“Дыямент” — пляцоўка для кантактаў

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

З галоўнай бібліятэкай краіны пазнаёміліся міністр культуры, спорту і турызму В’етнама Хаанг Туань Ань, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам у Рэспубліцы Беларусь Ву Суан Нінь, начальнік Дэпартамента знешніх сувязей Нгуэн ван Цінь, начальнік упраўлення кадравых пытанняў Нгуэн Фук Тхань, яго намеснік Нго Данг Туан і сакратар міністра Фан Дзінь Тан.

 /i/content/pi/cult/176/1726/Diamant.jpg

Экскурсію для в’етнамскіх гасцей і прадстаўніукоў Пасольства правёў дырэктар НББ Раман Матульскі. Ён паведаміў пра тое, як адбывалася будаўніцтва гэтага значнага аб’екта, на аглядавай пляцоўцы прадэманстраваў, як выглядае Мінск з вышыні птушынага палёту. Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі правёў замежных гасцей па чытальных залах, азнаёміў іх з выстаўкай рэдкіх кніг і старадрукаў. Хаанг Туань Ань зацікавіўся сістэмай электронных баз Нацыянальнай бібліятэкі, якой могуць карыстацца чытачы па-за межамі “дыямента”. З задавальненнем спадар міністр зазначыў, што ў фондах НББ знаходзіцца каля 500 дакументаў, звязаных з культурай і гісторыяй яго радзімы. Каля сарака з гэтых тэкстаў — на в’етнамскай мове, дзе нямала і перакладаў беларускай класікі, напрыклад, в’етнамскамоўнае “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Караткевіча.
— Я ў Мінску ўпершыню, і мяне вельмі ўразіў такі магутны і сучасны комплекс, якім з’яўляецца Нацыянальная бібліятэка Беларусі, — паведаміў Хаанг Туань Ань. — Без кніг няма ведаў, і менавіта ваша унікальная ўстанова дапамагае перадаваць гэтыя нематэрыяльныя каштоўнасці беларускаму народу. Мы будзем імкнуцца, каб галоўныя бібліятэкі дзвюх дзяржаў развівалі ўзаемадзеянне, што паспрыяе культурнаму абагачэнню краін.
У мінулым годзе дзвюма дзяржавамі быў падпісаны дагавор аб пашырэнні супрацоўніцтва ў культурнай сферы. Сёлета пад час сустрэчы ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь прадстаўнікамі в’етнамскай дэлегацыі былі агучаны планы па ажыццяўленні шматлікіх праектаў у галінах музейнай, бібліятэчнай спраў, а таксама агаворваліся пытанні пра абмен творчымі групамі, спецыялістамі.
Першым крокам на шляху актывізацыі сувязей стануць Дні культуры краін. Спадар Хаанг Туань Ань паведаміў, што прыкладна ў лістападзе будучага года пройдуць Дні культуры Беларусі ў В’етнаме, а ў 2010 годзе ў Беларусь прыбудзе творчая дэлегацыя з усходняй краіны.

Настасся ПАНКРАТАВА

На здымку: дырэктар Нацыянальнай
бібліятэкі Беларусі Раман Матульскі
(першы справа) знаёміць міністра
культуры, спорту і турызму В’етна-
ма Хаанг Туань Ань (другі справа)
і членаўв’етнамскай дэлегацыі
з інфармацыйнымі тэхналогіямі.

Фота Андрэя СПРЫНЧАНА