Сцежкаю Генрыха Вагнера

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

Шматлікія фестывалі і святы камернай музыкі, якія не стамляецца ладзіць Заслужаны калектыў Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі, вяртаюць шырокай грамадскасці розных рэгіёнаў краіны нашу музычную спадчыну, часта вядомую хіба спецыялістам.

ХХ стагоддзе — не выключэнне. Ці ацэнены напоўніцу яго здабыткі, а дзесьці, можа, і страты? Важкі ўнёсак у папулярызацыю класікі гэтата часу робіць чарговы такі фестываль — імя Мікалая Чуркіна, які вось ужо сёмы раз адбываецца ў Мсціславе, змяніўшы хіба вяснова-летнюю “прапіску” на восеньскую: 26 — 27 верасня.

Сёлета яго цэнтральная канцэртная праграма прысвечана творчасці народнага артыста Беларусі Генрыха Вагнера.

Стваральнік оперы “Сцежкаю жыцця” (паводле “Воўчай зграі” В.Быкава), трох балетаў, чатырох сімфоній, вакальна-сімфанічных паэм “Вечна жывыя”, “Чытаючы Васіля Быкава” і безлічы іншых твораў, уключаючы джазавыя, Генрых Вагнер быў ураджэнцам Польшчы, але ж ягоны талент расцвіў менавіта на нашай зямлі. Падобны лёс напаткаў і Мікалая Чуркіна, аднаго з заснавальнікаў беларускай музыкі ХХ стагоддзя, жыццёвы шлях якога шчыльна знітаваны з Мсціславам.

Па словах арганізатара і мастацкага кіраўніка фэсту, знакамітага маэстра Міхаіла Фінберга, увага да творчасці Генрыха Вагнера невыпадковая: адзін з першых вучняў Анатоля Багатырова, ён спалучыў у сваім мастацтве цікавасць да беларускага фальклору і гісторыі з віртуозным валоданнем еўрапейскай кампазітарскай тэхнікай. Таму ягоныя творы не страцяць актуальнасці — хаця выконваюцца сёння не так і часта.

Запоўніць гэтую лакуну і прызначаны фестываль, арганізатарамі якога традыцыйна выступаюць Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Магілёўскі аблвыканкам, Мсціслаўскі райвыканкам і, вядома, Нацыянальны канцэртны аркестр.

Другой дамінантай фэсту, праграма якога, па добрай завядзёнцы, будзе вельмі разнастайнай, стане гала-канцэрт “Мсціслаўшчына — край маладосці”.

Удзячная публіка здолее ўбачыць і пачуць салістаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра. У фестывалі, што сёлета супадзе з вялікім раённым кірмашом, возьмуць удзел і лепшыя калектывы Мсціслаўшчыны, а таксама госці з суседняй Смаленскай вобласці і эстонскага горада Сіламяэ, з якім з кожным годам умацоўваюцца партнёрскія адносіны Мсціслава.

Адметна, што канцэртнымі праграмамі фэст не абмяжуецца. Адной з яго інавацый стане ўрок музычнай гісторыі, які пройдзе ў Мсціслаўскім доме дзіцячай творчасці. У ролі “школьнага настаўніка” выступіць загадчык кафедры беларускай музыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзіёмава. Ведаючы, як лёгка ёй, будучы нязменным навуковым кіраўніком фестываляў аркестра, удаецца рабіць змястоўнасць сваіх дакладаў цікавай і даступнай для слухачоў, можна быць упэўненым: даследчыца без цяжкасцей знойдзе паразуменне з дзятвой.

Што да музыкантаў Мсціслаўшчыны, дык фэст дасць ім унікальную магчымасць атрымаць майстар-клас ад такога знакамітага калегі, як заслужаны артыст Беларусі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Барыс Нічкоў, які днямі адзначыў сваё 70-годдзе.

Дзякуючы такім імпрэзам, нашы ўяўленні пра беларускую музыку пастаянна пашыраюцца, а скарбы айчыннай акадэмічнай школы становяцца даступнымі для жыхароў маленькіх гарадоў. Хаця прадубліраваць кожную з унікальных праграм такіх фестываляў на вялікай сталічнай сцэне, мусіць, было б не лішнім.


Ілля СВІРЫН