Не пакідайце нас, Музыканты!

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

Майскімі днямі літаральна адзін за адным ад нас назаўжды пайшлі некалькі выбітных акадэмічных музыкантаў — два дырыжоры і скрыпач. Вальтэр Мнацаканаў, Вячаслаў Зяленін, Пётр Вандзілоўскі. Але ж колькі незабыўных сустрэч з цудоўным светам музыкі падарылі нам яны! Вось толькі — ці заўсёды мы ў дастатковай меры ацэньвалі тыя падарункі? Бо тыя ж інсульты, інфаркты — бывае — наступствы “сардэчнай недастатковасці” часам і з-за нас, навакольных. Як горка, што многія заслугі мы згадваем хіба пасля адыходу таленавітых людзей…

/i/content/pi/cult/799/17187/01.jpegДырыжору, аранжыроўшчыку, кампазітару Вальтэру Мнацаканаву споўнілася 85, але юбілейная вечарына была перанесена. Ураджэнец Грузіі, выхаванец Маскоўскай і Піцерскай (на тае часы — Ленінградскай) кансерваторый, з 1960-х яго жыццё было звязана з Беларуссю і нашай нацыянальнай культурай. Ён дырыжыраваў самымі рознымі аркестрамі, шмат гадоў выкладаў. Але асабіста для мяне яго імя асацыюецца з дзвюма выбітнымі з’явамі.

Першая — гэта створаныя ім фантазіі-парафразы на мелодыі з фільмаў, аперэт (а некалькі гадоў, дарэчы, ён працаваў у нашым Музычным тэатры, які тады называўся “музкамедыяй”), дзе самай знакамітай стала сюіта “Чаплініяна”. Многія падобныя творы, напісаныя “паводле”, усяго толькі ў чарговы раз нагадваюць нам знаёмыя матывы. А тут была — сама сутнасць Чарлі Чапліна: бліскучы гумар і сум “у адным флаконе”.

Другое папраўдзе неверагоднае дасягненне Вальтэра Грайравіча — яго праца з калектывам Народнай оперы. Сёння многія нават не ведаюць, што калісьці пры Палацы культуры прафсаюзаў існаваў… аматарскі оперны тэатр. І там ладзіліся папросту выдатныя па мастацкім узроўні пастаноўкі! Толькі не думайце, што там спявалі і ігралі выпадковыя мінакі — не, гэта былі апантаныя музыканты, пераважна выкладчыкі ці былыя выпускнікі музычных устаноў, што пазней былі вымушаны абраць больш грашовыя месцы працы. Дык вось, гэты тэатр яшчэ і гастраляваў, выступаў у Маскве, у Крамлёўскім палацы з’ездаў. А яшчэ — пад кіраўніцтвам Мнацаканава як дырыжора там была пастаўлена опера “Кастусь Каліноўскі” беларускага класіка Дзмітрыя Лукаса. Не пералічыць, колькі ўсяго ён зладзіў пазней з Опернай студыяй Акадэміі музыкі. А ў 1998-м, калі спаўнялася 95 гадоў з дня нараджэння Арама Хачатурана, разам з армянскімі музыкантамі ўвогуле падрыхтаваў суцэльны фестываль яго музыкі і гастрольны тур па СНД. Упэўнена, яго перанесены аўтарскі канцэрт адкрые нам яшчэ шмат таго, чым можа ганарыцца наша мастацтва.

/i/content/pi/cult/799/17187/02.jpegТворчы здабытак скрыпача, прафесара Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вячаслава Зяленіна — гэта найперш яго выхаванцы. За амаль паўстагоддзя працы іх назбіралася шмат, і многія з іх сёння куды больш вядомыя за яго самога: па класах камернага ансамбля ці скрыпкі ў яго вучыліся кампазітар Уладзімір Кандрусевіч, даследчык Аляксандр Капілаў, альтысты і выкладчыкі Лючыя Ластаўка, Уладзімір Рылатка, які да ўсяго шмат гадоў працаваў на кіруючых пасадах у Міністэрстве культуры і нашым Вялікім тэатры, лектар філармоніі Анатоль Парэцкі, піяністы і педагогі Яўген Пукст, Уладзімір Кузменка, які ў свой час узначальваў Рэспубліканскую гімназію-каледж пры Акадэміі музыкі, і многія іншыя. А колькі яшчэ музыкантаў і настаўнікаў чэрпалі вопыт з яго метадычных дапаможнікаў, рэкамендацый і парад. Вячаслаў Міхайлавіч увогуле быў чалавекам надзвычай сціплым, ніколі не вылучаў сваю асобу, што бывае ўласціва дзеячам культуры, на нябачны “п’едэстал”. Нават гаварыў заўжды вельмі ціха, але ў кожным слове адчувалася сканцэнтраваная думка. На радыё захавалася некалькі музычных запісаў з яго ўдзелам — акурат з тымі ж рысамі: бязмежным пачуццём партнёрства і асэнсаванасцю, змястоўнасцю кожнай ноты.

/i/content/pi/cult/799/17187/03.jpegЗаўчасны, раптоўны сыход дырыжора Пятра Вандзілоўскага стаў настолькі нечаканым, што спачатку ўспрымаўся за чыйсці злы жарт. 65 гадоў, па цяперашніх мерках — маэстра ў самым росквіце сіл, на ўзлёце таленту і магчымасцяў. Безліч найцікавых планаў, перспектыў — і нечаканае жыццёвае шматкроп’е.

У розныя часы ён працаваў ледзь не з усімі вядучымі аркестравымі калектывамі Беларусі, у канцы 1990-х быў запрошаны галоўным дырыжорам філарманічнага сімфанічнага аркестра ў Сараева — сталіцы Босніі і Герцагавіны. Шмат гастраляваў, выступаючы з аркестрамі розных краін: Андора, Венгрыя, Германія, ЗША, Іспанія, Італія, Кіпр, Літва, Партугалія, Польшча, Расія, Турцыя, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя і іншыя. Адзін з выхаванцаў знакамітага па ўсім Савецкім Саюзе Генадзя Праваторава, Пётр Віктаравіч шчодра перадаваў свае веды наступным пакаленням. Вось і сёлета з яго класа выйдуць двое маладых дырыжораў, рыхтуючыся да Дзяржаўнага іспыту ўжо без яго — але з яго нябачнай падтрымкай.

Ды ўсё ж імя Вандзілоўскага найперш звязана з сучаснай беларускай музыкай: менавіта яму належаць многія ды многія прэм’еры найбольш складаных, часам увогуле авангардных партытур. Ён не проста вывучваў з аркестрамі гэтыя творы, а знаходзіў да іх свой уласны выканальніцкі падыход, чым могуць пахваліцца, на жаль, далёка не ўсе прадстаўнікі яго прафесіі. Бо ён не “махаў”, не “кіраваў” — дапамагаў нарадзіцца музыцы, выйсці ёй з таямнічага нотнага маўчання і захапіць слухачоў.

Інтэлігент, высокі інтэлектуал — так і хочацца сказаць, што “ў пятым —сёмым пакаленні”, ажно не — ён родам з Бялыніцкага раёна на Магілёўшчыне. І па сваёй першай прафесіі (а на оперна-сімфанічнае дырыжыраванне можна паступаць толькі пасля заканчэння кансерваторыі па адной з іншых спецыяльнасцяў) — не скрыпач, піяніст ці харавы дырыжор, а баяніст. Тым не менш, пачуццё аркестра — бездакорнае. Можа, яшчэ і з-за сваёй вечнай прагі да чагосьці новага, нязведанага? Ён любіў адкрываць новыя гарызонты, ісці за нязведаным. І беларуская музыка, пры ўсёй яе значнасці ў яго рэпертуары, была хіба часткай таго вялізнага сімфанічнага айсберга.

Гледзячы на яго, немагчыма было абмінуць вачэй. Вялізныя, заўсёды крыху здзіўленыя і вельмі зацікаўленыя, яны адлюстроўвалі душу і ўвесь свет. Бо так і было: яго цікавіла ўсё навакольнае, у кожнай дробязі ён шчыра знаходзіў падставу для радасці — і музыкай для яго стала ўсё навокал. Таму і адкрываў ён у ёй немагчымыя на першыя пагляды глыбіні. І ўмеў шчыра здзіўляцца кожнай знойдзенай дэталі. Ці ж не з такой якасці пачынаецца сама прафесія — дырыжор? А яшчэ шырэй — музыкант.

Не пакідайце нас, дарыце музыку і надалей — у запісах, якія засталіся нам і нашым нашчадкам.

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"