Тэлефонныя “шкілеты” з рэнамэ-скрыні

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

Спектакль-інтэрактыў “ШкілеТы” — такое загадкавае найменне з вылучаным апошнім складам-словам з’явілася на афішы Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра ў канцы сакавіка. Каб далучыцца да дзеі, не трэба было адчыняць шафу — дастаткова было патрапіць у малую залу і настроіцца на зусім не віртуальны дыялог з артыстамі.

/i/content/pi/cult/800/17196/013.JPGРэжысёрам (і часткова драматургам) выступіў расійскі акцёр Аляксей Шутаў, які тры гады таму стаў артыстам нашага Маладзёжнага тэатра. Яго першы рэжысёрскі блін атрымаўся зусім не камяком — наадварот, прыцягваў свежасцю, жаданнем “разварушыць” публіку, запрасіць яе да ўдзелу на роўных.

Больш прэтэнзій можна прад’явіць самому матэрыялу, далёка не дасканаламу. За аснову была ўзята сітуацыя з італьянскай кінастужкі “Ідэальныя незнаёмцы”, адаптаваная да нашых рэалій. Сустрэўшыся ў антыкавярні (а гэта ўстановы, прызначаныя найперш для сацыяльных стасункаў, а не харчавання), дзе адначасова разгорнута выстава нейраграфікі, сябры вырашаюць згуляць у нявінную, здавалася б, гульню: на адну гадзіну скласці свае тэлефоны ў скрыню і адказваць на кожны званок па гучнай сувязі. Весела? Але з гэтай ва ўсіх сэнсах “чорнай скрыні” адразу пачынаюць выпаўзаць прыхаваныя “шкілеты”. Раскрытыя сакрэты вымушаюць іначай зірнуць на ўсіх прысутных. Дык хто ёсць хто?

Акрамя гэтай ледзь не дэтэктыўнай, месцамі даволі напружанай гісторыі, нас чакае і размова пра тэрапеўтычныя якасці моднай сёння нейраграфікі, і разважанні пра сучаснае выяўленчае мастацтва, пра каханне, беларускую мову (маўляў, гэта патрыятызм ці штосьці іншае?) і яшчэ пра безліч псіхалагічных праблем. Скінутыя разам, бы нейкі паток падсвядомасці, усе гэтыя маналогі-дыялогі, часам з прэтэнзіяй на сторытэлінг — распавяданне цікавых гісторый, патрабуюць вельмі дакладна пралічанай драматургіі. Але гэтага бракуе — і спектакль месцамі “правісае”, пачынае “буксаваць”. Вядома, шмат залежыць і ад унутранай энергетыкі артыстаў, і ад “пасылу” гледачоў, якія будуць ці не падключацца да абмеркаванняў. Але ўжо на перадпаказе было бачна, з якой зацікаўленасцю акцёры ішлі на кантакт з залай, як натуральна, шчыра сябе паводзілі (той выпадак, калі само слова “ігралі” ўяўляецца недарэчным) — бы насамрэч завіталі на сяброўскую сустрэчу.

Кульмінацыяй спектакля становіцца ўзнятая праблема эмпатыі і талерантнасці, што павінны выяўляцца не на словах, а на справе. Адзін з герояў, Юрый, памяняўшыся тэлефонам з сябрам, вымушаны адыгрываць ролю гея. Як імгненна змяняецца стаўленне да яго з боку блізкіх яму людзей! Вось і ўся цана сяброўства — як аказалася, уяўнага.

Так здарылася, што роля Юрыя сталася для Гарыка Вяпшкоўскага апошняй. А між тым, бадай, менавіта яна больш за іншыя прыцягнула ўвагу да яго акцёрскага таленту. Адна справа — іграць на звыклай тэатральнай сцэне. Зусім іншая — знаходзіцца ў камернай зале на адлегласці выцягнутай рукі ад гледача ды яшчэ заклікаць публіку да вострых тэм, правакуючы непасрэдныя выказванні з месцаў. У Гарыка гэта атрымалася настолькі ўдала, што можна было забыцца на яго прафесію: мы бачылі не “артыста ў ролі”, а быццам самога героя, патрапіўшы ў ягоны асяродак. Выпускнік Брэсцкага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Рыгора Шырмы, дзе раней таксама выкладалі тэатральнае мастацтва, Гарык Вяпшкоўскі працаваў спачатку ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы, потым — у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Дарэчы, там ён не толькі іграў у спектаклях, але і здымаў іх. Большасць тых відэазапісаў, якія цяпер тэатр выкладае ў анлайн-трансляцыі, былі зроблены ім. Ствараў Гарык і аўдыё- відэаэфекты да спектакляў, якія ставіў яго сябра, акцёр і рэжысёр Дзяніс Паршын. Прычым не толькі ў Мінску, дзе выйшаў “Жмурык”, у якім ён таксама ўдзельнічаў як акцёр, але і ў Гомелі, дзе ў тамтэйшым гарадскім маладзёжным тэатры з’явіўся спектакль “Ляцелі арэлі”. Гарык і сам выступаў рэжысёрам: зняў кароткаметражную стужку “Падарунак”.

/i/content/pi/cult/800/17196/014.JPGАпошнім часам ён працаваў, што называецца, на змор: новыя ролі ішлі адна за адной. Толькі за апошні год гэта Скамарох і Агліцкі пасол у мюзікле “Пра Фядота-стральца”, Яўген Шумільчык у “Трыксцер-клубе” (адразу пасля яго смерці, каб не губляць спектакль, на гэтую ролю пачалі ўводзіць іншага артыста), надзвычай кранальны, нетыпова філасафічны Белы клоўн у “Папялушцы” і, нарэшце, Юрый у “ШкілеТах”. Апошняя роля дзіўным чынам аказалася сугучнай ягонаму лёсу: і ў спектаклі, і ў жыцці нечаканая падзея рэзка змяніла ўсё. Непарушным засталося маё ўражанне ад “ШкілеТаў”. У той самы момант, калі спектакль быў гатовы рассыпацца на шэраг цікавых, але ўсё ж адасобленых фрагментаў, Гарык здолеў умацаваць яго скразным стрыжнем постаці свайго героя. Нягеглы Юрый аказваўся больш сумленным і чалавечным за іншых — і ў тым была яго асабістая трагедыя непаразумення з навакольнымі. Назва ж спектакля быццам запытвала: а ты, апынуўшыся на месцы Юрыя, змог бы так абараняць сябра, рызыкуючы сваім рэнамэ?

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"