Пластыка надзвычайнай сілы

№ 26 (1465) 27.06.2020 - 03.07.2020 г

На мінулым тыдні ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна з удзелам ва ўрачыстай цырымоніі Кіраўніка дзяржавы быў адкрыты пасля рэканструкцыі мемарыяльны комплекс “Памяці спаленых вёсак Магілёўшчыны”. Першы помнік загінуўшым жыхарам Боркаў і наваколля тут паставілі яшчэ ў 1964 годзе. У 2004 была ўзведзена капліца, а яшчэ праз чатыры гады комплекс быў дапоўнены Сцяной памяці з назвамі спаленых вёсак. І вось апошняя рэканструкцыя, у выніку якой мемарыял дапоўнены прасторавымі кампазіцыямі і пластыкай надзвычайнай эмацыянальнай сілы.

/i/content/pi/cult/804/17260/01.jpgАўтары праекта — мінскія скульптары Іван Арцімовіч і Аляксандр Сакалоў, магілёўскі архітэктар Марыя Левашова. Яны перамаглі ў конкурсе, абвешчаным Магілёўскім аблвыканкамам і Кіраўскім райвыканкамам. Цяпер цэнтральны вобраз мемарыяла — скульптура “Беларусь — смуткуючая маці” ў атачэнні канструкцый, што нагадваюць кроквы, на якіх няма даху — гэта тое, што засталося ад разбуранага дома.

/i/content/pi/cult/804/17260/02.jpg“Іншы раз наш помнік параўноўваюць з Хатынню. Лічу такое параўнанне не надта карэктным. Хатынь — помнік сусветнага маштабу, і калі мы хоць крыху да яго наблізіліся — гэта ўжо добра. Адно магу сказаць дакладна: у нас усё атрымалася, як мы задумалі, а ў некаторых момантах нават пераўзышлі тое, што планавалі пачаткова” — кажа Іван Арцімовіч.

Аляксандр Сакалоў таксама ганарыцца вынікам творчай працы, але мяркуе, што сапрадную ацэнку мемарыяла вызначыць час.

Марыя Левашова засяроджвае ўвагу на патрыятычна-выхаваўчым значэнні мемарыяльнага комплексу. Ён патрэбны, каб нагадваць новым пакаленням, якімі стратамі і ахвярамі здабыты мір на нашай зямлі.

Зусім невыпадкова адным з элементаў мемарыяла з’яўляецца парк, які сімвалізуе адраджэнне жыцця на папялішчы…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"