Таямніцы Манюшкаў

№ 23 (1462) 06.06.2020 - 13.06.2020 г

Частка X
Чаму ж мы столькі ўвагі надалі асобе італьянскага музыканта Алясандра Данэзі? Па-першае, таму, што вяртанне забытых імёнаў, датычных да гісторыі Беларусі — уласна кажучы, наш абавязак. А Данэзі, як мы ўжо бачым, цалкам на тое заслугоўвае. Па-другое, менавіта яго можна лічыць асноўным прэтэндэнтам на ролю аўтара музыкі да адной з першых на Беларусі опер “Агатка”, якую сёння зазвычай прыпісваюць нямецкаму кампазітару Ёгану Голанду. Ну і па-трэцяе, продкі будучай жонкі Станіслава Манюшкі Аляксандры Мюлер, верагодна, не толькі гралі свае ролі ў прэм’ернай нясвіжскай пастаноўцы “Агаткі”, але пазней паспяхова дэманстравалі яе на варшаўскай сцэне. І калі б яны пакінулі ўспаміны, дык дапамаглі б нам раз і назаўсёды вырашыць пытанне: хто — Данэзі або Ёган Голанд — у 1784 годзе пры агеньчыку свечкі абмяркоўваў з Мацеем Радзівілам “музычныя акцэнты” опернай партытуры. Але паколькі ўспамінаў няма, давядзецца разбірацца самім.

/i/content/pi/cult/801/17217/021.JPGШчодрасць “Пане Каханку”

Абжыўшыся на старым месцы, князь Караль Станіслаў Радзівіл ці не першай справай пачаў збор раскіданых палітычным ліхалеццем 1770-х тэатральных “камянёў” Нясвіжа. Ад князя Міхала Казіміра Агінскага ён патрабаваў вяртання старых правераных кадраў. Напрыклад, выдатнага віяланчаліста Райскага, якога Агінскі ў свой час “запазычыў” — і настолькі ўпадабаў яго талент, што справа вяртання цягнулася даволі працяглы час. Радзівіл, вядома, перамог. У 1780 — 1782 гадах са Слоніма ў Нясвіж перабраліся (з падвышэннем ганарару) і іншыя музыкі і спевакі і спявачкі: Тамашэўскі, Калаўзэк (Калензак), Лісевіч, Янскі, Гофман…

Але паралельна Радзівіл займаўся і пошукам новых зорак. Недзе ў 1782 годзе ў Нясвіж быў запрошаны, як нібыта выкладчык музыкі, Ян Голанд і яго жонка — як спявачка. Чамусьці па сённяшні дзень не апублікаваныя дакументы — кантракты ці лісты — якія б паказалі, чым, як і за колькі займаўся Голанд пры двары “Пане Каханку”. Не публікаваліся такія звесткі і пра Данэзі. Праўда, калі пра нямецкага музыканта мне не ўдалося знайсці нічога асаблівага, то пра італьянскага капельмайстра сёе-тое адшукалася.

У Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы захоўваецца мікрастужка рукапісу артыкула (ці нарыса) нясвіжскага архівіста (1896 — 1908) доктара Багдана Пул'яноўскага пад назвай “Збор нататак пра гісторыю нясвіжскага тэатра”. Хоць праца была завершаная яшчэ ў 1900 годзе, а іншы знаўца Мар’ян Шыйкоўскі (1883 — 1952) напісаў да яе прадмову, яна так і застаецца ў рукапісу. На вялікі жаль — бо, як мне падаецца, некаторыя з дакументаў, якія прывёў Пул'яноўскі, ужо страчаныя. Таму публікацыя набывае яшчэ большую вагу, асабліва для нас. І вось чаму.

У 1782 годзе князь Караль Радзівіл заключае шэраг кантрактаў з рознымі творчымі асобамі. Згадваецца сярод іх і той, хто нас цікавіць: “Нейкі Алясандр Данэзі — / музыкант і спявак / — атрымлівае штогод чыр. зл. 240 і навучае хлопцаў”. Італьянец сярод усіх згаданых атрымлівае адзін з самых высокіх заробкаў. У залежнасці ад курса чырвонага злотага, гэта было ад 3 840 да 4 320 (!) злотых — то-бок ледзь не ўдвая больш, чым на службе ў Агінскага (2 304).

Гэта быў неверагодна высокі ганарар, які сведчыў пра адпаведны ўзровень прафесіяналізму і патрабаванняў да італьянца. Цікава, што Голанда сярод шматлікіх музыкантаў і спевакоў на гэты час нясвіжскі архівіст не згадвае. З’яўляецца ён пазней — напачатку ХІХ стагоддзя, калі Дамінік Радзівіл дазволіў яму жыць у гэтак званай “Кардыналіі” (палацы Радзівілаў у Вільні).

Дарэчы, яшчэ раз пра кошты. Як пісаў прафесар Гурый Барышаў (1928 — 2001), тыя некалькі дзён у верасні 1784, якія кароль Панятоўскі прабавіў у Нясвіжы, абышліся Радзівілу ў 1 600 000 злотых (злоты быў роўны 30 грошам). У той час, як “на харчаванне дзяцей — прыгонных танцоўшчыкаў — паўтара грашы ў дзень”.

/i/content/pi/cult/801/17217/022.JPGВынікае, што Данэзі перабіраецца ў Нясвіж або з падахвочвання Радзівіла, або сам — пасля завяршэння кантракта з Агінскім, які ў гэты час акурат вырашыў павандраваць, і ў сярэдзіне 1782-га быў ужо ў Ахене, а напрыканцы года ў Бруселі. Італьянец працуе ў Радзівілаў да 1785 года. Чаму менавіта 1785-га? І які быў далейшы лёс Данэзі? Адказу няма. Нават згаданы прафесар Анджэй Цэханавецкі, які, падавалася, меў доступ да ўсіх архіўных таямніцаў, проста адзначыў гэтую дату.

Ці не грунтуецца такая выснова на памылковых звестках, што “Агатка” ставілася для караля ў 1785 годзе (насамрэч у 1784)? А можа, і на падставе афіш варшаўскага тэатра 1785 года, на якіх побач з “Агаткай” стаіць імя Данэзі?

Чыя “Агатка” і чый “Арфей”?

Варта згадаць, што ў дыярыушы падарожжа караля, які вёў яго радца, гісторык, пісьменнік і на той час Вялікі пісар літоўскі Адам Нарушэвіч (1733 — 1796), ёсць вельмі важная інфармацыя, на якую, мне падаецца, не звярталі ўвагі музыказнаўцы. Пішучы пра склад капэлы (відаць, на 17 верасня), Нарушэвіч згадвае Данэці. Прычым ён на першым месцы (!): “Данэці, кампазітар, Голанд, кампазітар, Альберціні, капельмайстар”. Вядома, што ўвечары 17 верасня 1784-га спярша была паказаная опера “Агатка”, а пасля яе, згодна с завядзёнкай тых часоў, — балет “Арфей у пекле”.

Як пісала прафесар-музыколаг Аліна Жураўская-Віткоўская, “Голанд, якому князь Радзівіл даручыў сачыніць музыку да балета “Арфей у пекле”, не павінен быў быць аўтарам музыкі да оперы, якая папярэднічала балету. Згодна з тагачаснай практыкай, оперу замаўлялі ў капельмайстра або творцы, які ўжо займеў рэнамэ і досвед у гэтым стылі — у Нясвіжы ім быў Данэзі, рымлянін, аўтар фарсеты Il villano facoltoso, выкананай у Фларэнцыі на карнавале 1766 (Teatro della Palla a corda); балетную партытуру даручалі музыканту рангу ніжэй — у Нясвіжы гэта Голанд, аўтар балета Hamlet, Prinz von Dannemark, выкананага ў Гамбургу ў 1776-м. Партытура “Агаткі”, якая захавалася, пэўна, ёсць справай Голанда, аднак паўстала яна пазней, з невядомай мне нагоды, хоць і на тое самае лібрэта”.

Дапоўнім сказанае, нагадаўшы, што акрамя згаданага твора, Данэзі меў яшчэ і досвед супрацоўніцтва з Антоніа Гатта ў 1768-м, а потым “абавязак сачыняць оперы” ў 1775-м. Дапамагаў Агінскаму ў ягоных оперных практыках. Ды і сам жанр, зрэшты, італьянскага паходжання. А вось знаёмства Голанда з операй, наколькі можна меркаваць з яго жыццярыса, на той час было на ўзроўні “ўдзячнага слухача”.

А тое, што Адам Нарушэвіч расставіў музыкантаў у такім парадку, можна разглядаць не толькі як сведчанне “старшынства” пры двары, але і як ускосны доказ таго, што Данэзі — аўтар музыкі да оперы, а Голанд — да балета. Інакш у такой расстаноўцы сіл як быццам, і логікі ніякай няма.

Заваяванне Варшавы

Паколькі нясвіжскі паказ прыдзірлівую публіку ўразіў, у 1785 годзе прэм’ера “Агаткі” адбываецца і ў Варшаве. Як мы ведаем, Данэзі яшчэ нібыта працуе ў Нясвіжы. Голанд таксама. Але на афішы згаданае імя першага. Гісторык тэатра Людвік Бярнацкі (1882 — 1939) у 1925 годзе выдаў двухтомнік “Тэатр, драма і музыка часоў Станіслава Аўгуста”. У першым томе аўтар падае дзённік жыцця варшаўскага тэатра — таго самага шматпакутнага, пра які мы пісалі ў мінулай частцы. І вось запіс за 30 кастрычніка: “Нядзеля. Опера ў трох актах “Агатка”, тая самая, якая калісьці падчас векапомнага ў Нясвіжы, у кн. Радзівіла… была дадзеная на прыёме панскім. Музыка сачынення п. Данэзі, капельмайстра надворнага Ясна асвечанага князя Радзівіла, віленскага ваяводы. Балет...” Наступны паказ адбываецца 17 лістапада. У прамежках паміж актамі і напрыканцы вечара, як і належыць, балет.

1788 год. У Варшаву ізноў прыязджае нясвіжская трупа. 10 красавіка ставіцца аднаактавая камедыя “Каханак, аўтар і слуга”, у якой дэбютуе “новапрыбылы акцёр Закрэўскі”. А 17 красавіка — ізноў “Опера арыгінальная “Агатка”, дзе ў ролі Агаткі дэбютуе “новапрыбылая актрыса Закрэўская”. А потым — чарговы балет Ле Ду. 23 верасня — “Опера арыгінальная ў 3 актах, з музыкай п. дэ Данэзі “Агатка”. Балет Куртца…”

Працытуем таго ж аўтара яшчэ:“1788. Балет быў узмоцнены танцорамі — суайчыннікамі са Слоніма, з прыдворнага тэатра графа Агінскага, Вялікага гетмана літоўскага, дзе таксама была суполка польскіх акцёраў. Дня 10 красавіка ў камедыі “Каханак, аўтар і слуга”, а дня 17 у оперы “Агатка” гралі першы раз акцёры з нясвіжскага прыдворнага тэатра пан і пані Закрэўскія”.

Дык вось, згаданыя Закрэўскія — гэта тыя самыя дзед Станіслаў і бабуля Марыя з Вернэраў будучай жонкі Станіслава Манюшкі Аляксандры. Якім ветрам іх занесла ў Нясвіж перыяду чарговага росквіту? Аб гэтым пазней. А вось у тым, што яны прысутнічалі ў Нясвіжы падчас першай пастаноўкі оперы “Агатка”, а таксама маглі быць удзельнікамі і варшаўскай прэм’еры — пакуль на другіх ролях — сумнявацца не выпадае. І, пэўна, яны выдатна ведалі, хто з’яўляецца аўтарам музыкі, аб чым сведчыць імя Данэзі ў абвестках і на афішах варшаўскіх пастановак.

Высновы з гэтага можна зрабіць даволі простыя. Ад 17 верасня 1784 года цягам пэўнага часу, пакуль былі жывыя ўдзельнікі стварэння “Агаткі” ці асобы з іх атачэння, ніхто не аспрэчваў аўтарства музыкі капельмайстра нясвіжскай прыдворнай капэлы Алясандра Данэзі. Не аспрэчваў гэтага і нямецкі музыкант і кампазітар Ёган Давід Голанд, аўтар музыкі да нясвіжскіх балетаў. Толькі пазней імя апошняга пачынае прабівацца ў “верхнія радкі чартаў”, адціскаючы Данэзі ў цень. Але ўсё роўна бясспрэчных доказаў аўтарства Голанда і да гэтага часу не прыведзена. Таму, кіруючыся логікай, я бы схіліў шалі на бок італьянскага музыкі. Хаця, хто ведае, якія яшчэ таямніцы хаваюць архівы.

А ў наступнай частцы нас чакае блізкае знаёмства с Закрэўскімі. Пагатоў, у жыцці гэтай тэатральнай пары былі эпізоды не менш цікавыя за ўсе тагачасныя камедыі і трагедыі.

Аўтар: Зміцер ЮРКЕВІЧ
калумніст газеты "Культура", арт-куратар