Вольга КЛЕБАНОВІЧ: “А я кажу — маўчаць! І чакаць выніку!”

№ 23 (1462) 06.06.2020 - 13.06.2020 г

“У мяне былі каралеўскія ролі”, — кажа народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Вольга Клебановіч. І сапраўды, любая актрыса пазайздросціць такому бліскучаму спісу і такому напоўненаму творчасцю, поспехамі і авацыямі жыццю на сцэне. Якое і доўжыцца, і нават набывае новыя фарбы — у родным Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя М. Горкага наступныя пастаноўкі Вольга Міхайлаўна рыхтуе ўжо ў якасці рэжысёра. І да 75-гадовага юбілею артысткі, які святкаваўся напрыканцы зімы, павінна была адбыцца адна прэм’ера — але ўсё перанеслася. І наша размова з Вольгай Клебановіч з аднаго боку юбілейная, але ж з другога — гаворым мы не пра мінулае, а пра будучае і пра новыя творчыя здзяйсненні.

/i/content/pi/cult/801/17207/03.JPG— Ці атрымалася ў вас гучна адсвяткаваць прыгожую дату — 75 гадоў?

— Святкаванняў не было, і цяпер я з поўным правам, калі юбілей не адбыўся, магу лічыць сябе маладой і прывабнай. (смех) А рыхтавалі мы прэм’еру спектакля “Братья Карамазовы”, у якім я дэбютавала б у якасці рэжысёра. Але тут і пандэмія, і тэатр пасля рамонту так і не адчыніўся, і цяпер усё пераносіцца на восень, да юбілею Аляксандра Ткачонка — 20 лістапада яму будзе 70 гадоў, а ён іграе Фёдара Карамазава.

— У 75 гадоў у вас пачынаецца, можна сказаць, новае жыццё — рэжысёрскае. Крок даволі рызыкоўны. Не страшна?

 — Я даўно да гэтага ішла. Мне яшчэ наш знакаміты рэжысёр Валерый Маслюк казаў: “Пастаў спектакль, ты зможаш!” Я ж і раней сама разбірала сцэны, сама распрацоўвала ролі — рэжысёры прыслухоўваліся, прымалі мае ідэі. Калі маладой дзяўчынай толькі прыйшла ў тэатр і адразу пачала іграць у значных спектаклях, усе казалі — ох, якая ў яе хватка! Бо я даволі ўпэўнены ў сабе чалавек — не баюся, не пужаюся пастаўленнай задачы, не вохкаю, а бяру і раблю.

Што тычыцца ўзросту — я лічу, што трэба жыць так, каб гэтая старая з касой яшчэ паспрабавала цябе злавіць, каб паганялася. Не ведаю, ці з космасу гэта ідзе, ці ад генаў, але энергіі ў мяне пакуль хапае. А што такое талент — гэта найперш энергія. І пачуццё меры. Дарэчы, калі адносна сябе я чую такія пафасныя словы — “вялікая, геніяльная”, кажу, што не варта, не люблю. Я — прафесіянал, я ўмею гэта рабіць і я на сваім месцы. Вось і ўсё.

/i/content/pi/cult/801/17207/04.JPG— А чаму выбар паў менавіта на “Братьев Карамазовых”? Гэта ж і досыць складана, і вельмі сур’ёзна.

— Дастаеўскага я люблю. І калі выкладала на рэжысёрскім курсе ў Акадэміі мастацтваў, здзейсніла са студэнтамі гэтую пастаноўку. Усе калегі мяне віншавалі: “О, вось той тэатр, пра які мы ўжо сталі забывацца!” Бо я студэнтаў вучыла свайму такому кансерватыўнаму тэатральнаму веравызнанню: каб на сцэне жыў чалавечы дух, каб была глыбіня пражывання ролі. Так і з’явілася ідэя зрабіць паўнавартасны спектакль.

Канешне, мне неаднойчы казалі: “Карамазавы? Ды хто на іх пойдзе?” А я адказваю: “Спакойна! Гэта будзе містычны дэтэктыў, цікавы па меншай меры тым, хто любіць інтрыгу”. У любым выпадку я пастараюся, каб не падвесці ў першую чаргу аўтара, Фёдара Міхайлавіча, каб гучаў менавіта ён. Але, безумоўна, па форме спектакль будзе сучасны — і дэкарацыі такія ж, і мастак у мяне малады працуе, і выканаўцаў я падабрала адпаведных раману. Прасіліся многія артысты, якім ужо блізка да сарака. А я кажу: “Злітуйцеся! Алёшы — 20 гадоў, Івану 24, Міці 28!” У цэнтры ўсяго, канешне, Алёша, я ўвесь сюжет вяду праз яго. А мастацкім кіраўніком пастаноўкі я запрасіла Сяргея Кавальчыка, каб быў нейкі погляд збоку: і ён вельмі тактоўна сябе паводзіць.

— Мне падаецца, што выбар Аляксандра Ткачонка на ролю бацькі Карамазава — даволі нечаканы ход, бо гэтага літаратурнага героя мы прызвычаіліся бачыць не такім інтэлігентным і прывабным.

— Я свядома не хацела браць акцёра, па якім адразу ўсё было б бачна. І Саша Ткачонак, заўсёды такі абаяльны, ніяк не мог змірыцца з тым, што Фёдар Карамазаў — зборышча ўсіх чалавечых парокаў. Але ў мяне гэта не нейкі ветхі старэча — усё яшчэ франт, усё яшчэ разлічвае на тое, што здольны падабацца дзяўчатам. Але пра ролі я магу расказваць доўга, я ж вельмі заўзяты чалавек у працы.

— Яшчэ адну пастаноўку не як актрыса, а як рэжысёр вы зараз рыхтуеце — аднаўляеце легендарны для тэатра імя Горкага спектакль па п’есе Жана-Франсуа Раньяра “Единственный наследник”. І справа вельмі адказная, бо вы павінны і адпавядаць яго слаўнай гісторыі, і не падвесці яго рэжысёра, вашага настаўніка Уладзіміра Маланкіна. Ці будзеце нечым здзіўляць?

— Я ад самага пачатку іграла ў гэтым спектаклі — а прэм’ера адбылася яшчэ ў 1974 годзе. Мы часта кажам, што гэта наша “Паўлінка”, наш доўгажыхар, яшчэ ў 2004 годзе мы адзначылі яго тысячны паказ. І дзе толькі ні іграўся “Наследник” — і ў калгасах, і на самых вялікіх сцэнах, і ў самых розных краінах, традыцыйна адкрываў усе нашы гастролі. Заўсёды меў у гледача вялізны поспех — настолькі ўдалая пастаноўка. Былі перыяды, калі мяняліся пакаленні артыстаў, і на некаторы час спектакль пакідаў рэпертуар — мы яго аднаўлялі, так і ў 2002-м была чарговая версія. І вось цяпер, пасля перапынку гадоў у восем, ізноў вяртаем на сцэну — у гонар юбілею Аляксандра Ткачонка, бо роля Жэронта для яго зорная. Толькі што па тэрмінах цяпер усё ссоўваецца: да юбілею Ткачонка ў лістападзе, будуць, відаць, “Братья Карамазовы”, а ўжо на мой дзень нараджэння ў лютым і “Наследника” выпусцім: зараз над ім працуем, праводзім анлайн-рэпетыцыі. І я адразу ўсіх папярэдзіла — галоўнае, канешне, застанецца, але на дварэ ўсё ж 2020 год, зусім іншы час, іншы рытм. І мой вялікі педагог Уладзімір Маланкін мне не дараваў бы, калі б я проста ўсё закансервавала і паўтарыла адзін у адзін. Напрыклад, многіх я нават здзівіла размеркаваннем роляў, і чула скепсіс — маўляў, не справяцца. А я кажу: “Маўчаць! І чакаць выніку!” Часу на падрыхтоўку хапае.

— У рэжысуру вы ж пайшлі не таму, што для вас няма роляў. Што на сёння ў акцёрскім рэпертуары?

— У апошнія гады я іграю выключна ў камедыйных спектаклях — гэта і “Круг любви”, і “Проделки Ханумы”, і “Знойные мамочки” разам з Бэлай Масумян — адышла ад драматычных роляў, якіх у маім жыцці было многа, калі працавала проста, як кажуць, на разрыў аорты, калі пульс зашкальваў, — як у “Вассе Железновой” ці ў “Дядюшкіным сне” напрыклад. Усе разумеюць, чаму ў нашым тэатры цяпер многа менавіта лёгкіх, камедыйных пастановак, — такім чынам спрабуем завабіць гледача. Ні для кога ж не сакрэт, што ў тэатрах даволі напружаная абстаноўка — фінансаванне з кожным годам скарачаецца. Мы выжываем — гэта самае дакладнае вызначэнне. За сябе я спакойна ў гэтай сітуацыі — здымаюся ў кіно, у серыялах, маю магчымасць зарабіць сабе капейчыну. А маладым цяжка.

— Вы — народная артыстка Беларусі, узнагароджаная ордэнамі і медалямі, лаўрэат мноства прэмій, сыгралі каля 60-ці вялікіх і значных роляў, але ж тэатр па шырыні ахопу публікі не параўнаецца з рэкламай. І многія цяпер вас ведаюць як “бабушку Аню”, якая гатуе пельмені і варэнікі. Як вы ставіцеся да такой славы, ці пазнаюць вас на вуліцах?

— Яшчэ як пазнаюць! “Бабушка Аня” зрабіла тое, што ўсе мае зорныя ролі і амаль 55 гадоў на сцэне не зрабілі. Канешне, спачатку я ўсімі сіламі адмаўлялася, маўляў, у рэкламе не здымаюся прынцыпова! Але мне працягвалі вельмі настойліва прапаноўваць. І нарэшце, каб ужо адчапіліся, думаю — а заламлю я ім нерэальны ганарар! А яны і пагадзіліся. Але ўсё прайшло цудоўна, здымкі былі ў Вільнюсе — адвезлі, прывезлі, пасялілі ў шыкоўнай гасцініцы, прафесійная каманда. Атрымалася як з серыяламі, ад якіх я таксама катэгарычна адмаўлялася, а 25 гадоў таму мая калега па тэатры Аксана Лясная зацягнула мяне, так і пайшло, і цяпер нават здараецца папрацаваць з вельмі добрымі рэжысёрамі. І ўсё ж моманту, калі рэклама з’явіцца на білбордах і на тэлебачанні, я чакала з жахам. Але калегі сказалі — ну што ж, вельмі мілая рэклама, і бабуля з унукам сімпатычныя. І я зразумела, што калі-нікалі ў добрай рэкламе зняцца можна. Але толькі аднойчы — я так для сябе вырашыла.

— Калі я згадваю вашу сямейную, абсалютна неверагодную гісторыю, і вашага мужа, акцёра Купалаўскага тэатра Аляксандра Дзянісава, які ўсё кінуў і паехаў з маленькай дачкой у ЗША, каб выратаваць ёй жыццё, то думаю, што гэта ўсё варта нейкага вялікага і сур’ёзнага мастацкага твора — рамана, ці хаця б п’есы. Ці не было ў вас такой ідэі, ці не прапаноўвалі вам нешта падобнае?

— Прапаноўвалі, і неаднойчы. І драматургі прапаноўвалі, а я пыталася: “А хто нас сыграе?” І ў маім асяроддзі мне раілі самой неяк усё сабраць, напісаць… Але я не магу так сябе патрашыць, у мяне няма жадання “ўсё на продаж”. Гэта такая балючая тэма! Хто памятае Сашу, той ведае, што ён ахвяраваў усім — сваёй бліскучай акцёрскай кар’ерай, калі ў яго была слава пасля Гамаюна ў фільме “Государственная граница”, калі была Дзяржаўная прэмія за спектакль “Радавыя”. А што думаю я — дык і слоў не хопіць: ён здзейсніў подзвіг, і здзейсніў прыгожа, па-мужчынску. А як я пражыла гэтыя 18 гадоў! Спачатку ж і сувязі ніякай не было, не было званкоў, і скайп на той час яшчэ не існаваў. А кожную ж хвіліну чакаеш вестачкі, думаеш — а ці змаглі паесці, а ці здолеў яе пераапрануць, а ці ёсць лекі, як дачка сябе пачувае. Не дай Бог ніводнай маці такое перажыць! Але мы прайшлі гэты шлях. З Дашай зараз усё нармальна, яна так і засталася ў ЗША. Увесь час кліча мяне, каб я да яе пераязджала, маўляў, трэба мне ўжо і для сябе пажыць. Але ў мяне ж і тут сын, унукі, і тэатр, у якім у мяне яшчэ многа спраў.

— Акрамя згаданага, ці думаеце як рэжысёр над новымі пастаноўкамі? А ці ўбачым мы вас у новых ролях?

— Натуральна, я не збіраюся канчаткова паставіць на сабе крыж як на актрысе. Калісьці я думала — працаваць артысткай буду толькі да пэўнага ўзросту, каб не пужаць гледачоў сваёй драхласцю. Але ж пакуль навокал усе вішчаць і пішчаць, што я выдатна выглядаю, што я маладая і энергічная, што час яшчэ не прыйшоў… Пасля спектакля “Знойные мамочки” да сцэны, здараецца, падыходзяць імпазантныя мужчыны з вялікімі букетамі кветак, і яшчэ шэпчуць мне шматзначна: “А я — знойны дзядуля!” (смех)

Зараз у рэпертуары ў мяне пяць спектакляў, і добра, калі б была яшчэ якая свежая роля. Хаця б адна — у маім узросце многа ўжо не трэба. Хочацца ўжо ўзмахнуць крылом і сыграць нарэшце штосьці сур’ёзнае, не камедыйнае. І Сяргей Кавальчык кажа: “Мы павінны знайсці нешта значнае, будзем шукаць!” А я жартую — знойдзем, калі мне будзе 100 гадоў, а ў мяне на стагоддзе ёсць нават цудоўная французская п’еса, дзе галоўнай гераіні якраз 100 гадоў. (смех) Як у рэжысёра, канешне, таксама ёсць задумы — я гляджу ў бок класікі, мяне гэта хвалюе, але казаць яшчэ рана. На гэты год у мяне планы і так вялікія.