Што паралельна, а што непазбежна?

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

Азначэнне “Дзяўчына на беразе”, пазычанае з аднайменнай песні вядомага расійскага кампазітара Кіма Брэйтбурга, падобна на тое, можа стаць своеасаблівай візітоўкай заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай. Спачатку ўзнікла песня, напісаная менавіта для Ірыны, потым — адпаведны кліп (па словах Кіма Аляксандравіча, пры апытанні расіян той кліп ледзь не ва ўсіх намінацыях увайшоў у 50 лепшых). Нарэшце, выйшаў альбом пад гэткай жа назвай — з 10-ці песень кампазітара ў выкананні Дарафеевай.

 /i/content/pi/cult/176/1722/Darafeeva1.jpg

Прэзентацыя альбома ў Мінску адбылася з удзелам кампазітара. “За раялем” ён, праўда, не пабываў (бо і раяля не было), але на пытанні журналістаў і пад час прэс-канферэнцыі, і пасля яе адказваць не адмаўляўся. А яго разважанні пра культуру (вядома, з нагоды нашай газеты) і ўвогуле падаліся адметнымі:

— Культура, — распавёў К.Брэйтбург на маю просьбу даць азначэнне гэтаму паняццю, — найперш ахоплівае памяць — пра тыя мастац-кія каштоўнасці і артэфакты, створаныя мінулымі пакаленнямі. Прычым трэба не толькі помніць, што яны існуюць, але і ўмець годна ацаніць усё створанае да нас. Таму культура, на маю думку, — гэта непарыўная сувязь усяго, што існавала да нас, што ўзнікае зараз, і таго, што чакаем у перспектыве. Гэты ланцужок гісторыі, сучаснасці і нейкіх тэндэнцый, мастацкіх прадбачанняў не павінен разрывацца, тым больш, наўмысна. Наадварот: кожны чалавек, які хоча лічыцца культурным, павінен яго толькі ўмацоўваць.

— Ваша творчасць з яе беражлівым захаваннем традыцыйнай лірычнай песеннасці становіцца, такім чынам, спробай выратаваць расійскую эстраду ад бездухоўнасці?

— Было б саманадзейным уяўляць, што я змагу стаць гэткім “ахоўнікам-выратавальнікам”. Я ўсяго адзін з аўтараў, які намагаецца паменшыць колькасць пошласці і дурноты, што ліецца з радыёпрыёмнікаў і тэлеэкранаў. Таму мая мэта куды больш сціплая: не нашкодзіць. Культура — самаачышчальны арганізм. Чым менш мы будзем рабіць насуперак яе натуральнаму развіццю, заснаванаму на пераемнасці, тым лепш.

Нягледзячы на рамантызаванасць назвы і дызайну вокладкі альбома, што выклікаюць асацыяцыі з “Пунсовымі ветразямі”, сярод кампазіцый ёсць нетолькі традыцыйна лірычныя і лірыка-патрыятычныя. У сярэдзіне песеннай “дзесяткі” — жартоўна-гульнёвыя “33 асілкі”, разлічаныя на маладзёжную аўдыторыю “Анёл мой”, “Ходзім па вясёлках”, “Паралельна”. Завяршае ж альбом песня з самай, бадай, сімвалічнай назвай — “Гэта непазбежна”. Дык чаго здзіўляцца, што прэзентацыя (як і любое выступленне Ірыны Дарафеевай, з “жывой” музыкай і харэаграфічнай групай) завяршылася “прэзентамі” ў адказ?

Свае песні дарылі Дарафеевай і ўсім прысутным яе сябры і калегі: Дэрвіш, Аляксей Хлястоў, Алег Сямёнаў, Сяргей Сухамлін, Тарыел Майсурадзэ, Алена Грышанава ды іншыя. Не абышлося і без прэм’еры. Колішняя ўладальніца Гран-пры Рэспубліканскага конкурсу “Белазаўскі акорд” — каларытная, багатая на творчы патэнцыял Інга (Інга Кісялёва; гл. “К” № 40 за 2005 г.), якая з гэтага сезона працуе ў Тэатры песні Ірыны Дарафеевай, прапанавала аўтарскі твор. І запомнілася ледзь не больш за астатніх.

Што ні кажыце, калі за “раскрутку” бярэцца прадзюсер нашай эстраднай прымадонны Юрый Саваш, поспех — гэта непазбежна. Была б толькі працаздольнасць у яго “падначаленых”!


Фота Алы ТКАЧЭНКА