Адраджэнне сімвалаў

№ 25 (1464) 20.06.2020 - 27.06.2020 г

Як лічаць навукоўцы: на тэрыторыі Беларусі было пабудавана каля 150 замкаў. І кожны меў сваю гісторыю, архітэктуру, ландшафт. Большасць з іх была знішчана ў гістарычных віхурах, многія дайшлі да нас адно фрагментарна і чакаюць свайго адраджэння. Але ёсць і тыя, якія выстаялі, у нашы дні ўваскрэслі ва ўсім сваім бляску і прыцягваюць сотні тысяч беларускіх і замежных турыстаў. Дзякуючы гэтаму россыпу адметнасцяў сёння можна пераканаўча аргументаваць, што гісторыя Беларусі сягае ў глыбіні стагоддзяў, а народ наш заўсёды знаходзіўся на высокім узроўні культурнага развіцця. Аднаўленне Нясвіжскага замка і замка ў гарадскім пасёлку Мір праходзіла ў канцы мінулага — пачатку цяперашняга стагоддзя. Мне, як аднаму з удзельнікаў гэтай каласальна вялікай працы па сваім змесце і аб’ёме, прыемна ўспомніць этапы адраджэння нацыянальных каштоўнасцей.

/i/content/pi/cult/803/17245/06.jpgПрыгадваю, як па ініцыятыве Нясвіжскага райвыканкама і Міністэрства культуры краіны 2 ліпеня 1993 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову “Аб мерах па адраджэнні гісторыка-культурнай спадчыны і развіцці горада Нясвіжа”, якая прадугледжвала вылучэнне неабходных капітальных укладанняў для рэалізацыі праграмы адраджэння горада. У адпаведнасці з ёй ствараўся Нацыянальны гісторыка-культурны запаведнік “Нясвіж”, якому даручалася весці планамерную працу па рэстаўрацыі гістарычных помнікаў і стварэнні ў горадзе неабходнай турыстычнай інфраструктуры.

У 1998 годзе Урадам краіны было прынята абгрунтаванае рашэнне, у адпаведнасці з якім Мірскі замак стаў філіялам Нацыянальнага мастацкага музея. Мэта — сумясціць рэстаўрацыю і музеефікацыю аб’екта, што, несумненна, прынесла станоўчы вынік.

Перад працоўнай групай, якая складалася з даследчыкаў, архітэктараў-праекціроўшчыкаў і прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання, стаяла першаснае пытанне аб стварэнні навуковай канцэпцыі рэстаўрацыі аб’ектаў. Патрабавалася дэтальна вывучыць іх гісторыю, адшукаць у беларускіх і замежных архівах тыя матэрыялы, з дапамогай якіх можна было б ўзнавіць знешняе і ўнутранае аблічча замкаў. Не менш складаным аказаўся і пошук арыгінальных прадметаў інтэр’ераў — мэблі, посуду, партрэтаў.

Зразумела, мы вельмі дбайна вывучалі замежны досвед — і асабліва той, які назапасілі краіны-суседзі Літва і Польшча. Скажам, у 80-я гады яшчэ на сродкі ўсесаюзнага бюджэту была праведзена маштабная рэстаўрацыя Троцкага замка. Некаторыя канцэптуальныя напрацоўкі былі выкарыстаныя і на Беларусі.

Наступным этапам была распрацоўка архітэктурнага і будаўнічага праектаў рэстаўрацыі і ўключэнне аб’ектаў у Дзяржаўную інвестыцыйную праграму. І тут неверагодна важную ролю мела поўная падтрымка з боку Кіраўніка дзяржавы і Урада Рэспублікі Беларусь.

Вельмі важным этапам у правядзенні рэстаўрацыйных работ на такіх важных аб’ектах гістарычнай спадчыны быў выбар генеральных падрадчыкаў, якімі сталі ААТ “Будтрэст № 3” Салігорска і дзяржаўнае прадпрыемства “Белрэстаўрацыя”. А прадпрыемства “Керамін” паспяхова справілася з вытворчасцю падлогавай пліткі, элементаў арыгінальных камінаў.

Як і было запланавана, у 2001 годзе рэстаўратары прыступілі да работ у Нясвіжскім замку і працягнулі працы ў Мірскім. Штотыдзень на аб’ектах праводзіліся нарады пад кіраўніцтвам намесніка Прэм’ер-міністра краіны, і калі-нікалі падчас іх даводзілася прымаць даволі нестандартныя рашэнні.

Варта нагадаць, што архітэктурныя помнікі нельга разглядаць у адрыве ад асяроддзя. Таму наступным этапам работ стала рэканструкцыя ўнікальных паркавых зон Нясвіжскага (97 гектараў) і Мірскага (26 гектараў) замкаў. Гэта стварыла спрыяльнае ландшафтнае асяроддзе для турыстычных плыняў.

Немалая ўвага была нададзена і ачыстцы сажалак. Праектна-каштарысная дакументацыя прадугледжвала вывазку донных адкладаў — сапрапелю. Работы вяліся два гады. І дзякуючы гэтаму на палі сельгаспрадпрыемстваў Нясвіжскага і Карэліцкага раёнаў было вывезена 650 тысяч тон сапрапелю  — што дазволіла гаспадаркам значна павысіць урадлівасць глебы і атрымаць высокія ўраджаі.

У выніку напружанай працы навукоўцаў, праекціроўшчыкаў, рэстаўратараў, будаўнікоў наша краіна атрымала знакавыя турыстычныя аб’екты, якія знаёмяць наведвальнікаў з жыццём і побытам беларусаў пачынаючы з XV стагоддзя. Без перабольшвання, замкі і іх грунтоўнае аднаўленне сталі новымі сімваламі дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь. А неўзабаве яны атрымалі прызнанне і на міжнародным узроўні. Сёлета ў чэрвені спаўняецца 20 гадоў з таго дня, калі Замкавы комплекс “Мір” быў уключаны ў спіс сусветнай спадчыны UNESCO. У чэрвені 2002 года Генеральны сакратар Каіціра Міцуура наведаў аб’ект і прыняў удзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных гэтай вельмі важнай падзеі. У сваім выступе госць выказаў словы падзякі Кіраўніку дзяржавы, Ураду і ўсім удзельнікам работ па аднаўленні замка і пажадаў далейшых поспехаў у працы па захаванні і рацыянальным выкарыстанні аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны. І яго пажаданні былі рэалізаваны ў 2005 годзе, калі палацава-паркавы ансамбль у Нясвіжы таксама быў уключаны ў спіс сусветнай спадчыны.

Сёння ў нашай краіне ідзе планавая работа па рэстаўрацыі аб’ектаў гістарычнай спадчыны. Найноўшая гісторыя незалежнай Рэспублікі Беларусь пацвярджае, што вяртанне да жыцця занядбаных каштоўнасцяў стала магчымым дзякуючы аб’яднанню намаганняў дзяржавы і грамадскасці краіны. Адраджэнне Нясвіжскага замка і Замкавага комплексу “Мір” — пераканаўчае таму пацверджанне.

Уладзімір ДРАЖЫН, у 2001 — 2005 гг. — намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь