Еўропа запальвае святло

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

Фестываль “Еўрабачанне” прайшоў, але пераможцаў няма. Анлайн-шоу Europe shine a light аб’яднала артыстаў, песні і краіны для агульначалавечага паслання — падтрымка ўсіх пацярпелых у час пандэміі, падзяка медыкам, што змагаюцца за жыццё і здароўе людзей, заклік да надзеі і аптымізму, і, канешне, любоў да песні і да “Еўрабачання”. Упершыню ў гісторыі конкурс быў адменены, а быў ён юбілейны, 65-ты.

/i/content/pi/cult/799/17177/010.JPGШматмільённая армія прыхільнікаў “Еўрабачання” па ўсім свеце, якая ў майскія дні традыцыйна акуналася ў атмасферу песеннага свята, інтрыг, букмекерскіх ставак, спрэчак пра музычныя густы і заклікаў да патрыятызму, усяго гэтага сёлета не атрымала. Але — усе мы ў адной лодцы: паклоннікі фестывалю, артысты, арганізатары і проста жыхары Еўропы. Гэтае агульнае, што нас аб’ядноўвае, і стала лейтматывам шоу, якое гледачы змаглі пабачыць у дзень запланаванага фіналу — 16 мая. (У дні паўфіналаў 12 і 14 мая былі паказаны праграмы з конкурсных песень паўфіналістаў.) Конкурс меўся адбыцца ў нідэрландскім Ротэрдаме на арэне Ahoy, якая змяшчае 16 тысяч чалавек, — з пачаткам пандэміі яна ператварылася ў шпіталь для хворых на каранавірус. Вядучыя “Еўрабачання” выходзілі ў эфір з медыя-цэнтра і адтуль трымалі сувязь з усімі ўдзельнікамі праграмы. Канкурсанты з 41-й краіны (у тым ліку з Аўстраліі) за тры дні эфіраў змаглі прадставіць свае песні вялікай тэлеаўдыторыі: як і наша Белтэлерадыёкампанія, большасць членаў Еўрапейскага вяшчальнага саюза трансліравалі фінальны канцэрт. Спецыяльнымі ўключэннямі канкурсанты таксама паказалі свае песні ў нечаканых версіях і паўдзельнічалі ў спецыяльным праекце Eurovision home concerts, дзе ў такім жа фармаце выканалі знакамітыя песні “Еўрабачання”.

Беларуская група Val сваю конкурсную кампазіцыю “Да відна” прадэманстравала ў кантры-версіі, а з еўрабачаньскіх хітоў абрала твор маладога бельгійца Лоіка Нотэ Rhythm inside, які ў 2014 годзе заняў на конкурсе чацвёртае месца. Такім чынам, усе атрымалі сваю порцыю ўвагі і месца ў эфірах. Акрамя таго, кожны пад час трансляцыі вечарам 16 мая выступіў са зваротам да гледачоў: цягам двухгадзіннай праграмы прагучала вялікая колькасць цёплых і эмацыйных слоў — артысты заклікалі быць мужнымі, не губляць надзею, дзякавалі медыкам, выказвалі спачуванне ўсім, хто пацярпеў ад хваробы, расказвалі пра любоў да музыкі і да жыцця.

У дзень фіналу кожная конкурсная песня мела толькі 30 секунд эфіру — інакш было б немагчыма. Але арганізатары падрыхтавалі многа іншых прыгожых нумароў, якія вярнулі гледачоў у гісторыю конкурсу, і пры гэтым адпавядалі задумцы. “Еўропа запальвае святло” — назва канцэрта, і яго завяршыла сумеснае выкананне ўсімі канкурсантамі пранізлівага хіта Love shine a light пераможцы “Еўрабачання” 1997 года брытанска-амерыканскай групы Katrina and the Waves.

Спявалі ў эфіры і леташні пераможца Дункан Лоўрэнс з Нідэрландаў, і пераможца 2014 года швед Монс Зельмерлёв — акустычную версію Heroes ён прысвяціў дактарам. Па пустых вуліцах Іерусаліма пад гукі сваёй знакамітай песні Hallelujah прайшла Галі Атары, пераможца 1979 года. Нэта Барзілай, трыумфатар-2018, без усялякіх жартаў выканала новую лірычную кампазіцыю. Адным з самых моцных момантаў стала ўключэнне з Белграда  — на бязлюднай плошчы сербскай сталіцы пераможца 2007 года Марыя Шэрыфавіч з музыкантамі праспявала “Малітву”. Ірландскі артыст Джоні Логан — адзіны, хто ў гісторыі здолеў двойчы перамагчы на гэтым конкурсе, аднавіў свой пераможны хіт.

Асобны эпізод праграмы падтрымаў назву шоу — ролік, у якім паўдзельнічалі ўсе краіны: кожная выбрала па адным прыкметным будынку і зняла яго ў яркім святле пражэктараў. Усё гэта суправаджалася музыкай у выкананні Ротэрдамскага сімфанічнага аркестра, прычым кожны музыкант іграў з дома — новыя тэхналогіі, такім чынам, сёлетні конкурс “пракачаў” напоўніцу. І калі, напрыклад, Нідэрланды паказалі славуты ротэрдамскі мост Эразма, а Францыя — Эйфелеву вежу, то Белтэлерадыёкампанія на ролю такога пазнавальнага будынку Беларусі абрала нашу Нацыянальную бібліятэку.

Да эфіру далучыўся і адзін з заснавальнікаў шведскага квартэта ABBA Бьёрн Ульвеус, і многія іншыя пераможцы фестывалю. Знайшлося месца і для згадвання “Дзіцячага Еўрабачання”, якое восенню другі год запар адбудзецца ў Варшаве — на сувязь выходзіла мінулагодняя пераможца Вікі Габар з Польшчы.

На гэты момант ужо вядома, што ў 2021 годзе “Еўрабачанне” пройдзе менавіта ў Ротэрдаме. Амаль палова краін абвесціла, што праз год на конкурс паедуць тыя ж артысты, што рыхтаваліся сёлета, — але, зразумела, з новай кампазіцыяй. Па беларускіх удзельніках — мінскай групе Val — рашэнне яшчэ не прынята.

Хоць момант спаборніцтва і адсутнічаў, але відавочна, што фестываль мог бы атрымацца надзвычай яскравы і цікавы: была вялікая колькасць хітоў — і танцавальных, і лірычных, падабраўся вельмі моцны састаў практычна без слабых песень. Жывое шоу, натуральна, прыносіць многа сюрпрызаў, але як ніколі блізка да перамогі на “Еўрабачанні” была Літва — группа The roop прадставіла і шыкоўную песню, і запамінальны вобраз. Вялікія шанцы былі б у Ісландыіі  — малады спявак Дадзі Фрэйр па колькасці праглядаў свайго кліпа знаходзіцца сярод лідараў у інтэрнэце. Відавочна, што не абмінулі б увагай гледачы і расійскую групу Little big, чый конкурсны трэк Uno зараз мае каля 100 мільёнаў праглядаў, і італьянца Diodato, і шведскую групу The Mamas, і балгарскую спявачку Вікторыю… Увогуле, ва ўсіх удзельнікаў моцныя галасы, актуальнае гучанне, запамінальныя кампазіцыі. Тэндэнцыя апошніх гадоў, калі “Еўрабачанне” ад шоу “для хатніх гаспадынь” становіцца флагманам папулярнай еўрапейскай музыкі, захоўваецца.

Вось такім стаў 65-ты юбілейны фестываль “Еўрабачанне”. Хаця, магчыма, і наступны будзе 65-м, а гэты не залічыцца: ва ўсякім разе, шматзначны па цяперашняй сітуацыі слоган сёлетняга конкурсу “Open up” — “Адкрыйся” — застаецца і на наступны год. Але песні былі напісаны і так ці інакш ужо прагучалі на ўвесь свет, засталіся ў хіт-парадах і плэй-лістах слухачоў. Еўропа чарговы раз аб’ядналася пад знакам “Еўрабачання”.