“Паміж”: рознастылёвасць спрацавала на імідж

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

Скульптура Максіма ПЕТРУЛЯ — гэта нечаканы зварот незнаёмца: просты, прыгожы, трапны. Нечаканае хоку прагучала ў належны момант. Яно імгненна растае ў паветры, але чамусьці надоўга затрымліваецца ў памяці. Можам узгадаць мармуровую скульптуру “Элефантус”, якая знаходзіцца ў кітайскім Парку міжнароднай скульптуры, бронзавую “Водар дажджу” — скульптуры-звароты яскравыя і пяшчотныя. Альбо твор з медзі “Тай Цзы”, навеяны кітайскай філасофіяй у Да Гуан парку. А яшчэ — кранальны і асцярожны зварот-напамін — скульптуры з сілуміну “па матывах дзіцячай творчасці” ў мемарыяле “Чырвоны Бераг”…

Сёння ж падставай для гутаркі з Максімам стала яго падарожжа на ІІІ Пекінскую Міжнародную біенале мастацтваў, дзе скульптура “Паміж” прадставіла Беларусь. Што ўяўляе сабой Пекінская біенале, якія перавагі мае беларускае мастацтва на сусветным арт-рынку?

Пра гэта карэспандэнт “К” гутарыць са скульптарам.

— Максім, распавядзіце больш падрабязна пра гэты міжнародны форум. Чым ён адрозніваецца, да прыкладу, ад Шанхайскай біенале, якая таксама ладзіцца ў Кітаі?

— ІІІ Пекінская Міжнародная біенале, па-першае, праходзіла ў рамках ХХІХ Алімпіяды. Спачатку я ўсё ніяк не мог уцяміць: Алімпійскія гульні і біенале мастацтва — як яны могуць паміж сабой стасавацца? Але потым зразумеў: Алімпіяда — паняцце значна больш шырокае за Алімпійскія гульні, якія з’яўляюцца толькі часткай тых сустрэч, кантактаў, што адбываюцца ў яе час. Алімпіяда не абмяжоўваецца толькі спортам, хаця, магчыма, уласна Гульні — самая важная частка, таму форум мастацтваў абсалютна натуральна ўпісваецца ў канцэпцыю: біенале таксама злучае вялікую колькасць людзей.

 /i/content/pi/cult/176/1720/Pamizh1.jpg

У прыватнасці, сёлета ў ёй прыняло ўдзел больш за 80 краін свету, было прадстаўлена каля 800 твораў мастацтва. Пасля падобных форумаў у Венецыі і Сан-Паула біенале ў Пекіне — трэцяя па маштабнасці ў свеце. Канешне, ёсць яшчэ вядомая Шанхайская біенале, якая таксама ладзіцца ў Кітаі, але яе спецыялізацыя — актуальнае мастацтва, так званае contemporary art. Пекінскі ж форум пазіцыянуе сябе як форум жывапісу і скульптуры. Нават так: як захавальнік гэтых традыцыйных відаў мастацтва ў самых розных праявах. І робіць гэта на самым высокім узроўні, збіраючы самыя цікавыя творы з усяго свету і дэманструючы іх у найлепшых умовах.

У Пекіне экспазіцыя была наладжана ў Нацыянальным мастацкім музеі Кітая — каласальнай пабудове, “здольнай” змясціць і годна прадставіць такую колькасць работ. Уявіце сабе: 800 твораў — гэта асноўная экспазіцыя, а яшчэ ў асобнай зале прадстаўлена мастацтва Кітая, вялікімі блокамі — творы з Мексікі, Нарвегіі, Манголіі, Іспаніі… Сённяшні Кітай — гэта зусім не той Кітай — гэта магутная звышдзяржава, якой пад сілу ставіць сабе складаныя задачы і з бляскам іх выконваць. У тым ліку, правесці такі форум мастацтва.

— Максім, вы кажаце, што Пекінская біенале пазіцыянуе сябе як форум жывапісу і скульптуры. Ці стварае Пекін канкурэнцыю той жа Венецыі ў мастацкім плане?

— Справа ў тым, што, так бы мовіць, традыцыйнае для нас мастацтва вялікай цікавасці ў міжнароднай арт-суполкі не выклікае. І Кітай зусім не імкнецца канкурыраваць з Венецыяй, дзе збіраюцца стваральнікі актуальнага мастацтва. Кітай не імкнецца закрэсліць contemporary art, спрачацца з ім, — тут проста мудра прапаноўваюць звярнуць увагу на традыцыю, прадастаўляючы свае пляцоўкі, імпэт, свае каласальныя магчымасці. І тое, што я бачыў на біенале, пераконвае: гэтая задача краіне пад сілу.

Паколькі Беларусь, на маю думку, мае падобныя мэты, працягваць дыялог з Кітаем у гэтым рэчышчы будзе вельмі канструктыўна і карысна.

— Наколькі сусветная арт-суполка адгукнулася на ініцыятыву Кітая?

— Рэзананс быў вялікі. Біенале асвятлілі вядучыя сусветныя СМІ. Ініцыятыва сапраўды была прынята з цікавасцю. Тым больш, яшчэ раз падкрэслю, біенале праведзена на вельмі высокім арганізацыйным узроўні.

— Максім, а наколькі цікавае міжнароднай арт-суполцы і, у прыватнасці, кітайскаму мастацкаму свету беларускае мастацтва? На біенале вы прадстаўлялі Беларусь адзін?

— Разам са мной быў яшчэ мастак Уладзімір Новак. Але ў межах Алімпіяды праводзілася яшчэ адно буйное мастацкае мерапрыемства “Olympic Fine arts-2008”. Вось на гэтым вялікім міжнародным форуме, ужо з іншым сваім творам — скульптурай “Connections”, — я быў ад краіны адзін. І калі зыходзіць з рэакцыі на мае творы на гэтых дзвюх акцыях — Кітаю беларускае мастацтва надзвычай цікавае. Нават болей: у нас ёсць значная перавага перад іншымі мастацкімі школамі. Арт-суполка Кітая не замацавала за беларусамі пэўнага мастацкага стэрэатыпу, бо ўсе творцы, якія колечы прымалі ўдзел у кітайскіх форумах, вельмі моцна адрозніваліся адзін ад аднаго. У выніку такая рознастылёвасць спрацавала на карысць нашаму іміджу.

Кітай не ўспрымае нас як захоўвальнікаў рэалістычных традыцый, сацрэалізму ці іншай школы, і мы можам канструяваць сваю мастацкую ідэнтычнасць як заўгодна. Гэта, на мой погляд, вельмі карысна і зручна. Мастацтва развіваецца, і мы ў гэтым плане можам змяняць сваё аблічча, зыходзячы з патрабаванняў часу, асабістых памкненняў, меркаванняў, — і заставацца цікавымі.

 /i/content/pi/cult/176/1720/Pamizh2.jpg

М.Пятруль. “Паміж”.

— Дарэчы, Максім, ваша скульптура “Паміж”, што была прадстаўлена на біенале, датуецца 2004 годам. Але яна аказалася актуальнай і ў 2008 годзе…

— “Паміж” створана па матывах кітайскай філасофіі. Калі шчыра, дык мне здаецца, што гэтая філасофія ўжо трошкі прызабытая самімі кітайцамі, і мая скульптура сталася нібыта напамінам сучасным жыхарам Паднябеснай пра мінулае Кітая. “Паміж”— гэта той перманентны стан духу, у якім знаходзіцца ўвесь свет: няма ні дня, ні ночы, ні дабра, ні зла. Ісціна — дзесьці паміж. Калі дасягнуць гэтага стану, можна знайсці гармонію ў сабе. Мабыць, гэтае маё прачытанне сталася блізкім сучасным кітайцам, таму твор і апынуўся ў шэрагу лепшых твораў традыцыйнага мастацтва, выбраны еўрапейскімі і азіяцкімі крытыкамі сярод больш як тысячы праектаў розных краін.

— Ці можна сказаць пра Кітай — сучасны і той, які ахоўвае традыцыі, — што ён знаходзіцца ў гэтым гарманічным стане — “паміж”?

— Менавіта так. І Кітай, хачу адзначыць, вельмі ўдала гэты стан захоўвае.

Занатавала Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ