На “адкрытым паветры”: Мінск і Крэва

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

Культурныя ініцыятывы выходзяць у open air і нечакана ў іх з’яўляюцца дадатковыя перавагі: вось вам і бяспечная дыстанцыя і доступ да культурных здабыткаў і новых мастацкіх твораў. Чэрвень, нарэшце, распачынае сезон вольнага (але тым не менш асцярожнага) перамяшчэння, і мы прапануем даведацца пра дзве бліжэйшыя ініцыятывы — Нацыянальнага гістарычнага музея і аматараў культуры з Крэва, — якія прапануюць спрычыніцца да гісторыі, культуры і мастацтва ў публічным гарадскім асяроддзі.

/i/content/pi/cult/800/17205/26_opt.jpegАбдумваючы прагнозы

Сам факт незамкнёнай прасторы, магчымасць бяспечнай адлегласці для гледачоў, дэмакратычнасць — робяць арт-праекты на адкрытых пляцоўках вельмі прывабнымі. Прыехаць на самакаце ці нават прыйсьці пешшу, бясплатна ўбачыць добры жывапіс, фатаграфію, аб’екты прынцыпова важна для неабароненых груп насельніцтва, для тых, хто не можа сабе дазволіць жыць у прэстыжным прыгарадзе, плаціць за паркоўку ў цэнтры. А ён, гістарычны гарадскі цэнтр, яшчэ доўга будзе прыцягальным, і па заканчэнні пандэміі стане яшчэ больш жаданым. Рэальная выстава — гэта ж не viewing room, не анлайн-ансамбль, гэта пачуццё арыгінала, тактыльнае адчуванне аб’екта. І паўнавартаснае дачыненне да падзеі. Зносіны, публічнае сацыяльнае ўзаемадзеянне застанецца каштоўнасцю як адна з базавых патрэбаў чалавека, неабходная ўмова якасці гарадскога жыцця.

Асобная гісторыя — пра паркі. Іх не заменяць агароды на балконах і кветкі ў дварах, а праблема азелянення і загазаванасці гарадскога асяроддзя такая відавочная, што трэба думаць, будзе вырашацца ўжо ў найбліжэйшай будучыні. І тут ізноў самы час вярнуцца да мастацтва! Бяспечна, даступна ў любы час дня, пазнавальна, эмацыйна — ці гэта не выклік, і ўпэўненая, мастакі могуць адказаць на яго годна.

Рарытэты Гістарычнага ў парку Чалюскінцаў

Афіцыйнае адкрыццё праекта — ужо 2 чэрвеня. І гаворка аб прадстаўленні калекцыі музейнай установы на фотабанерах на вядомай агароджы парка. Усяго плакатаў — 70, а музейных прадметаў значна больш: у кожным з калажаў некалькі экспанатаў, іх апісанне, вітрына, карта або старонка рукапісу. Нацыянальны гістарычны музей шырока прадставіў свае скарбы і “даў слова” ўсім пяці філіялам. Музей сучаснай беларускай дзяржаўнасці, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Дом-музей I з’езда РСДРП, Музей гісторыі беларускага кіно, Музей прыроды і экалогіі пайшлі па традыцыйным шляху: банеры паказваюць іх экспазіцыі ў інтэр’ерах. А вось сам Гістарычны падрабязна раскрыў археалагічную калекцыю, архіўныя дакументы, зборы зброі, гістарычныя партрэты VIII — XIX стагоддзяў, атрыбуты рэлігійнага жыцця. І, вядома, слуцкія паясы XVIII стагоддзя, узоры нацыянальных касцюмаў, якія былі ва ўжытку беларусаў літаральна ў даваенныя гады мінулага стагоддзя. Яшчэ адзін плюс — маштаб, вялікі малюнак музейных прадметаў, проста на агароджы парку вы можаце з задавальненнем разглядаць драбнюткія дэталі. І ўжо з першых дзён дэманстрацыі многія гараджане менавіта гэта і робяць, падоўгу затрымліваючыся каля рарытэтаў. Мой выбар: кафля XVI — XVIII стагоддзяў, шахматная ладдзя і шашка пачатку XIII стагоддзя, падвескі таго ж часу. Можа, гэта парадаксальна, але ніколі яшчэ археалагічныя знаходкі не былі такія фактурныя і адчувальныя, як на гэтых фотаздымках, у цэнтры сучаснага горада.

Дадам, што аўтары праекта — Алег Лукашэвіч, Аляксандр Аляксееў, Алег Ладзісаў, Дар’я Аўчыннікава.

Час збіраць камяні: фэст і арт-інсталяцыі ў Крэва

Будучая арт-інсталяцыя ў Крэва ўжо ўзгоднена з Міністэрствам культуры краіны, але пандэмія ўсё ж зрушыла тэрміны правядзення акцыі. Для фестываля Kreva Create рыхтавалася арт-рэзідэнцыя, а цяпер арганізатары вырашылі, што мастакі будуць працаваць не ўсе разам, а адзін за адным. І фестываль будзе не такім масавым, з вялікімі канцэртамі і гэтак далей, а абмяжуецца новымі аб’ектамі з запісам на экскурсіі, калі колькасць удзельнікаў рэгуляваць прасцей. Зрэшты, падрабязнасці правядзення яшчэ абмяркоўваюцца.

Распавядае фатограф Сяргей Лескець, удзельнік праекта:

— Мы хочам вярнуць у Крэва арт-актыўнасць, мастацкае жыццё, і ўжо пачалі займацца гэтым у Фэст-Майстэрні, падчас пленэра і выставы мінулага года. А ў гэтым годзе звярнуліся да тэмы яўрэйскай культурнай спадчыны. У Крэве ёсць старадаўнія яўрэйскія могілкі (XVII стагоддзе), і аўтар праекта фатограф Сяргей Гапон вельмі імі зацікавіўся. Гэта сапраўды захапляльна: старыя надмагільныя камяні, урослыя ў зямлю, таямнічыя надпісы, неразборлівыя малюнкі. У гэтым напрамку мы і пачалі працаваць — спачатку прывялі могілкі ў парадак, і Сяргей стаў вывучаць візуальную частку: знакі, арнаменты, формы. Мы хочам пашукаць агульныя элементы і адрозненні з беларускай і сусветнай культурай у гэтых птушках, раскрытых далонях... Цікава расшыфраваць іх, паразважаць, інтэрпрэтаваць. Ініцыятыва была адобрана, паколькі і сам факт расчысткі вельмі пазітыўны, і калі мы яшчэ прыўнясём у сённяшняе Крэва мастацтва, новыя культурныя распрацоўкі — гэта ўдвая карысна. А мы і запрасілі да ўдзелу маладых мастакоў, студэнтаў з Глебаўскай вучэльні. Каля могілак захавалася мураваная сцяна, сапраўдная старая кладка. Новыя аб’екты будуць усталяваны тут.

Цяпер ужо распрацавалі канцэпцыю, візуальны стыль, началі працу над сайтам і краўдфандынгавы збор сродкаў для фестывалю. Ён штогадовы, у гэтым годзе — тэма памяці, але мы абавязкова будзем развіваць Kreva Create і далей.

Канцэрты гэтага сезона, хутчэй за ўсё, пройдуць у анлайне. Але арганізатары не губляюць аптымізму, тым больш, прыдумаўшы для сябе натхняльны дэвіз: “Ягайла ўжо заключыў Унію. Прыйшоў наш час. Далучайцеся да новай Крэўскай Уніі!”

Папярэдні час правядзення фэстывалю — жнівень, аднак мастакі ўжо наведалі славутае мястэчка з мэтай натхнення і падрыхтоўкі да стварэння арт-аб’ектаў.

Любоў Гаўрылюк, арт-журналіст