Лета ў “музычнай Галактыцы”

№ 26 (1465) 27.06.2020 - 03.07.2020 г

Першы летні месяц завяршаецца, а лета музычнае — толькі пачынаецца: 28 чэрвеня аматараў класікі чакае Міжнародны анлайн-канцэрт “Гранд-лета”. Гэта больш за 100 музыкантаў з усіх кантынентаў (вядома, акрамя Антарктыды) — і каля васьмі гадзін музыкі.

/i/content/pi/cult/804/17261/koncert-klassicheskoy-_opt.jpegАрганізатарам выступіла Музычная школа Арцёма Шаплыкі, дзе вучацца не толькі дзеці, але і дарослыя — усе па сваіх індывідуальных праграмах, у залежнасці ад мэтаў кожнага з навучэнцаў. Гэта ўстанова і раней ладзіла разнастайныя акцыі, скіраваныя на папулярызацыю “разумнага, добрага, вечнага”: дастаткова згадаць цыкл лекцый з “жывой” музыкай у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Але цяперашняе “Гранд-лета” — першы падобны праект у Беларусі.

— Штогоднія канцэрты навучэнцаў сталі ў нас традыцыяй, — распавёў лаўрэат міжнародных конкурсаў, стыпендыят і дыпламант спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, саліст Беларускай дзяржаўнай філармоніі, заснавальнік і дырэктар згаданай школы Арцём Шаплыка. — Сёлетні таксама быў запланаваны ў Камернай зале імя Рыгора Шырмы. Мы і раней уключалі ў такія канцэрты, акрамя сваіх навучэнцаў, выступленні прафесіяналаў: гэта заўсёды карысна, прычым для абодвух бакоў. А сёлета, калі стаў зразумелы фармат анлайн, спрацавала яшчэ “сарафаннае радыё”: да нас сталі звяртацца музыканты з самых розных краін.

Мы не абмяжоўваліся толькі фартэпіяна: ёсць і вакал (дарэчы, з Мексікі), флейта, скрыпка, віяланчэль, гітара. Не ўсе рабілі запісы дома, многія спецыяльна шукалі нейкія нечаканыя ракурсы, месцы здымак, стваралі адметны знешні антураж. Гітарыст, да прыкладу, выбраўся ў лес, каб сыграць ва ўлонні прыроды. Мы ж, у сваю чаргу, падрыхтавалі афішы, зрабілі мантаж, каб вытрымаць пэўную драматургію. Канцэрт будзе мець і ўступнае слова, і сваю вядучую, і цітры да кожнага выступлення. У іх мы пазначаем не толькі імёны музыкантаў-аматараў (а гэта каля 70 дзяцей і 40 дарослых), але і асноўную прафесію, пасаду кожнага. Каго тут толькі няма! Бізнесмены, праграмісты, цырульнік, дырэктар завода, шафёр, урач… Музыка для іх не проста хобі, а яшчэ і дадатковая магчымасць ажыццявіць сваё права на творчую самарэалізацыю. Мы толькі дапамагаем ім рэалізаваць свае мары. І гэта цудоўна! Шырокі аматарскі рух даўно распаўсюджаны ў многіх краінах свету, у еўрапейскіх гарадах і мястэчках дзесяцігоддзямі праходзяць міжнародныя фестывалі, арыентаваныя на сямейнае, сяброўскае камернае музіцыраванне, на іншыя мастацкія формы баўлення вольнага часу. Таму не трэба здзіўляцца, што сярод нашых удзельнікаў — прадстаўнікі не толькі “блізкага кола” краін-суседак кшталту Расіі, Украіны, але і з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Кітая, Нарвегіі, Францыі, іншых рэгіёнаў “музычнай Галактыкі”. Музыка не мае межаў!

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"