Арган яго душы

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

Юрый Анатольевіч Зісер, адзін з галоўных стваральнікаў беларускай інтэрнэт-прасторы і медыя — гэтых фактараў, што радыкальна змянілі ўсё нашае жыццё, і культурную плынь у тым ліку, — пайшоў у вечнасць 17 траўня 2020 года, крыху не дачакаўшыся свайго 60-годдзя.

/i/content/pi/cult/799/17179/013.JPGЗвычайна да такіх круглых дат вольна ці мімаволі падводзяць вынікі жыццёвага шляху і самі юбіляры, і іх віншавальнікі. Але гэтыя вынікі нібыта прамежкавыя, неканчатковыя, бо самае галоўнае яшчэ наперадзе! Таму і жадаюць юбіляру здароўя і сіл, бо 60 гадоў для творчага чалавека  — час сталасці яго асобы і таленту. У Юрыя Анатольевіча крышталізацыя поглядаў на сваю прафесію, на мараль і этыку, на мастацтва, на жыццё наогул прайшлі ў паскораным рэжыме, і, набліжаючыся да 60-ці гадоў, ён стаў увасабленнем поспеху. Гэты імклівы, высакахуткасны чалавек супаў з хуткасцю змены свету ў эпоху камп’ютарнай рэвалюцыі. Можна сказаць, што ў Беларусі ён сам і быў гэтай ІТ-рэвалюцыяй.

У 1992 годзе, калі на большасць высокаінтэлектуальных прафесій у постсавецкай прасторы быў нулявы попыт, калі галоўным клопатам людзей было своечасова атаварыць талоны на прадукты, а заробкі ў эквіваленце былі роўныя 15 — 20 у.а., Юрый Зісер літаральна “на каленцы” напісаў камп’ютарную праграму для мадэрнізацыі працэсу банкаўскіх аперацый, і з нулявым стартавым капіталам заснаваў кампанію “Надзейныя праграмы” для далейшых распрацовак банкаўскага праграмнага забеспячэння. Сістэма абслугоўвання насельніцтва “Праграма 35” дакладна трапіла ў патрабаванне часу, адзначыўшы пераход на новы ўзровень усёй галіны, і паспяхова працавала шмат гадоў у больш чым ста банках Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы. Здольнасць убачыць магчымасць сістэмных зменаў у правільнай “кропцы” і хутка распрацаваць рэальна дзейсную праграму праецыравалася ў Юрыя Зісера і на іншыя галіны, у тым ліку на культуру.

Такому позірку спрыяла, акрамя прыроднай аналітычнай адоранасці, рознабаковая адукацыя Юрыя, асабліва яе музычны складнік. Распаўсюджаная памылка — лічыць гэтае захапленне шэрагу выбітных у розных галінах асоб толькі мілым хобі, характарнай рысачкай, нават слабасцю рэальных і прыдуманых геніяў, напрыклад, захапленне скрыпкай у Эйнштэйна або Шэрлака Холмса. Музыка, як вельмі складаная сістэма знакаў і сэнсаў, падобная і на вышэйшую матэматыку, і на фізіку, і хімію, і астраномію, і іншыя дакладныя навукі, што няўцям тым, хто лічыць спевы самым непатрэбным прадметам у агульнаадукацыйнай школе. Такі погляд праграміста на значэнне музыкі ў агульнай адукацыі падахвочваў Юрыя Зісера ўсяляк падтрымліваць дзіцячую і юнацкую музычную адукацыю ў Беларусі: купляць інструменты ў ДМШ, дапамагаць з рамонтамі і арганізацыямі канцэртаў, конкурсаў і фестываляў, падтрымліваць асобных таленавітых юных музыкаў.

Так, ён лічыў надзвычай важнай ініцыятыву свайго сябра, выдатнага піяніста Юрыя Блінова, які прыдумаў і арганізаваў найбуйнейшы ў краіне Міжнародны конкурс юных музыкаў “Палескі агеньчык”, што з 2014 года некалькі разоў праходзіў у Драгічыне, на радзіме Ю.Блінова. Юрый Зісер уважліва назіраў, якія новыя імёны з’яўляюцца ў музычнай галіне, у каго ёсць перспектыва стаць у будучыні гонарам краіны. Адным са шматлікіх юных сяброў-музыкаў, якім Ю.Зісер дапамагаў ствараць больш спрыяльныя ўмовы для развіцця таленту, стаў Уладзіслаў Хандогій, лаўрэат шматлікіх прэстыжных міжнародных конкурсаў.

/i/content/pi/cult/799/17179/014.JPGМузычная школа, у якой Юрый Зісер вучыўся у сваім родным горадзе Львове, перш чым паехаць у Ленінград асвойваць спецыяльнасць “электронныя вылічальныя машыны”, ніколі больш не сканчалася ў яго жыцці. Як толькі з’явілася магчымасць, ён вяртаўся да музіцыравання на фартэпіяна і хатнім аргане ў любы вольны час, і ў рэшце рэшт ва ўзросце 53 гадоў вырашыў атрымаць другую вышэйшую адукацыю — музычную. У 2013 годзе ён паступіў у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі ў клас аргана, які скончыў у 2015 годзе. Гэта адбывалася на фоне яго актыўнай дзейнасці па папулярызацыі арганнай музыкі.

Уражвае моцны комплекс мерапрыемстваў па развіцці арганнай культуры ў Беларусі, які Ю.Зісер пачаў з таго, што 12 гадоў таму ўзяў гарачы ўдзел у арганізацыі ўнікальнага выканання араторыі И.-С. Баха “Страсці па Мацею” ў Вялікай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі 21 сакавіка 2008 года, пад кіраўніцтвам дырыжора Дзмітрыя Зубава (Санкт-Пецярбург). Сольныя партыі выконвалі салісты з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Берліна. Дзмітрый Зубаў у падзячнай прамове ў дзень выканання “Страсцей” асабліва адзначыў унёсак Юрыя Зісера ў эпахальную для Беларусі музычную падзею.

Дзень у дзень праз 12 гадоў, 21 сакавіка, толькі ўжо 2020 года, адбыўся канцэрт-прэзентацыя гістарычнага аргана, што быў перавезены ў канцэртную залу “Верхні горад” у Мінску ў 2015-м і 5 гадоў рамантаваўся. Інструмент быў адноўлены па ініцыятыве, пад кіраўніцтвам і на асабістыя сродкі Юрыя Зісера з дапамогай групы актывістаў адраджэння арганнай музыкі на Беларусі.

За 12 гадоў паміж гэтымі датамі ў нашай краіне здарыўся сапраўдны арганны рэнесанс: выдадзена энцыклапедыя арганаў Беларусі, загучалі некалькі гістарычных інструментаў у рэгіёнах, і яшчэ некалькі пачалі аднаўляцца, адбыўся арганны фестываль у Пінску, вакол Юрыя Анатольевіча аб’ядналася суполка неабыякавых актывістаў.

Незадоўга да скону ён аддаў свой хатні арган у касцёл святога Роха, дзе не раз прымаў удзел як выканаўца ў арганных канцэртах разам з сябрамі і паплечнікамі. 17 чэрвеня 2020 года ў 18.30 там адбудзецца ўрачыстая імша па Юрыю Зісеру, а таксама музычная імпрэза пасля яе. І гэта будзе першае з публічных мерапрыемстваў памяці чалавека, якога без усякіх афіцыйных азначэнняў можна называць выбітным дзеячам культуры нашай краіны.

Таццяна Бембель, мастацтвазнаўца