Фармат “26 гадзін у суткі”

№ 39 (357) 27.09.2008 - 03.10.2008 г

Надрукаванае ў № 37 “Культуры” інтэрв’ю намесніка міністра інфармацыі Аляксандра Слабадчука “Прайм-тайм: перайсці FM-Рубікон” выклікала значны розгалас. Шэраг выданняў цытавалі артыкул у “К”, аналізуючы ўвядзенне 75-працэнтнай квоты на беларускую музыку ў прайм-тайм.

Як сведчыць практыка, прыкладна 3/4 фанатэкі наяўнай айчыннай музыкі прызнаецца FM-шчыкамі нефарматам. Аднак нават пры такім стаўленні прадстаўнікоў масавага радыё, якім лічацца музычна-забаўляльныя FM-станцыі, “К” даследавала падрабязна спецыфіку хвалі, чый музычны фармат — 100 працэнтаў твораў айчынных выканаўцаў. Акрамя таго, вяшчанне радыёстанцыі “Беларусь” — замежнай рэдакцыі Беларускага радыё, адбываецца 26 гадзін у суткі, на 5 мовах і ў чатырох дыяпазонах. 

Рэгіянальны FM — не прыдатак

З пачаткам новага сезона на радыёстанцыі “Беларусь” найважнейшая стратэгічная задача — паляпшэнне якасці гучання ды зместу праграм. Выйсці на ўдасканаленне ранейшых здабыткаў дазволіла тое, што ў мінулым сезоне быў асвоены FM-дыяпазон і ўсталяваны, на думку галоўнага дырэктара Галоўнай дырэкцыі замежнага радыёвяшчання Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь Навума Гальпяровіча, аптымальны графік трансляцый, агульны аб’ём якіх дасягнуў… 26 гадзін у суткі. Такі нечаканы вынік атрымаўся за кошт павелічэння да 10 гадзін інтэрнет-трансляцый на беларускай і замежных мовах у дадатак да 16 гадзін эфіру на сярэдніх і кароткіх хвалях.

Да ўсяго, на захадзе Беларусі (памежныя раёны Брэстчыны, Гродзеншчыны, Віцебшчыны) усталяваны FM-перадатчыкі, што, акрамя выканання першаснай задачы — вяшчання на заходнія краіны, пашыраюць рэгіянальную радыёпалітру.

“Слухачы ў гэтых раёнах цікавяцца, што гэта за станцыя з’явілася, адрозная па фармаце, непадобная па музычным напаўненні, — распавядае Н.Гальпяровіч. — І мы, вядома, імкнёмся падтрымліваць імідж”.

Станцыя сапраўды адрозная і непадобная на іншыя, бо вяшчае на кароткіх і сярэдніх хвалях на беларускай, рускай, польскай, нямецкай і англійскай мовах, FM-эфір складаецца з трансляцый на беларускай, рускай і польскай мовах. Адметна, што праекты станцыі — менавіта так называюцца тут тэматычныя накірункі — не ствараюцца шляхам перакладу тэксту з мовы на мову: для кожнай аўдыторыі робяцца арыгінальныя праграмы.

Гучыць замежная рэдакцыя Беларускага радыё ў іншых краінах не толькі праз уласныя магутныя магчымасці. Навум Гальпяровіч расказаў, што Еўрапейскі вяшчальны саюз прапанаваў радыёстанцыі трансляваць яе выпускі навін на англійскай мове праз свае каналы. І, як сведчыць рэйтынг гэтай прэстыжнай міжнароднай структуры, менавіта беларускія інфармацыйныя выпускі карыстаюцца найбольшай папулярнасцю сярод слухачоў. Гэткія ж звесткі перадае нямецкае “Радыё-700”, чыя аўдыторыя роўная прыкладна 1,5 мільёна слухачоў, і з якім таксама наладжана падобнае супрацоўніцтва.

Мадэратар для эфіру без швоў і шоу

З пункта гледжання забаўляльна-музычнага FM-у “Беларусь” — станцыя абсалютна нефарматная. Аднак вяшчанне ў названым дыяпазоне на памежжы стала “першай ластаўкай”, што ўжо зараз паказвае запатрабаванасць менавіта ў такім стылі падачы інфармацыі, такім балансе паміж словам і музыкай, сур’ёзнасцю і забаўляльнасцю.

Гаворачы пра фармат радыёстанцыі “Беларусь”, не абмінеш так званы прынцып “бясшоўнага радыё”. У прамым эфіры працуюць мадэратары — гаспадары сваіх гадзін, на працягу якіх яны прадстаўляюць праекты, “трымаюць” усю праграму. У чым адрозненне мадэратара ад звыклага радыйнага азначэння “дзі-джэй”? Навум Гальпяровіч падкрэслівае, што дзі-джэй прадстаўляе музыку, уключае інтэрактыў.

Вядучы ж на станцыі “Беларусь” (“Ад тэрміна “мадэратар” усё ж пачынаем адыходзіць”, — адзначае галоўны дырэктар Галоўнай дырэкцыі замежнага радыёвяшчання НДТРК) дзве-тры гадзіны падтрымлівае кожны праект, уводзіць яго ў эфірную прастору. Таму, у выпадку з гэтым радыё, нельга казаць пра “шоу-праграмы”, уласцівыя забаўляльнаму FM-у.

Што да вызначэння “праект”, то гаворка вядзецца аб праграмах, падрыхтаваных на пэўную тэму — экалагічную, культурную, эканамічную. Агульны лік падобных праектаў станцыі на ўсіх мовах вяшчання ўжо сягнуў за 160.

Зместаўтваральнымі, вядома, з’яўляюцца навіны, перадачы, прысвечаныя ўнутранай і знешняй палітыцы, эканоміцы, сацыяльным пытанням. Яны і фарміруюць базіс фармату замежнай рэдакцыі Беларускага радыё. “Прычым нічога не робім “у прыцемках”: ёсць рэакцыя слухачоў, іх пажаданні, — рэзюмуе кіраўнік Дырэкцыі замежнага вяшчання. — Тыя ж наведвальнікі сайта — асобы больш чым з 80 краін”.

100 у 15-ці, або Многае ў малым

Музычнае вяшчанне займае 15 працэнтаў у эфіры радыёстанцыі, культурна-забаўляльнае — 20. Астатнія 65 прыпадаюць на грамадска-палітычны складнік. Падобны фармат вызначаецца практыкамі і тэарэтыкамі журналістыкі як “інфармацыйнае радыё”.

Найважнейшая адметнасць музычнага эфіру радыёстанцыі “Беларусь” — 100 працэнтаў беларускай музыкі: фальклор, класіка, эстрада, поп, рок, альтэрнатыва.

Гэтая велічыня нязменна падтрымліваецца ў кожнай з разнамоўных падборак, прычым слухачы-замежнікі пастаянна выказваюць пажаданне чуць у эфіры, як спяваюць менавіта на нашай мове. А пазнаёміўшыся з музыкай у эфіры радыёстанцыі “Беларусь”, просяць даслаць іх запісы. Так, летась шведы пыталіся пра запісы Галіны Шышковай.

Сведчаннем запатрабаванасці музычнага фармату любой станцыі выступае хіт-парад. Ёсць такі і на “Беларусі” — “5 хітоў”. У лідэрах — Пётр Ялфімаў, “Беларускія песняры”, Ірына Дарафеева, адразу за імі — ужо даволі альтэрнатыўныя “Дзеці дзяцей”. Доўгі час лідзіравалі Аляксей Хлястоў, “Аляксандра і Канстанцін”, “Джамбібум”. Сярод найбольш запатрабаваных у лістах слухачоў згадваюцца і этнатрыо “Троіца”, “J:Морс”, “Стары Ольса” — калектывы, што ў многім вызначаюць адметнасць Беларусі на музычнай карце свету.

Пагадзіцеся, названыя імёны, нягледзячы на відавочнае прызнанне ў Беларусі, часцяком аказваюцца “за бортам” паняццяў пра фармат на большасці FM-станцый. Тэндэнцыя, прычым далёка не станоўчая, калі ўлічыць, што многія з названых артыстаў вызначаюць аблічча нашай музыкі не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі. Натуральна, узнікла пытанне пра такі “нефарматны” фармат. Пра гэта распавёў музычны рэдактар радыёстанцыі “Беларусь” Дзмітрый Абрамчык.

— У інтэрв’ю “Культуры” (гл. №37 за 2008 г.) намеснік міністра інфармацыі Аляксандр Слабадчук прывёў такія лічбы: фанатэка беларускай музыкі сталічнай FM-станцыі змяшчае крыху больш за 1000 кампазіцый, рэальна ж раціруюцца 250 — 300 трэкаў. Прымаючы пад увагу 100-працэнтны беларускі фармат, якія лічбы атрымліваюцца на радыёстанцыі “Беларусь”?

— Штомесяц, з улікам аб’ёмаў музычнага вяшчання, — прыкладна 400 твораў. А сама фанатэка Беларускага радыё складаецца больш як з 5000 кампазіцый айчынных аўтараў і выканаўцаў. І ўсім гэтым мы пастаянна карыстаемся. Хаця варта падкрэсліць, што “Беларусь” — не музычная радыёстанцыя, таму не маем строга акрэсленай ратацыі. У сярэднім, у гадзіну гучыць 4-5 кампазіцый у якасці міжпраграмнага прадукту, апрача тэматычных музычных праектаў, над якімі працуюць вядучыя і рэдактары.

— 100 працэнтаў беларускай музыкі — як гэта ажыццяўляецца на практыцы: адбор кампазіцый, фарміраванне плей-лістоў?.. Зрэшты, ці рэальна рэалізаваць такі фармат на музычна-забаўляльнай FM-станцыі?

— Ёсць агульная база Беларускага радыё, для рэалізацыі спецыяльных музычных праектаў карыстаемся музыкай, якую прыносяць самі музыканты. Але ў кожнага з рэдактараў і вядучых ёсць і свае “запаснікі”. У эфір песні трапляюць пасля праслухоўвання не толькі музычным рэдактарам, але і гукарэжысёрам.

Наогул, сярод музрэдаў існуе меркаванне, што бракуе якаснай айчыннай музыкі. Пераконваюся ўсё больш: гэтае меркаванне — стэрэатыпнае. Не праблема зрабіць эфір модным, выкарыстоўваючы толькі беларускую музыку. Тут праблема рэдактараў, што не маюць жадання працаваць як мае быць. Напрыклад, на адной са сталічных радыёстанцый, куды знаёмыя музыканты прыносілі свае запісы, іх напаткала амаль гогалеўская сітуацыя.

Як песня забіваецца ў базу? Музыканты просяць паслухаць іх твор, а музычны рэдактар толькі звярае тэхнічныя параметры. Адпавядаюць па гуку? Тады бяром! А як жа сэнс твора, тое, пра што песня?

Навум Гальпяровіч дадае: — Рэалізаваць 100 працэнтаў беларускай музыкі — цалкам рэальна. На “лятучках” перад намі паўстае пытанне не дзе знайсці новы якасны твор, а— як адабраць лепшае? Радыёстанцыя “Беларусь”— “візітоўка” краіны ў сусветным эфіры, таму інакш нельга.

Аднак не толькі “сур’ёзнымі” тэмамі насычаны эфір радыёстанцыі “Беларусь”. Працуе начное, культурнае, спартыўнае, гістарычнае, пазнаваўчае і музычнае вяшчанне, што па-свойму карэкціруе паняцце пра фармат, навязанае FM-станцыямі. Фармат можа быць іншым, не музычна-забаўляльным, а тым жа грамадска-палітычным. Выбар датычыць і музычнай пабудовы эфіру.

Прыватны прыклад, які слушна даводзіць: і сутак мала, каб паспець сказаць усяму свету пра падзеі ў Беларусі. І даць магчымасць пачуць гукі нашай музыкі “на ўсе 100”. І ўсё ж не лішнім было б пачуць тую “сотню” і ў нас. Калі ёсць два процілеглыя погляды — няма з чаго выбіраць і, наадварот, бракуе часу, каб усё “пракруціць” у эфіры, — варта, падаецца, выбар пакінуць за слухачом. І навязаны FM-дзеячамі стэрэатып пра нефарматнасць беларускага музычнага прадукту тады, магчыма, стане неактуальным.

Сяргей ТРАФІЛАЎ