пры нагодзе можна хутка знайсці”. Ужо тады, у 70-я гады, нашы навучальныя праграмы, гаворачы сучаснай мовай, былі “продвинутые” ў параўнанні з традыцыйнымі, па якіх вучылі мастацтву выяўленчаму. Адно што ва ўмовах тагачаснай эканомікі ў такіх маладых спецыялістаў пасля заканчэння ВНУ часта не было ні матывацыі, ні стымулу не тое, што максімальна выкладвацца на працы, а нават проста дэманстраваць руплівасць. Але ўжо іншая тэма.

Сёння ў Беларусі ў ВНУ, каледжах і на разнастайных курсах дызайнераў рыхтуюць болей, чым калісьці ва ўсім Савецкім Саюзе. Прафесія з катэгорыі “адзінкавых” трапіла ў “тыражаваныя”. І як я згадваў напачатку нататкаў, пераход ад эксклюзіву да тыражу аплочваецца, прынамсі, на першым этапе, стратай станоўчых якасцяў. Мне даводзілася быць рэцэнзентам у шэрагу сталічных ВНУ пры абароне дыпломных работ па дызайне. Вось і сёлета я рэцэнзаваў такія дыпломы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і ў адным ВНУ, дзе ёсць кафедра дызайну. Адпаведна меў магчымасць параўноўваць ступень падрыхтаванасці спецыялістаў у гэтых навучальных установах. На жаль, я вымушаны канстатаваць, што хоць выхаванцы
абодвух ВНУ атрымалі дыпломы як сведчанне кваліфікацыі аднолькавага дзяржаўнага ўзору, розняцца яны як самаход, што сышоў з канвеера, ад самахода эксклюзіўнай зборкі. Вонкава, можа, адно і тое ж, але перавагі вызначаюцца ў часе эксплуатацыі. Зразумела, што параўнанне на карысць БДАМ.

Прычын на тое некалькі. У БДАМ вышэй планка патрабаванняў да абітурыента. Значыць, выпадковыя людзі адсейваюцца яшчэ на стадыі прыёму дакументаў. Хоць навучанне дызайнераў у Акадэміі скіравана за засваенне сучасных тэхналогій, вялікая ўвага па-ранейшаму надаецца традыйным малюнку і жывапісу. А, як вядома, хто лепей малюе, той і камп’ютар хутчэй засвойвае.

І, бадай, самае галоўнае. З Акадэміі студэнта могуць адлічыць на любым курсе, калі ён не выконвае навучальную праграму. Не зважаючы на тое, вучыцца ён на бюджэтнай аснове ці сам аплочвае сваё навучанне. Выдаткоўвае на студэнта сродкі дзяржава ў спадзяванні на іх вяртанне пасля таго, як малады спецыяліст пачне працаваць, або сам студэнт нясе грошы ў касу ВНУ — значэнне не мае. Акадэмія дбае пра свой прэстыж і не дапускае, каб яе дыплом трапіў у рукі недавука, непрафесіянала.

Выкладчык Акадэміі Маргарыта Шчамялёва, дачка славутага мастака і сама выдатны прафесіянал дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва згадвала мне пра сваю студэнтку, якая сама аплочвала сваё навучэнне і з гэтай прычыны лічыла сябе недатыкальнай. Была адлічана за неруплівасць. Засвоіла гэты ўрок, праз год была адноўлена ў Акадэміі. Паспяхова абаранілася. Дарэчы, платнік, які добра вучыцца, мае шанцы перавесціся на бюджэтную форму навучання. “Я, — кажа Маргарыта Леанідаўна,— тлумачу сваім студэнтам, што галоўнае не ацэнка, якую ты атрымаў на тым ці іншым праглядзе. Будзеш працаваць і выправіш кепскую ацэнку на добрую. Галоўнае — прынцыпова вызначыцца, хочаш ты быць мастаком ці не”.

Не буду канкрэтызаваць, але ў іншых ВНУ, дзе ёсць кафедры дызайну, не заўжды праяўляецца такая прынцыповасць. На тое свае прычыны, якія звычайна навідавоку, а значыць мне няма патрэбы на іх засяроджвацца. Зрэшты, потым жыццё ўсё расстаўляе па сваіх месцах, разводзіць па розных палюсах тых, каму проста быў патрэбны дыплом, і тых, хто насамрэч вырашыў быць мастаком, дызайнерам — творцам, інакш кажучы. Але і выкладчык мусіць дапамагаць абітурыенту ці студэнту вызначыцца па жыцці. Зрабіць так, каб той не марнаваў маладосць на бесперспектыўныя заняткі, каб, гаворачы словамі савецкага класіка, “не было мучительно больно за бесцельно прожитые годы”. “Тыраж” мабыць таксама для чагосьці патрэбны, але ўсё ж лепей арыентавацца на эксклюзіў. Хай менш, але вышэйшага гатунку.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"