Білет з адкрытай датай

№ 26 (1465) 27.06.2020 - 03.07.2020 г

Музыка, як і ўсё мастацтвы, — вечная і неабходная многім аматарам філарманічных пляцовак краіны. Чым сёння жывуць абласныя філармоніі Беларусі, як пачуваюць цяпер, калі каранавірусная хваля паціху пачынае адступаць, як аднаўляць сваю дзейнасць, ці “піярылі” ды “піяраць” сябе ў інтэрнэце і ці не баяцца страціць гледача — пра ўсё гэта і многае іншае даведалася “К”.

/i/content/pi/cult/804/17263/04.jpgАрхіў для кожнага

Адразу, мабыць, варта сказаць, што літаральна ўсе абласныя філармоніі за мінулыя два месяцы актыўна прэзентавалі сябе на прасторах інтэрнэту. Напрыклад, не так даўно Брэсцкая абласная філармонія запусціла праект пад назвай #філармоніяанлайн. Так што цяпер пабываць на канцэртах любімых выканаўцаў можа любы ахвотны, прычым, абсалютна бясплатна і не выходзячы з дома.

— Паколькі ў нас ужо былі падрыхтаваны цікавыя праграмы, якія мы планавалі прэзентаваць у гэтым сезоне, а артыстам, як вядома, вельмі складана рэпеціраваць без гледача, было вырашана ўсё ж такі пайсці такім шляхам — пачаць серыю відэа-канцэртаў, — адзначыла ў размове з “К” дырэктар Брэсцкай абласной філармоніі Таццяна Калтынаева. — Напрыклад, праграму да 9 Мая — а гэта два канцэрты з удзелам інструментальнага ансамбля “Рапсодыя” і камернага аркестра — мы прэзентавалі анлайн. І гэта зразумела, бо з гледачамі трэба працягваць кантактаваць і дарыць ім сваю творчасць.

Відэа-канцэрты ў Брэсцкай абласной філармоніі прайшлі і да іншых знакавых дат, напрыклад, да Дня сям’і, калі быў прэзентаваны мюзікл “Муха-цакатуха”, а таксама да Дня дзіцяці.

— Усе нашы трансляцыі адбываюцца не ў прамым эфіры, а ў запісе, — кажа Таццяна Калтынаева. — Ролікі даступныя на канале YouTube, а таксама ў сацыяльных сетках.

У сённяшняй сітуацыі, па словах кіраўніка ўстановы культуры, ёсць і пэўны пазітыўны момант.

— Раней мы запісвалі не ўсе свае канцэрты ад пачатку да канца, а толькі нейкія фрагменты, — кажа кіраўнік установы. — А цяпер у нас з’явілася рэальная магчымасць папоўніць сваю картатэку запісамі ўсіх нашых праграм, стварыць паўнацэнны архіў сваіх выступленняў. А канцэртных праграм, як вы разумееце, у нас вельмі шмат.

Як кажуць у такіх выпадках, не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Па словах Таццяны Калтынаевай, на сёння Брэсцкая абласная філармонія рыхтуе да паказу новыя праграмы, у тым ліку, нават навагоднія. А па планах рэальнае, а не віртуальнае жыццё тут распачнецца з 3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь.

Вітамінка і вітаміны

Калі ў Брэсце толькі чакаюць аднаўлення сваёй працы, дык у Віцебскай абласной філармоніі зусім нядаўна прыступілі да рэальных паказаў імпрэзаў, праўда, на свежым паветры. Так, 20 чэрвеня артысты зладзілі для дзяцей музычна-тэатралізаваную праграму “Вандроўка Вітамінкі”.

Дзея ладзілася ва ўнутраным дворыку філармоніі, дзе артысты Надзея Драбо ў ролі Вітамінкі і Сяргей Белавусаў у ролі Віруса расказвалі дзецям пра тое, як ператварыць вірус у імунітэт. Аказваецца, рэцэпт даволі просты: трэба есці яблыкі і іншыя прыродныя вітаміны, рабіць прышчэпкі, рэгулярна займацца спортам, а таксама выконваць правілы асабістай гігіены.

Па словах дырэктара ўстановы культуры Алены Падаляк, гэта першы падобны філарманічны open-air сёлетняга лета.

— Да гэтага часу мы, як і, мабыць, усе нашы калегі з іншых рэгіёнаў Беларусі, шмат часу аддавалі працы ў фармаце анлайн, — кажа кіраўнік установы культуры. — Напрыклад, размяшчалі праграмы, што былі запісаны намі раней, у сацыяльных сетках. Імкнуліся такім чынам падтрымаць цікавасць нашых гледачоў і, натуральна, прыдбаць сабе новых прыхільнікаў.

Падобным шляхам пайшлі і ў Гродзенскай абласной філармоніі, дзе, па словах дырэктара ўстановы Валерыя Слабыша, з інтэрнэтам сябруюць здаўна і даволі паспяхова. Так, сапраўды традыцыйнымі сталіся сустрэчы артыстаў і гледачоў у віртуальнай гасцёўні. Напрыклад, 18 чэрвеня тут адбылася сустрэча з баяністам Яўгенам Сафонавым. Музыкант выканаў лепшыя кампазіцыі са свайго рэпертуару, якія ўжо цягам доўгага часу радуюць гледача.

А 9 чэрвеня Гродзенская абласная філармонія распачала новы сезон музычных вечароў на свежым паветры. Арт-праект пад назвай “Канцэрты на балконе” адкрыўся вакальнымі і інструментальнымі нумарамі, за якімі з прыемнасцю і, натуральна, з захаваннем неабходнай сацыяльнай дыстанцыі назіралі шматлікія жыхары горада над Нёманам. Трэба было проста ўзняць галаву, каб пабачыць выступленні артыстаў з вышыні некалькіх метраў над зямлёй.

Чыя купальская зорка?

Не варта і казаць, што падобныя спробы зацікавіць свайго гледача, слухача і наведвальніка прымалі і прымаюць іншыя абласныя філармоніі Беларусі. Напрыклад, Магілёўская абласная філармонія запусціла днямі музычны анлайн-марафон у падтрымку медыцынскіх работнікаў “Рукі, якія дораць жыццё”. Трансляцыі музычных нумароў салістаў і творчых калектываў прайшлі з 2 па 19 чэрвеня ва ўсіх акаўнтах сацыяльных сетак і на YouTube-канале ўстановы культуры. Завяршыўся марафон напярэдадні Дня медыцынскага работніка фінальным гала-канцэртам, які таксама прайшоў у анлайн-фармаце.

— Акрамя таго, цягам мінулых месяцаў мы зладзілі шэраг анлайн-канцэртаў, — адзначыла “К” мастацкі кіраўнік і в.а. дырэктара Магілёўскай абласной філармоніі Святлана Ефімук. — Так, 28 мая прайшоў анлайн-канцэрт, прысвечаны 75-годдзю з Дня Перамогі пад назвай “Вярніце памяць...” А яшчэ мы прынялі ўдзел у нядаўнім адкрыцці мемарыяльнага комплексу памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна.

Натуральна, самым бліжэйшым часам артысты і калектывы Магілёўскай філармоніі будуць удзельнічаць і ў святочнай праграме з нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусі, а таксама ў Рэспубліканскім свяце “Купалле” (“Александрыя збірае сяброў”), што пройдзе 11 — 12 ліпеня ў Шклоўскім раёне. А яшчэ з 5 мая па 10 чэрвеня ўстанова культуры ладзіла інтэрнэт-конкурс “Купальская зорка”, на якім выступалі салісты ў намінацыях “Акадэмічны вакал”, “Народны вакал”, “Эстрадны вакал” і “Песня на беларускай мове”.

Дарэчы, сёлета Магілёўская абласная філармонія адзначыць свой 30-гадовы юбілей. Да святочнай даты артысты зладзяць шэраг адметных імпрэз, якія, безумоўна, запомняцца жыхарам не толькі Магілёва, але і ўсёй Магілёўскай вобласці, надоўга.

Музыка без межаў

Не варта і казаць, што ўсе згаданыя мной прыклады паспяховага анлайн-жыцця абласных філармоній іх кіраўнікі збіраюцца працягнуць і надалей. І гэта цалкам адпавядае тым тэндэнцыям, якія ідуць не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце: многія, асабліва моладзь, цяпер шукаюць інфармацыю пра культурнае жыццё свайго раённага ці абласнога цэнтра менавіта ў Сеціве. Так што актыўна сябе пазіцыянаваць і “раскручваць” з дапамогай віртуальнай прасторы не проста трэба, а неабходна. Іначай без анлайн-рэкламы і прыцягнення ўвагі інтэрнэт-наведвальнікаў — наведвальнікаў рэальных можна і не дачакацца.

Перафразуючы вядомую прымаўку, можна сказаць, што без інтэрнэту сёння — як без вады. Гэтую маю думку пацвердзіў і дырэктар Гомельскай абласной філармоніі Аляксандр Рабянок, які адзначыў, што яго ўстанова таксама шмат што робіць у анлайн-фармаце.

Напрыклад, не так даўно тут зладзілі анлайн-праект #МузыкаБезМежаў, які выклікаў вялікую цікавасць у віртуальных наведвальнікаў. У яго рамках прайшлі пазнавальны спектакль “Небяспечная гульня” тэатра “Вырастайка”, сустрэчы з артыстамі філармоніі ды многае іншае.

Акрамя таго, сёння ў Гомелі рэалізуецца творчы праект абласной філармоніі “Гуляем і спяваем з аркестрам”. Таленавітыя выканаўцы могуць праявіць свае мастацкія здольнасці, выступіўшы з камерным аркестрам філармоніі пад кіраўніцтвам Андрэя Глазянкова. Сёлета ў сілу абставін у праекце прыняло ўдзел усяго шэсць выканаўцаў — адна вакалістка і пяць інструменталістаў. Відэа-версія выканання класічных твораў, як абяцаюць арганізатары, будзе ў хуткім часе выкладзеная ў інтэрнэт.

І апошняе. Днямі на сайце Беларускай дзяржаўнай філармоніі з’явілася просьба да наведвальнікаў не здаваць квіткі на адмененыя ці перанесеныя канцэрты. Як адзначаецца, усе набытыя раней квіткі будуць мець статус “білета з адкрытай датай”, гэта значыць даюць права наведаць любы канцэрт філармоніі (акрамя тых, якія ладзяцца на ўмовах арэнды) па выбары да 1 снежня 2020 года. У дзень наведвання канцэрта трэба проста звярнуцца ў касу філармоніі для ўдакладнення глядацкага месца ў зале.

Што ж, даволі разумны і прадуманы ход: філармонія не губляе ні грошы, ні сталых наведвальнікаў. Не кажучы ўжо пра тое, што падобная рэкламная акцыя таксама прыцягвае ўвагу да філарманічных канцэртаў многіх людзей. Магчыма, варта распаўсюдзіць падобны вопыт і на абласныя філармоніі? Бо інтэрнэт — інтэрнэтам, але сапраўдныя грошы за канцэрты для філармоній могуць прынесці толькі рэальныя наведвальнікі музычных імпрэз.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"