Ахоўваецца дзяржавай — аберагаецца грамадствам

№ 26 (1465) 27.06.2020 - 03.07.2020 г

Які ён сёння, Спіс нашых каштоўнасцяў?
Неўзабаве споўніцца ўжо трыццаць гадоў з моманту, як у нашай краіне ажыццяўляецца самастойнае кіраванне аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны. Асноўным дакументам іх улiку з’яўляецца Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, створаны ў 1992 годзе. Заканадаўства па ахове спадчыны ўвесь час змяняецца і адаптуецца да новых абставін ды выклікаў часу, расце і спіс помнікаў, узятых пад ахову дзяржавы, з’яўляюцца ды развіваюцца новыя катэгорыі каштоўнасцяў — перадусім нематэрыяльных.

/i/content/pi/cult/804/17264/05.jpgВялікая разнастайнасць новых відаў каштоўнасцяў патрабуе пошуку і неардынарных падыходаў да работы з імі, абмеркаваць і адшукаць якія сёння спрабуюць беларускія адмыслоўцы ў галіне аховы культурных набыткаў. 19 — 20 чэрвеня адбылася навукова-практычная канферэнцыя “Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў: выклікі і рашэнні”, прысвечаная пытанням уліку культурнай спадчыны Беларусі. Мерапрыемства прайшло ў анлайн-фармаце ў рамках ініцыятывы “Права на спадчыну”, зладжанай Беларускім камітэтам ICOMOS.

У межах васьмі тэматычных секцый прагучалі амаль тры дзясяткі дакладаў. Удзельнікамі абмеркаванняў былі прадстаўнікі дзяржаўных органаў, адказныя за ахову гісторыка-культурнай спадчыны, грамадскасці, супрацоўнікі ўстаноў культурыі, актывісты мясцовых супольнасцяў, архітэктары і рэстаўратары. Асноўная ўвага была
нададзеная вызначэнню ролі, якую адыгрываюць у кіраванні спадчынай як
мясцовыя органы ўлады, так і грамадская ініцыятыва.

Дакладчыкі прапанавалі разгледзець найлепшыя схемы кіравання спадчынай і праблемы яе захавання ды выкарыстання на прыкладзе шэрагу паспяховых праектаў. Асобныя даклады былі прысвечаныя метадалогіі ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцяў, практычным парадам па падачы прапаноў на атрыманне ахоўнага статусу, нюансам работы з такімі спецыфічнымі катэгорыямі помнікаў, як воінскія пахаванні, гістарычныя могілкі, помнікі традыцыйнага драўлянага дойлідства...

Адзіны замест трох

Упершыню дакумент кшталту дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў быў ухвалены французскай Камісіяй гістарычных помнікаў яшчэ ў 1840 годзе, і менавіта з таго часу ў свеце адбываецца фарміраванне і няспыннае развіццё сістэм аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Гэта, у пэўным сэнсе, рэвалюцыйны момант — бо ўпершыню ў свеце, дзе панавала прыватная ўласнасць, было прызнана, што ўласнік не мае права зрабіць усё, што яму заманецца, з аб’ектам, які прызнаны помнікам.

У нашай краіны быў свой доўгі і звілісты шлях да ўсведамлення неабходнасці клопату пра помнікі ўласнай мінуўшчыны. Першыя крокі ў гэтым кірунку рабіліся яшчэ ў савецкі перыяд, але, вядома, гарантаваць самастойную палітыку ў згаданай сферы магло толькі атрыманне незалежнасці. Ужо ў 1992 годзе Рэспубліка Беларусь адной з першых на постсавецкай прасторы прыняла Закон “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”, згодна з якім прадугледжвалася стварэнне Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Зарукай поспеху ў гэтай справе было ўспадкаванне найлепшых савецкіх практык і падыходаў да аховы помнікаў, а таксама вялікі попыт, які існаваў у тагачасным грамадстве на спазнанне ўласнай гісторыі.

Аб складанні і структуры Дзяржаўнага спіса распавёў кансультант аддзела арганізацыі аховы і ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцяў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Генадзь Ходар, які сёння па сваіх службовых абавязках займаецца вядзеннем гэтага дакумента. Цікава, што пэўны час паралельна з Дзяржаўным спісам гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь дзейнічалі таксама зацверджаны ў 1984 Збор помнікаў гісторыі Беларусі і створаны ў 1988 годзе Спіс помнікаў гісторыі і культуры рэспубліканскага значэння. Пасля адмены гэтых дакументаў пры ўніфікацыі заканадаўства ў 2001 — 2003 гадах, усе аб’екты з іх былі аўтаматычна перанесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, за кошт чаго менавіта ў той перыяд колькасна ён вырас найбольш істотным чынам — з 376 да 4326 аб’ектаў.

Спіс, які расце няспынна

Наогул жа гісторыя аховы спадчыны ў Беларусі сягае яшчэ міжваеннага перыяду, калі ў 1923 годзе была прынятая пастанова ўрада БССР “Аб рэгістрацыі, узяцці на ўлік і ахове помнікаў мастацтва, старадаўнасці, быту і мясцовасцяў прыроды”. А ў пэўныя перыяды незалежнай Беларусі ў нашай краіне існавалі і адмысловыя органы ўлады, упаўнаважаныя на ахову помнікаў — Дзяржаўная інспекцыя Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў 1992 — 1996, Камітэт па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў 1996 — 2001, і Дэпартамент па ахове гісторыка-культурнай спадчыны ў 2001 — 2004 гадах. Цяпер жа гэтыя функцыі ўскладзеныя на Міністэрства культуры.

Па стане на 2020 год Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў налічвае 5587 аб’ектаў спадчыны. Найвялікшай катэгорыяй сярод іх з’яўляюцца помнікі археалогіі — яны складаюць 40 адсоткаў спіса. На другім месцы — помнікі архітэктуры і горадабудаўніцтва (32 адсотка), і замыкаюць тройку помнікі гісторыі (22 адсотка). На помнікі мастацтва і запаведныя мясціны, рухомыя помнікі і нематэрыяльныя каштоўнасці прыпадаюць адпаведна 1, 2 і 3 адсотка.

Важна разумець, што Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў уключае далёка не ўсе аб’екты культурнай спадчыны, лік якіх ідзе на мільёны — але многія з іх прадстаўленыя ў іншых уліковых дакументах, такіх, як рэестры археалагічных аб’ектаў, рэгістры воінскіх пахаванняў і гэтак далей. Таксама варта ўлічваць, што ў складзе некаторых гісторыка-культурных каштоўнасцяў, унесеных у спіс, могуць знаходзіцца асобныя аб’екты — так, у склад адзінаццаці помнікаў горадабудаўніцтва, якімі з’яўляюцца гістарычныя цэнтры шэрагу беларускіх гарадоў, уваходзяць звыш 900 аб’ектаў спадчыны — таму агульная колькасць іх, з улікам такіх комплексаў, дасягае ажно пятнаццаці тысяч.

У залежнасці ад катэгорыі, гісторыка-культурныя каштоўнасці падзяляюцца на аб’екты сусветнага значэння (17), міжнароднага (94), нацыянальнага (636) і рэгіянальнага (4699). Дарэчы, ужо створаны і ў найбліжэйшы час стане даступным новы сайт, на якім Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў будзе прадстаўлены з магчымасцю пошуку па розных крытэрыях: шыфру, назве, датаванні, месцазнаходжанні, катэгорыі аб’екта, што значна аблегчыць работу са спісам і зробіць яго больш адкрытым і зразумелым для ўсіх.

Звяртае на сябе ўвагу той факт, што за апошнія гады, з моманту ўступлення ў сілу Кодэкса аб культуры ў 2017 годзе, усе прапановы аб наданні статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці былі ўнесеныя дзяржаўнымі органамі і ўстановамі, а не грамадскімі арганізацыямі, і выклікана гэта, не ў апошнюю чаргу, недастатковай прававой падрыхтаванасцю ў гэтай сферы. Прадстаўнікі Міністэрства культуры запэўнілі, што работа па інфармаванні зацікаўленых прадстаўнікоў грамадства аб метадах уліку гісторыка-культурных каштоўнасцяў і парадку падрыхтоўкі прапановаў на наданне ахоўнага статусу будзе актывізаваная.

Як не згубіць
улічаныя скарбы

Асобная секцыя канферэнцыі была прысвечаная пытанням уліку нематэрыяльнай спадчыны, якія выклікаюць сёння ў нашай краіне, як і па ўсім свеце, усё большую зацікаўленасць. Супрацоўнік аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Таццяна Мармыш звярнула ўвагу на дваісты ўплыў надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці на захаванне розных відаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Уключэнне ў Дзяржаўны спіс пэўных рамёстваў ці абрадаў можа як спрыяць іх захаванню, так і, парадаксальным чынам, ствараць пэўныя пагрозы.

Так, атрыманне статусу спрыяе папулярызацыі таго ці іншага элемента, а значыць, ён можа выйсці за рамкі ўласцівых яму гістарычнай супольнасці і мясціны распаўсюджання, а такая змена кантэксту можа пагражаць фалькларызацыяй, прафанізацыяй і камерцыялізацыяй спадчыны. Таксама часам назіраецца неапраўданая канкурэнцыя паміж рэгіёнамі, якія спаборнічаюць між сабой у падачы як мага большай колькасці заявак на наданне статусу нематэрыяльнай каштоўнасці, не заўсёды дбаючы аб дакладнасці звестак — прапаноўваюцца элементы, распаўсюджанасць якіх на сённяшні дзень выклікае сумневы.

Вядучы спецыяліст Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускана дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Алена Каліноўская звярнула ўвагу на тое, што атрыманне статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці пэўным элементам нематэрыяльнай спадчыны па-рознаму ўплывае на тыя ці іншыя яе віды. Так, напрыклад, атрыманне ахоўнага статусу істотна паспрыяла папулярызацыі такога малавядомага раней элементу, як лясное бортніцтва — нават сярод навуковай супольнасці факт захавання і распаўсюджанасці гэтага промыслу ў Лельчыцкім раёне быў для многіх таямніцай. Тое ж можна сказаць і аб распаўсюджанасці інсітнага мастацтва ў Віцебскай вобласці — хаця гістарычныя традыцыі гэтай з’явы ў мінулым стагоддзі былі даволі вядомыя, але мала хто яшчэ нядаўна ўяўляў, што яна так шырока пашыраная і ў нашыя дні: больш за сорак майстроў удзельнічаюць не толькі ў абласных, але і ў нацыянальных ды міжнародных выставах.

Але ёсць, на жаль, і такія элементы, у выпадку з якімі атрыманне ахоўнага статусу не заўжды гарантуе паляпшэнне сітуацыі. Так часта адбываецца з народнымі майстрамі, якія маюць талент, але пераняць яго няма каму. Таму важна, каб пры падачы прапановы аб наданні статусу ўлічвалася пераемнасць майстэрства. Тое ж тычыцца і традыцыйных цырымоній ды абрадаў, многія з якіх звязаныя з рэлігійнымі практыкамі — а паколькі сучасныя хрысціянскія практыкі ўніфікуюцца, то мясцовыя асаблівасці знікаюць.

будучыня спадчыны

Абмеркаванне дакладаў засведчыла, што грамадскасць разам з дзяржаўнымі органамі кіравання здольныя эфектыўна вырашаць праблемы захавання спадчыны і знаходзіць шляхі паляпшэння заканадаўства ў гэтай галіне. Практыка паказвае, што з часам з’яўляюцца і звяртаюць на сябе ўвагу новыя катэгорыі спадчыны, заўважныя сёння ў значна большай ступені, чым раней — сярод такіх нематэрыяльная і нават лічбавая спадчына, помнікі архітэктуры савецкага мадэрнізму альбо індустрыяльная спадчына, комплексныя культурныя ландшафты. А такія катэгорыі каштоўнасцяў, відавочна, будуць патрабаваць новых падыходаў да работы з імі.

Арганізатары адзначаюць, што ў сучасным свеце важным складнікам стаўлення да гісторыка-культурнай спадчыны пачынае рабіцца не толькі яе захаванне і рэстаўрацыя, але, не ў апошнюю чаргу, і выкарыстанне з удзелам зацікаўленых бакоў: мясцовых, прафесійных, нацыянальных супольнасцяў. Усё большую ролю ў вызначэнні лёсу спадчыны набываюць грамадскія арганізацыі, якія сёння ўжо гатовыя не проста заклікаць аб дапамозе ці пратэставаць супраць разбурэння помнікаў, але і самастойна ўдзельнічаць у іх захаванні і выкарыстанні, плённа супрацоўнічаючы з дзяржаўнымі органамі ўсіх узроўняў.