Не згубіць бы, не забыцца…

№ 23 (1462) 06.06.2020 - 13.06.2020 г

Век жыві, век вучыся. Корпаўся ў інтэрнеце і выпадкова натрапіў на прымаўку “Мая хата з краю…” І надзвычай здзівіўся, што ёсць у яе даўно забыты працяг. У поўнай форме гучыць народны выраз такім чынам: “Мая хата з краю, таму першым ворага сустракаю”. У скарочаным варыянце мае прымаўка адно значэнне, у поўным — цалкам супрацьлеглае. Перапісванне ісціны ў філалагічным, так бы мовіць фармаце. Не буду цяпер высвятляць сутнасць моўных (а мо і не толькі моўных) працэсаў, у выніку якіх патрыёт у прымаўцы ператварыўся ў абыякавага хутараніна. Мовазнаўцы кажуць, што аналагічныя скарачэнні для славянскіх прымавак ды прыказак — вельмі ўласцівыя. Таму тут вось якую выснову варта зрабіць: фальклорныя (дый не толькі) вышукі неабходна да канца даводзіць. Каб складнікі той карпатлівай працы не губляліся, утвараючы двухсэнсоўнасць успрымання няпоўнага выніку. Гэта ў любой справе важна, асабліва — у сутнасным развіцці нацыянальнага мастацтва. У адваротным выпадку развучымся разумець песні ды прыпеўкі, будзем бабульчыны ручнікі няправільна расшыфроўваць. А як тады данесці спадкаемцам, што беларуская хата — заўжды ворага першай сустракае, а не хаваецца ў бульбу…

/i/content/pi/cult/801/17212/012.JPGНа Глыбоччыне ўсё цудоўна з расшыфроўкай тканай спадчыны. Прынамсі, вось пра што піша намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Марына Сакалоўская: “У нашым доме рамёстваў працуе выстава “З бабулінага куфра”. Гэта вынік працяглай пошукавай дзейнасці. Захаваны дзясяткі саматканых ручнікоў і посцілак, а таксама фрагменты гэтых вырабаў, па якіх майстры паступова ўзнаўляюць забытыя арнаменты і тэхнікі ткацтва. Адноўленыя шэдэўры можна ўбачыць на выставе. Гэта посцілкі і паясы народнага майстра Беларусі Веры Байковай, а таксама посцілкі яе вучаніцы — метадыста Дома рамёстваў Алены Міхайлоўскай і маляваныя дываны Галіны Таляронак. На выставе — і старадаўнія ручнікі з фондаў мясцовага гісторыка-этнаграфічнага музея. Раслінная і геаметрычная вышыўкі — характэрныя. Бадай, самы цікавы экспанат — вясельны ручнік з вышытымі галубамі і вінаграднымі гронкамі. Семантыка тут наступная: пара птушак — сімвал любові і сям’і, а вінаград — знак багацця і пладавітасці.” Далей аўтар паведамляе, што на выставе прадстаўлены і “набожнік”. Ім спрадвек упрыгожвалі іконы ў чырвоным куце хаты. Асноўныя колеры такіх ручнікоў — чырвоны і чорны. А ёсць ручнік з вышыўкай у выглядзе вазы з пшанічнымі каласамі. Яго перадавалі з хаты ў хату для абярэгу ад засухі, голаду і бяды. У вашай хаце ёсць штосьці падобнае? Я, да прыкладу, за такімі ручнікамі для сябе і сыноў пастаянна езджу і ездзіць буду ў гасцінную ды шчодрую Неглюбку на роднай Веткаўшчыне.

У маёй мінскай Малінаўцы звар’яцелі салаўі, такія спеўкі распачалі, што заснуць не даюць. А мо спаць замінаюць успаміны? Пра тое, да прыкладу, як бацька-біёлаг вучыў мяне птушак ведаць ды разумець. Ён бы вельмі здзівіўся, што цяпер многія лясныя птушкі з камфортам атабарыліся ў нашых гарадах. Пра гэта і не толькі напісала бібліятэкар Казлоўшчынскай гарпасялковай бібліятэкі з Дзятлаўшчыны Людміла Антончык. Гэтая ўстанова з’яўляецца яшчэ і цэнтрам агульнадаступнай інфармацыі. Аматарскае аб’яднанне “Сцяжынка” займаецца тут экалагічнай адукацыяй. Юныя чытачы ўдзельнічаюць у вандроўках па родным краі, знаёмяцца з жывёльным светам, вучацца разумець птушак. Можаце лічыць мяне ідэалістам, але я перакананы, што нашы далёкія продкі ведалі мову не толькі звяроў, але і дрэў ды кветак. Ці ж можна губляць тое, што ведалі калісьці беларусы?!

/i/content/pi/cult/801/17212/013.JPGНа 60-м годзе жыцця пайшоў з жыцця загадчык Летняга амфітэатра ў Віцебску Анатоль Васенда. Так атрымалася, што я некалькі гадоў запар рабіў рэпартажы з Віцебска, якія рыхтаваліся да “Славянскіх базараў…” І пастаянна сустракаўся з даўгагрывым і заўжды вясёлым Анатолем. Ён быў легендай фестывалю, ягоным талісманам. І ў тым, што на сцэне пастаянна адбываўся светлавы ды гукавы цуд, была неаспрэчная заслуга Анатоля. Калі фэст набыў новы гукаўзмацняльны апарат, Васенда завёў мяне ў самы цэнтр амфітэатра і ўрубіў басы. Вы б бачылі з якімі шчаслівымі вачыма ён запытаўся: “Ну як табе?” А я больш чыстага, выразнага і важкага гуку ніколі і нідзе не чуў. Пасля смерці Анатоля свет стаў не такім яскравым. Няхай наступныя фэсты стануць помнікам для цудоўнага чалавека, які ўмеў прыносіць людзям радасць.

Наступная інфармацыя — таксама з Дзятлаўшчыны. І яна таксама пра вельмі дарагога мне чалавека, якога ўжо няма сярод нас. Бібліятэкар Дварэцкай сельскай бібліятэкі сямейнага чытання Алена Казлова распавяла пра творчасць таленавітага паэта, публіцыста і настаўніка Мар’яна Дуксы з вёскі Солы, што ў Смаргонскім раёне. Мы былі знаёмыя яшчэ з маіх ЛіМаўскіх часін. Вельмі цяжка, калі сыходзяць людзі эпохі, якіх прынята называць сумленнем нацыі. Але не будзем больш пра сумнае.

Асноўная прыкмета рэгіянальнай культуры гэтых дзён — анлайн-творчасць. Усё больш дасканалай яна становіцца ў Дзяржынску. Вось пра што распавяла рэдактар мясцовага гарадскога Дома культуры Таццяна Шылак: “Спробай пяра стала акцыя ў падтрымку ўрачоў. Потым мы пачалі рэалізоўваць новыя праекты: віртуальныя канцэрты, флэшмобы, гульні і конкурсы. Асаблівую папулярнасць набыў вакальны конкурс. Не менш рэзананснымі застаюцца і інтэлектуальныя гульні”.

У гэткім жа анлайнавым фармаце адбылася і сустрэча з паэтамі Свіслаччыны. Пра гэта напісала метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі. “Мы распрацавалі інтэрнэт-праект “Паэты роднага краю” і на сваім сайце прапанавалі сустрэчу з творцамі, — распавяла аўтарка ліста. — Паэты-землякі шчыра і пранікнёна чытаюць свае вершы аб роднай зямлі, пра каханне і прыроду…”

У Бабруйскай цэнтральнай бібліятэцы праходзіла акцыя “Уладзіміру Ліпскаму — 80”. Цягам некалькіх месяцаў гаворка з чытачамі ішла пра творчасць дзіцячага пісьменніка. Да гэтага быў прымеркаваны і конкурс малюнкаў, у якім бралі ўдзел 20 школьнікаў. У аснове работ — сюжэты з мастацкіх твораў і публіцыстычных артыкулаў Уладзіміра Ліпскага. Пераможцамі сталі Кацярына Жачкіна, Паліна Бярозкіна, Арзу Алікберава. А быў яшчэ і цыкл анлайн-абмеркаванняў урокаў мужнасці і памяці ад Уладзіміра Ліпскага. Абмеркаванні размешчаны на сайце ЦБС Бабруйскага раёна.

Хочаце касмічнага рэалізму? Калі ласка, Гомельскі абласны цэнтр народнай творчасці запрашае на выставу эзатэрычных карцін Галіны Алейнікавай. Яна нарадзілася ў Калінкавіцкім раёне, працавала ў Добрушы на папяровай фабрыцы, на фарфоравым заводзе. Самадзейны мастак стварае ў змяшанай тэхніцы з выкарыстаннем розных графічных матэрыялаў. Выстава называецца “Шлях да сябе. Фарбы маёй душы”. Ёсць магчымасць наведаць выставу і ў анлайн-фармаце.

Напярэдадні Дня абароны дзяцей Палац культуры горада Ліда прапанаваў займальны адпачынак для ўсёй сям’і, які дапамог напоўніць вольны час новымі ўражаннямі, цікавымі сустрэчамі, вясёлымі забаўкамі. Нядзельны вечар 31 мая стаў для ўдзельнікаў анлайн-свята танца “Танцуючы горад” актыўным і энергічным. Яно аб’яднала розныя напрамкі танцавальнага руху. Забаўляльныя мерапрыемствы працягнуліся на адкрытай пляцоўцы каля Палаца культуры і на наступны дзень. Юныя лідчане разам з акцёрамі ўзорнага тэатра “Какос” і народнага тэатра гульні “100 сяброў” адправіліся ў падарожжа на “Планету Дзяцінства”, сталі ўдзельнікамі конкурсаў, майстар-класаў, зарадзіліся пазітывам на танцавальна-забаўляльнай праграме “Музыка і сям’я”. Атмасферу свята дапоўнілі выступленні ўдзельнікаў дзіцячых калектываў.

Віртуальную экскурсію “Мы роднай зямлі ўсходы” прапаноўвае Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі “Прамень” горада Гродна. У экспазіцыі — жывапісныя карціны і вырабы з гліны. Гэта пачатак цэлай серыі летніх выстаў, што запланаваны ў выставачнай зале Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.

Інфармацыя са Шчучынскага раёна — пра здаровы лад жыцця. Яго прапагандуе экіпаж аўтабібліятэкі Шчучынскай раённай бібліятэкі сумесна з Ражанкаўскім сельскім выканаўчым камітэтам. Вось такімі агульнымі намаганнямі праведзены дыялог-сустрэча са школьнікамі аграгарадка Балічы “Не прапальвай сваё жыццё”. Гаворка ішла пра небяспеку дзіцячага свавольства з агнём.

Дырэктар Музея гісторыі горада Гомеля Юлія Купрэева прыдумала выставу Alter Ego. Ёй дапамаглі супрацоўнікі студыі моды і стылю SeTmodels і Цэнтра моды і стылю M.Y. STUDIO. У экспазіцыі 25 работ пяці фатографаў, якія супрацоўнічаюць з мадэллю Кацярынай Дубіцкай. У партфоліа мадэлі — непаўторныя вобразы, якія дэманструюць грані яе характару. Застаецца дадаць, што Кацярыне Дубіцкай — 16 гадоў, але на яе “модным” рахунку —
больш за сто паказаў мод у Беларусі, Расіі, Украіне.

Даводзьце свае справы да канца!

Сустрэнемся праз тыдзень.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"