Самому прайсці праз тую мяжу.., або Місія музеефікацыі

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

Гісторыка-культурны комплекс “Лінія Сталіна” ў чэрвені адзначае 15-годдзе існавання. За гэты час ён зрабіўся адным з найбольш вядомых месцаў захавання і папулярызацыі памяці аб ваеннай гісторыі Беларусі. Экспазіцыя размешчана на вялікай плошчы пад адкрытым небам, што дазволіла даўно і трывала пашырыць гістарычныя рамкі экспанатаў за межы 1930 — 1940-х гадоў. Хаця менавіта помнікі фартыфікацыі гэтага перыяду паслужылі асновай для стварэння комплексу, а гісторыя самой мясціны непасрэдна звязаная з падзеямі першых дзён Вялікай Айчыннай.

/i/content/pi/cult/799/17183/022.JPGДырэктар дабрачыннага фонду дапамогі воінам-інтэрнацыяналістам “Памяць Афгана” Аляксандр Мятла, які быў адным з пачынальнікаў музеефікацыі дотаў пад Заслаўем, прыгадвае, што калі ў 2005 годзе пачыналі брацца за стварэнне комплексу, у грамадскай свядомасці амаль цалкам адсутнічала ўяўленне аб ролі Мінскага ўмацаванага раёна ў гісторыі вайны. Магчыма, з-за таго, што ён, з шэрагу прычын, не здолеў у чэрвені 1941 года затрымаць ворага на даўжэйшы час — але, тым не менш, яго абаронцы мужна змагаліся супраць захопнікаў і зрабілі значны ўнёсак у абарону Мінска.

Прытым змагаліся да апошняга: Аляксандр Мятла з жалем адзначае, што непадалёк ад “Лініі Сталіна” знаходзіцца брацкая магіла каля дзвюх тысяч салдат 30-га стралковага палка 64-й дывізіі пад камандаваннем Аляксандра Яфрэмава — але імёны іх застаюцца нявыяўленымі. Сюды ж падзахаваныя і 70 фрагментаў парэштак абаронцаў лініі, якія былі знойдзеныя падчас будаўніцтва комплексу. Дарэчы, Аляксандр Мятла ў 2006 годзе выступіў і аўтарам першай кнігі, прысвечанай мінуўшчыне і сучаснасці гэтых мясцін. Даследванне “Лінія Сталіна. Памяць і праўда гісторыі” распавядала не толькі аб стварэнні гісторыка-культурнага комплексу, але і наогул аб ролі ўмацаваных раёнаў міжваеннага перыяду на заходніх межах СССР.

Людзі, мацнейшыя за бетон

Сёлета, 14 мая, у гісторыка-культурным комплексе ля Заслаўя адбылася прэзентацыя кнігі “Лінія Сталіна”, што выйшла ў выдавецтве “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. Выданне альбомнага фармату на дзвюх сотнях старонак у яскравай і папулярнай форме паказвае экспазіцыю комплексу, знаёміць з яе напаўненнем і мерапрыемствамі, якія тут ладзяцца, прычым тэкст мае і англамоўную версію. Аўтар кнігі, навуковы супрацоўнік ГКК “Лінія Сталіна” Барыс Праказаў, па спецыяльнасці мастак, раней сам працаваў у выдавецтве, стварыў шэраг кніг для падлеткаў аб Вялікай Айчыннай вайне. Ён адзначае, што для такой аўдыторыі важна пісаць даступна, сцісла і па справе. Вядома, вялікую ролю для правільнага разумення зместу адыгрывае таксама адпаведнасць тэксту і ілюстрацый.

Аўтар заўважае, што пры сённяшняй даступнасці інфармацыі зрабілася магчымым дэтальна аднавіць знешні выгляд войск, знайсці цытаты са справаздач аб баях. Найлепшым доказам таго, што немцы сапраўды сутыкнуліся з актыўным супрацівам абаронцаў Мінскага ўмацаванага раёна, аўтар называе звесткі, змешчаныя ў зводках баявых дзеянняў нямецкай 12-й танкавай дывізіі. Толькі за два дні 27 і 28 чэрвеня 1941 года яе танкам давялося знішчыць 26 савецкіх дотаў. Немцы адзначалі, што часам абаронцы паўторна займалі нават ужо разбураныя ўмацаванні, і змагаліся да апошняга чалавека, што значна стрымлівала наступ.

Барыс Праказаў падкрэслівае — доты “Лініі Сталіна” пачалі будавацца яшчэ ў 1928 годзе, і іх меркавалася выкарыстоўваць супраць магчымага наступу польскай арміі — а ў 1941 годзе гэтая лінія абароны сутыкнулася з нямецкім вермахтам, які меў абсалютна іншую тактыку і ўзровень развіцця, чым польскія войскі дванаццацігадовай даўніны, быў значна лепш забяспечаны найноўшай вайсковай тэхнікай. Але нягледзячы нават на гэта, дзякуючы ўмацаванням “Лініі Сталіна” Чырвоная армія здолела прыпыніць рух немцаў па Беларусі ў Мінскім умацаваным раёне на чатыры дні, а ў Полацкім — ажно на дваццаць. І гэта прытым, што ў 1928 годзе меркавалася, каб гэтыя ўмацаванні маглі прыпыніць наступ лёгкаўзброенай польскай арміі ўсяго на дзесяць дзён, пакуль будзе адбывацца мабілізацыя. Трэба таксама ўлічваць, што ў чэрвені 1941 года чатыром танкавым дывізіям немцаў у Мінскім умацаваным раёне супрацьстаяла толькі адна савецкая стралковая дывізія, якая, да таго ж, не забяспечвалася боепрыпасамі. Канчаткова жа ўмацаванні савецкай лініі, што цягнулася ад Карэліі на поўначы да Чорнага мора на поўдні, былі прарваныя немцамі ў 1941 годзе толькі за 107 дзён.

Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь Леанід Касінскі дадае, што не так важна сёння высвятляць, выканалі ці не выканалі ўскладзеную на іх місію ўмацаванні “Лініі Сталіна” — галоўнае, што насамрэч гэтую задачу па абароне Радзімы здзейснілі людзі, якія ваявалі ў гэтых умацаваннях, і аказаліся мацнейшымі за метал і бетон. Ён зазначыў таксама, што яшчэ з савецкіх часоў часта застаецца незаслужана забытай гісторыя акурат тых вайсковых частак, якія змагаліся і гінулі ў першыя месяцы вайны — таму, што яны, нібыта, не здолелі спыніць ворага. Але насамрэч важна памятаць, што гераізм менавіта гэтых людзей дазволіў мабілізаваць новыя сілы, нарасціць магутнасць арміі і пазней даць ворагу належны адпор, пераламіўшы ход вайны.

Бронецягнік на запасным шляху

Акрамя лёсаў Мінскага ўмацаванага раёна, значная частка кнігі прысвечаная самому гісторыка-мемарыяльнаму комплексу, дзейнасці яго супрацоўнікаў, іх дасягненням па аднаўленні ўзораў вайсковай тэхнікі і зброі, правядзенні гістарычнай рэканструцыі баявых дзеянняў. Вялікая ўвага надаецца гісторыі і характарыстыцы ўмацаванняў, якія прадстаўленыя ў экспазіцыі — бо на тэрыторыі ГКК “Лінія Сталіна” размешчаныя не толькі доты і артылерыйскія капаніры Мінскага ўмацаванага раёна, але і адмыслова прывезеныя сюды з усёй Беларусі ды ўсталяваныя на асобнай пляцоўцы ўзоры фартыфікацыйных збудаванняў міжваеннага і ваеннага перыядаў — польскія і нямецкія бронекалпакі і стацыянарныя супрацьтанкавыя вежы.

Як узгадвае Аляксандр Мятла, у 2005 годзе першая чарга комплексу была створаная за пяць месяцаў — у лютым пачаліся работы па расчыстцы і падрыхтоўцы тэрыторыі, якія выконвалі салдаты інжынерных войск, а ўжо 30 чэрвеня адбылося ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі. З таго часу праца па яе ўдасканаленні не спыняецца. Тут усё арыентавана перадусім на тое, каб выклікаць зацікаўленасць у дзяцей і падлеткаў, якія пра гісторыю Вялікай Айчыннай часта ўжо не ведаюць нават з кніг. А на “Лініі Сталіна” да мінуўшчыны можна ў прамым сэнсе дакрануцца і на свае вочы пабачыць, як разгортваліся падзеі — дзякуючы маштабным і відовішчным паказам ваенна-гістарычнай рэканструкцыі баёў. У іх прымаюць удзел не толькі супрацоўнікі комплексу, але і валанцёры з многіх вайскова-патрыятычных клубаў, а гледачамі робяцца тысячы чалавек. Ладзяцца рэканструкцыі падзей не толькі Вялікай Айчыннай, але і Першай сусветнай, і вайны ў Афганістане. Экспазіцыя баявой тэхнікі таксама змяшчае ўзоры танкаў, гармат і авіяцыі пасляваеннага перыяду.

Вялікая ўвага надаецца аднаўленню гістарычных мадэляў вайсковай тэхнікі, прытым прадстаўленыя ў экспазіцыі і рухомыя рэплікі бронеаўтамабіляў часоў Вялікай Айчыннай вайны — як савецкіх, так і нямецкіх, якія таксама прымаюць удзел у рэканструкцыях баявых дзеянняў. Адна з новых частак экспазіцыі дазваляе агледзець савецкі бронецягнік часоў Вялікай Айчыннай. У планах таксама стварэнне асобнага раздзела, дзе будзе прадэманстраваны працэс будаўніцтва фартыфікацыйных пабудоў, размесцяцца мадэлі розных відаў умацаванняў.

Стваральнікі гісторыка-культурнага комплексу “Лінія Сталіна” зазначаюць, што часам ад крытыкаў ім даводзіцца чуць папрокі ледзь не ў прапагандзе вайны. Але насамрэч усё тут скіравана на тое, каб паказаць, што вайна — цяжкая і няўдзячная справа, і даць разуменне аб тым, праз што даводзіцца праходзіць яе ўдзельнікам. Гісторыя гэтага месца вучыць, што ў любых умовах нашыя продкі маглі даць належны адпор захопнікам і закласці фундамент будучай перамогі. Нашая ж справа сёння — захаваць не толькі мір, але і памяць аб ранейшых стратах, за кошт якіх гэты мір быў заваяваны.