Калі песні дапамагаюць дактарам

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

Артысты ў дабрачынных марафонах
“Можна панікаваць і засмучацца, а можна дзейнічаць і рабіць нешта карыснае”, — кажа дырэктар прадзюсарскага цэнтра “Спамаш” Анжаліна Мікульская. Менавіта “Спамаш” распачаў серыю анлайн-марафонаў #БеларусьБЕЗCovid у падтрымку медыцынскіх работнікаў і ўстаноў — паспяхова сабраў сродкі ўжо для трох клінік і зарганізаваў вакол сябе вялікае мноства папулярных артыстаў. Часам узнікаюць і іншыя падобныя ініцыятывы — ва ўмовах адсутнасці жывых канцэртаў музыканты праводзяць анлайн-выступленні як акцыі дапамогі медыкам. Але нямногім удаецца сабраць не толькі сродкі, але і прагляды. Расказ пра паспяховы праект можа не толькі заклікаць да ўдзелу ў наступных анлайн-марафонах, але і стаць прыкладам для іншых арганізатараў. І нават для тэлеканалаў.

/i/content/pi/cult/799/17182/020.JPGТэлеканалы я згадала невыпадкова, бо тры анлайн-марафоны, праведзеныя прадзюсарскім цэнтрам “Спамаш”, мелі цалкам тэлевізійны фармат: былі выступленні артыстаў — у студыі і па відэасувязі, прафесійныя вядучыя, размовы з гасцямі, уключэнні з бальніц, парады ад дактароў, розныя інфармацыйныя матэрыялы. Адзінае, што трансляцыя ішла толькі ў інтэрнэце. І за тры акцыі ў суме было сабрана каля 130-ці тысяч рублёў. А калі б падобнае арганізаваў тэлеканал?

Першы дабрачынны анлайн-марафон прайшоў 3 красавіка, але да таго прадзюсарскі цэнтр ужо атрымаў вопыт, правёўшы анлайн-канцэрт. А яшчэ — у сакавіку зняў кліп #NОPANIC, у які запрасіў нават іранскага студэнта, што адным з першых у Беларусі захварэў на каранавірус (у нас тады ўсё толькі пачыналася і не верылася ў страшнае). Юныя артысты “Спамаша”, у тым ліку і тыя, што ўдзельнічалі ў фестывалі “Сан-Рэма”, правялі публічную акцыю для сваіх італьянскіх сяброў: з балкончыкаў будынку цэнтра разам выканалі італьянскую песню. А ў нейкі момант стала відавочна, што патрабуюцца не толькі сімвалічныя, але і канкрэтныя дзеянні.

— Калі да Беларусі дакацілася пандэмія, людзі пачалі панікаваць і хвалявацца, усе размовы былі толькі пра каранавірус, — расказвае Анжаліна Мікульская. — Але мы палічылі вартым не растрачваць сябе на пустыя размовы, а сталі думаць, як можам дапамагчы — тады на першы план выйшлі сродкі індывідуальнай абароны для медыкаў і многае іншае, чаго на той момант не ставала. А ў нашага цэнтра і выдатная студыя гуказапісу, і вялікі вопыт у правядзенні маштабных праектаў. І мы зразумелі, што рабіць.

/i/content/pi/cult/799/17182/021.JPGПершы анлайн-марафон збіраў сродкі для 3-й клінічнай бальніцы Мінска, другі — для Віцебскай абласной клінічнай бальніцы, трэці — для 10-й клінічнай бальніцы Мінска. Выбар клінік быў за самімі арганізатарамі і іх адчуваннем, каму на гэты момант такая дапамога найбольш патрэбная. Анжаліна Мікульская прызнаецца, што часам уключаліся і эмоцыі. Напрыклад, на тое, што ў цэнтр увагі першага анлайн-марафона трапіла менавіта 3-я клініка, паўплывалі і пасты ў сацыяльных сетках галоўнага ўрача гэтай бальніцы Наталлі Саевіч.

— Яна пісала такія жыццясцвярджальныя тэксты, скіраваныя не на песімізм, а на барацьбу! — расказвае дырэктар “Спамаша”. — Я чытала і яе перапіску с сынам, які зараз працуе у 10-й бальніцы, — ён яе падтрымліваў, казаў, што “мама, будзем змагацца!” Ніякіх скаргаў, толькі зараджанасць на працу.

Наступны марафон, мяркуецца, будзе збіраць сродкі для 6-й мінскай клінікі, якая прызначаная аказваць дапамогу цяжарным жанчынам, хворым на Covid-19. А пройдзе марафон напярэдадні 1 чэрвеня — Міжнароднага дня абароны дзяцей, і лейтматывам праграмы стануць менавіта дзеці. Проста пасля кожнай акцыі арганізатары бяруць паўзу і сыходзяць на своеасаблівы каранцін, каб упэўніцца, што ніхто з удзельнікаў, работнікаў студыі і цэнтра не захварэў. Увогуле, да бяспекі ў “Спамашы” з першага дня паставіліся адказна — падрыхтавалі ўсе неабходныя дэзінфекцыйныя сродкі, імгненна перавялі ўсё навучанне на дыстанцыйны рэжым. І пад час правядзення марафонаў у студыі прымаюцца ўсе магчымыя меры для бяспекі артыстаў і персаналу — ладзяцца дэзінфекцыйныя бар’еры, пастаянна апрацоўваецца студыя, прадумваюцца схемы ўваходаў і выхадаў удзельнікаў для іх дыстанцыравання, мераецца тэмпература, і гэтак далей.

Самымі кранальнымі і эмацыйнымі момантамі эфіраў — пра гэта кажуць і гледачы, і артысты — былі размовы з дактарамі і іншымі супрацоўнікамі клінік, якія выходзілі на сувязь са сваіх працоўных месцаў. І тут ужо справа не ў фінансах, а ў маральнай падтрымцы.

— Мяне моцна зачапіла, і нават засмуціла, калі па першым часе людзі часта нападалі на лекараў, прад’яўлялі ім шмат прэтэнзій, — кажа Анжаліна Мікульская. — Маўляў, вы павінны і тое, і другое… А трэба ж разумець, што і медыкі ўпершыню сустрэліся з пандэміяй, а яны такія ж людзі, як і мы, і ў іх таксама сем’і, дзеці. Але яны ідуць і ратуюць жыцці. Ніхто іншы гэтага не зробіць. І хацелася ўсімі сіламі падтрымаць іх і выказаць удзячнасць.

Адметная дэталь, на якую варта звярнуць увагу — сродкі паступаюць не праз нейкую краўдфандынгавую платформу ці яшчэ праз якога пасярэдніка, на чым часта губляецца пэўны працэнт, а наўпрост на рахункі бальніц: і 3-я, і 10-я клінікі Мінска на той момант ужо мелі спецыяльныя дабрачынныя рахункі, а Віцебская абласная бальніца завяла яго для гэтай мэты. Арганізатары акцыі не маюць ніякага доступу да сродкаў, а проста ўсімі сіламі рэкламуюць нумары рахункаў і заклікаюць пералічыць, колькі хто жадае. І ўжо самі бальніцы вырашаюць, на што ў першую чаргу накіраваць гэтыя сродкі. Дарэчы, рахункі працягваюць працаваць, і грошы на іх можна перавесці не толькі пад час правядзення марафону, але і праз дзень, праз тыдзень — ды хоць зараз! І нямала арганізацый, натхніўшыся заклікамі ў дзень правядзення акцыі, арганізоўваліся на наступны дзень і рабілі свой унёсак. Увогуле, лічба, агучаная мной на пачатку — больш за 130 тысяч рублёў — не самая дакладная, бо акрамя грошай многія людзі і арганізацыі змаглі аказаць дапамогу і рэальнымі рэчамі і справамі — хто паставіў кафейныя апараты ў бальніцы, хто прадаставіў неабходныя сродкі абароны, хто прывёз патрэбную тэхніку, хто захацеў арганізаваць харчаванне для медыкаў. Простыя гледачы маглі ахвяраваць і па 5 рублёў, а самыя шчырыя ахвяраванні ад арганізацый — дарэчы, як дзяржаўных, так і прыватных — даходзілі да 5 тысяч рублёў.

— Акрамя ўсяго, мы вельмі хацелі, каб самі медыцынскія работнікі пад час нашай акцыі адчулі, што яны не адзінокія, каб у іх нейкі пад’ём духу адбыўся, — падкрэслівае Анжаліна Мікульская. — Адразу па заканчэнні першага марафону нам пачалі пісаць супрацоўнікі 3-й бальніцы: дзякавалі, расказвалі, што ўключалі трансляцыю, дзе толькі маглі, што абменьваліся ўражаннямі: “Уяўляеш, яны спяваюць менавіта для нас!” Яны адчулі, быццам з імі ўся краіна.

Пад час другой акцыі многа гаварылася і пра сацыяльныя службы і тое, як яны працуюць у гэтай сітуацыі, расказвалася пра важнасць самаізаляцыі і як яе забяспечыць, на трэцім марафоне разам з медыкамі падрабязна разбіралася тэма донарства плазмы — як яна можа дапамагчы хворым, як яе здаць. У студыі былі, дарэчы, самыя прафесійныя вядучыя — Дзяніс Дудзінскі, Кацярына Раецкая, Ганна Шалюціна, Іван Падрэз, Іван Вабішчэвіч і іншыя. І яны стваралі энергічную, аптымістычную, а калі трэба было — і дзелавую атмасферу. Спявачка і вядучая Ганна Шалюціна адпрацавала ўсе тры марафоны, і пад час другога, напрыклад, не пакідала студыю 12 гадзін эфіру.

— Канешне, і ў нас, і ў гледачоў неаднойчы прабягалі мурашкі і наварочваліся слёзы, — кажа Ганна Шалюціна. — Але мы захоўвалі баланс паміж сур’ёзнасцю тэмы і забаўляльным фарматам. І з кожным доктарам размаўлялі не толькі пра надзённыя і падчас не самыя вясёлыя справы, але і пра тое, як важна ўсім падтрымліваць псіхалагічны настрой. І я ўражана, з якімі светлымі людзьмі нам давялося пазнаёміцца пад час эфіраў. Напрыклад, ніколі не забуду чароўную ўсмешку жанчыны-эпідэміёлага з Віцебскай абласной бальніцы, ці жыццесвярджальны настрой доктара Тапузідзіса з 10-й бальніцы — ідэйнага натхняльніка папулярнага зараз у інтэрнэце роліка “Дзякуй!”.

Пералічыць удзельнікаў марафонаў проста немагчыма, бо гэта ледзь не ўсе прадстаўнікі поп-музыкі Беларусі. І зусім юныя, і такія мэтры як Ядвіга Паплаўская ці дзяржаўны ансамбль “Песняры”. І Інна Афанасьева і Navibаnd, і Ілья Міцько і Uzari, і група “Харлі” і Аляксей Хлястоў… Акрамя таго, падключаліся да марафонаў і замежныя артысты — пачынаючы ад Алега Газманава і Дзімаша Кудайбергена да Tomas N’evergreen і In-Grid. Ці прыязджалі ў студыю, ці выходзілі на відэасувязь і славутыя спартсмены, у тым ліку Дар’я Домрачава, Максім Мірны, Арына Сабаленка. Былі і Уладзімір Цэслер, і дызайнеры адзення, і юныя, але надзвычай папулярныя ў сваёй узроставаў катэгорыі блогеры, з Масквы спяваў Пётр Елфімаў, а з Украіны — Яўген Літвінковіч. Кожны такі госць дадаваў вялікую колькасць праглядаў, прыводзіў на анлайн-марафон сваю аўдыторыю: напрыклад, было заўважана, што на спевах Яўгена Літвінковіча імгненна вырасла колькасць украінскіх гледачоў.

Як звычайна, любая справа можа сутыкнуцца і са скептычным стаўленнем, і з крытыкай, і з недаверам. Так і тут — хтосьці задаецца пытаннем: “А артысты толькі спяваюць ці і самі нешта ахвяруюць, пералічваюць грошы?” Дырэктар прадзюсарскага цэнтра “Спамаш” Анжаліна Мікульская дакладна ведае, што многія не толькі фінансава, але і справамі дапамагалі — самі закупляліся матэрыяламі, самі шылі, самі адвозілі ў бальніцы. І канешне, усе партнёры, з якімі “Спамаш” працаваў на забеспячэнне трансляцыі, рабілі гэта ўсё бясплатна — а і тэхнічна справа была даволі складаная. Ужо на другой акцыі падключылася вялікая колькасць сродкаў масавай інфармацыі, тэлерадыёкампанія “Мир” забяспечыла выхад і на міжнародную аўдыторыю краін былога СССР, беларускае радыё “Мир” вяло трансляцыю. І гэта ўсё было трэба, канешне, не для набыцця папулярнасці, а для таго, каб болей гледачоў і слухачоў далучылася да эфіру і такім чынам марафон сабраў больш сродкаў. Магчыма, на поспех праекта паўплывала і тое, што людзі дакладна ведалі, каму і на што ахвяравалі — ведалі нават нумары бальніц.

Канешне, у памерах краіны гэта кропля. Але гэта канкрэтныя медыкі і канкрэтныя хворыя, якія атрымалі дапамогу. І гэта толькі адна з ініцыятыў — ёсць жа і іншыя. Ёсць валанцёры і цэлыя валанцёрскія арганізацыі, якія па ўсёй краіне дапамагаюць бальніцам на тыя сродкі, што ахвяруюць людзі. І людзей гэтых многа.

І кожны на сваім месцы можа зрабіць нешта карыснае.