Жырандоля Тадэвуша і “ластаўчын хвост” Завосся

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

Не так часта даводзіцца бываць у гасцях у класікаў сусветнай літаратуры. Нагодай для такога “візіту” на мінулым тыдні стала святкаванне 210-гадовага юбілею з дня нараджэння Адама Міцкевіча ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры — музеі-сядзібе Міцкевічаў “Завоссе”, што ў Баранавіцкім раёне.

У святочным мерапрыемстве “Ёсць у мяне зямля, край светлых мрояў...” прынялі ўдзел намеснік начальніка Упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Віктар Маліноўскі, начальнік аддзела культуры Брэсцкага аблвыканкама Рыгор Бысюк, старшыня Баранавіцкага райвыканкама Мікалай Язубец, прадстаўнікі мясцовай улады, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Брэсце Яраслаў Ксёнжык, творчыя калектывы. У Завоссі cапраўды адчувалася прысутнасць самога паэта, яго каханай — Марылі, якім прысвяцілі свае радкі літаратары і юныя мастакі. Пад час свята гучалі палымяныя прамовы, дзе адзначалася вялікая важнасць захавання памяці пра славутага земляка, неабходнасць стварэння падобных турыстычных аб’ектаў.

 
 

Прасякнуцца тугой і болем чалавека, што жыў на чужыне, дазволілі творчыя выступленні і, у першую чаргу, урывак з монаспектакля “Адзінокі птах” Беларускага паэтычнага тэатра аднаго акцёра “Зніч”. А каб пераканацца ў велічы лірычнага таленту Міцкевіча, варта было праглядзець паэтычныя кампазіцыі з твораў паэта ў выкананні народнага тэатра “Эксперымент” з Баранавічаў, а таксама паслухаць меркаванні літаратуразнаўцаў і гісторыкаў, каб усё ж высветліць сапраўднае месца нараджэння Адама Міцкевіча.

Як калісьці адзначыў сучаснік Адама Міцкевіча Вінцэсь Каратынскі, “сем элінскіх гарадоў вялі спрэчку за гонар лічыцца месцам нараджэння Гамера, хоць ён пры жыцці ні ў адным з іх не меў прытулку. Нешта падобнае здарылася і з нашым Міцкевічам”. Сапраўды, пры жыцці паэта нават не ўзнікала сумненняў, што месцам нараджэння яго быў Навагрудак. Але пасля смерці Міцкевіча, як адзначыў вядомы літаратуразнаўца і гісторык Адам Мальдзіс, у меркаваннях навукоўцаў пачало фігураваць і Завоссе, ды нават не адно. Думкі біёграфаў у выніку разышліся: Уладзіслаў Сыракомля месцам нараджэння паэта называў вёску Асавец, Вінцэсь Каратынскі — Навагрудак, старэйшы брат Адама Міцкевіча Францішак — карчму Выгада, што за чвэрць мілі ад Завосся, а малодшы брат Аляксандр і сын паэта Уладзіслаў — Завоссе. І ўсё ж даследчыкі, супаставіўшы шматлікія факты, месцам нараджэння Адама Міцкевіча прызналі ўсё ж такі Завоссе Баранавіцкага раёна.

Як можна пабачыць на карціне Напалеона Орды на мяжы ХVIII — ХІХ стагоддзяў, сядзіба ў Завоссі складалася з жылога дома, пабудаванага ў стылі шляхецкіх двароў (з высокім саламяным дахам, ганкам з дзвюхсхільнай страхой і дзвюма калонамі, а таксама прамавугольнымі вокнамі), побач стаяў свіронак, ніжні паверх якога служыў камораю, а верхні (з маленькім балкончыкам) быў жылы. Адам Міцкевіч згадваў, што вясной і летам там звычайна спалі дзеці. Воддаль размяшчаўся флігель ды іншыя гаспадарчыя пабудовы.

У сваю чаргу, выкладчык Навагрудскай гімназіі Эдуард Паўловіч апісаў ландшафт Завосся такім чынам: сядзібу Міцкевічаў, размешчаную ў нізіне, якая з’яўляецца працягам вялікіх лугоў, выганаў і балот каля Калдычаўскага возера, з аднаго боку, а з другога — каля ўзвышшаў, якія цягнуцца з поўдня, прыкрывае зарослая лесам гара Жарнава. Гэтае апісанне дакладна супадае з апісаннем Завосся ў баладзе Адама Міцкевіча “Тукай”. Але ўсё ж не гэты твор лёг у аснову экспазіцыі адноўленай у 1998 годзе сядзібы, якая стала музеем.

Як адзначыў мастацкі кіраўнік праекта Уладзімір Капшай, экспазіцыя, заснаваная на паэтычным вобразе шляхецкай сядзібы з паэмы “Пан Тадэвуш”, была зроблена да 200-годдзя з дня нараджэння паэта.

Гэта адзіны ў Беларусі музей, створаны цалкам па мастацкім творы, і не выпадкова: справа ў тым, што з дакументаў захаваліся толькі гаспадарчыя інвентары, якія давалі даволі сціслую інфармацыю пра гістарычны аб’ект.

Таму пад час падрыхтоўкі і ажыццяўлення праекта былі праведзены археалагічныя раскопкі, дэталёвы аналіз малюнкаў Напалеона Орды і Эдуарда Паўловіча, што дазволіла размясціць музей дакладна на месцы знішчанага людзьмі і часам будынка. Больш за тое, спецыялістам давялося ўзнаўляць інтэр’ер сядзібы па аналагах, бо ў нашай краіне амаль не захавалася прадметаў таго часу, таму, у прыватнасці, мэблю разбяры выраблялі ў адпаведнасці з тагачаснымі традыцыямі мясцовай школы народных майстроў, захоўваючы ўсе адметнасці шляхецкага маёнтка. Па словах Уладзіміра Капшая, цяжка было вызначыць мяжу паміж палацавай культурай і інтэр’ерамі сялянскай сядзібы, дзе б кожная дэталь адпавядала эпосе.

І тым не менш, са сваёй задачай стваральнікі музея, думаецца, справіліся. Так, па ўспамінах Адама Міцкевіча, прыведзеных ў паэме “Пан Тадэвуш”, была адноўлена каваная жырандоля з рагамі аленя, за якімі ездзілі ў Белавежскую Пушчу, паліца з кнігамі ў так званым “Кабінеце Адама”, зробленая з чырвонага дрэва, згодна з тэхналогіяй таго часу, без цвікоў па прынцыпе “ластаўчынага хваста”. Адпавядаюць апісанням паэта і іншыя прадметы, размешчаныя ў сядзібе, аздобленай паляўнічымі трафеямі: шаблі, стол і лава, піяніна, абраз Божай Маці...

Захоўваюць гістарызм у музеі і аўтэнтычныя экспанаты: канапа і столік у жаночым пакоі, ложак, малітоўнік у скураным пераплёце, куфар 1828 года — усё тое, што было знойдзена ў ацалелых пасля дзвюх сусветных войнаў навакольных маёнтках, а таксама набытае ў аматараў старасветчыны.

У цэлым жа экспазіцыя, у якой прадстаўлены і копіі дакументаў, у тым ліку з Варшаўскага музея Адама Міцкевіча, знаёміць шматлікіх турыстаў з біяграфіяй нашага славутага земляка.

Дарэчы, былі адноўлены пры стварэнні комплексу і гаспадарчыя пабудовы, у тым ліку лазня, свіронак з пакоем Адама Міцкевіча, у якім ён любіў улетку адпачываць. Усё гэта стварае унікальны мастацкі вобраз і дае магчымасць адчуць атмасферу таго часу.

А хто ж не хоча пабываць у гасцях у класіка сусветнай літаратуры? Таму едуць у Завоссе, як кажа дырэктар музея-сядзібы Анатоль Еўмянькоў, не толькі беларусы, але і турысты з Польшчы, Украіны, Літвы і нават Інданезіі, Аргенціны і Аўстраліі.

Іншая справа, што для тых, хто пераадолеў тысячы кіламетраў, няма адпаведнай інфраструктуры. Таму ў планах музея — невялікая гасцініца, кавярня, арганізацыя экскурсій на конях у вёску Туганавічы, дзе жыла муза паэта Марыля Верашчака, і многае іншае, што дазволіць турыстам па-сапраўднаму адчуць адметнасць той эпохі.

Да таго ж, ёсць усе падставы меркаваць, што і жыхары навакольных вёсак не застануцца “ў накладзе”: хтосьці ўжо зараз працуе ў музеі, а нехта ў бліжэйшы час прыстасуе сваю сядзібу для прыняцця агратурыстаў і будзе частаваць замежных гасцей сырадоем і з вялікім гонарам расказваць пра свайго славутага земляка.

Тым больш, з’явілася і новая традыцыя — вясельная: даволі часта мясцовыя маладажоны пасля ЗАГСа едуць у музей-сядзібу, каб аддаць даніну павагі слыннаму сыну нашай Айчыны.

Канстанціе АНТАНОВІЧ Фота аўтара