Артыст самай залежнай прафесіі

№ 23 (1462) 06.06.2020 - 13.06.2020 г

З заслужаным артыстам Беларусі Баляславам Сяўко я быў добра знаёмы. Мы сябравалі, сустракаліся на Зэльвеншчыне, якую ён любіў, успамінаючы сваё маленства і школьныя гады. Нават захавалася ў маім хатнім архіве некалькі ягоных лістоў, дзе ён адказваў на мае пытанні, пісаў пра свае новыя ролі. А былы рэдактар райгазеты “Праца” (Зэльва) Ірына Іосіфаўна Васілеўка неяк прызналася, што Баляслаў Іванавіч яе сваяк.

/i/content/pi/cult/801/17209/07.JPGНарадзіўся Баляслаў Сяўко ў 1940 годзе ў вёсцы Міжэрычы Зэльвенскага раёна. 15 мая яму споўнілася б 80. Вучыўся ў мясцовай дзесяцігодцы, а на канікулах, як і ўсе равеснікі, працаваў разам з бацькамі ў калгасе.

З усіх сваіх настаўнікаў з найбольшай удзячнасцю заўсёды ўспамінаў Іосіфа Адамавіча Жыдка — выкладчыка фізкультуры. Па характары надзвычай шчырага і добразычлівага чалавека, які жыў клопатамі і інтарэсамі вучняў, усебакова дапамагаў ім загартоўваць не толькі цела, але і волю, вучыў перамагаць нават тады, калі для перамогі сіл, здавалася б, не засталося. Лыжныя кросы і маршы, шматлікія спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, валейболе і футболе, якія ён арганізоўваў, вучылі вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак змагацца і перамагаць. Калі ж і прайграваць — то дастойна!

/i/content/pi/cult/801/17209/08.JPGЦёпла пры жыцці распавядаў Баляслаў Іванавіч і пра былую загадчыцу Міжэрыцкага сельскага клуба Сцепаніду Лук’янаўну Трафімовіч, якая вельмі многа зрабіла для развіцця ў пасляваенныя гады мастацкай самадзейнасці на вёсцы. Тады і заўважыла яна здольнасці да мастацкага чытання ў Баляслава. А неяк аднойчы прапанавала юнаку прачытаць на чарговым канцэрце, а былі яны ў клубе частымі і збіралі вялікую аўдыторыю, “Дзялідзьбу” Якуба Коласа. “Быццам прадчула, што праз некаторы час буду працаваць у тэатры, які носіць імя Якуба Коласа”, — казаў, усміхаючыся, Баляслаў Іванавіч…

У Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут вясковы хлопец паступіў адразу. Скончыў вучобу ў 1965 годзе. Вучыўся ў педагога, прафесара, народнага артыста Беларусі Дзмітрыя Арлова. Пасля атрымання дыплома ён і параіў Баляславу Сяўко ехаць працаваць у Другі Беларускі тэатр у Віцебск (цяпер гэта Нацыянальны Акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа). Ён паслухаў прафесара і паехаў. Гэтаму тэатру артыст аддаў усё жыццё, іграў разнастайныя ролі ў тэатры і кіно, куды запрашалі. Працаваў да самай сваёй нечаканай смерці.

— Прафесія акцёра, — разважаў пры жыцці Баляслаў Іванавіч, — самая залежная. Залежыш ад драматурга, бо чакаеш, каб ён напісаў для цябе добрую п’есу. Чакаеш ад рэжысёра, каб ён даў магчымасць сыграць ролю, якая б табе спадабалася, убачыў цябе, ды і ад многіх іншых.

Ролі ў тэатры і ў кіно

Працуючы ў тэатры, акцёр Баляслаў Сяўко выканаў дзясяткі драматычных і характарных роляў. Вострае адчуванне жанру, выразнасць адзінай пазіцыі, драматызм, пластычнасць і экспрэсія, глыбокае пранікненне ў псіхалогію сваіх герояў вызначалі многія работы акцёра. Заслужаны поспех да Баляслава Сяўко прыйшоў пасля выканання роляў Юркі, Валодзькі і сына ў камедыях Андрэя Макаёнка “Таблетку пад язык”, “Трыбунал”, “Зацюканы апостал”, а таксама ў п’есах “Скорыя цягнікі” Алены Паповай (роля Сярожы), “Апошняя інстанцыя” Мікалая Матукоўскага (роля Дзімкі).

Жыццёва праўдзівыя, псіхалагічна дакладныя, эмацыянальна насычаныя вобразы стварыў наш зямляк і ў класічнай, і ў сучаснай драматургіі. Гэта — Алёша (“Прыніжаныя і зняволеныя” паводле Ф. Дастаеўскага), Гатыньш (“Ветрык, вей!” Я. Райніса), Сільвія (“Слуга двух гаспадароў” К. Гальдоні), Аўгуст Фіш (“Аз” і “Ферд” П. Фёдарава), Іван Акімавіч (“Вясёлы дзянёк” В. Пакроўскага) і многія іншыя.

Баляслаў Сяўко як кінаакцёр зняўся ў фільме “Малады дубок” паводле апавядання Якуба Коласа, дзе сыграў ролю Максіма. Гледачы добра памятаюць і шматсерыйны фільм “Дзяржаўная граніца”. У гэтай стужцы акцёр увасобіў вобраз паляка Стапіньскага.

Захапленні

У вольны час Баляслаў Іванавіч спяшаўся ў іншы тэатр — пантамімы “Мім”, які ён арганізаваў сярод дзяцей у Віцебску яшчэ ў 1969 годзе. Праўда, за ўвесь час яму, як рэжысёру, так і не давялося прайсці стажыроўку, павучыцца гэтаму складанаму жанру, які ўслаўляе пластыку чалавечага цела і душы. Між тым поспехі тэатра былі відавочныя: яму ў 1982 годзе прысвоілі званне народнага. У сваім рэпертуары “Мім” налічваў больш як 50 пастановак, аўтарам якіх з’яўляўся сам кіраўнік. Сярод іх — “Мы — не рабы”, “Век жыві — век вучыся”, “Рыцар”, “На арэне цырка” і многія іншыя. На 12-м і 13-м Міжнародных фестывалях пантамімы ў горадзе Брно калектыў нашага земляка займаў першыя месцы ў намінацыях сола, дуэт і трыа ў групавым выступленні з кароткай праграмай.

Аднойчы Баляслаў Іванавіч наведаў у Маскве, на Арбаце, выстаўку народнай творчасці, на якой дэманстраваліся вырабы з дрэва, саломкі. Вялікае ўражанне зрабіла гэтая выстаўка на яго. З таго часу ён сам пачаў захапляцца вырабамі з дрэва: у яго калекцыі сабралася шмат цікавых і арыгінальных вырабаў. У іх — часцінка мастацкага бачання свету, любоў да прыгожага на зямлі. А таксама — шчодрасць і дабрыня душы самога акцёра.

Многае можна было расказаць пра гэтага таленавітага і цікавага чалавека, які больш за ўсё баяўся быць толькі адной фарбай у тэатры і ў жыцці, а хацеў застацца разнапланавым і шматколерным. Для гэтага ён умеў назіраць і назапашваць у душы назіранні. Ён упарта працаваў і заўсёды верыў у вялікую сілу мастацтва. А натхненне яму да працы давалі жонка — урач Святлана Мікалаеўна і і дзве дачкі Марыя і Вольга.

У лютым 2002 года за заслугі ў развіцці тэатральнага мастацтва і высокае выканаўчае майстэрства заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Баляслаў Сяўко быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. На вялікі жаль, лёс яму адмерыў толькі 62 гады жыцця.

Сяргей ЧЫГРЫН

Фотаздымкі для публікацыі аўтару прадаставіў калектыў Нацыянальнага Акадэмічнага драмтэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску