З беларускім каларытам

№ 25 (1464) 20.06.2020 - 27.06.2020 г

Акцыя “Майстры культуры — ветэранам”, што ладзіцца Белтэлерадыёкампаніяй і Міністэрствам культуры Беларусі, дае свой плён. Запісы канцэртаў творчых калектываў краіны, зробленыя на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі пры пустой глядзельнай зале, выходзяць на тэлеэкраны і збіраюць вялізную аўдыторыю. У адзін з вечароў можна было ўбачыць праграму, падрыхтаваную Дзяржаўным акадэмічным канцэртным аркестрам Беларусі на чале з народным артыстам нашай краіны, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі і прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесарам Міхаілам Фінбергам.

Песні пра вайну і Перамогу чаргаваліся з разнастайнымі джазавымі кампазіцыямі — у тым ліку, на беларускія народныя тэмы. А многія любімыя слухачамі замежныя мелодыі загучалі на беларускай мове — у перакладзе знанага паэта Васіля Жуковіча. Прыемна, што былі згаданыя і цудоўныя песні Уладзіміра Будніка, якія пасля яго смерці сталі несправядліва “забывацца”.

Канцэрт падарыў не толькі добры настрой, але і шмат тых “маленькіх адкрыццяў”, калі вядомая, здавалася б, з’ява раптам адкрывалася з іншага боку. Вельмі дакладным было “траплянне” кожнай з песень у пэўнага выканаўцу. Пры гэтым і спевакі, і самі кампазіцыі набывалі новыя мастацкія абрысы, нідзе не здраджваючы ні добраму густу, ні сэнсу песень, ні іх колішняй аўтарскай задуме.

Неяк зусім па-новаму раскрылася Алеся Дзяржавец. Яна не імкнулася “вакалізаваць”, а спявала вельмі проста, шчыра, кранальна. Яўгену Цымбалісту вельмі пасавала яго заўсёдная “хрыплаватасць”, Аляксандру Салаўёву - яркі “па максімуму” вакал у “Двух Максімах” Самуіла Каца.

Мне неаднойчы даводзілася бачыць, як свой “Ліст з 45-га” выконваў Ігар Лучанок — па-кампазітарску, заўзята акампаніруючы сабе на раялі. Вядома, у рэпертуары іншых спевакоў гэта гучала зусім іначай — у кагосьці нават вельмі “па-опернаму”. Але ў час гэтай трансляцыі ў саліста Руслана Мусвідаса нечакана з’явіліся менавіта лучанкоўскія рысы, настолькі шчыра, літаральна па-аўтарску ён не проста праспяваў, а папраўдзе перажыў падзеі, апісаныя паэтам-франтавіком Міхаілам Ясенем.

Лучанкоўская “Песня пра маці” на словы Генадзя Бураўкіна ў выкананні заслужанай артысткі Наталлі Тамелы набыла тонкае блюзавае адценне. Інструментальная п’еса “Каханне” ўсё таго ж Ігара Лучанка, створаная паводле яго песні “Скажы мне, Ганулька”, якую “Песняры” калісьці выконвалі нават у Амерыцы сумесна з тамтэйшымі музыкантамі, атрымала выдатных салістаў-духавікоў: на трубе “спяваў” Дзмітрый Ціхановіч, на тэнар-саксафоне — Раман Шыманец.

Каларытныя сола медных духавых, нават калі яны гучалі ў час песень, суправаджаліся імёнамі выканаўцаў: ці то на тэлеэкране, ці то з вуснаў самога Міхаіла Фінберга, які вымаўляў іх літаральна па-бацькоўску. А ў фінальных цітрах яшчэ раз быў пералічаны ледзь не ўвесь склад знакамітага аркестра. І правільна: мы павінны ведаць сваіх герояў! Не толькі вайны, але і мірнага часу.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"