Будзем узлятаць!

№ 21 (1460) 23.05.2020 - 30.05.2020 г

Анлайн-перамогі на анлайн-фестывалях
І ў дзіцячых школах мастацтваў зараз прывыкаюць да новага парадку працы. Прыстасоўваюцца да іх і вучні, для якіх такія ўстановы з’яўляюцца трэцім родным домам — пасля сям’і і агульнаадукацыйнай школы, і педагогі, і тэхнічны персанал. Мера адказнасці ляжыць на іх адна на ўсіх — мінімізаваць рызыкі магчымага заражэння інфекцыяй і распаўсюджвання каранавiруса ва ўмовах навучальнага працэсу. І ён не проста не спыняецца, а больш таго — выхаванцы ДШМ па-ранейшаму ўдзельнічаюць у разнастайных конкурсах. “Як такое магчыма?!”— абурана спытаеце вы. Адказваю. Дакладней — адказваюць…

/i/content/pi/cult/799/17175/01.jpegАлена ВЫСАЧЫНСКАЯ, дырэктар Макранскай дзіцячай школы мастацтваў аграгарадка Мокрае Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці:

— З пачатку навучальнага года мы шмат дзе выступалі і лік узнагарод, атрыманых нашымі навучэнцамі, ідзе на дзясяткі і дзясяткі. III рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага народнага песеннага мастацтва “Жывая крыніца” (Мінск), магілёўскі III рэгіянальны конкурс вакальнага майстэрства “Дняпроўская хваля”, I рэгіянальны конкурс ансамбляў і аркестраў народных інструментаў “Інструментальны калейдаскоп”, Міжнародны конкурс інструментальнага мастацтва “Музычная палітра”... Адзначыліся ў іх перамогамі і дзіцячыя творчыя калектывы (іх ва ўстанове тры — харэаграфічны ансамбль “Бэбі-дэнс”, ансамблі народных інструментаў і цымбалістаў), і дарослыя, у склад якіх уваходзяць педагогі, — дуэт цымбалістаў “Мініяцюра” і інструментальны. Развіваем жа мы тры напрамкі — музычны (класы баяна, цымбалаў, харавога спявання), харэаграфічны (народны танец, народна-бытавы, класічны, сучасны), народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (паперапластыка, аплікацыя і гэтак далей). З-за каранавіруса заняткі не адмянілі, але выконваем усе належныя меры засцярогі — прымяненне індывідуальных сродкаў абароны, сацыяльнае дыстанцыяванне (што асабліва актуальна для харэаграфічнага аддзялення), Нумары для конкурсаў цяпер рыхтуем у анлайн-рэжыме і дасылаем іх у такім выглядзе, бо і самі конкурсы, фестывалі сёння перавялі ў такі ж фармат. Упэўненая, прыйдуць да нас і новыя... анлайн-перамогі!

/i/content/pi/cult/799/17175/02.jpegАлена КАРАЛЕЦ, дырэктар Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў аграгарадка Шашкі Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці:

— Мы працуем па трох напрамках. Музычнае прадстаўляюць аддзяленні баяна, акардэона, фартэпіяна, эстрадных спеваў. Дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — вышыўкі, беларускай і сувенірнай лялькі і абярэгаў, поясапляцення, роспісу пісанкі, скрапбукінг (выраб прыбраных паштовак, спецыяльных скрыначак, напрыклад, для захоўвання сямейнага архіва, і да таго падобае). І трэцяе аддзяленне — выяўленчага мастацтва. Усяго ў нас займаецца каля ста дзяцей — у асноўным ва ўзросце 7-мі — 14-ці гадоў. Ва ўстанове дзейнічаюць і некалькі фарміраванняў: народная студыя “Сузор’е” (ДПМ), дзіцячыя вакальныя ансамблі “Капеж”, “Чамучкі”, “Вяснушкі”, “Звонкія ноткі” і ансамбль народнай музыкі “Гасцінец”. У трох населеных пунктах ёсць філіялы з музычным аддзяленнем і выяўленчага мастацтва — у аграгарадках Засулле, Аталезь і Рубяжэвічы — там вучацца парадку шасцідзесяці чалавек. Напэўна, Шашкоўскай дзіцячай школе мастацтваў пашанцавала, што да ўспышкі каранавіруса мы паспелі выступіць на шэрагу конкурсаў — і вельмі ўдала. Скажам, у студзені ўзялі ўдзел у Карэлічах у II адкрытым рэгіянальным фестывалі фальклору і рамёстваў “Галасы традыцый”, дзе работы студыйцаў з “Сузор’я” адзначылі шматлікімі дыпломамі. Лаўрэатамі ў розных намінацыях сталі тыя, хто абараняў гонар раёна ў VI міжнародным фестывалі-конкурсе “Новыя вяршыні”, які прайшоў у сакавіку ў Мінску. З іншых памятных імпрэз адзначу выраб выхаванцамі ўстановы кампазіцыі, здаецца, з дванаццаці вышытых пано з вершамі Якуба Коласа — нашага вялікага земляка. Інфекцыю ж сустрэлі ў поўным узбраенні — значна павялічылася частата ўборкі памяшканняў і іх праветрыванняў, няма праблем ні з антысептычнымі растворамі, ні з маскамі і пальчаткамі. Падчас і заняткаў, і перапынкаў дзеці выконваюць сацыяльнае дыстанцыяванне. Не скажу, што бацькі ўжо так вось абмежавалі іх наведванне. Аднак тыя, хто вырашыў перайсці на дыстанцыйнае навучанне, змаглі гэта зрабіць, як, дапусцім, у Рубяжэвічах.

/i/content/pi/cult/799/17175/03.jpegВалерый СКАРЫНА, дырэктар Белаазёрскай дзіцячай школы мастацтваў горада Белаазёрск Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці:

— У школе вучацца 336 чалавек, дзейнічае тры аддзяленні — музычнае (фартэпіяна, баян, акардэон, домра, балалайка, гітара, скрыпка, цымбалы), харавое, мастацкае. Ёсць і пазабюджэтная група, там навучаюцца 95 чалавек. Прычым, калі ў самой ДШМ ільвіная доля навучэнцаў займаецца ў музычных класах, то вялікая частка платнікаў — мастакі-пачаткоўцы. Тры калектывы ўстановы носяць званні: дарослы — народны ансамбль народных інструментаў “ПозитиV”, і два дзіцячыя — узорны аркестр рускіх народных інструментаў “Славица” і знакаміты ўзорны ансамбль “Бронногорские ложкарики” з вёскі Бронная Гара, дзе працуе наш філіял. А яшчэ яго адрознівае тое, што ў ім выкладаюць педагогі, якія з’яўляюцца мясцовымі жыхарамі. Эпідэмія каранавiруса на наведвальнасці практычна не адбілася. Ёсць тыя, хто перасталі хадзіць у школу, але гэта адзінкавыя выпадкі. Дапусцім, у мяне ў 2020-м годзе — чатыры выпускнікі, усе працягваюць займацца “ўжывую”. Ды і размова аб дыстанцыйнай выніковай атэстацыі пакуль не ідзе, яе плануецца правесці ў ранейшым выглядзе. Натуральна, зляцелі нейкія конкурсы. Зараз паволі фестывалі пачынаюць перафарматавацца ў анлайн-пляцоўкі. Мы гатовыя да такіх рэалій. Канешне, усё гэта не тое ў параўнанні з нармальнымі творчымі спаборніцтвамі ў залах, аднак, як ні дзіўна, тут ёсць і свае “плюсы”, калі так можна выказацца, — выдаткаў менш…

/i/content/pi/cult/799/17175/04.jpegУльяна МІНЮК, выконваючая абавязкі дырэктара Геранёнскай дзіцячай колы мастацтваў аграгарадка Геранёны Іўеўскага раёна Гродзенскай вобласці:

— Дзякуй Богу, мы паспелі прыняць удзел у шэрагу апошніх конкурсаў, перш чым былі забаронены масавыя мерапрыемствы. Усюды выступілі нядрэнна, як, дапусцім, у Іўі на VI адкрытым рэгіянальным фестывалі-конкурсе дзіцячай творчасці “Вясновыя фантазіі”, заваяваўшы некалькі прызавых месцаў: вызначыліся фартэпіяннае трыа “Капрыз”, салісты-вакалісты і навучэнцы харэаграфічнага аддзялення. На ім вучаць народным, класічным, гісторыка-бытавым і сучасным танцам. А на інструментальным аддзяленні дзейнічаюць класы фартэпіяна, баяна, акардэона, цымбалаў, духавых. Больш за пяцьдзясят чалавек займаюцца ў нашай школе і яе філіялах у вёсках Суботнікі і Жамыслаўль (там працуюць інструментальныя класы і пастаноўкі голасу). Заняткі мы не прыпынялі, усё ідзе сваёй чаргой, напэўна, толькі пара-тройка дзяцей перайшла на “выдалёнку” — навучаюцца праз вайбер і... смартфоны! Спрабуем эксперыментаваць з анлайн-урокамі — ці мала што там будзе наперадзе. Уборкі і ветранні праводзім так, як гэта рэкамендуюць лекары-інфекцыяністы. Нават інструменты сталі праціраць часцей, чым звычайна! І разлічваем на перамогі ў розных намінацыях IV міжнароднага конкурсу мастацтваў Talented Kids, які на гэты раз праходзіў дыстанцыйна…

Святлана ЛАСЯНКОВА, дырэктар Багушэўскай дзіцячай школы мастацтваў гарадскога пасёлка Багушэўск Сенненскага раёна Віцебскай вобласці:

— Апошні канцэрт у сценах школы адбыўся ў сакавіку і з тых часоў ніякіх мерапрыемстваў у нас больш не праводзім. Прастойваюць і дзіцячы народны ансамбль “Буслікі”, і два ансамблі настаўнікаў — інструментальны і вакальны “Ліра”, і іншыя калектывы розных формаў. Усяго ў школе займаюцца 73 чалавекі на харэаграфічным аддзяленні, дзе вучацца гісторыка-бытавым ды сучасным танцам, і музычным — у класах iгры на акардэоне, баяне, фартэпіяна, цымбалах, домры і флейце. Флейта, дарэчы, вельмі запатрабаваны ў Багушэўску інструмент. А будзе ён яшчэ актуальней, бо iгра на ім развівае лёгкія, паляпшае дыханне. Не сказала б, што ў сувязі з каранавірусам здарыўся масавы адток навучэнцаў. Менш прыходзіць першаклашак ды з суседніх вёсак бацькі сталі радзей прывозіць сваіх дзяцей. Тыя, хто ўсё ж такі перайшоў на аддалены рэжым навучання, атрымліваюць ад педагогаў заданні праз вайбер, для інструменталістаў урокі могуць праводзіцца па скайпе. Меры засцярогі, вядома ж, прынялі. Калі канчаюцца дэзінфікуючыя сродкі, не чакаем, пакуль паставяць яшчэ, а адразу самі купляем. І — звяртаюся да ўсіх сваіх калег, да ўсіх жыхароў Беларусі: ні ў якім выпадку не трэба падаць духам, перажывем і гэтую напасць! Памятаеце, як у старым савецкім фільме “Экіпаж” казаў герой Георгія Жжэнава? “Узляцець — немагчыма, заставацца — загінем. Адсюль выснова — будзем узлятаць”.

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"