Сімфонія ў чатыры рукі

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

Дзе жыве музыка? Хтосьці скажа летуценна: “У душы”. Хтосьці пафіласофствуе: “Там, дзе яе любяць”. Менш рамантычныя асобы дакладна канстатуюць: “У нотах і гуках”, або: “У філармоніі”, маючы на ўвазе менавіта “жывы” гук. Таму напярэдадні Міжнароднага дня музыкі, які адзначаецца 1 кастрычніка, нашымі суразмоўцамі сталі мастацкі кіраўнік Беларускай дзяржаўнай філармоніі, заслужаны артыст краіны, прафесар, вядомы піяніст Юрый ГІЛЬДЗЮК і ягоная жонка Вольга САВІЦКАЯ — кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, сябра Беларускага саюза кампазітараў, вядучая шматгадовага філарманічнага цыкла “Шэдэўры арганнай музыкі”. Гэтая сямейна-музычная пара неразлучная яшчэ са школьных гадоў — сядзелі за адной партай. Абодва нядаўна адсвяткавалі свае юбілеі — сціпла, быццам саступіўшы месца юбілею роднай філармоніі. Дый іх сямейны партрэт за раялем — чым не “дом, дзе жыве музыка”?

Вызначэнне паводле Гесэ

— Чым для вас з’яўляецца музыка? — задала “дзяжурнае”, улічваючы хуткае свята, пытанне. У адказ падрыхтавалася пачуць штосьці накшталт зладжанага дуэта: гэта, маўляў, усё наша жыццё. Ажно не: у кожнага знайшліся свае адметныя словы, далёкія ад энцыклапедычнага азначэння.

Ю.Г.: — Музыкай можна назваць далёка не ўсё, што гучыць навокал. Я маю на ўвазе нават не звыклы падзел на музычныя тоны і побытавы шум ці на сур’ёзныя і лёгкія жанры. Музыка — гэта тое мастацтва, якое гукамі прымушае трапятаць чалавечыя душы — гэта гукі, што кранаюць. І хаця ёсць безліч тэорый і спецыяльных дысцыплін, прысвечаных вывучэнню (і, адпаведна, навучанню), як менавіта дасягнуць падобнага эфекту, сапраўдная Музыка застаецца таямніцай: адзін і той жа твор у выкананні адных — Музыка, а зайграюць іншыя — атрымаюцца агучаныя ноты.

 /i/content/pi/cult/176/1721/VIP.jpg
— Падвынікоўваю: музыка — гэта таямніца, маці якой — Муза, а бацька — Талент. А ваша меркаванне, Вольга Парфёнаўна?

В.С.: — Вы што, спаборніцтва праводзіце? Улічваючы, колькі было сказана класікамі, я не рызыкнула б даваць новае азначэнне. І параіла б усім цікаўным: чытайце, да прыкладу, Германа Гесэ — у яго ўсё сказана!

— Але зараз мы будзем чытаць іншую кнігу — вашага жыцця, наскрозь прасякнутага музыкай. Дзякуючы ёй вы, мабыць, і пазнаёміліся?

В.С.: — Можна і так сказаць, бо разам вучыліся ў спецыялізаванай школе пры кансерваторыі (зараз гэта Рэспубліканскі каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі), потым — у кансерваторыі.

— А самы рамантычны ўспамін?

В.С.: — Як адкрывалі для сябе жывапісныя куточкі старога Мінска (часам замест школьных заняткаў). І як гралі сімфоніі ў чатыры рукі.

Ю.Г.: — У школе Вольга яшчэ саромелася іграць разам са мной, а ўжо ў кансерваторыі мы з ёй перайгралі амаль увесь сусветны сімфанічны рэпертуар... (Зразумела цяпер, чаму дысертацыя Савіцкай прысвечана жанру беларускай сімфоніі, а Гільдзюк і дагэтуль застаецца адным з лепшых ансамблістаў: пачуццё музычнага партнёрства ў яго амаль на генетычным узроўні. — Н.Б.) Дый цяпер многія айчынныя партытуры я ўпершыню бачу дома: Вольга іх даследуе, шукае заканамернасці і адметнасці. А потым я бачу іх на працы. Абодва філарманічныя калектывы — акадэмічны сімфанічны аркестр і камерны — перайгралі ўсе значныя нацыянальныя творы буйной формы. Сімфоніі ж Яўгена Глебава, Дзмітрыя Смольскага і Андрэя Мдзівані гучалі таксама за мяжой. І хаця замежныя выкананні для беларускай музыкі — не навіна, куды часцей гучаць творы камерныя (гэта, прабачце за прозу, больш танна). Замаўляючы ж аркестры, імпрэсарыо просяць сусветную класіку. І тое, што ў замежныя канцэрты трапляюць сучасныя сімфоніі, няпростыя паводле музычнай мовы, сведчыць пра майстэрства як нашых кампазітараў, так і нашых выканаўцаў.

Ад “... Восені” — і да “... Вясны”

Усё, падумала я, размова скончана. Так і здарылася: наша гутарка, не паспеўшы распачацца, ператварылася ў своеасаблівую “прэс-канферэнцыю” на тэму адкрыцця 71-га канцэртнага сезона. Замест таго, каб распавесці мне ва ўсіх фарбах пра толькі што выдадзеную жончыну кнігу “Буйныя інструментальныя формы эпохі барока” ці хаця б пра свой хуткі ўдзел у Днях культуры Беларусі ў Літве (у якасці не толькі афіцыйнай асобы, але і канцэртуючага музыканта), Юрый Мікалаевіч зноў пра філармонію ды пра філармонію. Іншая жонка сцэну рэўнасці закаціла б, а гэтая — туды ж: таксама пра філармонію. Так што да сваіх захопленых уражанняў ад першых канцэртаў сезона я далучыла шмат цікавых звестак пра будучыя выступленні — і склала іх у своеасаблівую “сімфонію”.

А яна ў “неюбілейным” сезоне абяцае стаць шматчасткавай, але змацаванай у адну непарыўную канцэпцыю. Традыцыйныя абрысы формы ў выглядзе добра вядомых фестываляў “Беларуская музычная восень” і “Мінская вясна” набудуць, як і належыць, новае напаўненне. “… Восені” папярэднічае ІІІ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета, тры канцэрты якога пройдуць, зразумела, у філармоніі. Упрыгожыўшы галоўную акадэмічную сцэну сталіцы, яны, тым не менш, не “перакрыюць” астатнія падзеі, бо кожны фестываль, вытрымаўшы этап упарадкавання, мае свае мэты.

Галоўная ідэя “… Восені” — сабраць багаты ўраджай з палеткаў найперш беларускіх прафесійных калектываў (не выключаючы, безумоўна, гасцей) і шчодра падзяліцца ім з усёй краінай. Фестывальнымі канцэртамі, якія прапагандуюць высокае нацыянальнае мастацтва і найлепшыя сусветныя здабыткі, будзе ахоплена ўся рэспубліка. Як тут не ўзгадаць, што адна толькі Філармонія для дзяцей і юнацтва, што існуе як частка “дарослай” установы і ў гэтыя дні здала новыя праграмы, падрыхтаваныя пад час летніх “канікулаў”, праводзіць больш за 1000 канцэртаў на год.

“… Восень” незаўважна перацячэ ў зімовыя святкаванні: на пачатку снежня цыклам канцэртаў адзначыць сваё 75-годдзе Беларускі саюз кампазітараў.

Справяць свае юбілеі і многія кампазітары. Дый увогуле беларускую музыку можна назваць адным з лейтматываў сезона. Яшчэ адным лейтматывам стане творчасць маладых. 24 верасня філармонія заклала новую традыцыю — урачыстасці з нагоды папаўнення калектыву маладымі спецыялістамі. Сёлета прыйшлі лаўрэаты міжнародных конкурсаў, выпускнікі БДАМ, піяністы Аляксандр Палякоў, Кацярына Матах, скрыпачка Марына Сакалоўская, харавік-дырыжор Вольга Карпей, выхаванец БДУКіМ, артыст ансамбля “Свята” Уладзімір Быкаў, выпускнік БДПУ, артыст Камернага хору Уладзімір Гапонаў.

Творчасці маладых будзе прысвечана і 35-я “Мінская вясна”. На форум з’едуцца лепшыя прадстаўнікі нашых выканальніцкіх і кампазітарскай школ, у тым ліку тыя, хто ўслаўляе Беларусь за яе межамі.

Запатрабаваны філарманічныя калектывы. Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р.Шырмы пачала сезон гастролямі ў Беластоку, выступіўшы ў прысутнасці класіка сусветнага авангарда Кшыштафа Пендэрэцкага. А завершыць сезон яна ў Маскве, дзе разам з Дзяржаўным камерным аркестрам Беларусі (у яго, дарэчы, таксама хапае прэстыжных гастролей) і тамтэйшым ансамблем “Мадрыгал” правядзе вечар памяці нашага славутага кампазітара і арганіста Алега Янчанкі — акурат у дзень ягоных народзін — 18 чэрвеня.

А колькі сюрпрызаў падрыхтаваў Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр на чале з маэстра Аляксандрам Анісімавым! Што ні канцэрт — дык сумесна з беларускімі і сусветнымі зоркамі. 22 кастрычніка літаральна на шэсць гадзін завітае ў Мінск Дзяніс Мацуеў, каб разам з акадэмічным сімфанічным аркестрам Расіі імя Я.Святланава сыграць Трэці фартэпіянны канцэрт С.Пракоф’ева.

Мадуляцыя — у агульны “акорд”

... Я слухаю і ўзгадваю цыкл “Шэдэўры арганнай музыкі”, зладжаны Вольгай Савіцкай. Ён прыцягваў і прыцягвае ўвагу грамадскасці не толькі да выдатных твораў, прызначаных для аргана, але і да самога караля музычных інструментаў. Пэўна, цяперашняя папулярнасць аргана ў Беларусі выклікана не толькі намаганнямі царквы і зваротам да нашых гістарычных каранёў, калі гэты інструмент быў адным з самых уласцівых нашай культуры. Павялічваецца распаўсюджанне аргана ў розных рэгіёнах краіны, усё больш частае і разнастайнае па жанрах звыкарыстанне яго ў творчасці сучасных беларускіх кампазітараў таксама ў чымсьці абавязаны згаданаму філарманічнаму цыклу. Бо той упарта акрэсліваў не адно царкоўную, а найперш вялікую гуманістычную ролю гэтага, безумоўна, філасофскага па сваім гучанні інструмента.

Каб “змадуляваць” ад уласна філарманічнай тэмы да сямейна-музычнай, знаходжу агульны “акорд”, распытваю, якія “Шэдэўры арганнай музыкі” прагучаць у гэтым сезоне. І цуд (чытай: мадуляцыя) адбываецца! Улічваючы, што Вольга Парфёнаўна сціпла сышла ў канцы запальнай прамовы ў гонар філармоніі, Юрый Мікалаевіч пачынае гаварыць пра жонку:

— У гэтым цыкле выступалі і выступаюць музыканты з усяго свету. Дый сама Вольга — цудоўны музыкант! У нас з ёй, можна сказаць, адно жыццё на дваіх, мы штосьці накшталт сазлучаных сасудаў. На сцэне я заўсёды адчуваю, калі яна ў зале ці за кулісамі: граецца зусім іначай — і лягчэй, і больш адказна. Многаму я вучуся ў яе і як у музыказнаўцы: яна часам “адкрывае” ў творах шмат таго, на што выканаўца можа і не звярнуць увагі.

Дык вось, падумалася, на што менавіта Юрый Гільдзюк звяртае ўвагу сваіх вучняў! Невыпадкова яны ў яго — адзін за другога лепей! Мабыць, ён ім не толькі ігру на інструменце выкладае, а вядзе да Музыкі...


Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА