Майстры культуры — ветэранам

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

Як паведаміла прэс-служба Белтэлерадыёкампаніі, разам з Міністэрствам культуры працягваецца сумесная акцыя “Майстры культуры — ветэранам”, прымеркаваная да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Сёння і заўтра на тэлеэкране можна будзе ўбачыць першыя канцэрты, запісаныя ў пустой зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, зачыненай для публікі.

— У кожнага з калектываў і салістаў нашай філармоніі, — расказала Ніна Осіпава, рэжысёр канцэрта “І памятае свет выратаваны...”, — ёсць песні і іншыя нумары, любімыя старэйшым пакаленнем. Мы сабралі іх у гэткі канцэрт-падарунак, каб парадаваць тых, хто падарыў нам жыццё. Узгадваем песні ваенных гадоў, песні, прысвечаныя вайне і Перамозе. Ёсць блок, прысвечаны дзейнасці франтавых і прыфрантавых канцэртных брыгад, у якіх калісьці ўдзельнічалі і артысты нашай філармоніі, называючы сябе “духоўным рэзервам арміі”. Нарэшце, уключаны ў праграму і сучасныя кампазіцыі ў гонар роднай Беларусі. А пачнецца канцэрт з нацыяльнай класікі — песні “Люблю цябе, Белая Русь” Юрыя Семянякі на словы Уладзіміра Карызны.

Сярод удзельнікаў канцэрта — Дзяржаўны акадэмічны ансамбль танца Беларусі.

— Для гэтага канцэрта мы падрыхтавалі самыя любімыя публікай нумары, — зазначыў мастацкі кіраўнік калектыву, народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч. — “Арэлі”, “Кадрылі на зэдліках”, “Дудалка”, “Вечарына”. Вядома, будуць і “Салдацкая пляска”, і вальсы. Да 9 Мая ў нас было запланавана шмат выступленняў, а здзейснілася толькі адно: мы бралі ўдзел у святочным канцэрце на Плошчы Перамогі. Затое мы пачалі выкладваць свае запісы ў інтэрнэт — і нядаўна атрымалі звестку, што паводле тых трансляцый і іх папулярнасці ў гледачоў наш Ансамбль танца выйшаў на першае месца сярод іншых танцавальных калектываў СНД.

Пабачым мы на сцэне філармоніі і знакаміты ансамбль “Сябры”. Некалькі іх “украпванняў” будзе ў сённяшнім тэлеэфіры. А заўтра на блакітных экранах з’явіцца іх сольнік “Удзячныя вам”, таксама запісаны днямі ў філармоніі.

— 6 сакавіка мы выступілі ў Санкт-Пецярбургу, — узгадаў народны артыст Беларусі Анатоль Ярмоленка, — і пасля гэтага амаль тры месяцы не сустракаліся з гледачамі. Прызнацца, засумавалі. Даведаўшыся пра гэты тэлеэфір, звярнуліся да нашых прыхільнікаў: пішыце, якія песні вы хацелі б пачуць. Звычайна нам робяць такія замовы ў час канцэртаў, цяпер давялося збіраць заяўкі праз фэйсбук, дзе ёсць афіцыйная старонка “Сяброў”. Вядома, прагучаць і новыя песні — Алега Елісеенкава, Аляксандра Камлюка, Мікалая Сацуры. Бо, склаўшы рукі, мы не сядзелі: папаўнялі свой рэпертуар, і без таго агромністы, удасканальваліся. Ну а плён — убачыце самі.

Згаданыя музычныя падарункі — далёка не адзіныя. Наступным тыднем у філармоніі будуць запісаны яшчэ некалькі сольных канцэртаў лепшых творчых калектываў нашай краіны. Сярод іх — Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр, Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр, ансамблі “Харошкі”, “Песняры”. Пра іх падрыхтоўку — у наступным нумары.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"