Пра вайну — сваімі словамі

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

Выставачны праект “Алфавіт вайны”, які адкрыўся ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў акурат 9 мая, ужо апрыёры з’яўляецца важным для абмеркавання прэцэдэнтам. Розных юбілейных культурных імпрэзаў прайшло ў нас нямала. Але… пэўна, нікога асабліва не пакрыўджу, калі канстатую відавочнае: далёка не кожная з іх мела канцэптуальны, аўтарскі складнік. І, баюся, многія нават не надта лічаць патрэбным пра гэта дбаць. Маўляў, што новае мы скажам пра тэму вайны, уздоўж і ўпоперак даследаваную папярэднімі пакаленнямі творцаў? І ці не лепей тады проста выпусціць новыя каверы “старых песень пра галоўнае”? Выстава, якая мае не столькі эстэтычны, колькі інтэлектуальны складнік, сведчыць за тое, што кожнаму пакаленню выпадае зрабіць сваю аранжыроўку тых песень. І ад яе часам залежыць вельмі многае.

/i/content/pi/cult/799/17180/015.JPGПроста набор лічбаў?

Задача сказаць пра ваенныя падзеі сваімі словамі здавалася няпростай ужо папярэднім пакаленням. Што зразумела: цяжка казаць пра асабіста не перажытае.

— Ведаеце, як мы пакутвалі, калі працавалі над “Радавымі”? — прамовіў пару дзён таму ў слухаўку легендарны акцёр і педагог Фама Варанецкі. — Чаму пакутвалі? Бо ўжо тады, у сярэдзіне васьмідзясятых, мы не разумелі, як трэба распавядаць пра вайну, каб гэта не выглядала фальшам. А на фальш ніхто з нас не мог пагадзіцца.

Пакуты — шлях да шэдэўру. Той спектакль Купалаўскага ў пастаноўцы Валерыя Раеўскага стаў без перабольшвання культавым. Ён не толькі дазволіў маладому тады драматургу Аляксею Дудараву і самому тэатру ўзяць новую — і нежартоўную! — планку ўсесаюзнага прызнання (Дзяржаўная прэмія, як ніяк!), але і дапамог сотням тысяч тых, каму вайну на свае вочы пашчасціла не бачыць, адчуць яе і прачуць. Прычым праз прызму ўспрыняцця новага пакалення, якое таксама вайну не заспела.

“Радавыя” — гэта зусім не “дацкі” спектакль. Гэта моцнае мастацкае выказванне — якое, дарэчы, з’явілася ў няпросты застойны час. Як і пастаноўка тым самым Раеўскім адзінай п’есы Васіля Быкава “Апошні шанс”, што адбылася за дзесяць гадоў да таго, у 1974-м. Рэжысёр вайну заспеў хіба малым дзіцём, але здолеў сказаць на гэты конт нешта новае — да чаго, пэўна, трэба імкнуцца кожнаму аўтару. Прыкладам, вобраз ворага ці не ўпершыню на савецкай сцэне быў рэпрэзентаваны не ў выглядзе “набору функцый” і згустку негатыву, а менавіта ў чалавечым абліччы. Бо ў гэтым — жахлівая праўда.

/i/content/pi/cult/799/17180/016.JPGСёння такі гуманістычны ў сваёй сутнасці падыход ужо, на шчасце, здаецца агульнапрынятым. І калі на выставе “Алфавіт вайны” Ігар Саўчанка дэманструе падборку архіўных фота нямецкіх буржуа, зробленых напярэдадні Другой сусветнай, ты не толькі разумееш пасыл, але і зусім не здзіўляешся ўбачанаму. Ну так, менавіта гэтыя галантна апранутыя еўрапейцы неўзабаве… калі не ўласнаручна палілі, дык, фігуральна кажучы, дровы падвозілі.

Але сёння на месцы былых канцлагераў паспелі вырасці прыгожыя палявыя кветкі — адлюстраваныя, напрыклад, у фотапраекце ўкраінскага ўдзельніка выставы Сашы Курмаза. І новы час актуалізуе новую праблематыку, новыя ракурсы бачання нязменна важнай для нас тэмы вайны.

Вось, напрыклад, яшчэ адзін праект Ігара Саўчанкі. Гэта чатыры лічбы — “19_41” — выяўленыя ў якасці “вінтажнага” электроннага табло. Што перад намі: трагічны год, лёсавызначальны для многіх нашых бабуль і дзядуль — або, напрыклад, проста час на гадзінніку? Гэтае пытанне (аўтар, відавочна, пакідае адкрытым), баюся, не пазбаўленае актуальнасці.

Галасы з народа

Выстава канцэнтруецца не на моднай тэме рэвізіі датычных вайны гістарычных установак, але менавіта на праблеме захавання памяці. Можа, менавіта таму гэты праект — даволі эклектычны па сваім фармаце. Адна яго частка — мастацкія інтэрпрэтацыі, а другая — чыста дакументальныя матэрыялы. Заўсёднікі НЦСМ гэтаму ўжо не здзівяцца: вывучэнне грамадскай памяці праз гісторыю фота- і розных іншых архіваў даўно займела тут характар планамернай і паслядоўнай дзейнасці. Пагатоў, і прадстаўленая дакументалістыка вартая ўвагі.

Гэта кранальныя сведчанні далучанасці асабістых, сямейных нашых гісторый да сусветнай — тыя самыя ваенныя фотаальбомы і лісты-трохкутнікі (адзін з іх, які дэманструецца ў экспазіцыі, быў нейкім містычным чынам адпраўлены ўжо пасля даты, калі адрасант стаў лічыцца без вестак зніклым!), а таксама і цэлыя пласты народнай культуры. Выяўленыя этнографамі ў вёсках па ўсёй Беларусі песні пра вайну — паўнавартасная частка фальклорнай спадчыны, якая сёння не столькі невядомая, колькі “добра забытая”, выціснутая на маргінэз. Песні ў нечым наіўныя, у нечым кранальныя, але, неаспрэчна, шчырыя. Па змесце ды ідэйнай скіраванасці яны мала адрозніваюцца ад прафесійнай творчасці, аднак надрыў у голасе папраўдзе непадробны.

Інтэрвенцыя памяці

Прадэманстраваныя на выставе аўтарскія праекты даследуюць найперш такую ўласцівасць памяці, як забываць. Успаміны чым далей тым болей становяцца няпоўнымі і няпэўнымі. Ды ўвогуле… ці было яно — тое, пра што мы памятаем? Гэтае фундаментальнае для еўрапейскага мадэрнізму пытанне, як найлепей адлюстраванае ў стужцы “Летась у Марыенбадзе”, у дадзеным кантэксце мае не толькі асабістае, але і грамадскае значэнне. Пагатоў, на ўспрыняцце сучаснікам мінуўшчыны здатныя уплываць самыя розныя рэчы. Скажам, дакументальнае фота ў наш век тэхналогій цалкам можа апынуцца… скрыншотам камп’ютарнай гульні.

Гэта маляўніча прадэманстраваў праект “Алексіяда” беларускага аўтара Аляксандра Веледзімовіча. Ён прысвечаны свайго кшталту рэканструкцыі памяці — а канкрэтна, найцікавейшага эпізоду баявога жыцця дзядулі аўтара, вайсковага разведчыка Аляксея Окунева, які меў ад кіраўніцтва заданне перасекчы лінію фронту і ўвайсці ў кантакт з варшаўскімі паўстанцамі. Гістарычны і палітычны кантэкст тут цалкам застаецца па-за ўвагай. А ў яе цэнтры — сама гісторыя, (неда)расказаная дзедам свайму ўнуку, якая абрасла ў яго свядомасці міфалагічнымі ілюзіямі, і ўжо ў такім выглядзе была пераказаная цяпер. І ўзнікае пытанне: ці нехта калі ўжо даведаецца, наколькі тая гісторыя была праўдзівай?

Уласна, гэтая “суб’ектыўная” частка выставы толькі ўраўнаважвае дакументальную, сведчачы пра яе каштоўнасць. Але не толькі… Беларускі аўтар Аляксандр Міхалковіч ідзе яшчэ далей. Ён праяўляе тую актыўнасць, якая мала дарэчная для дакументалістаў, але цалкам уласцівая сучасным мастакам. І робіць свайго кшталту інтэрвенцыю памяці ў сучаснае жыццё. “Мы часта бываем у тых месцах, дзе адбываліся жудасныя рэчы, і нават не здагадваемся пра гэта”, — піша ён. А genius loci сучаснага чалавека будуецца, зразумела ж, з дапамогай адмысловых прыкладанняў, якія не толькі пераносяць цябе ў тое ці іншае месца, але і ствараюць у тваёй свядомасці ягоны вобраз. Але ў тых прыкладаннях не знойдзеш тыя кадры, існаванне якіх усім нам падаецца занадта траўматычным — яны фіксуюць нацысцкія злачынствы. А цяпер на тым месцы, напрыклад, пляж, дзе прыемна папесціцца на сонейку.

Мастак тую непрыемную праўду ўтрапёна нагадвае. Прычым задзейнічае дзеля гэтага даволі спрэчныя сродкі — ён імкнецца “падмануць” сістэму аховы прыкладанняў, каб размясціць сярод сучасных пляжных сэлфі фота часоў Халакосту. “Я тэрарыст, але ў імя памяці, —- тлумачыць ён. — Я пракрадаюся ў ваш сусвет прыгожых захадаў сонца, коцікаў і “інстафуда”. Я нагадваю вам пра тое, што схавана пад пластом пяску на пляжы, дзе вы адпачываеце і чэкінецеся”.

Загалоўны праект выставы “Алфавіт вайны” — спроба аўтаркі Вольгі Савіч стварыць універсальную кодавую сістэму на падставе аналізу канкрэтных фота, зробленых падчас баявых дзеянняў. Аднак усе астатнія творы выяўляюць адваротны метад — казаць пра ўніверсальнае, выкарыстоўваючы канкрэтнае і прыватнае.

Даволі някідкі па сваім увасабленні куратарскі праект Дзіны Даніловіч, Вольгі Рыбчынскай і Вольгі Вішнёвай задае вельмі важнае сёння пытанне — як трэба гаварыць пра падзеі 75-гадовай даўніны, каб сучаснік змог адчуць да іх далучанасць? І хочацца верыць, пошук на яго адказаў працягнецца, прычым не толькі з нагоды юбілеяў.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ