Вось яна, магія роднай зямлі...

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту правёў сёлетнюю Ноч музеяў не анлайн, а оўпэн-эйр. Вялізная прастора скансэна, чыстае лугавое паветра і нешматлікае кола ўдзельнікаў — досыць спрыяльныя ўмовы для эпідэміялагічнай бяспекі.

/i/content/pi/cult/799/17185/023.JPG16 мая а сёмай гадзіне вечара гукі акардэона і дуды паклікалі ўсіх да сцэны ў сектары “Цэнтральная Беларусь”. Дзеля размінкі навуковы супрацоўнік Паліна Курановіч прапанавала гасцям квэст “Зачараваная кветка”. Нібыта вырасла на тэрыторыі музея кветка шчасця з сямю рознакаляровымі пялёсткамі. Ды падзьмуў гарэзлівы вецер — і разляцеліся пялёсткі. Трэба знайсці іх як мага хутчэй!

Тых жа, каго не прывабіў квэст, намеснік дырэктара музея Яўген Мікула запрасіў на экскурсію ў царкву з вёскі Барань. Там разгарнулася выстава “Сакральная культура ў народным побыце Астравеччыны”. Яе экспанаты — бажніцы, абразы і літаграфіі, пераважна каталіцкія, створаныя ў савецкі час вясковымі мастакамі. Абпаленыя пажарам, забытыя на гарышчы, яны былі ўратаваны этнаграфічнымі экспедыцыямі ды трапілі ў далікатныя рукі рэстаўратараў, а цяпер яўляюць сваю сціплую адухоўленую прыгажосць са сцен храма. Ну хіба ж гэта не цуд?!

У чаканні прыцемак усе зноў збіраюцца ля сцэны. Паліна Курановіч аб’яўляе народныя танцы і гульні. Разам з калегай Янай Патапенка яна паказвае, як трэба танчыць “Крыжачок”, “Лявоніху”, “Ойру”.!

На трысняговыя дахі старых хат паціху напаўзаюць прыцемкі. Птушкі спевамі развітваюцца з сонцам. Надышоў час галоўнай падзеі свята — містычнай экскурсіі. Смельчакі ўзбройваюцца ліхтарамі: варта быць гатовымі да сустрэч з нячыстай сілай!

Падчас абходу будынкаў-помнікаў экскурсанты даведваюцца, што жыццё старадаўніх беларусаў было прасякнута прымхамі і абрадамі для засцярогі ад злых духаў. Лічылася, што побач з карчмой ды царквой заўжды вадзіліся чэрці, якія спакушалі людзей. У абмен на золата або здзяйсненне запаветнай мары чорт патрабаваў прадаць яму душу. Аднак спрытны беларускі селянін мог абдурыць нават самога д’ябла, каб і скарбам завалодаць, і бессмяротную душу ўратаваць.

Не паспела дагучаць адна з такіх казак, як з калодзежа вынырвае… Чорт уласнай персонай! (Сяргей Ермаловіч.) Ён падымае з магілы Вупыра (Алег Аксючыц) — маладога каваля, які здзейсніў самазабойства з-за нешчаслівага кахання. У суправаджэнні Чорта і Вупыра шэсце скіроўваецца да кавалёвай хаты, а потым — да вядзьмарчынай. Здаецца, вядзьмарка (Паліна Курановіч) не рада гасцям. Але раптоўна яна лагаднее і распавядае чароўную гісторыю.

Цемра згушчаецца, прыгоды працягваюцца. На сцяжынку выходзіць Дзед-Ваўкалак (Вадзім Баранаў). Ён шчыра прызнаецца, што сышоў у лес, каб з’яднацца з прыродай, і просіць людзей прыбіраць за сабой смецце пасля пікнікоў.

Фінал свята — вогнішча. Паліна з Янай заводзяць фальклорныя спевы, народжаныя на прыволлі палёў і лугоў. Якімі ж трывалымі былі нашы продкі! Нягледзячы на суворыя жыццёвыя ўмовы, цяжкую працу, усялякія нягоды, яны жартавалі і фантазіравалі, марылі і спявалі. Ды хіба мы горшыя за іх? З’ядналіся ля вогнішча ў сяброўскае кола, настроіліся пазітыўна, заспявалі — і суцішыўся халодны вятрыска, разышліся хмары над музеем, пацяплела паветра. Вось яна, сапраўдная магія роднай зямлі!

Святлана Ішчанка