Тэатр, які большы, чым тэатр

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

Сказаць, што з юбілеем Купалаўскаму не пашчасціла — лічы, не сказаць анічога. Да стагоддзя легендарнага тэатра засталося меней за чатыры месяцы, і ўжо сёння відаць, што шчыльны графік святочных падзей давядзецца як мінімум пасунуць. Вось і рэпетыцыі спектакля, які займеў тытул “Чаканне сезона” — новай версіі купалаўскіх “Тутэйшых” — на час прыпыніліся. Зрэшты, тэатр за свой немалы век перажыў ужо столькі выпрабаванняў, што наўрад ці хто сумняецца: каранавірус ён таксама перажыве. Пагатоў, на некаторыя планы юбілейнага года пандэмія, на шчасце, не паўплывала. Неўзабаве ў выдавецтве “Беларусь” мае выйсці кніга, прысвечаная гісторыі Купалаўскага. А студыя гістарычных фільмаў “Майстэрня Уладзіміра Бокуна” па заказе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прыступіла да вытворчасці дакументальнай стужкі пра тэатр.

/i/content/pi/cult/799/17184/17_opt.jpegЯк распавяла загадчыца літаратурна-драматычнай часткі Вольга Бабкова, кніга з’яўляецца своеасаблівым нарысам гісторыі Купалаўскага ад моманту яго заснавання і да нашых дзён. Акром спадарыні Вольгі, сярод яе аўтараў — беларускія тэатразнаўцы Вераніка Ермалінская, Кацярына Яроміна і Дзмітрый Дашчынскі. Далучыўся да працы і добра вядомы ў нас прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Андрэй Масквін.

Азнаёміўшыся са зместам кнігі, адразу прыходзіш да высновы, што дата 14 верасня 1920 года, калі кіраўніцтва ў другі ўжо раз абвешчанай БССР, усталяваўшыся ў Мінску, заснавала Беларускі дзяржаўны тэатр — гэта важны пункт адліку, але зусім не “кутні камень” беларускага тэатра як такога. Грунтоўнаму адлюстраванню гістарычнага бэкграўнда той падзеі прысвечаны асобны раздзел, які ахоплівае не толькі ўсю тэатральную гісторыю губернскага Мінска прынамсі з ХІХ стагоддзя, але і станаўленне ўласна нацыянальнага тэатра напачатку ўжо ХХ стагоддзя.

І гэты, і іншыя раздзелы ўтрымлівае мноства цікавых фактаў, невядомых шырокай аўдыторыі. Часам нават камічных. Чаго варты хаця б успамін легендарнага артыста Леаніда Рахленкі, які, выступаючы на перадавой у складзе франтавой брыгады, чуў апладысменты ды ўхвальныя воклічы… з таго боку!

/i/content/pi/cult/799/17184/Kupalayski_opt.jpegДакументальны фільм, здымкі якога павінны распачацца ўжо днямі, таксама ставіць за мэту адлюстраваць гісторыю тэатра — але для больш шырокай аўдыторыі. Яе паказ плануецца на адным з цэнтральных тэлеканалаў.

— Замова Міністэрства культуры — гэта стужка, хранаметраж якой 52 хвіліны, — распавядае прадзюсар Уладзімір Бокун. — Аднак зважаючы на грамадскую важнасць праекта і неверагодны аб’ём цікавага матэрыялу, мы вырашылі па сваёй ініцыятыве стварыць таксама і тэлевізійную версію фільма, якая доўжыцца ўдвая болей.

Рэжысёры Уладзімір Луцкі, Ірына Васільева, Аляксей Раковіч і аўтар сцэнарыя Таццяна Сухоцкая за гэты экранны час спадзяюцца калі не пазнаёміць гледачоў з усімі дасягненнямі і выдатнымі асобамі з гісторыі тэатра (што, вядома ж, немагчыма), дык, прынамсі, акрэсліць яе лейтматыў. На думку Уладзіміра Бокуна, ён відавочны:

— Для Беларусі гэта асаблівы тэатр. Не проста месца забаваў і задавальнення сваіх эстэтычных патрэбаў, але нешта куды большае. У розныя перыяды нашай гісторыі ён адыгрываў найважнейшую ролю ў пошуку нашай нацыянальнай ідэі. Дазваляў калі не ўбачыць яе ўвасабленне, дык, прынамсі, пра гэта памарыць. І наш фільм — спроба ўсвядоміць тэатр менавіта як праяву нацыянальнай ідэі.

Уласна, таму і зразумела, што асаблівая роля ў ім будзе нададзеная спектаклю “Тутэйшыя”, ужо трэцяе ўвасабленне якога на той самай сцэне нас неўзабаве чакае. І першая змена здымак адбылася акурат на першай яго рэпетыцыі.

Па словах прадзюсара, звыклых для цяперашняга тэлефармату ігравых рэканструкцый гістарычных сцэн у стужцы амаль не будзе. У той самы час, і традыцыйным для дакументалістыкі арсеналам аўтарскі калектыў не абмяжуецца.

— Адлюстраваць на экране гісторыю тэатра — справа вельмі складаная, — кажа Уладзімір Бокун. — Бо спектакль жыве толькі тут і цяпер, выклікаючы ў публікі непасрэдныя эмоцыі. Галоўная задача, якую мы ставілі — не пераўтварыць расповед пра выбітных людзей і яркія падзеі ў нейкае занудства. Доўга думалі, які фармат выбраць. І ўрэшце ў працэсе работы з’явілася такая ідэя — каб гісторыю Купалаўскага распавядалі сённяшнія купалаўцы.

І ведаючы крэатыўнасць цяперашняй трупы, можна не сумнявацца, што атрымаецца гэта вынаходліва ды маляўніча. Праўда, на сённяшні момант на сайце Купалаўскага дэманструецца сюррэалістычны ролік пра самастойнае жыццё рэчаў у спусцелым тэатры. Але слоган яго аптымістычны: “Мы вернемся!”. І ў гэтым сумнявацца не выпадае.