Ландшафт вайны

№ 25 (1464) 20.06.2020 - 27.06.2020 г

Адзін мудры чалавек пераканаўча патлумачыў, чаму ў час вайны трэба хаваць забітых і выносіць з поля бою параненых. Таму, што калі гэтага не рабіць, жывыя і здаровыя, маючы перад вачыма няўдзячную перспектыву, не пойдуць у атаку. Да гэтай тэзы можна дадаць, што каб баявыя і небаявыя страты звесці да мінімуму, неабходна зладжаная праца мноства спецыялістаў, ваенных і грамадзянскіх, якія наўрад ці патрапяць на Парад Перамогі (калі такі надарыцца), бо яны заўжды “за кадрам”. Нехта мусіць клапаціцца пра тое, каб салдат быў накормлены і апрануты, меў зручную і эфектыўную зброю, арыентаваўся на мясцовасці, куды яго закінуў ваенны лёс. Апошняе з пералічанага ўваходзіць у кампетэнцыю ваенных тапографаў.

/i/content/pi/cult/803/17244/03.jpgПаводле энцыклапедыі ваенная тапаграфія — дысцыпліна, якая вывучае метады і сродкі ацэнкі мясцовасці, арыентавання на мясцовасці, ажыццяўлення баявой дзейнасці войск, а таксама вызначае правілы па вядзенні рабочых карт камандзіраў.

Вонкава карты грамадзянскага прызначэння і карты ваенныя адлюстроўваюць аднолькавую інфармацыю, але розняцца сістэмай каардынат. Бо маюць рознае прызначэнне.

/i/content/pi/cult/803/17244/04.jpgДа 5 ліпеня ў Нацыянальным гістарычным музеі працуе выстава “#Дакладнасць. Свет ваенных тапографаў”. Яна прымеркаваная да 75-й гадавіны Вялікай Перамогі. Да арганізацыі выставы спрычыніліся Дзяржаўны камітэт па маёмасці і навігацыйна-тапаграфічнае ўпраўленне Генеральнага штаба Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

У экспазіцыі — інструментарый ваенных тапографаў, кадры ваеннай хронікі і пастановачныя фотаздымкі, дакументы і кнігі, якія дазваляюць зразумець спецыфіку іх працы. Урэшце, карты, што рабіліся калісьці для ваенных, і тыя, што сёння змешчаны ў сучасных падручніках, даведніках і энцыклапедыях, — розныя рэчы.

/i/content/pi/cult/803/17244/05.jpgЁсць на выставе карта Мінска на нямецкай мове, створаная акупантамі ў 1942 годзе, і карта Берліна — на рускай, так званая “Карта Перамогі”: яе нашы тапографы зрабілі для вайскоўцаў, якія бралі штурмам сталіцу фашысцкай Германіі.

Ваенны тапограф — не тая прафесія, што на вачах ва ўсіх. І працуюць тапографы звычайна на адносна далёкай адлегласці ад лініі агню, і зброя ў іх не вінтоўка ці аўтамат, а цыркуль, лінейка, компас, арыфмометр. Але прызнаннем каштоўнасці іх працы з’яўляюцца высокія баявыя ўзнагароды. На асобным стэндзе ў музейнай экспазіцыі змешчаны партрэты тых, чыя праца дапамагала байцам у наступленні і абароне. Пад кожным партрэтам — выявы ордэнаў, якімі адзначаны ўнёсак гэтага вайскоўца ў Перамогу. А гэта і ордэны Леніна, Чырвонага Сцяга, Вялікай Айчыннай вайны, Чырвонай Зоркі, Суворава, Кутузава, Багдана Хмяльніцкага, Аляксандра Неўскага, а таксама ўзнагароды Югаславіі, Чэхаславакіі, Манголіі, Польшчы…

А самы мірны экспанат выставы — выдадзеныя ў суверэннай Беларусі гістарычныя атласы нашай краіны, да стварэння якіх спрычыніліся і ваенныя тапографы. Хай бы і заўжды такія спецыялісты былі запатрабаваныя толькі ў мірных справах! Хоць ніхто яшчэ і не аспрэчыў правіла старажытных рымлян: Si vis pacem para bellum — “Хочаш міру, рыхтуйся да вайны”.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"