З канапы можна не ўзнімацца

№ 25 (1464) 20.06.2020 - 27.06.2020 г

У загаловак вынесены слоган ашмянскіх работнікаў культуры: “З хатняй канапы можна не ўзнімацца”. Менавіта так яны звярнуліся да спажыўцоў іх арт-прадукту ва ўмовах пандэміі, калі многія змушаны знаходзіцца дома. Супрацоўнікі клубаў аграгарадка Кракоўка актыўна прапаноўваюць анлайн-стасункі. Да прыкладу, міні-канцэрт з лёгкімі летнімі кампазіцыямі. Асабіста я не магу не дадаць, што з канапы час ад часу ўсё ж варта ўзнімацца. Апрача культурнага адхлання нельга адмаўляцца і ад іншых жыццёвых радасцяў, якія толькі на карысць нашаму здароўю. Маю на ўвазе шпацыры па нашых слаўных парках, фізкультурныя размінкі на стадыёнах, азёрна-рачны адпачынак з вудай у руках… Мы ж так даўно чакалі лета!

/i/content/pi/cult/803/17256/025.jpgПра “анлайнавую” Ашмяншчыну яшчэ далёка не ўсё. З 10 па 30 чэрвеня ў раёне абвешчаны анлайн-чэлендж -(выклік, гульня — Я.Р.) пад назвай “Вышыванка яднае”. Вынікі акцыі будуць падведзены па трох намінацыях: “Фота дзіцяці ў вышыванцы”, “Фота закаханых у вышыванцы” і “Мая сям’я ў вышыванцы”. Не магу не выказацца з гэтай цудоўнай нагоды. Адзенне з элементамі нашага нацыянальнага арнаменту — гэта заўжды прыгожа, вытанчана, высакародна. Словам, модна! І вельмі радасна, што такі файны конкурс на пачатку лета абвешчаны менавіта ў Ашмянскім раёне, дзе мне не раз і не два даводзілася быць шчаслівым ад убачанага і пачутага. Дзякуй, сябры!

І трэці творчы нюанс ашмянскай актыўнасці. Народны драматычны тэатр Ашмянскага раённага Цэнтра культуры анансуе анлайн-спектакль “Апошняя спроба”. У аснове пастаноўкі — “трохвугольнае” каханне. Аўтары ліста трошкі прыадкрываюць сюжэт: у 20-годдзе сумеснага жыцця да шчаслівай жанчыны прыходзіць сімпатычная дзяўчына і прапаноўвае за мужа… 20 тысяч. Інтрыга? Яшчэ якая!

Намеснік дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка — не толькі ўважлівы ды ўдзячны чытач “К”, ён яшчэ шмат робіць для таго, каб на старонках нашага выдання было паболей навін пры развіццё рэгіянальнай культуры. Гэтам разам аўтар вядзе гаворку пра пленэр юных мастакоў і акцыю “Чытаем вершы на фоне славутасці”. Арганізатары мерапрыемстваў — работнікі Мазалаўскага сельскага Дома культуры і мясцовай бібліятэкі Віцебскага раёна. “Загадчык СДК Вольга Жураўская вельмі высока ацэньвае вынікі пленэру, які ладзіўся упершыню, — піша Андрэй Струнчанка. — Поруч са сваімі дзецьмі з задавальненнем малявалі і іх бацькі. А маляваць было што: і сама вёска, і рэчка Лужаснянка — выключна маляўнічыя”. А вершы пра Айчыну жыхары Мазалава чыталі пад адкрытым небам, ля колішняй сядзібы Ігната Манькоўскага. Сядзіба — помнік архітэктуры XIX стагоддзя, а Ігнат Антонавіч — грамадскі і дзяржаўны дзеяч, ды плюс — публіцыст, эканаміст, эколаг. Кажуць, не Вікенцій Равенскі, а менавіта Ігнат Манькоўскі меў дачыненне і да аўтарства парадыйна-сатырычнай камедыі “Энеіда навыварат”, якая пакуль лічыцца ананімнай. Але вернемся ў Мазалава. Загадчыца бібліятэкі Ала Магон рыхтуецца сёння да інтэрактыўнай выставы “Мая любімая кніга з дзяцінства”. У акцыі павінны прыняць удзел літаральна ўсе вяскоўцы, што ўмеюць чытаць. Кожнае з вышэйназваных мерапрыемстваў, на мой погляд, гучнае, цікавае, карыснае. Такія ўчынкі надоўга застаюцца ў памяці. Такі што іншым разам вялікім гарадам варта павучыцца ў маленькіх вёсачак.

Тое, што здарылася ў свой час ва ўрочышча Парахаўня, — адна з самых трагічных старонак Ваўкавыска. Фашысты ў гады Вялікай Айчыннай вайны знішчылі тут 4000 чалавек. Загадчык аддзела па правядзенні культурных мерапрыемстваў Ваўкавыскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Ларыса Ланіна запрашае віртуальных гледачоў наведаць самыя значныя адметныя месцы раёна ў рамках адпаведнага інтэрнэт-праекта. У маршруце — і ўрочышча Парахаўня, а таксама — аграгарадкі і вёскі Ваўкавышчыны са сваёй гісторыяй.

Мала праектаў не бывае. Асабліва цікавых. Пра яшчэ адзін распавядае загадчык аддзела Віцебскага абласнога метадычнага Цэнтра народнай творчасці Ала Лялькіна: “Арт-праект такі: у нас працуе персанальная выстава загадчыка Бешанковіцкага раённага Цэнтра рамёстваў Алесі Аўчыннікавай. Яна — майстар па роспісе шкла і кераміст, працуе ў Доме рамёстваў 16 гадоў. У экспазіцыі — традыцыйныя свістулькі, падсвечнікі, пісанкі, гліняныя тэматычныя кампазіцыі… Займаецца яна і маляванымі дыванамі. Летась Алеся Іванаўна стала Чалавекам года Віцебшчыны”. Вялікая справа, калі абласны метадцэнтр прапагандуе творчыя здабыткі майстроў з раёнаў. Калі цябе ведаюць і годна ацэньваюць, з’яўляецца матывацыя працаваць яшчэ лепей. І ўвогуле чалавека творчага неабходна хваліць. Гэта як хатнія кветкі даглядаць: не толькі паліваць неабходна, але і добрыя словы казаць. Вось тады яны сапраўды буяюць.

Даўно нам не пісала Людміла Чатовіч — аўтар цудоўных сцэнарыяў, метадыст Пастаўскага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Вельмі прыемна было чытаць яе допіс пра надзвычай надзённае — конкурс майстэрства культарганізатараў “Весела бавім час” сярод сельскіх клубных устаноў раёна. “Конкурс такі мы ладзім раз у два гады, — распавядае аўтар. — Яго мэта: прыцягненне ўвагі да клубнага жанру, удасканаленне гульнявых праграм і іх вядучых, распаўсюджванне лепшага досведу. Сёлета, натуральна, падчас конкурсу былі ўлічаны неабходныя медыцынскія патрабаванні. Культработнікам рэкамендавалася ладзіць праграмы на адкрытым паветры і з абмежаванай колькасцю удзельнікаў. Дзея запісвалася на відэа без парушэнняў сюжэтнай лініі, зместу і кампазіцыі. Потым матэрыялы размяшчаліся ў інтэрнэце”. Вельмі сур’ёзны, трэба адзначыць, падыход да справы. Спаборнічалі 12 клубных устаноў, але пераможцамі сталі толькі чатыры: Парыжскі СДК (якое слаўнае словазлучэнне!) — за праграму ў традыцыі талакі; Юнькаўская і Дунілавіцкая сельскія клубныя ўстановы — за дзіцячую праграму на сучасным матэрыяле; Варапаеўскі гарпасялковы Дом культуры — за лепшае мастацкае афармленне мерапрыемства. За артыстызм і майстэрства вядучых дадаткова ўзнагароджаны Камайскі сельскі Дом культуры, за выкарыстанне мясцовых народных традыцый — Курапольскі СДК і Палескі сельскі клуб. Варта дадаць і тое, што Варапаеўскі ГПДК, Дунілавіцкі і Юнькаўскі СДК па-майстэрску выкарысталі ў сваіх відэафільмах самыя розныя магчымасці камп’ютарных тэхналогій.

15 жніўня ў горадзе Свіслач (Гродзеншчына), у парку імя графа ВінцэнтаТышкевіча мае адбыцца V абласны экалагічны фестываль “Гамоняць пушчы беларускія”. Арганізатары абяцаюць феерыю нестандартных уражанняў ад пушчанскага чарадзейства. Усе сакрэты адкрываць мо і не варта, але экаэкскурсію тут правядуць гіганцкія грыбы, а балацянік з кладнікам падкажуць, пад якой ялінай прыхавалі клад… Мяркуюцца выступленні не толькі аматарскіх калектываў вобласці. У Свіслач завітае і Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, прафесара Міхаіла Фінберга. Словам, пушча чакае вас!

12 чэрвеня ў парку Бераставіцы адкрылася бібліятэчная пляцоўка “Дворык, які чытае”. Назва “Дворык…” — досыць умоўная, але гараджане хутка да яе прызвычаіліся. Дзецям тут прапаноўваюцца не толькі кнігі, але і гульні, а бацькі ў гэты час могуць уладкавацца на паркавай лаве з часопісам у руках. Пра гэта нам паведаміла метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу і работы з фондамі Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя Восіпа Кавалеўскага Алена Аліферовіч.

І апошняя на сёння тэма, пра якую згадала бібліятэкар Шчучынскай дзіцячай бібліятэкі Ганна Карповіч. “У рамках рэспубліканскай акцыі “Канікулы без дыму і агню”, — распавядае яна, — нашу ўстанову наведалі супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Адбылася гутарка з чытачамі пра бяспеку паводзін пад час летніх вакацый”. Тэму ўдакладняе спецыяліст Савецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мінска Таццяна Бычанок. Згаданая акцыя доўжыцца з 15 чэрвеня па 21 жніўня. У большасці выпадкаў прафілактычныя гутаркі ладзяцца ў анлайн-фармаце. Рэспубліканскі цэнтр прапаганды распрацаваў і новыя формы работы: квэст-гульні, тэатралізацыі, спартыўныя конкурсы… Таццяна Бычанок абяцае, што сумна нікому не будзе.

Беражыце сябе, шаноўныя, і пішыце пра цікавае.

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"