На арэлях-каруселях па глыток жывой вады

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

Знакаміты беларускі кампазітар Алег Елісеенкаў вырашыў сустрэць свой юбілей у родным Маладзечне. Аўтарскі вечар з сімвалічнай назвай “У коле сяброў” невыпадкова пачынаўся а 18-ай гадзіне: менавіта ў гэты час творцу і “стукнула-грукнула” 50.

 /i/content/pi/cult/176/1724/Areli.jpg

Праўда, песень прагучала меней за азначаную лічбу, але амаль 4-гадзінны канцэрт праляцеў, бы адно імгненне.

Агульную ж колькасць твораў гэтага музыканта падлічаць, мабыць, хіба нашчадкі: толькі песень на словы паэта Віктара Кавальчука ў Елісеенкава пераваліла за сотню. А ў яго ж не толькі песні! Хаця ў юнацтве Алег быў зоркай маладзечанскіх танцпляцовак, выступаючы на іх у складзе ансамбля, яго рэспубліканскае і ўсесаюзнае прызнанне пачыналася з твораў сур’ёзных: з трох сімфоній, адметных полістылістыкай, з тонкай камерна-вакальнай музыкі. Ды ўсё ж самым хітовым, бадай, быў вакальны цыкл на вершы Ганны Ахматавай у выкананні опернай салісткі Нагімы Галеевай і самога аўтара, які заўзята і далікатна біў па ўдарным інструменце — так званай “скрыначцы”.

Нарэшце, з’явіўся ў яго лёсе і гэткі вясёлы, неўтаймоўна энергічны “чорцік са скрыначкі” — Аляксандр Саладуха, які больш за 20 гадоў таму быў усяго толькі “хлопцам, што хоча спяваць”. Жанравыя арэлі зноў хіснуліся — і завярцелася песенная карусель, што ўсё набірае ды набірае абароты, не збаўляючы хады. Дый песні— бы спружына, што раскручваецца перад слухачом. Раскладзеш мелодыку “па палічках” — адно няхітрыя інтанацыйныя цаглінкі, але, што вельмі важна, — без адчування другаснасці. Складзеш усё разам — хіт!

Сёння Алег Елісеенкаў — не толькі кампазітар і адметны выканаўца ўласных песень. Выкладчык Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў, кіраўнік студыі “Гран-пры”, ён набыў славу выдатнага педагога (шырэй — выхавацеля маладых эстрадных зорак) і прадзюсера. А яшчэ — чалавека, хаця і звышэмацыйнага, тэмпераментнага, але надзвычай добразычлівага, усмешлівага, шчыра адданага ўсяму, за што бярэцца. Не любіць яго немагчыма!

Вось і Палац культуры Маладзечна рыхтаваў канцэрт (лепей сказаць — вечар імправізацый, спантаных і падрыхтаваных) з любоўю. Уласнымі намаганнямі была знята і паказана на пачатку ўрачыстасці відэастужка (чаго каштуе ўжо назва — “Елісейскія палі Алега Елісеенкава”!), поўная сонечнага гумару, сяброўскіх віншаванняў і трапных аўтарскіх заўваг. А якой любоўю, вынаходлівасцю і густам “зіхацела” сцэнаграфія, нягледзячы не да канца вытрыманую гульню “ў чорнае і белае”! Партрэт — як частка ноткі з прымаляваным “крылцам-хвосцікам”. Чатыры калоны — бы сімвал устойлівасці. Іх падабенства да афішных тумб — як алюзія тэатральнасці. А “размалёўка” на манер фартэпіяннай клавіятуры — сімвал музычнасці і адначасова жыццёвай “цяльняшкі”.

Няма сэнсу пераказваць спевы. Але ж якое суквецце выканаўцаў! Пётр Ялфімаў, Андрэй Хлястоў, Саша Нэма, Анатоль Кашапараў, Якаў Навуменка, Уладзімір Ухцінскі, Леся Кодуш і Слава Нагорны, гурты “Беларусы”, “Чысты голас”, дзіцячы тэатр песні “Хвілінка”... Яснай зорачкай блісканула маленькая, але папраўдзе “прафесійная артыстка” Хрысціна Святлічная з дзіцячага тэатра-студыі “Каларыт”. З Піцера прыехала Ганна Мушак, з Масквы — Дзмітрый Калдун, з Украіны — дуэт “Ганна і Любамір”.

Віноўнік урачыстасці атрымаў званне Ганаровага грамадзяніна Маладзечанскага раёна, медаль “За дапамогу” Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь, прыз “Залаты грамафон” ад “Рускага радыё”, вялізны імянінны торт ад Маладзечанскага хлебазавода. Але хаця ўвесь вечар аўтар шчодра вітаў паэтаў, з якімі супрацоўнічае, на самім канцэрце бракавала... беларускамоўных песень. Напісана іх багата, а ў праграму трапілі ўсяго дзве.

Надзея БУНЦЭВІЧ
На здымку: Дзмітрый Калдун і Алег Елісеенкаў.
Фота Яўгена СТЭЛЬМАХА