Ды не пад замком у сховішчы!

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

Незвычайны дзень у Вялікім
Шосты год запар наш Вялікі тэатр, які адкрыўся 87 гадоў таму акурат 25 мая, адзначыў свой Дзень народзінаў — днём адчыненых дзвярэй. Сёлета гледачоў было больш, чым можа змясціць памяшканне, бо свята прайшло ў фармаце “адчыненага інтэрнэта”: на сайце тэатра былі змешчаны і віртуальная экскурсія па закуліссі, і незвычайны “хатні канцэрт”.

/i/content/pi/cult/800/17204/023.JPGІніцыятарам, аўтарам ідэі, арганізатарам і галоўным увасабляльнікам, пачынаючы ад здымак і мантажу, выступіла служба маркетынгавых камунікацый тэатра, якую ўзначальвае Таццяна Аляксандрава. У выніку з’явіліся два адметныя ролікі. На адным — уласна экскурсія, віншаванні, цікавыя сустрэчы. Дарэчы, сярод “жыхароў тэатра” (а ён для іх і сапраўды — родны дом) аказаліся не толькі кіраўніцтва, дырыжоры і салісты, але і, да прыкладу, касцюмер і былая артыстка Любоў Карпілава — дачка легендарнай балерыны Басі Карпілавай. Другі ролік — канцэрт-сюрпрыз. Такое азначэнне — зусім не перабольшванне. Бо літаральна на першых кадрах у мяне папраўдзе “хіснуўся купал неба”: сусветна знакамітая салістка Настасся Масквіна, якую запрашаюць на лепшыя оперныя сцэны свету, сядзела з гітарай у руках і зусім не па-опернаму “варкатала” бардаўскую песню Алега Міцяева “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались”. Яшчэ праз некалькі нумароў гітару ўзяў… саліст балета Іван Савенкаў, каб паўстаць Трубадурам з “Брэменскіх музыкантаў” — і, адпаведна, праспяваць яго серэнаду. Дый у астатніх удзельнікаў — ніводнай звыклай арыі: джаз, замежная эстрада, “Купалінка”, “Дыўлюсь я на неба”. Што ні нумар — сапраўдны сюрпрыз! Кацярына Алейнік, зняўшы пуанты, імправізуе басанож на мармуровай падлозе фае. Кларнетыст Дзяніс Парэчын — грае на саксафоне. Марта Данусевіч (сапрана) — спявае ў дуэце са сваім мужам, кіеўскім тэнарам Тарасам Прысяжнюком. А ў віншавальна-экскурсійным роліку салістка балета Таццяна Уласень — чытае вершы.

/i/content/pi/cult/800/17204/024.JPG— У многіх нашых артыстаў шмат самых розных талентаў, — расказала пра тое, як вяліся здымкі, начальнік службы маркетынгавых камунікацый Таццяна Аляксандрава. — Ведаючы гэта, мы прасілі іх паказаць штосьці незвычайнае. Бо калі прыйшлі са сваёй ідэяй у дырэкцыю, нас падтрымалі, далі поўную свабоду. Мы запісалі ўсіх за адзін дзень, паралельна рабілі мантаж. Каб усё здзейсніць і паспець, нават выклікалі некалькіх супрацоўнікаў, якія былі ў адпачынку. Вельмі хацелася паказаць галоўнае — што тэатр, які прыпыніў спектаклі, жыве, працуе і вельмі чакае сустрэчы з гледачамі. Таму інтэрв’ю мы спалучалі з фрагментамі раней запісаных спектакляў і цяперашніх рэпетыцый.

Так, з аўторка пачаліся сцэнічныя рэпетыцыі адначасова дзвюх прэм’ер — балета “Пер Гюнт” і оперы “Вілісы. Фатум”. Абодва спектаклі рыхтуюць маладыя пастаноўшчыкі. Для балетмайстра Сяргея Мікеля, які ў Музычным тэатры паставіў ажно тры балеты (“Вішнёвы сад”, “Тытанік”, “Джэймс і Персік-волат”), гэта першая буйная работа ў Вялікім тэатры. А для мецца-сапрана Аксаны Волкавай — першая рэжысёрская спроба і дыпломная праца: наша сусветнавядомая оперная зорка сёлета ў другі раз заканчвае Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі — цяпер па класе опернай рэжысуры прафесара Маргарыты Ізворскай-Елізар’евай.

Балет, як заўжды, ставіцца на рэпетыцыйнай сцэне пятага паверха, памеры якой адпавядаюць асноўнай. Пастаўленыя фрагменты дапрацоўваюцца паралельна, у іншай рэпетыцыйнай зале — з педагогамі-рэпетытарамі. Для оперы ж аддадзена галоўная сцэна, куды звычайна, калі ў тэатры штовечар ідуць спектаклі, прэм’ерная пастаноўка трапляе толькі за некалькі дзён перад паказам на публіку. У цяперашнім пастаноўчым працэсе — свае плюсы. Разводзячы мізансцэны, можна адразу ўбачыць не здзейснены ў класе “макет”, а рэальны вынік. Бо зблізку і са сцэны многія рэчы выглядаюць зусім іначай. Дый артысты прывыкаюць да новых умоў, засвойваюць дэкарацыі, дзе ёсць подыум з вялікім ухілам, касцюмы. Думаеце, лёгка рухацца ўніз-уверх па той “надбудове”, ды яшчэ з пяціметровым вэлюмам? Так і хочацца дадаць: і пры гэтым — спяваць. Але ў час такіх сцэнічных рэпетыцый оперныя артысты, насунуўшы на твары маскі, пакуль не спяваюць. Дый дырыжор кіруе не аркестрам, а канцэртмайстрам за раялем.

Новыя спектаклі мы ўбачым пры адкрыцці сезона. А пакуль тэатр сумесна з Белтэлерадыёкампаніяй штотыдзень выкладае ў інтэрнэт ранейшыя пастаноўкі розных гадоў, чаргуючы оперы і балеты. У гэткай “анлайн-галерэі” можна паглядзець першую рэдакцыю “Сівой легенды” Дзмітрыя Смольскага, “Дзікае паляванне караля Стаха” Уладзіміра Солтана, “Альпійскую баладу” паводле Васіля Быкава ўкраінскага кампазітара Віталя Губарэнкі, знакамітыя балеты Валянціна Елізар’ева. Днямі калекцыя папоўнілася операй “Візіт дамы” Сяргея Картэса. Раптам падумалася: а што, калі “ўзаконіць” такое другое жыццё нацыянальнай класікі і надалей? Хай штосьці будзе — жыўцом на сцэне. А штосьці (і асабліва лепшыя старыя спектаклі, ва ўсіх сэнсах “залаты фонд”) — у анлайн-скарбонцы. Ды не пад замком у сховішчы, а з адчыненымі дзвярыма.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"