У форме ёмістага канспекта

№ 26 (1465) 27.06.2020 - 03.07.2020 г

Кажуць, найбольш працяглымі ў часе чамусьці становяцца праекты, якія зыходна бачыліся як эпізадычныя. Вось, да прыкладу, адзін з найлепшых музеяў Нідэрландаў мусіў стаць на рамонт і рэстаўрацыю. А каб нават часова не выпадаць з культурніцкай прасторы, адну залу пакінулі ў рабочым стане і ў ёй разгарнулі маленькую экспазіцыю, якая была “дайджэстам” ці “канспектам” экспазіцыі вялікай, на той момант зачыненай. Па заканчэнні рэстаўрацыйных работ, калі музей зноў запрацаваў у звыклым рэжыме, “канспект” збіраліся дэмантаваць. Але не сталі гэтага рабіць, бо грамадзе такі экспазіцыйны ход падаўся вельмі прывабным, цікавым. Ёсць гэты “канспект” у структуры музея і зараз. Як кароткая прадмова да вялікай кнігі. Мне гэта гісторыя згадалася ў сувязі з выставай “Вялікая Перамога”, што разгорнута зараз у нашай Нацыянальнай бібліятэцы.

/i/content/pi/cult/804/17262/03.jpgАдкрылася яна яшчэ ў красавіку і будзе працаваць да канца юбілейнага года. Гэта выстава — вынік супрацоўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі з Беларускім дзяржаўным музеем гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тут экспануюцца сапраўдныя рэчы з фондаў музея; друкаваныя выданні і выяўленчыя матэрыялы, што належаць бібліятэцы, арыгіналы і копіі ўнікальных дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Зрабіла ўнёсак у справу і Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Падпарадкаваны яму Дзяржаўны музей гісторыі Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь прадаставіў баявы гвардзейскі сцяг і сцяг партызанскай брыгады.

Нацыянальная кінастудыя “Беларусьфільм” паўдзельнічала ў праекце рэчамі, якія скарыстоўваліся на здымках фільмаў пра вайну, а таксама і прынамсі фільмамі.

Мноства артэфактаў распавядаюць пра бесчалавечную сутнасць акупацыйнага рэжыму ў Беларусі і пра маштабы нацыяльнага супраціву акупантам.

Адначасова з праектам, пра які ідзе гаворка, на экспазіцыйных плошчах Нацыянальнай бібліятэкі адбываецца выстава “Лясная песня”, прысвечаная партызанскаму руху ў ягоным баявым і паўсядзённым аспектах.

Падсумоўваючы адзначу, что выстава “Вялікая Перамога” — гэта “дайджэст”, вельмі зручны для гледача. Пра Вялікую Перамогу тут распавядаецца коратка, але ёміста. Вельмі добра, што выстава будзе працаваць увесь юбілейны год. А я б яе і надалей пакінуў…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"