З замкавых сцен — позірк у будучыню

№ 24 (1463) 13.06.2020 - 20.06.2020 г

Прыйшла вестка з Гальшанаў, што ў Ашмянскім раёне. Там будаўнікі завяршаюць першую чаргу кансервацыі з рэстаўрацыяй у славутым замку. Пра ранейшыя работы на гэтым помніку “К” пісала ў пачатку мінулага года (гл. № 7 ад 16 лютага 2019-га). Што яшчэ ўдалося зрабіць за гэты час для захавання ды аднаўлення візітнай карткі Гальшанаў, і якая будучыня наканаваная яго старажытным мурам, а таксама іншым замкам Гродзеншчыны?

/i/content/pi/cult/802/17238/024.JPGПершая чарга кансервацыі з частковай рэстаўрацыяй доўжылася ў Гальшанскім замку з 2018 года. Яе аб’ектамі былі паўночная вежа з прылеглымі напаўзруйнаванымі скляпеннямі, а таксама навакольная тэрыторыя на поўнач ад замкавых муроў. Вежу атынкавалі, накрылі дахам, рэканструявалі фрагменты сцен, якія прымыкаюць да яе. Яшчэ летась гэты куток замка ўражваў сваім урачыста-абноўленым, вызваленым ад занядбання выглядам. Ішлі работы па добраўпарадкаванні наваколля, былі высечаныя хмызы на паўночны захад ад сцен гістарычнага аб’екта — на тым месцы, дзе некалі размяшчаліся штучныя ставы.

Зберагчы ўсё, што магчыма

З лютага 2019 года да сённяшняга дня таксама было зроблена нямала. Вядучы метадыст па музеях і ахове гісторыка-культурнай спадчыны Ашмянскага раённага цэнтра культуры Сяргей Жылік распавядае, што за гэты час на паўночнай вежы і прылеглым да яе корпусе быў завершаны мантаж металічных вонкавых лесвіц і глядзельных пляцовак. Калоны, скляпенні і аркі падвала і першага паверха, якія прымыкаюць да паўночнай вежы, рэстаўраваныя ды закансерваваныя, на іх усталявалі спецыяльнае ахоўнае пакрыццё.

Дарэчы, удалося захаваць нават тую арку на першым паверсе паўночна-заходняй сцяны замка, з якой у лютым 2019 яшчэ расло кронай уніз невялікае дрэўца. Арка мела таўшчыню ўсяго ў некалькі цаглін, і высякаць дрэўца было нельга, бо яно пусціла карэнне між цэглы і магло яе абрынуць. Карані так і засталіся ўсярэдзіне муроў, а арка цяпер зрабілася аконным праёмам рэканструяванага корпуса.

На тэрыторыі перад замкавымі мурамі былі пракладзеныя зручныя сцежкі для прагулак, з’явілася прасторная стаянка для машын і турыстычных аўтобусаў, распланавана азеляненне. Распачаты мантаж візіт-цэнтра, у якім размесцяцца адміністрацыйныя і санітарныя памяшканні, а таксама сувенірная крама. Усе гэтыя работы былі праведзеныя на сродкі, атрыманыя з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва і ў межах дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”.

Не абышлося, праўда, і без неспадзяванак — у снежні 2019 года будаўнкі падчас добраўпарадкавання тэрыторыі раптам натрапілі на раней не выяўлены грунтовы могільнік XIV стагоддзя. Работы своечасова прыпынілі, пахаванне было належным чынам даследаванае і вывучанае археолагамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, а пасля закансерваванае. У Гальшанах выказваюць спадзяванне, што знойденыя падчас даследаванняў могільніка артэфакты ў будучыні зоймуць сваё месца ў экспазіцыі замка.

У чаканні колішніх гаспадароў

Мяркуецца, што сёлета будуць праходзіць унутраныя рэстаўрацыйныя работы на паўночнай вежы. На сённяшні дзень на яе ярусах пакладзеная плітка, узоры якой узноўленыя па аналогіі з аўтэнтычным пакрыццём падлогі ў замку Сапегаў. Адпавядаюць гістарычным і ўсталяваныя ў вежы дзверы. Чарга цяпер — за мантажом вонкавага асвятлення ды падсветкі вежы і ўсталяваннем сістэмы відэаназірання.

Прайшоў дзяржаўную экспертызу мастацка-вобразны дызайн-праект музейнай экспазіцыі ўсярэдзіне вежы. Сёлета плануецца правядзенне музеефікацыі яе інтэр’ераў. Тут мяркуюць стварыць экспазіцыю, раздзелы якой будуць прысвечаны легендам і паданням, звязаным з Гальшанскім замкам, гісторыі і архітэктуры ўмацаванняў, побыту яго ўладальнікаў, дзейнасці роду Сапегаў. На першым ярусе вежы размесцяцца археалагічныя артэфакты, знойдзеныя ў выніку раскопак, на другім можа з’явіцца макет замка ў тым выглядзе, якім ён быў у часы Сапегаў. Тут жа можна будзе пабачыць партрэты былых уладальнікаў замка і копіі дакументаў, звязаных з тым слаўным магнацкім родам. На трэцім жа ярусе вежы размесціцца назіральная пляцоўка, з якой адкрыецца від на мястэчка. На фінансаванне ўсіх гэтых работ у бягучым годзе пададзеная заяўка ў фонд Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. Таксама плануецца правядзенне супрацьаварыйных прац на паўночна-ўсходнім корпусе замка — ён мусіць зрабіцца аб’ектам другой чаргі кансервацыі з частковай рэстаўрацыяй.

Менавіта галоўны фасад гэтага корпуса з’яўляецца “тварам” замка, ён вітае ўсіх гасцей помніка, акурат перад ім разгортваецца пляцоўка, куды прыязджаюць турысты і адкуль яны ўпершыню аглядаюць увесь комплекс вежаў і маляўнічых руінаў. На жаль, для гісторыкаў і рэстаўратараў гэты корпус застаецца найвялікшай загадкай: як выглядалі яго інтэр’еры — дакладна невядома. Мяркуецца, што ён будзе захаваны, па магчымасці, у аўтэнтычным выглядзе, ствараючы кантраст з адноўленай і абноўленай паўночнай вежай і надаючы ўсяму комплексу атмасферу даўніны. Дарэчы, менавіта ў сценах корпуса захаваліся паветраводы, якія служылі для ацяплення падлогі ў палацы Сапегаў.

Ідэнтычна аўтэнтычнаму

Кіраўнік праектнага бюро Беларускага камітэта ICOMOS Ігар Раханскі, які распрацоўваў канцэпцыю экспанавання для Гальшанскага замка, распавядае, што цяпер праектуюцца работы на паўночна-ўсходнім корпусе замка і прылеглай да яго ўнутрыдваровай тэрыторыі. Хто будзе генеральным праекціроўшчыкам на гэтым аб’екце — пакуль, на жаль, невядома, але пэўныя ідэі ў кантэксце далейшага ўладкавання замка, тым не менш, узнікаюць.

Так, разважае рэстаўратар, варта было б надаць дадатковую функцыю кансервацыйнаму даху, якім накрытыя аркі корпуса, што прымыкае да паўночнай вежы замка. Схіл даху мог бы накрываць і абараняць ад дажджу сцэну, якую можна размясціць ва ўнутрыдваровай прасторы ў паўночным куце замкавых сцен — пакуль жа сцэна, на якой адбываюцца выступы музыкаў падчас правядзення фестывалю “Гальшанскі замак”, зазвычай размяшчаецца па-за мурамі, ля вонкавага боку вежы.

Што тычыцца канцэпцыі аздаблення інтэр’ера другога яруса вежы - тут задача рэстаўратараў палягае ў тым, каб зрабіць на гледача першае ўражанне, адсюль будзе пачынацца наведванне экспазіцыі. Асноўныя элементы інтэр’ера — столь з роспісамі і велічны камін, які ўражвае сваімі памерамі. Мастакі-рэстаўратары імкнуцца знайсці для аздаблення інтэр’ераў такія рашэнні, якія дазволілі б стварыць вобраз даўніны, пры тым не выдаючы адноўленыя элементы за аўтэнтыку.

Пошукі — не адно творчыя

На будучыню, каб не паўтараліся непаразуменні з выяўленнем археалагічных аб’ектаў падчас будаўнічых работ, патрабуецца праграма археалагічных даследаванняў тэрыторыі вакол Гальшанскага замка — і ўжо робяцца спробы па яе распрацоўцы. Неабходна дакладна запраектаваць, дзе варта зрабіць разведку, дзе — правесці планавыя раскопкі, а дзе хопіць археалагічнага нагляду за будаўнічымі работамі. Дарэчы, у паўднёвым куце замкавага двара прапаноўваецца зрабіць экспануемы археалагічны раскоп, які дазволіў бы наведвальнікам на свае вочы пабачыць сляды слаўнай мінуўшчыны Гальшанаў.

Цікава было б таксама адшукаць дакладнае месца, дзе знаходзіўся замкавы фальварак — пакуль вядома толькі, што ён размяшчаўся ў ваколіцах на паўднёвы захад ад муроў замка. Вызначыўшы гэтую мясціну, яе тэрыторыю таксама можна было б адпаведным чынам добраўпарадкаваць і прыстасаваць для патрэб мясцовых жыхароў і турыстаў. Наогул, ваколіцы замка патрабуюць яшчэ комплекснага асэнсавання і ўладкавання, тут можа быць створаная маштабная паркавая і гідратэхнічная сістэмы.

Цікавым сімвалам з’яўлення новага жыцця ў старажытных мурах мог бы зрабіцца і калодзеж у замкавым двары — архіўныя фотаздымкі дазваляюць меркаваць, што ён існаваў тут і раней. А са струменямі жывой вады праз пэўны час вернецца да колішняй рэзідэнцыі Сапегаў і яе былая слава. Няхай сабе пакуль і не чуваць ля замкавых сцен прывычных гукаў сярэднявечнай музыкі і шуму рыцарскага фэсту — але ўсяму свой час. Багата працы зроблена, багата яе яшчэ наперадзе — але верыцца, што яна з гонарам будзе даведзеная да канца, і гальшанскія муры яшчэ не раз уразяць нас новымі знаходкамі і адкрыццямі — гістарычнымі, рэстаўрацыйнымі, археалагічнымі...

Замкі-суседзі

Пачаўся новы этап кансервацыі і ў Крэве, што ў суседнім з Ашмяншчынай Смаргонскім раёне. Работамі па захаванні тутэйшага замка кіруе ТАА “Белрэстаўрацыя”. Раней тут былі завершаныя работы па кансервацыі паўночна-заходняй сцяны, аб якіх “К” пісала напрыканцы пазамінулага года (гл. № 50 ад 15 снежня 2018-га). Тут таксама не абышлося без пэўных эксцэсаў — увесну 2019 года з-за парушэння тэхналогіі пры будаўнічых работах адбыўся абвал часткі цаглянай кладкі сцяны, але яго наступствы ліквідавалі. Як распавядае навуковы кіраўнік аб’екта Уладзімір Сіняўскі, сёлета мяркуецца кансервацыя паўночна-ўсходняй сцяны з аднаўленнем уязной брамы, у перспектыве тут будуць адноўленыя крытыя баявыя галерэі. Работы таксама фінансуюцца з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва.

А ў Лідскім замку тым часам пачалася праца над экспазіцыяй, якая ствараецца ў вежы Гедыміна. У рамках музеефікацыі на яе ярусах будзе паказаная гісторыя замка і горада ад яго заснавання ў 1323 годзе і да XV стагоддзя. Тут таксама, між іншага, мяркуецца прадставіць археалагічныя знаходкі, зробленыя на тэрыторыі замка — многія з іх нават старэйшыя за яго муры. Хаця, вядома, галоўным экспанатам так ці іначай застануцца самі замкавыя сцены, якія памятаюць слаўныя часы Вялікага Княства Літоўскага.

У самым “замкавым”, паўночна-заходнім рэгіёне Беларусі, працягваюць вяртацца з нябыту ды занядбання і набываць колішнюю веліч магутныя муры, вежы і палацы. Збудаваныя некалі ўладарамі і магнатамі для абароны краіны, яны і сёння ўражваюць сваёй суворай прыгажосцю і дадаюць нашчадкам надзеі на лепшую будучыню. Цяпер нам належыць зноў абжыць іх, напоўніць новым зместам і ператварыць у цэнтры культурнага жыцця і духоўнага адраджэння. Толькі ў такім выпадку можна быць упэўненым, што гэтым мурам больш не пагражае забыццё.