Вось такі нескладаны сторытэлінг

№ 24 (1463) 13.06.2020 - 20.06.2020 г

Спецыяліст мабільнай установы Шчучынскай раённай бібліятэкі імя Цёткі Ірына Яцкевіч уела мяне ўшчэнт, можна сказаць, па вышэйшым разрадзе “ўкантрапупіла”. Напісала ў лісце, што “правяла для жыхароў аграгарадка Руткевічы сторытэлінг”. Прачытаў я апошняе слова і зразумеў, што яшчэ вучыцца мне ды вучыцца. Прыйшлося сітуацыю загугліць. Ніколі цяпер не забудуся, што сторытэлінг — гэта інфармацыя, якую неабходна падаваць у форме цікавай гісторыі, прыпавесці, байкі ці показкі. Так тая інфармацыя запамінаецца хутчэй… Ірына Іванаўна, вазьміце мяне на курсы падвышкі кваліфікацыі. Урэшце і работнікі культуры, і журналісты творчасцю займаюцца.

/i/content/pi/cult/802/17233/016.JPGУ наступны раз шаноўная Ірына Яцкевіч нам напіша якую форму гутаркі яна выбрала для сустрэчы з жыхарамі Руткевічаў, каб надоўга запомнілі яны пра экалагічныя веды ды разнастайнасць мясцовага жывёльнага і расліннага свету… Да слова, менавіта на Шчучыншчыне можна замовіць сабе дастаўку кніг з бібліятэкі імя Цёткі. Для людзей, якія з пандэміяй у нацягнутых адносінах, вельмі зручна.

Брэнд — гэта знак якасці. Вось толькі трэба, каб вынік творчага праекта застаўся ў памяці і меў бы годны працяг у сваёй станоўчай трансфармацыі. У якасці прыклада зноў назаву Шчучынскі раён. Вось што напісала бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі Ганна Карповіч: “З першага дня лета пачала працавацуь адкрытая чытальная зала “Часопісны скверык”. Поруч з выставай энцыклапедый адкрылася і музейная экспазіцыя “Лялькі ў люстэрку часу”. Так, многія райцэнтраўскія паркі летам прапаноўваюць гараджанам чытальныя залы пад адкрытым небам з захаваннем усіх медыцынскіх патрабаванняў. Многія, але далёка не ўсе. Да брэнда, урэшце, яшчэ дарасці трэба.

Падумаў і прыйшоў да высновы, што для таго, каб ці не да кожнага вашага ліста падводку зрабіць, я таксама спрабую заняцца сторытэлінгам. І выкарыстоўваю для гэтага збольшага нейкія цікавыя гісторыйкі з асабістага жыцця.

А сёння хачу пагаварыць з вашай дапамогай пра тое, наколькі мы шчырыя ў творчых памкненнях. Распавяду з асабістай журналісцкай практыкі. Пачынаў я свой “пісучы” шлях за савецкім часам, калі газетны радок каштаваў капейку. Вось пэўныя калегі і гналі радкі. Адсюль — вялізныя тэксты, набрынялыя пустаслоўнай вадой. Змагацца з такімі “радкагонамі” было вельмі цяжка. Дык яшчэ юнаком засвоіў, што якаснага выніку дасягнуць немагчыма, калі ў працэсе творчасці кожны свой радок, кожную ноту ці фарбу ацэньваеш рублём. Творчасць — доля ідэалістаў-летуценнікаў. А такіх у сферы нашай культуры — мора неабсяжнае.

Хапае такіх энтузіястаў у Палацы культуры горада Ліды. Вельмі паважаю кіраўніка гэтай знанай установы Ірыну Тур. За тое, да прыкладу, што яна не баіцца сцвярджаць, што яе падначаленыя лічаць не столькі грошы на асабістым рахунку, колькі на рахунку мясцовай культуры. Па словах Ірыны Эдуардаўны, за мінулы год палац зарабіў больш за 200 пазабюджэтных мільёнаў на старыя грошы. Тут нават за штогадовыя справаздачныя канцэрты публіку прывучылі плаціць. Наколькі ведаю, у іншых раёнах такія мерапрыемствы — бясплатныя, а вось у артыстычнай Лідзе — не. Між тым, якасны тавар лёгка прадаецца. Час і ў прасторы рэгіянальнай культуры засвоіць гэтую нескладаную ісціну… А знак творчай якасці я прысвоіў бы гэтай установе культуры за шчыльнае супрацоўніцтва з індывідуальнымі прадпрымальнікамі і прыватнымі арганізацыямі, якія таксама займаюцца пытаннямі культуры. Многія з індывідуалаў былі вырашчаны менавіта ў палацы. Пра гэта паведамляе нам загадчык дзіцячага аддзела Палаца культуры горада Ліды Лаліта Кумпель. Да прыкладу, сумеснымі намаганнямі ладзілася анлайн-свята гарадскога танца, якое з’яўляецца складнікам магутнага летняга фестывальнага руху субкультур “Маладзёжная хваля”. А пра сямейную акцыю “Тата-фэст” мы ў свой час пісалі…

З Ханевіцкага сельскага клуба Свіслацкага раёна прыйшла цікавая навіна. 3 чэрвеня тут быў адзначаны сусветны Дзень ровара. Работнікі культуры разам з ахвотнымі скіраваліся ў вандроўку. І маляўнічыя месцы наведалі, і вясёлую фотасесію арганізавалі. Мая б воля, я б ровар зрабіў адным з сімвалаў маладзёжнай Беларусі. Дый не толькі маладзёжнай…

У мінулым месяцы ў Мінску прайшоў міжнародны фестываль-конкурс усходняга танца “Ільнара”. Упершыню за 13 гадоў існавання праекта сёлета ён быў рэалізаваны ў анлайн-рэжыме. Браў у ім удзел і гурток усходняга танца “Асель” Смаргонскага раённага Цэнтра культуры… Згадаў, што выбітны знаўца нашай каранёвай культуры Яўген Сахута не ў захапленні ні ад арыгамі, ні ад ўсходніх танцаў. Маўляў, са сваім бы скарбам разабрацца. Не буду разважаць на гэты конт. Галоўным падаецца тое, што па выніках агляду відэазапісаў танцоркам са Смаргоншчыны былі прысуджаны першыя месцы. А кіраўнік харэаграфічнага гуртка Любоў Башлыкова атрымала званне трэнера Беларускай лігі танца. Пераможцаў, як вядома, вітаюць.

Знак творчай якасці… Ён прысутнічае, калі па першым гітарным акордзе пазнаеш, што будзе спяваць Уладзімір Мулявін. І нярэдка такім знакам становіцца прозвішча творцы: Міхаіл Пташук, Генадзь Гарбук, Зоя Літвінава — гэта заўсёдная і непарушная гарантыя высокага мастацкага ўздыму. Іх шчаслівы творчы лёс надае і нам крышку шчасця саўдзелу і дакранання да вялікай таямніцы цудоўнага самавыяўлення… Ганчары з Хоцімска і Лагойска ставяць на сваіх вырабах асабістае кляймо, прывучаюць да такой персаніфікацыі і маленькіх вучняў. Твор толькі тады становіцца творам, калі ён аўтарскі. А аўтар толькі тады адважваецца на асабістае кляймо, калі не баіцца за шчаслівы лёс сваёй работы. Андрэй Макарэвіч, які не толькі “машыніст”, але і архітэктар ды мастак, аднойчы напісаў, што не варта пытацца што мастак піша на палатне, галоўнае, як ён гэта робіць, бо ён заўжды піша настрой. Мы з вамі таксама імкнемся стварыць настрой. Дай нам Бог на гэтым пакручастым, але шчаслівым шляху.

Людміла Верас з Ашмян паведамляе, што да дзятвы на галоўную вуліцу горада выйшлі роставыя лялькі з мясцовага раённага Цэнтра культуры. Сведкі сцвярджаюць, што іхняе карнавальнае шэсце было падобным на нечаканы прыезд шапіто. Калі дзіцячыя вочы напаўняюцца шчасцем, работнікі культуры ядуць свой хлеб недарэмна.

Намеснік дырэктара Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Андрэй Струнчанка даслаў дзве навіны. Першая — пра вынікі абласнога дыстанцыйнага конкурсу чытальнікаў і на лепшую літаратурна-музычную кампазіцыю “Мы памятаем!” “Лепшымі чытальнікамі прызнаны артысты з Докшыц — Ксенія Ілюшына і Валерый Шышла, — распавядае аўтар, — а лепшай літаратурна-музычнай кампазіцыяй — выступленне народнай гасцёўні “Крыніца” Шумілінскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы”.

Другая інфармацыя — пра абласную акцыю з удзелам аўтаклубаў. Па словах Андрэя Струнчанкі, мерапрыемствы ў межах акцыі прайшлі ў 14 раёнах Віцебшчыны. Старт быў на Дубровеншчыне, фінал адбудзецца ў ліпені. “К” даўно пісала пра неабходнасць такіх мерапрыемстваў у маштабах краіны. Дзякуй метадыстам Віцебскай вобласці, што яны рашыліся падвысіць аўтарытэт мабільных устаноў культуры, без якіх сённяшняе якаснае культурнае абслугоўванне нашых вёсак — немагчымае.

У наступным лісце вядзецца гаворка пра захаванне 27 гісторыка-культурных каштоўнасцяў на тэрыторыі Зэльвенскага раёна, якія ўваходзяць у адпаведны Дзяржаўны спіс Рэспублікі Беларусь. Пазалішне казаць, што кожны такі аб’ект можа і павінен стаць брэндавым. Да прыкладу, чатыры архітэктурныя перліны ўвайшлі ў зялёны маршрут “Зэльвенскі Дыярыуш”. Адна Сынкавіцкая царква-крэпасць чаго вартая! Але стан названых каштоўнасцяў, у тым ліку археалагічных, добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторый і арганізацыя ахоўных зон — здавён уваходзяць у лік праблемных пытанняў.

За якасць трэба змагацца. Урэшце, нам калісьці перадалі багацейшую спадчыну, і калі мы яе для нашчадкаў не захаваем, яны нам проста не даруюць. Вось такі нескладаны сторытэлінг.

Стварайце цікавае і пішыце пра яго.

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"