Шкляны бусел на ўзлётнай паласе

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

У кастрычніку пачнецца будоўля унікальнага праекта “Мінск-Сіці”, ажыццяўленне якога знаходзіцца пад пільнай увагай Прэзідэнта краіны. Сталіца Беларусі аздобіцца ўласным дзелавым цэнтрам і, фактычна, “горадам у горадзе”. Карэспандэнт “К” сустрэўся з Яраславам ЛІНЕВІЧАМ, галоўным архітэктарам КУП “Мінскграда” — установы, якая і спраектавала “Мінск-Сіці”, каб даведацца падрабязнасці рэалізацыі задумы і дазнацца пра горадабудаўнічыя перспектывы сталіцы.

 /i/content/pi/cult/176/1719/Sub-sustrechy1.jpg

— Такога праекта яшчэ не ведала Беларусь: новы раён вырасце на месцы аэрапорта “Мінск-1”. Гэта будзе велізарны масіў, дзе размесціцца дзелавы цэнтр сталіцы. І не толькі дзелавы. Год мы мэтанакіравана працавалі над гэтым праектам, а пасля ўносілі ўдакладненні разам з нашымі расійскімі партнёрамі. Наогул, генеральнымі планамі развіцця сталіцы розных гадоў аэрапорт “Мінск-1” і авіярамонтны завод выносіліся за межы горада. Але тыя планы па многіх прычынах не былі здзейснены. Не існавала адзінага, цэласнага праекта.

Вам, мусіць, цікава, што будзе ў хуткім часе на месцы аэрапорта? Якім будзе новы Мінск? Задумайцеся цяпер: калі Беларусь стала суверэннай дзяржавай якім мае стаць новы сталічны раён на новым месцы?

Вядома ж, у першую чаргу — дзелавым: гэта офісы, банкі, паркоўкі для аўтамабіляў, лік якіх усё павялічваецца. З’явіцца і жылы раён, толькі абсалютна новы: тут будзе сучасная планіроўка кватэр, ландшафтныя рашэнні, паркі, скверы, дарогі. Сапраўды, цалкам новая архітэктура, еўрапейскі ўзровень горадабудаўніцтва. Прыйшоў час, каб смелыя ідэі ўвасобіліся ў жыццё.

— “Мінск-Сіці” — гэта праект, заснаваны на сусветным вопыце...

— Зазначу, што не толькі Беларусь, Мінск, — бадай кожная з еўрапейскіх сталіц мае такія арыгінальныя дзелавыя цэнтры: Парыж, Вена, Варшава, Берлін... І мы не горшыя за іншыя гарады. Паўтаруся: распрацавалі праект — прыйшоў час ажыццяўляць яго. А сюды будзе праведзены метрапалітэн, паўстануць спартыўныя комплексы, хмарачосы і 60 працэнтаў жылых пабудоў. На тое, што раён мусіць сапраўды стаць дзелавым “сэрцам” сталіцы, спрыяльна паўплывае блізкасць чыгуначнага вакзала. Інакш кажучы, гэты раён стане другім— “паралельным” — цэнтрам Мінска.

Так, ідэя “горада ў горадзе” пад час рэалізацыі будзе карэкціравацца, аднак ці не выдатна: са старога горада трапляем у новы! Нават — у найноўшы!

— І плошча з’явіцца ў “Мінск-Сіці”?

— Найвялікшая ў горадзе, прычым пешаходы будуць разведзены з аўтапатокам. На прасторы плошчы спланаваны разнастайныя фантаны, а таксама дзелавыя гмахі ў 70-80 паверхаў. Беларускія хмарачосы!

— А ці праўда, што асноўны будынак будзе нагадваць бусла, што лунае па-над зямлёй? Кажуць, што ідэягэтая прыйшла ад маскоўскіх архітэктараў...

— Сапраўды. Па першым часе мы прапаноўвалі проста высокі будынак, але ад праекціроўшчыкаў з Расіі паступіла прапанова зрабіць яго ў вобразе бусла, які лунае ў нябёсах, — сапраўднага сімвала Беларусі. Мы пагадзіліся. Чаму б і не? Так, выканаць тэхнічна гэтую задуму значна цяжэй, ды паспрабаваць можна, тым больш сучасныя матэрыялы і канструкцыі дазваляюць. Думаю, да рэалізацыі гэтых праектаў будуць прыцягнуты і замежныя інвестары, якія маюць досвед у будаўніцтве унікальных гмахаў. Але, хачу падкрэсліць, і нашы архітэктары і будаўнікі могуць ажыццявіць падобныя ідэі, паколькі за апошні час з’явілася сапраўды шмат таленавітай моладзі. І старэйшае пакаленне ім дапаможа. Здолелі ж стварыць цудоўную Нацыянальную бібліятэку! Калі нашы дойліды зоймуцца ўсур’ёз праектам “Мінск-Сіці”, то раён будзе больш чым арыгінальным!

— Яраслаў Львовіч, вы прамовілі цудоўнае старажытнае слова “дойліды”. Далоў аднолькавыя панэльныя дамы! Дойліды — гэта найперш творцы, першапраходцы...

— А ці магчыма інакш? Распрацоўцы праекта “Мінск-Сіці” папярэднічала мноства ўдалых здзяйсненняў у малых гарадах. Паглядзіце, што зроблена дойлідамі ў Оршы напярэдадні рэспубліканскіх “Дажынак”, як змяніўся гэты старажытны горад ды і многія іншыя мястэчкі за апошняе дзесяцігоддзе. На мой погляд, тое, што сёння зроблена архітэктарамі і будаўнікамі ў рэспубліцы за такі кароткі тэрмін, — проста фантастыка! Зрэшты, якраз такая практыка дае нам магчымасць увайсці ў прастору еўрапейскай архітэктуры. Захоўваючы і падтрымліваючы даўніну, уводзіцца столькі ўсяго новага, што проста дзівішся!

— Цалкам новае добраўпарадкаванне!

— Так. “Мінск-Сіці” будзе ўзведзены “з нуля” прычым... на ўзлётнай паласе! Гэтым таксама апраўданы “бусел” галоўнага будынка: накіраванасць у вышыню, у неба!

— Мусіць, згодна з гэтай канцэпцыяй, і жылыя дамы таксама “падрастуць”?
 /i/content/pi/cult/176/1719/Sub-sustrechy2.jpg

— Тут якраз і не варта дужа імкнуцца ўгару. Зручна жыць усё ж такі бліжэй да зямлі. А колькасць паверхаў? Будуць 9-ці, 12-ці, 16-ці і 25-павярховыя дамы. Традыцыя ў іх праектаванні будзе суседнічаць з навацыямі. Ну і, канешне ж, паўстануць новыя школы, дзіцячыя садкі, увесь комплекс устаноў сацкультбыту. Такі прыклад ужо існуе на вуліцы Максіма Танка. Там будуюцца гмахі ў 40-50 паверхаў. Тым не менш, патрэбна адзначыць: дзякуючы “Мінск-Сіці” горад “падрасце”!

Як царква будавалася на Русі? На ўзгорку... Дарэчы, царква ёсць у праекце. Месца яе, праўда, можа яшчэ і змяніцца, паколькі праект будзе карэкціравацца.

— Якія фактары могуць паўплываць на ўнясенне змяненняў у праект?

— Напрыклад, у Мінску перакрыжоўваюцца кантынентальныя дарогі ў Еўропу, Расію. Згодна з патрабаваннямі сучаснасці, будуць курсіраваць хуткасныя цягнікі на блізкім вакзале, ды і аўтастрады — на Маскву, Прыбалтыку, Скандынавію— таксама мусяць прымервацца “пад Сіці”. Мы гэтыя аўтабаны будучыні ўжо запланавалі. Прычым у праекце ўсё ўладкавана такім чынам, каб з названых хуткасных трас лёгка можна было патрапіць у дзелавы раён. Наша мэта — каб усім у “Мінск-Сіці” стала максімальна зручна жыць, працаваць і адпачываць. Наперадзе — праца шматлікіх спецыялістаў над гэтым канцэптуальным праектам з тэрыторыяй у 322 гектары, кожны лапік якіх трэба задзейнічаць у сталічнай прасторы.

— Дарэчы, побач знаходзіцца і Лошыцкая водная сістэма. Ці паўплывае яна нейкім чынам на развіццё “Мінск-Сіці”?

— Вада ў праекце — адно з найбольш цікавых новаўвядзенняў. І Лошыцкая водная сістэма ў гэтым сэнсе сапраўдная каштоўнасць. Патрэбна вельмі асцярожна выкарыстоўваць яе. Адзначу, што ад вуліцы Прытыцкага да Чыжоўскага вадасховішча ўсё будзе перабудавана, і такі фактар нельга было не ўлічваць пад час праектавання комплексу. Гэта ўсё тэхнічна складанае пытанне, бо, напрыклад, трэба вырашыць, як падняць ваду, каб Чыжоўскае вадасховішча пайшло па трубах у адзіную сістэму. Праекты унікальныя, таму што Мінск гістарычна бедны на ваду.

— Калі гаварыць пра стыль, то “Мінск-Сіці” — гэта мадэрн?

— Гэта новая сучасная класіка і мадэрн. Так, шмат што залежыць ад дойліда. Што да матэрыялаў, якія мяркуем выкарыстоўваць пры ўзвядзенні комплексу, то гэта шкло, пластык... Актыўна плануем задзейнічаць і ландшафт. Максімальна імкнёмся захаваць стадыён Алім-піяды-1980. Мяркуем рэканструяваць прылеглыя раёны, каб звесці гэтую частку горада ў адзіны ансамбль.

Я з 1971 года займаюся архітэктурай Мінска і магу засведчыць: нават падобнага праекта яшчэ не было. І вось у кастрычніку чакаецца закладка першага каменю.

Дзякуючы “Мінск-Сіці”, мы ўжо выходзім за межы горада, захопліваем Тарасава, Шчомысліцу, Сенніцу, Новы Двор, паколькі патрэбна выходзіць на 2 мільёны квадратных метраў жылля ў год. Да 2030 патрэбна павялічыць плошчу жылых забудоў удвая!

— Узвядзенне “Мінск-Сіці” падштурхне пашырэнне Мінска. А цяпер з’явілася ідэя гарадоў-спадарожнікаў. У выпадку з Мінскам гаворка ідзе пра Заслаўе і Смалявічы, якія адбудуюць не горш, чым сталіцу.

— Але ж і “Мінск-Сіці” — будучы горад-спадарожнік для самой сталіцы.

Распытвала Вольга ЯГОРАВА
Фота аўтара