“Мудрагеліста тасуецца калода...”

№ 22 (1461) 30.05.2020 - 06.06.2020 г

Пакручасты шлях графа Сямёна Зорыча праз Шклоў
(Працяг. Пачатак у №№ 15 — 18, 20, 21)

/i/content/pi/cult/800/17189/02.JPGЯдро равінскай вучонасці

Сямён Зорыч, як іншыя землеўладальнікі, быў упэўнены, што яўрэі, якія жывуць на яго землях, знаходзяцца пад ягонай уладай — хаця фармальна яны былі падпарадкаваныя выключна магістрату. І, тым не меней, па першым часе праўлення Зорыча прыносілі новаму гаспадару горада немалую фінансавую карысць.

Яўрэі з’явіліся ў Шклове, хутчэй за ўсё, пасля вайны 1654 — 1667 гадоў. Першыя прывілеі ім былі дадзеныя ўладальнікамі горада часоў ВКЛ — князямі Сіняўскімі і Чартарыйскімі. І ўжо ў канцы XVII стагоддзя “нашчадкі Абрагама” складалі пятую частку насельніцтва Шклова — прычым гэта была самая багатая і ўплывовая яго частка. У 1727 годзе яўрэі плацілі падатак амаль са 150 гаспадарак, ім належала амаль палова крамаў, 78 драўляных і 7 каменных дамоў (хрысціянам — адпаведна 33 і 1). А ўжо праз 60 гадоў, пры Зорычы, яўрэі мелі 120 крам (хрысціяне — 70 ) і больш за 40 працэнтаў усіх двароў з 356.

Несумненна, агульная культурная атмасфера Шклова гэтага часу, разам з прамысловым развіццём і гандлёвымі сувязямі з Еўропай, моцна адбілася на шклоўскім яўрэйстве: горад стаў ядром равінскай вучонасці, цэнтрам распаўсюджвання навуковых ведаў і культурна-асветніцкіх ідэй так званай хаскалы ў Расійскай імперыі. Па словах амерыканскага гісторыка Дэвіда Фішмана, “перыяд паміж далучэннем да Расіі і захопам Напалеонам (1772 — 1812) быў залатой эрай у жыцці горада, калі ён стаў метраполіяй рускага яўрэйства”. Як бачым, уся апошняя чвэрць XVIII стагоддзя выпадае акурат на час праўлення графа Сямёна Зорыча.

Аднак ва ўспамінах сучаснікаў і некаторых працах сённяшніх даследчыкаў сцвярджаецца, што Зорыч жорстка канфліктаваў з яўрэйскім насельніцтвам горада, не грэбаваў высокімі паборамі, арыштамі і рабаваннямі — ажно да прымянення фізічнага гвалту, калі нешта ішло ў разрэз з яго патрабаваннямі. І справа даходзіла да таго, што яўрэі дасылалі свае скаргі на Зорыча наўпрост у Пецярбург.

Аднак такі акцэнт мне падаецца тэндэнцыйным і перадузятым. Магчыма, у нейкія перыяды жыцця Зорыча — асабліва напрыканцы яго — нешта падобнае і адбывалася. Але ёсць усе падставы меркаваць, што росквіт Шклова як культурнага і эканамічнага цэнтра адбіўся на шклоўскім яўрэйстве, без сумневу, станоўча. Акрамя таго, Зорыч не перашкаджаў будаўніцтву ў горадзе першай яўрэйскай друкарні, каменнай сінагогі, дабрачыннага прытулку.

Так, гэты росквіт Шклова быў нядоўгім: меней за паўстагоддзя. Дый за той час мясцовым яўрэям давялося сутыкнуцца і з многімі гістарычнымі выклікамі, з якімі ім давядзецца мець справу ў наступным, XIX стагоддзі. Але гэта іншая гісторыя, якая патрабуе адмысловага даследавання.

/i/content/pi/cult/800/17189/03.JPGМяне цікавіць у дадзеным выпадку толькі адна тэма: Зорыч і яго ўзаемаадносіны з яўрэямі. Дык вось, найбольш уплывовыя з прадстаўнікоў іх грамады мелі з “дваром” вельмі шчыльныя і цалкам узаемавыгадныя кантакты — і дзелавыя, і нават сяброўскія. Пагатоў, шклоўскіх прадпрымальнікаў тады ведалі далёка за межамі Магілёўскай губерні — у Пецярбургу, Маскве, Варшаве.

Асабліва дапамагаў Зорычу Нота Хаімавіч Ноткін (Натан Шкловер) — яго асабісты, так бы мовіць, “міністр фінансаў”, які здабываў для Сямёна Гаўрылавіча значныя сумы грошай для ўладкавання вучэльні, тэатра, прадпрыемстваў і горада ў цэлым. А Ноткін, у сваю чаргу, быў абавязаны Зорычу сваімі сувязямі ў вышэйшых урадавых сферах Пецярбурга і блізкім сяброўствам з князем Пацёмкіным, для матэрыяльнага ўмацавання арміі якога ён вельмі шмат зрабіў.

Вось што пісаў Зорыч пра Ноткіна: “Служыў Айчыне з неверагоднай стараннасцю; будучы выкарыстаным па сакрэтных камісіях, неаднаразова рызыкаваў страціць жыццё; пастаўляў для войскаў правіянт і фураж, а на фронт і ў шпіталі — патрэбную правізію ў такі час, калі ніхто іншы, акрамя яго, і прыступіць не хацеў”. І яшчэ Зорыч пра Ноткіна: “Хоць яўрэй, але найшляхетны чалавек”.

Дапамагаў і яшчэ адзін шклаўчанін, Ёшуа Цэйтлін, які — таксама праз спрыянне Зорыча — стаў блізкім сябрам Пацёмкіна. Ён шмат падарожнічаў з князем Таўрычаскім, будаваў Херсон, Севастопаль і Екацярынаслаў, браў пазыкі для забеспячэння арміі і нават кіраваў манетным дваром у Крыме. Болей за тое — здолеў пераканаць свайго апекуна арганізаваць уласны кавалерыйскі эскадрон з яўрэяў, якія жылі ў пацёмкінскім маёнтку ў беларускім Крычаве, а потым рэарганізаваць яго ў полк пад назвай “Ізраілаўскі”.

І яшчэ гэты няхрышчаны яўрэй Цэйтлін, які раней атрымаў ад караля Рэчы Паспалітай чын “надворнага саветніка” (адпаведны армейскаму падпалкоўніку), дзякуючы Пацёмкіну займеў прыкладна ў 80 вёрстах ад Шклова маёнтак Вусце ў Чэрыкаўскім павеце, стаўшы ўладальнікам дзевяці соцень прыгонных душ. Зразумела, часцяком ён наведваў свой родны Шклоў і дапамагаў Зорычу, калі той адчуваў патрэбу ў грошах. А гэта здаралася не так і рэдка.

Дарэчы, падчас знаходжання Кацярыны ў Беларусі Пацёмкін дамогся нават аўдыенцыі для Цэйтліна. І па яго хадайніцтве імператрыца распарадзілася паўсюдна ўжываць слова “яўрэі” замест слова “жыды”. Зрэшты, ягоныя іншыя прапановы аб пашырэнні правоў сваёй нацыі яна пакінула без задавальнення.

А пра візіты “матухны” на нашыя землі варта распавесці падрабязней.

Зачараванасць імператрыцы

“Усе бліскучыя асобы павінны сустракацца на сваіх арбітах, як некаторыя з самых прыемных планет”, — напісаў у 1881 годзе Оскар Уайльд у лісце да англійскага архітэктара і выдаўца Джэймса Ноўзла. Дык вось, у дачыненні да маіх герояў гэты тонкі афарызм вялікага пісьменніка будзе вельмі дарэчы.

У маі 1780 года ў Магілёве была прызначаная сустрэча рускай імператрыцы з аўстрыйскім імператарам Іосіфам II. Ён са сваёй світай прыбыў у гэты горад інкогніта — пад імем графа Фалькенштэйна — на два дні раней за Кацярыну. І мусіў чакаць яе па адной прычыне. Не даязджаючы 30 вёрст да Магілёва, картэж рускай імператрыцы збочыў у Шклоў. Надта ж “матухне” карцела пабачыцца са сваім былым каханкам і паглядзець яго валоданні, пагалоска пра якія дасягнула нават Пецярбурга.

Цікава, што нават падчас найважнейшай для палітычнага жыцця Еўропы дзелавой паездкі, калі, здавалася б, кожная гадзіна была “на вагу золата”, імператрыца знайшла час зазірнуць “у гэтае мілае мястэчка”, пазбаўленае ўсялякіх класічных банальнасцяў, характэрных для буйных еўрапейскіх гарадоў.

Як сведчаць сучаснікі, у горад яна прыбыла з боку Оршы ўвечары ў пазалочанай карэце, запрэжанай дзесяццю коньмі. Наперадзе скакалі знакамітыя дваране на багата ўбраных конях, за імі рушыў паштмайстар з дванаццацю паштальёнамі ў чырвоных каптанах і рота коннікаў з шаблямі і карабінамі. Эскорт завяршалі салдаты, усе як на падбор — у касках з паяркавым верхам і фігурным брылём, у нагавіцах з чырвонага сукна і скураных крагах, абабітых тасьмой. Побач — запарожскія казакі з вялізнымі вусамі, голенымі галовамі ды пасмамі накшталт конскіх хвастоў. На баку — кароткія крывыя кінжалы і пісталеты. У руках — доўгія дзіды. Вобразы, годныя пэндзля Рэпіна...

Генерал-маёр Сямён Зорыч сустрэў імператрыцу ля спецыяльна пабудаванай ім з такой нагоды трыумфальнай брамы, потым абагнаў картэж і вітаў яго каля лесвіцы свайго раскошнага палаца. Да прыезду гасцей Зорыч зноўку яго перабудаваў. Пафарбаваў у шэра-блакітны колер, пакінуўшы белымі ляпніну і балюстраду. Прывёў у парадак вуліцы Мяшчанскую, Прабойную, Дняпроўскую, Паштовую, Маставую, Паромную, Касцёльную. Усе яны з’явіліся яшчэ пры Адаме Чартарыйскім у так званым Новым Шклове, пабудаваным паміж высокім правым берагам Дняпра і левым берагам Шклавянкі. Гэта ў трох кіламетрах на поўнач ад старога мястэчка, якое згарэла ў пажары 1769 года.

Палац Зорыч прадаставіў высокім гасцям. Іх разам з Кацярынай прыбылі цэлыя сонмы — дарадцы, сенатары, генералы, фрэйліны... Але найбольшую ўвагу імператрыца надавала 23-гадоваму палкоўніку Аляксандру Ланскому — гэта быў яе новы фаварыт.

Усіх астатніх — камердынера, аптэкараў, лекараў і арапаў — Зорыч змясціў у трохпавярховы “інтэрнат” для кадэтаў і часткова — у будынак вучэльні. Для ахвочых была прыгатаваная лазня “па-чорнаму” з усім неабходным “інструментарыем”: бочкай з квасам, бярозавымі венікамі, лісцем рамонку, мяты, крапівы, кадкай з вадой для нагрэву камянёў.

Да параднага агляду кадэтаў Зорыч загадаў пашыць для іх — дарэчы, за грошы Ноткіна — новае абмундзіраванне і падрыхтаваў прыгожыя атласныя сцягі са значкамі Шклоўскага графства.

Адпачыўшы з дарогі, імператрыца гуляла ў карты і глядзела камічную нямецкую оперу, пасля якой пачаўся баль, а потым для світы Кацярыны была зладжаная цудоўная вячэра. Для фееверку Зорыч падрыхтаваў у садзе адмысловы павільён з 5000 ракет. Палац і ўсё мястэчка былі ілюмінаваныя. Не забыліся і на просты люд: для яго паставілі арэлі, арганізавалі забавы ды пачастунак.

“Магілёў каля Шклова”

Так, гуляць тут умелі. У трохтомніку “Вопыт апісання Магілёўскай губерні” Аляксандра Дзембавецкага, які ў 1872 — 1893 гадах быў магілёўскім губернатарам, адзначаецца, што дзеля забаўкі ў Шклове нават летам каталіся на санях па рассыпанай на дарозе солі. Але чым асабліва славіўся горад у тыя часы, дык гэта хорам цыган. Іх спевы і скокі ў часы Кацярыны сталі ўваходзіць “у вялікую моду”.

Не дзіва, калі пасля такіх прыёмаў многія сучаснікі сцвярджалі, што “Магілёў у параўнанні са Шкловам не меў значэння”. І жартам, дадавалі: “Магілёў, які каля Шклова”.

Магчыма, імператрыца затрымалася б там яшчэ на некалькі дзён — так ёй спадабалася гэтае мястэчка — калі б у Магілёве яе не чакаў ужо з нецярплівасцю аўстрыйскі імператар Іосіф II. Праўда, Зорычу Кацярына паабяцала, што яшчэ да яго наведаецца. І слова стрымала.

Барыс КРЭПАК

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"