Кінатэатры ў чаканні, або Як працаваць без кантэнту і гледача?

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

Кінаіндустрыя, як і сферы турызму ды грамадскага харчавання, сёння перажываюць не лепшыя часы. Каранавірус прыўнёс свае карэктывы, і вось ужо глядач не ідзе ў кінатэатр, а кінастудыі не выпускаюць ці пераносяць прэм’еры сваіх новых фільмаў на больш познія тэрміны. Скарачэнне гледачоў, натуральна, уплывае і на даходы кінаіндустрыі. Усе пералічаныя праблемы, зразумела, датычыць не толькі замежных, але і айчынных кінатэатраў. Калі нават у Мінску з дзяржаўных кінатэатраў сёння функцыянуе толькі “Беларусь”, дык што ж адбываецца ў кінаіндустрыі ў рэгіёнах краіны? Пра гэта паспрабавала даведацца “К”.

/i/content/pi/cult/800/17191/06.JPGГаварыць няма пра што?

Слова “паспрабавала” тут цалкам дарэчы. Кіраўнікі раённых кінатэатраў ці раённых кінавідэасетак без асаблівай ахвоты распавядалі мне пра сённяшні стан рэчаў. Як зазначалі напачатку тэлефанаванняў многія з маіх суразмоўцаў, гаварыць асабліва, на іх погляд, няма пра што.

Скажам, даведацца пра сённяшні стан сферы кіно ў Клецкім раёне Мінскай вобласці мне так і не ўдалося. Бадай толькі атрымаў звесткі падчас размовы з начальнікам аддзела па кінавідэаабслугоўванню насельніцтва Клецкага раёна КУП “Мінаблкінавідэапракат” Уладзімірам Паліводай пра тое, што сфера працуе для наведвальнікаў чатыры дні на тыдзень. Больш ніякай інфармацыі ён не агучыў.

Аднак, менавіта сённяшняя інфармацыя з месца была б дарэчы. Справа ў тым, што звесткі, якія ў свой час былі пададзены на сайт Клецкага райвыканкама, яўна састарэлі. Скажам, там ёсць інфармацыя пра гісторыю прадпрыемства, віды дзейнасці і, у прыватнасці, пра тое, што ў структуру аддзела па кінавідэаабслугоўванню насельніцтва Клецкага раёна ўваходзяць адна кіназала ў раённым Цэнтры культуры на 50 пасадачных месцаў з лічбавым паказам фільмаў у фармаце 2D, 3D, DVD і адна відэапраекцыйная ўстаноўка. За студзень — жнівень 2019 года было абслужана 3247 гарадскіх і 4764 сельскіх гледачоў.

Колькі гледачоў абслугоўвалася на канец мінулага і першы квартал гэтага года, якія меры прымаюцца ў сувязі з каранавірусам, як прадпрыемства плануе працаваць далей, ці можна замовіць білеты на сеансы анлайн — гэтыя пытанні, якія я хацеў задаць Уладзіміру Паліводу, засталіся, на вялікі жаль, без адказу. Улічваючы грамадскую значнасць кінавідэагаліны Беларусі і тыя праблемы, якія перад ёй паўсталі ў сённяшніх неспрыяльных умовах, вырашаць іх трэба, на маю думку, адкрыта абмяркоўваючы, падзяліўшыся пры тым набытым досведам.

У чаканні прэм’ер

Між тым, усе зададзеныя — ці, дакладней кажучы, так і не зададзеныя — пытанні і адказы на іх, зразумела, не з’яўляюцца сакрэтнай інфармацыяй, што не падлягае змяшчэнню на старонках рэспубліканскай прэсы. Бо, напрыклад, у іншых рэгіёнах мне распавядалі пра праблемы мясцовай кінасферы абсалютна без аніякіх цяжкасцяў і з разуменнем важнасці журналісцкага тэлефанавання.

— Сёння мы працуем усяго два дні на тыдзень — у суботу і нядзелю, — адзначыла “К” дырэктар камунальнага ўнітарнага кінавідовішчнага прадпрыемства “Бярозаўская раённая кінавідэасетка” Ганна Шульган. — На жаль, сёння няма прэм’ерных фільмаў, таму мы вымушаны дэманстраваць тыя, якія былі ў нашым пракаце ў мінулым ці нават пазамінулым гадах.

Па гэтай прычыне напаўняльнасць дзяржаўнага кінатэатра ў гэтым райцэнтры Брэсцкай вобласці вельмі малая. У памяшканні кіназалы на 186 месцаў на сеансах бывае і тры — чатыры чалавекі, і 10 — 20 чалавек, але ўсё адно гэта катастрафічна нізкія лічбы ў параўнанні з мінулым годам ці нават з першымі месяцамі гэтага. Да таго ж, нельга сказаць, што на нізкую наведвальнасць кіназалаў уплывае пандэмія каранавіруса.

— Усе неабходныя санэпідэміялагічныя мерапрыемствы ў нас праводзяцца на пастаяннай аснове, — адзначыла Ганна Шульган. — Зала ў нас абсталявана новай вентыляцыйнай сістэмай, мы яе рэгулярна мыем і праветрываем. Прамежкі паміж шэрагамі крэслаў складаюць прыкладна 1,5 метры, так што сацыяльная дыстанцыя захоўваецца нават пры значнай запоўненасці залы.

Больш за тое: акрамя вялікай залы, у Бярозе могуць прапанаваць міні-залу на 12 месцаў. Туды можа прыйсці невялікая кампанія ці нават сямейная пара — кіно пакажуць і для такой малой колькасці наведвальнікаў. Праўда, зноў жа, гэтае кіно будзе не новае. Таму цяпер на прадпрыемстве з надзеяй чакаюць з’яўлення на рынку новых замежных фільмаў.

— Калі з’явіцца новы кантэнт, глядач да нас, безумоўна, пойдзе, — упэўнена Ганна Шульган. — Трэба проста перачакаць гэты час. Спадзяюся, наш пастаянны глядач разумее нашы праблемы і абавязкова да нас вернецца, каб паглядзець самыя розныя сусветныя кінанавінкі.

Таксама чакаюць з’яўлення новага кінакантэнту і ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці. Па словах дырэктара КУКП “Жыткавічывідэасетка” Ірыны Купрыяновіч, сёння назіраецца значнае скарачэнне наведвальнасці кінасеансаў, хаця яны і працуюць 5 дзён на тыдзень. У зале мясцовага кінатэатра, разлічанай на 102 месцы, на кінапаказах прысутнічае вельмі мала людзей. І, скажам, калі ў 2019 годзе ў аграгарадках і населеных пунктах раёна былі зроблены 641 паказ стужак агулам амаль для трох тысяч чалавек, дык сёлета гэтая лічба будзе значна ніжэйшая: як кажа кіраўнік прадпрыемства, на сёння яны ў раёне не працуюць.

У сувязі з гэтым, натуральна, пад пагрозай аказаліся і планы платных паслуг. Калі летась план быў перавыкананы — усе прагнозныя паказчыкі прадпрыемства былі выкананы на 106,7 працэнта, — дык сёлета пра гэта застаецца толькі марыць. Між тым, Жыткавічывідэасетка — адно з найлепшых падобных прадпрыемстваў на Гомельшчыне: пазалетась яно было занесена на раённую Дошку Гонару і ўзнагароджана Дыпломам райвыканкама як пераможца конкурсу сярод устаноў сацыяльнай сферы.

Не варта і казаць, што падобныя праблемы сёння назіраюцца і ў іншых раённых кінавідэасетках Беларусі. Але гэта не значыць, што іх трэба замоўчваць. Наадварот: праблемы — гэта сапраўдныя выклікі і новыя задачы, ад вырашэння якіх выйграюць усе — як кінавідэаарганізацыі, так і пастаянныя гледачы. Скажам, сапраўднае выйсце — гэта паказ фільмаў для сем’яў ці невялікіх кампаній, як гэта робяць у Бярозе, або пазіцыянаванне сябе і сваіх фільмаў праз сацыяльныя сеткі, як гэта цяпер адбываецца ў Жыткавічах. Толькі такім шляхам можна заваяваць прыхільнасць як сталых, так і новых аматараў кіно ў раённых цэнтрах Беларусі.

Спадзяемся на лепшае

Раённыя кінавідэасеткі, як вядома, падначаленыя абласным арганізацыям. Таму лагічным крокам, пасля апытвання раённых прадпрыемстваў сферы кіно, было пазваніць менавіта туды.

На жаль, дазваніцца ўдалося толькі ў Брэст і ў Гомель. Але зноў адзін з маіх суразмоўцаў, генеральны дырэктар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Брэстаблкінавідэапракат” Дзмітрый Сялюк, не быў настроены агучваць хоць якія лічбы і факты па сённяшнім стане кінагаліны вобласці. Маўляў, не будзе нічога казаць, бо не ведае, што журналіст тэлефануе менавіта з “Культуры”, а не з нейкага іншага выдання, і прапанаваў прыязджаць у Брэст, дзе ён усё пакажа і раскажа. А па каментарыі параіў звяртацца ў Міністэрства культуры.

З вялікім задавальненнем наведаю Брэст, як толькі паспрыяюць абставіны. Разам з тым, 21 мая, на адным з рэгіянальных інтэрнэт-парталаў Брэстчыны выйшаў матэрыял пра жыццё мясцовых кінатэатраў. Журналісту таго выдання гендырэктар згаданага вышэй КУП патлумачыў, што ўсе патрабаванні і меры засцярогі, якія датычаць сённяшняй сітуацыі, у кінатэатрах выконваюцца, у залах можна сесці так, каб захаваць сацыяльную дыстанцыю, на некаторы час прыпынена дзейнасць кінатэатра “Мір”, у якім цяпер ідуць пэўныя рамонтныя работы. Дык у чым сакрэтнасць падобнай інфармацыі, у якой адмоўлена чытачам “Культуры”, але якая была прадастаўлена іншаму выданню, для мяне так і засталося загадкай.

На шчасце, пагаварыць падрабязна пра праблемы кінагаліны з “К” не адмовіўся генеральны дырэктар камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Гомелькінавідэапракат” Аляксандр Лаўрыненка.

— На сённяшні дзень магу адзначыць, што мы поўнасцю прытрымліваемся тых санітарных нормаў, якія рэкамендаваны Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, — адзначыў Аляксандр Леанідавіч. — Гэта праветрыванне кіназалаў, іх дэзінфекцыя, рассадка гледачоў з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі, значны прамежак часу паміж кінасеансамі і гэтак далей. Магу сказаць з упэўненасцю, што сёння наведаць кінатэатр больш бяспечна, чым, скажам, прадуктовую краму. Асабліва з улікам таго, што цяпер, на жаль, на кінасеансы прыходзіць зусім мала людзей у параўнанні з ранейшым часам.

Прычына малой колькасці наведвальнікаў на сеансах заключаецца, натуральна, не толькі ў тым, што нехта баіцца захварэць на каранавірус.

— Галоўная праблема — адсутнасць новага якаснага кантэнту, які мы маглі б дэманстраваць нашым гледачам, — кажа генеральны дырэктар прадпрыемства. — Напрыклад, мы цяпер чакаем прэм’еры новага фільма Крыстофера Нолана “Довад”, першы паказ якога запланаваны на 16 ліпеня бягучага года. Але ж гарантаваць, што нашы гледачы ўбачаць гэтую кінапрэм’еру, мы не можам, нават калі яна выйдзе ў гэты тэрмін у сусветны пракат. Многае залежыць ад таго, наколькі хутка адновіцца расійскі кінапракат, адкуль мы атрымліваем усе кінанавінкі замежнай (у тым ліку, расійскай) вытворчасці. Як будуць развівацца падзеі, пакуль сказаць цяжка.

Аляксандр Лаўрыненка закрануў і тэму даходаў, якія ўпалі ў сувязі з сённяшнім неспрыяльным эпідэміялагічным становішчам.

— З прычыны падзення колькасці гледачоў, скараціліся, натуральна, і нашы даходы, не выконваюцца планы платных паслуг, — адзначыў суразмоўца. — Напрыклад, у бягучым маі ў параўнанні з маем мінулага года выручка кінагаліны вобласці паменшылася ў 20 (!) разоў. Мы спрабуем знайсці нейкія іншыя формы работы. Так, з канца красавіка ў Гомелі працуе аўтакінатэатр на адкрытай пляцоўцы.

Акрамя таго, па словах Аляксандра Лаўрыненкі, на абласным узроўні разумеюць сітуацыю і тое, што сёння кінагаліна працуе ў асаблівых умовах.

— Усе разумеюць, што аб’ектыўна кінагаліна цяпер не можа даваць столькі прыбытку ці даходаў, як гэта было раней, — кажа генеральны дырэктар КУП “Гомелькінавідэапракат”. — Але ж мы спадзяемся на лепшае. Невыпадкова, дзякуючы падтрымцы Гомельскага аблвыканкама і Мазырскага райвыканкама, у мазырскім кінатэатры “Мір” зараз вядзецца мантаж першага ў вобласці лазернага кінапраектара і гукавой сістэмы “Долбі Атмас”. Таму сёння мы чакаем новы кінавідэакантэнт, а таксама аднаўлення працы кінагаліны ў розных краінах свету.

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"