Каб дах зусім не пацёк…

№ 24 (1463) 13.06.2020 - 20.06.2020 г

Серыя першая: парадоксы Грушаўкі ды завіслы час у Савейках
У гэты сезон трэвэл-шоу па Беларусі — адзін з самых запатрабаваных медыйных фарматаў, і нават недарэчна пытаць, чаму. Я дадам сваю лепту. Прыдумаў такі алгарытм, даступны амаль для кожнага. Каб не ашалець ад каранавірусных будняў, ты ў выхадны дзень бярэш ровар, апранаеш маску, сядаеш на электрычку, і едзеш туды, дзе можна ўбачыць нешта цікавае. Усё проста, я сам пераканаўся. Выбіраючы маршрут, спыніўся на тых колішніх сядзібах, пра якія ў свой час даводзілася пісаць. Цікава было даведацца пра развіццё тэмы.

/i/content/pi/cult/802/17239/025.JPGПавольны механізм запусцення

…І вось, праз нейкія пару гадзін ты ўжо выгружаешся на паўстанку пад назвай Куляні. Караценькая платформа метраў у 20, а вакол суцэльныя лясы без прыкметаў дарог. І ні душы! Ці не праўда, інтрыгоўны сюжэт для стомленага гарадскімі джунглямі чалавека?

Навігатар хутка прыводзіць мяне да першай мэты вандроўкі. Я бываў тут гадоў дзесяць таму — і бачыў, як запускаецца павольны механізм запусцення. Але ў ліку кандыдатаў на “другое жыццё” колішняя сядзіба Навіцкіх у Савейках Ляхавіцкага раёна была на добрым рахунку. Зацішнае месца, шыкоўны ландшафтны дызайн, а ў дадатак — нядрэнны стан захаванасці ўсяго гэтага хараства.

Апошні фактар вынікае з першых двух: пры Саветах тут быў санаторый, прычым усесаюзнага значэння. Ды вось пераход у іншую эпоху для сядзібы так і не здарыўся — што вельмі парадаксальна, бо рэкрэацыйныя комплексы растуць у нас як грыбы пасля дажджу. А тут на табе гатовы, ды яшчэ які!

Карацей, у сядзібы ёсць усё, каб стацца добра запатрабаванай адметнасцю. Апроч дбайнага гаспадара. Вось таму час тут і завіснуў.

Гадоў дзесяць таму ў гэтай “панны” з’явіўся сур’ёзны “жаніх”-бізнесмен. Мяне ён тады ў інтэрв’ю запэўніваў — з першага погляду ды на ўсё жыццё. Але нягледзячы на падтрымку Міністэрства культуры, да шлюбу справа не дайшла: за нявесту прасілі нейкі зусім ужо несімвалічны выкуп. Жаніх спалохаўся ды… бачком да выйсця.

Як звычайна бывае ў такіх выпадках, потым кошт знізіўся, новы жаніх знайшоўся, але… Плён яго працы ў Савейках я нешта не ўбачыў. Хаця сядзіба прададзеная ўжо гадоў сем таму.

Едучы па ўязной алеі абмінаю маладую сям’ю з каляскай — адзіных убачаных мной турыстаў — і неўзабаве трапляю ў сапраўдную зону запусцення. Першы раз я зніякавеў, калі ўбачыў, як на мяне праз зарасці паглядае алень. Як выявілася, гэта савецкіх часоў скульптура. Іх тут цэлы музей: спадчына санаторыя. Жанрава-тэматычны дыяпазон самы вялікі: ад помніка Леніну да банальных мішак. Помнік, дарэчы, — апошні ў раёне, і да яго яшчэ нядаўна падносілі кветкі. Але цяпер, нават нягледзячы на нядаўні юбілей Ільіча, народнай сцяжыны ў высокай траве не праглядаецца.

/i/content/pi/cult/802/17239/026.JPGЛенін стаіць перад самым панскім палацам, ствараючы сэнсавы аксюмаран. Хто каго перамог — пытанне філасофскае. Так і карціць паразважаць пра марнасць усяго на свеце. Пагатоў, з палаца рэгулярна нешта сыплецца — пакуль, здаецца, толькі тынкоўка.

Але варта адзначыць і станоўчае — заблакаваныя дошкамі дзверы і вокны. Вядома, калі знойдзецца той дурань, якому закарціць патрапіць унутр, такую перашкоду ён лёгка пераадолее. Але ўсе дошкі цэлыя. Што сведчыць як пра належную культуру ды інтэлект нашага народа, так і пра эфектыўнасць самых прымітыўных мер кансервацыі, прымяняць якія Міністэрства культуры даўно ўжо стамілася заклікаць.

Аднак на другую першачарговую меру — тэрміновую ліквідацыю прагалаў у даху з дапамогай часовых матэрыялаў — старанняў ужо не стае. Дзіркі можна заўважыць у некалькіх гаспадарчых будынках сядзібы — не менш цікавых за сам палац і, да ўсяго, нядрэнна захаваных.

Добра, што сёння за стан тых будынкаў, прынамсі, ужо ёсць магчымасць спытаць па законе. Бо яшчэ нядаўна яе не было. Гадоў пад дваццаць таму ў выніку юрыдычных трансфармацый сістэмы аховы спадчыны — яны прадугледжвалі ледзь не аўтаматычнае перанясенне аб’ектаў з аднаго рэестра ў другі (са “Збору” ў Дзяржспіс) — многія каштоўныя помнікі Ляхавіцкага і суседняга Баранавіцкага раёна “згубіліся па дарозе”. І помнікамі быць перасталі. Некаторыя — як, напрыклад, сядзіба Бохвіцаў у Вошкаўцах — і наогул перасталі быць.

Маёнтак у Савейках тады не зусім згубіўся, але ўвайшоў у Дзяржспіс… у якасці старадаўняга парку! Пра цэлы комплекс пабудоваў там нічога не вялося. Аднак тая недарэчнасць ужо выпраўленая, і на кожнай камяніцы цяпер вісіць ахоўная шыльда. Засталося толькі іх захаваць.

Працяг, спадзяемся, будзе

Паблукаўшы сярод папраўдзе маляўнічых джунгляў, у якія пераўтварыліся бераг адной з савейкаўскіх сажалак, я па не надта прыемнай гравейцы рушу ў сядзібу, пра якую мы пісалі ўжо неаднойчы.

У былым котлішчы Рэйтанаў у Грушаўцы заспеў актыўныя працы. Будаўнікі бы мурашы атачылі кінематаграфічна эфектную капліцу, якая дзесяцігоддзямі марнела, адкрытая ўсім вятрам і дажджам. Ды і палац быў абкапаны бадай па перыметры.

— Нам удалося знайсці падмуркі старых ганкаў, —- патлумачыў кіраўнік аўтарскага нагляду аб’екта Павел Сазановіч. — І з улікам гэтага будзем рабіць карэкціроўку праектных рашэнняў, каб выкарыстаць тыя парэшткі для ганкаў адноўленых. Раней мы грунтаваліся толькі на фотаматэрыялах, але цяпер архелагічныя даследаванні дазволілі ўдакладніць габарыты.

Назіраць такую карціну, вядома, было прыемна. Першы крок — ён самы важны. Аднак трэба разумець: гэта толькі пачатак. Як мы ўжо пісалі, грантаўскіх сродкаў хапае адно на першую чаргу аднаўлення вялізнага сядзібнага комплексу. Пакуль аб’ём запланаваных работ не надта вялікі. Як удакладніў Павел Сазановіч, тая ж капліца будзе не адрэстаўраваная цалкам, а толькі закансерваваная. Што прадугледжвае гідраізаляцыю падмуркаў і ўмацаванне скляпенняў. З’явіцца і дах з фальцавым пакрыццём. Прычым, як патлумачыў архітэктар, яно часовае: кроквы робяцца з тым разлікам, каб вытрымаць сапраўдную дахоўку, якая мае тут з’явіцца ў “лепшыя часы”.

Палац набудзе вонкавую прыгажосць — адновяцца яго фасады, з’явіцца сталярка з шыбамі (сёння яе замяняюць негабляваныя дошкі)... Але пакуль што ён будзе збольшага пуставаць. Будаўнікі вернуць да жыцця меней за палову цокальнага паверха — пакінуўшы астатнія два на тыя самыя “лепшыя часы”. Зрэшты, бадай найгалоўнае, што работы будуць весціся і на даху.

Запытаў у Паўла Сазановіча, наколькі там захаваліся аўтэнтычныя кроквы. Архітэктар кажа, што працэнтаў на 90. Так, недзе ўжо працякае, з’явілася гніль, але замена кроквавай сістэмы непатрэбная — толькі асобных элементаў. І гэта ўражвае: дому болей за сто гадоў, з якіх добрую траціну ён прастаяў спусцелым. Значыць, будавалі так, каб і нашчадкі клопату не мелі.

Плач свірна

Як я ўжо казаў, маёнтак у Грушаўцы — гэта не толькі палац, але цэлы ансамбль. Паназіраўшы за шчыраваннем будаўнікоў, іду яго аглядаць.

Пашпарт аб’екта вісіць акурат на самай каштоўнай (і найстарэйшай) пабудове — вонкава не надта прывабным флігелі, дзе знакаміты Тадэвуш Рэйтан правёў апошнія гады жыцця. Шкада, што тая “Мураванка” не трапіла ў першую чаргу. Але паколькі нейкі дах над ёй ужо ёсць — яго гадоў пяць таму змайстравалі валанцёры пры падтрымцы мясцовых уладаў — можна спадзявацца, што ў бліжэйшы час “Мураванка” не разваліцца.

Вялізны драўляны свіран — зусім іншая справа. Тое, што ад яго засталося, жаласна скуголіць на вятры — і, здаецца, вось-вось абрынецца. Яшчэ гадоў пяць таму ў свірне захоўваўся лён, але ў даху ўжо зеўрала невялікая тады дзірка. Прагноз развіцця падзей быў відавочны. Грамадкасць біла ў званы, выратаваць унікальны помнік драўлянага дойлідства са старонак “К” заклікалі такія мэтры навукі, як Анатоль Федарук і Сяргей Сергачоў… Сёння ратаваць ужо, у прынцыпе, няма чаго. Цяперашні стан свірана вы самі можаце ацаніць па фота.

Непадалёк ад яго — кароўнік, які яшчэ зусім нядаўна выкарыстоўваўся мясцовай гаспадаркай, і таму яго стан даволі памысны. Але ці надоўга? Выглядае ён як пасля бамбёжкі: у даху вялізныя правалы. У чым іх прычына?

Напярэдадні вандроўкі Зміцер Юркевіч, які даўно па-валанцёрску апякуецца сядзібай, звярнуў маю ўвагу на тое, што масіўныя металічныя слупы, якія падтрымліваюць дах, знікаюць адзін за адным. Нейкі руплівец выпілоўвае іх — пэўна, каб здаць у металалом. Вядома, таму прайдзісвету няма ніякай справы, што заробленая ім капейчына адгукнецца потым рублём. Але справа да гэтага, як падаецца, павінна быць у кампетэнтных органаў. Урэшце, сядзіба — гэта не толькі каштоўны помнік спадчыны, але яшчэ і дзяржаўная маёмасць!

Але пакуль усё ідзе да таго, што ладная з выгляду камяніца неўзабаве пераўтворыцца ў такія самыя руіны, як і самавітая некалі неагатычная стайня — дзе, дарэчы, таксама відаць свежыя “надрэзы”.

Карацей, у Грушаўцы мы бачым папраўдзе парадаксальную сітуацыю. Два дыяметральна супрацьлеглыя працэсы — аднаўленне і руйнаванне — прагрэсуюць адначасова. Пакуль адны элементы сядзібы аднаўляюцца, іншыя спакваля разбураюцца. І хто яго ведае, які з гэтых працэсаў хутчэйшы.

Думаецца, суботнікі, якія ладзілі валанцёры і мясцовыя ўлады, варта было б аднавіць. Тыя аб’екты комплексу, на якія будаўнікі прыйдуць яшчэ вельмі няхутка, патрабуюць неадкладных захадаў па элементарнай кансервацыі. Бо сёння закрыць дзірачку ў даху яшчэ адной ладнай сядзібнай камяніцы — спіртоўні — справа на якую гадзінку. А заўтра нам будзе крыўдна, калі для той дзіркі своечасова не знойдзецца хаця б руберойду.